1) канструкцыя для перамяшчэння трансп. сродкаў паміж двума рознымі ўзроўнямі з нахілам, магчымым для іх руху. Выкарыстоўваецца для падымання грузаў на чыг. платформу, заезду пагрузачна-разгрузачных машын на склады, пераходу цягнікоў метрапалітэна з паверхні зямлі пад зямлю, для пераходу на асн. магістраль у месцах развязкі руху у двух узроўнях і інш. (гл. таксама Апарэль, Пандус).
2) Асвятляльнае прыстасаванне, размешчанае на падлозе тэатр. сцэны па яе пярэднім краі, а таксама мяжа паміж глядзельнай залай і сцэнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСІ́ВЕР (англ. receiver ад receive атрымліваць, прымаць, умяшчаць),
прыстасаванне (металічная ёмістасць) для збірання пары, газу ці паветра і выраўноўвання іх ціску. Выкарыстоўваецца ў кампрэсарных і паравых устаноўках, сістэмах пнеўмапрывода і інш.
У паравых машынах Р. выраўноўвае ціск пары пры пераходзе яе з цыліндра высокага ціску ў цыліндр нізкага ціску. У кампрэсарных устаноўках Р. збірае паветра (газ) пры часовым спыненні яго спажывання, выраўноўвае ціск паветра, што нераўнамерна напампоўваецца кампрэсарам, а таксама ахалоджвае паветра і ачышчае яго ад кропляў масла і вільгаці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУМЕ́ННАЯ ПО́МПА,
прыстасаванне для нагнятання (інжэктар) або адсмоктвання (эжэктар) вадкіх ці газападобных рэчываў, а таксама транспартавання гідрасумесей (гідраэлеватар).
Дзеянне С.п. заснавана на павелічэнні напампаванага (адпампаванага) рэчыва струменем вадкасці, пары ці газу. Адпаведна адрозніваюць вадка-, пара-, газаструменныя помпы. Асн. элементы С.п.: рабочае сапло, прыёмная камера, камера змешвання, дыфузар. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах падачы паліва лятальных апаратаў, у зварачных гарэлках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ДНАВЫ РУХА́Ч,
прыстасаванне (рухач), якое стварае неабходную для руху судна сілу цягі. Прыводзіцца ў дзеянне ад знешніх крыніц энергіі — ветру (ветразі, паветраны ротар) і ад устаноўленых на судне (суднавыя рухавікі). Падзяляюцца на гідраўлічныя (лопасцевыя і гідрарэактыўныя — вёслы на вёславых суднах, грабное кола параходаў канца 19 — пач. 20 ст., грабны вінт, крыльчаты рухач — верт. ротар з дыскам і лопасцямі-крыламі на ім, вадамётны рухач), паветраныя (паветраны вінт), газавадамётныя (выкарыстоўваюць паветраную і вадагазавую сумесь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУШЫ́ЛКА,
апарат, прыстасаванне, устаноўка для выпарэння вадкасці з розных матэрыялаў. Паводле спосабу перадачы цяпла С. падзяляюцца на канвекцыйныя (цяпло перадаецца непасрэдным сутыкненнем з нагрэтым газам); кантактныя (матэрыял сутыкаецца з гарачай паверхняй); радыяцыйныя (цяпло перадаецца вылучэннем ад розных нагрэтых паверхняў, напр., лямпаў і г.д.); індукцыйныя (нагрэў ажыццяўляецца токамі высокай частаты). У залежнасці ад матэрыялу, які высушваецца, С. бываюць для кускавых, зярністых (гл.Зернесушылка) ці для пастападобных матэрыялаў, раствораў, суспензій. Для высушвання тэрмаадчувальных матэрыялаў (хім.-фармацэўтычных прэпаратаў, вакцыны і інш.) выкарыстоўваюць сублімацыйную сушку (гл.Сублімацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́ПКА,
прыстасаванне для спальвання цвёрдага, вадкага або газападобнага паліва ў катлах, полымных печах і інш. Т. для цвёрдага паліва бываюць слаявыя (паліва спальваецца слоем на каласніковых рашотках) і камерныя (цыклонныя, у якіх здробненае паліва спальваецца ў газапаветраным віхры, і віхравыя, з віхравым рухам газаў у топачнай камеры). Вадкае (мазут) і газападобнае паліва спальваюць у камерных Т., якія выконваюцца ў выглядзе верт. прамавугольнай камеры, дзе паліва згарае ў струмені паветра (у факеле).
Да арт.Топка. Схема топачных працэсаў: 1 — слаявога; 2 і 3 — камерных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць бартавых навігацыйных прылад і апаратуры прыёму сігналаў ад навігацыйных сістэм, прызначаных для судна- і самалётаваджэння, эфектыўнага выкарыстання зброі ваен. лятальных апаратаў (ЛА) і караблёў. Аб’яднанне навігацыйных сістэм і прылад рознага прызначэння ў адзіны Н.к. робіцца з дапамогай ЭВМ, што павышае дакладнасць і надзейнасць іх работы, аўтаматызуе рашэнне навігацыйных задач. Н.к. — асн.тэхн. сродак навігацыі паветранай і марской навігацыі.
