СУШЫ́ЛКА,

апарат, прыстасаванне, устаноўка для выпарэння вадкасці з розных матэрыялаў. Паводле спосабу перадачы цяпла С. падзяляюцца на канвекцыйныя (цяпло перадаецца непасрэдным сутыкненнем з нагрэтым газам); кантактныя (матэрыял сутыкаецца з гарачай паверхняй); радыяцыйныя (цяпло перадаецца вылучэннем ад розных нагрэтых паверхняў, напр., лямпаў і г.д.); індукцыйныя (нагрэў ажыццяўляецца токамі высокай частаты). У залежнасці ад матэрыялу, які высушваецца, С. бываюць для кускавых, зярністых (гл. Зернесушылка) ці для пастападобных матэрыялаў, раствораў, суспензій. Для высушвання тэрмаадчувальных матэрыялаў (хім.-фармацэўтычных прэпаратаў, вакцыны і інш.) выкарыстоўваюць сублімацыйную сушку (гл. Сублімацыя).

т. 15, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)