Выкарыстоўваюцца з канца 1950-х г. у сувязі са з’яўленнем ракетна-ядз. зброі. У 1970-я г. атрымалі пашырэнне аўтаматызаваныя Н.к., у склад якіх уваходзяць: інерцыяльная навігацыйная апаратура, інфармацыйна-вымяральныя прылады, спец.ЭВМ з выліч. і праграмнымі прыстасаваннямі, сродкі карэкцыі работы апаратуры, органы кіравання, прыстасаванні індыкацыі, трансляцыі і кантролю. Інфармацыйна-вымяральныя прылады даюць значэнні курсу, скорасці, пройдзенай адлегласці, вугла зносу (адхілення), вышыні палёту (глыбіні), вуглы крэну і тангажу (бартавой і кілевай гайданкі) і інш.; выліч.прыстасаванне аўтаматычна вызначае каардынаты аб’екта, робіць іх карэкцыю, улічвае уплыў ветру і цячэння, вызначае параметры манеўра і даныя для выкарыстання зброі; праграмнае прыстасаванне захоўвае навігацыйную інфармацыю, напр., каардынаты наземных станцый радыёнавігацыйных сістэм. У якасці сродкаў карэкцыі Н.к. выкарыстоўваюцца радыёнавігацыйныя сістэмы, бартавыя радыёлакацыйныя станцыі, астр., астранавігацыйныя і гідраакустычныя сістэмы. Спалучэнне Н.к. з аўтапілотам (пуцявым аўтаматам, аўтарулявым) забяспечвае паўаўтам. або аўтам. кіраванне ЛА (караблём) па зададзеным шляху, выкананне манеўраў і інш. У ваен. авіяцыі для навігацыі і выкарыстання зброі выкарыстоўваюць прыцэльна-навігацыйныя сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТАЦЫ́ЙНЫ СІНДРО́М,
стрэс, сукупнасць рэакцый жывога арганізма на дзеянне надзвычайных раздражняльнікаў (стрэсараў). Адрозніваюць 3 стадыі: трывогі (мабілізацыя ахоўных сіл арганізма), рэзістэнтнасці або супраціўлення (прыстасаванне да цяжкай сітуацыі), знясілення (пры моцным і доўгім уздзеянні стрэсараў можа скончыцца смерцю). У развіцці адаптацыйнага сіндрому гал. роля належыць пярэдняй долі гіпофіза і кары наднырачнікаў. Змены ў арганізме на стадыі рэзістэнтнасці небяспечныя (напр., павелічэнне артэрыяльнага ціску ў чалавека) і могуць прывесці да інсульту або інфаркту. Канцэпцыя адаптацыйнага сіндрому прапанавана канадскім патолагам Г.Селье (1936).
Схема асноўных рэакцый і вынікаў адаптацыйнага сіндрому.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАСТО́П (ад аўта... + англ. stop спыненне),
1) прыстасаванне на лакаматыве і чыг. пуці для аўтам. спынення чыг. поезда. Адрозніваюць аўтастопы механічныя (на чыгунках метрапалітэнаў) і эл.-магнітныя (на магістральных чыгунках). Сістэма аўтастопа на лакаматыве злучана з паветраным тормазам, на чыг. пуці — з пастаяннымі пуцявымі сігналамі. Паводле прынцыпу ўздзеяння на лакаматыўныя тармазныя сістэмы аўтастопы бываюць кропкавыя (індуктыўнарэзанансныя; уздзеянне аўтастопаў на лакаматывы перадаецца ў вызначаных пунктах) і безупынныя (на працягу ўсяго блок-участка).
2) У самадзейным турызме — метад падарожжа па краіне з дапамогай безаплатнага спадарожнага аўтатранспарту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЯ́РЫ,
найбольш простае аптычнае прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца для карэкцыі недахопаў аптычнай сістэмы вока або засцерагае яго ад мех. пашкоджанняў, уздзеяння агрэсіўных вадкіх і газападобных асяроддзяў, прамянёў святла. Складаюцца з дзвюх акулярных лінзаў (карэгавальныя акуляры) або спец. шкла (засцерагальныя акуляры) і аправы, якая забяспечвае неабходнае становішча лінзаў або шкла адносна вачэй. Разнавіднасцю акуляраў можна лічыць кантактныя лінзы. Робяць іх з гнуткага празрыстага шкла і прыкладаюць непасрэдна да рагавіцы або склеры вока. Найб. пашырэнне маюць акуляры, прызначаныя для паляпшэння зроку пры блізарукасці (міяпіі) і дальназоркасці (гіперметрапіі).