«КУР’Е́Р ЛІТЭ́ЎСКІ»

(«Kurier Litewski», «Літоўскі веснік»),

1) інфармацыйная штотыднёвая газета, якая выдавалася ў 1760—64 у Вільні на польскай мове. Рэдактары Ф.​Папроцкі (1760—62) і А.​Янушкевіч (1763—64).

2) Інфармацыйная газета, што выдавалася ў 1796—1840, да 1797 у Гродне, потым у Вільні, да 1833 на польск., з 1834 на рус. (пад назвай «Литовский вестник») і польск. мовах. Выдавец Т.​Влодэк. З пач. 19 ст. перададзена ў арэнду Віленскаму ун-ту, у 1800—32 яе рэдагавалі Я.​Ясінскі, К.​Даніловіч, Э.​Славацкі, А.​Марціноўскі; з 1834 — орган мясц. улад. Мела дадатак «Wiadomości literackie» («Літаратурныя навіны»). З 1841 яе працягам стала газ. «Виленский вестник». Змяшчала матэрыялы з пецярбургскіх выданняў, артыкулы бел. тэматыкі.

3) Прыватная штодзённая газета, якая выдавалася ў 1905—15 у Вільні. Выдаўцы: І.​Корвін-Мілеўскі, Ф.​Завадскі, В.​Бараноўскі, Э.​Навіцкі, Т.​Дэмбоўскі; у 1906—09 фактычным уладальнікам газеты быў віленскі біскуп Э.​Роп. Орган кансерватыўнай плыні «краёвага кірунку» польскага руху ў Літве і Беларусі. Супрацоўнічала з аб’яднаннямі польскіх дэпутатаў ад Беларусі і Літвы ў I—IV Дзярж. думах. У 1905 — пач. 1906 бел. нац. рух разглядала як «антыпольскую інтрыгу» царскай адміністрацыі, бел. мову называла «мовай цемры і невуцтва». З сярэдзіны 1906 стаўленне да беларусаў стала больш прыхільным, выказвалася за неабходнасць дапамогі бел. нац. адраджэнню. Станоўча ацэньвала дзейнасць газеты «Наша ніва». Але патрабаванні бел. нац. руху, якія закраналі інтарэсы палякаў (радыкальная аграрная рэформа, увядзенне бел. мовы ў богаслужэнні), не падтрымлівала, самастойнае нац. і паліт. жыццё беларусаў лічыла малаверагодным. У вер. 1910 газета забаронена. У кастр. 1910 пачала выходзіць пад назвай «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). 1(14).6.1911 рэдакцыя газеты аб’ядналася з рэдакцыяй газ. «Goniec codzienny» («Штодзённы веснік»). 31.12.1911 (13.1.1912) газета вярнула назву «К.Л.», паступова стала пераходзіць на пазіцыі польскай партыі нац. дэмакратаў. На апошнім этапе свайго існавання выступала супраць бел. і літ. нац. рухаў. У 1906—09 мела дадатак «Zycie ilustrowane» («Ілюстраванае жыццё», штотыднёвы ілюстраваны часопіс).

Ю.​А.​Вашкевіч, А.​Ф.​Смалянчук.

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды), займаў яго паўд.-зах. бок і большую частку вул. Койданаўскай (цяпер Рэвалюцыйная) да перасячэння з вул. Феліцыянскай ( цяпер Камсамольская). Рэзідэнцыя езуітаў існавала у Мінску з сярэдзіны 17 ст. (з 1714 мела ранг калегіума). Комплекс уключаў касцёл, калегіум, школу і гасп. пабудовы. Засн. ў 1654 па фундацыі смаленскага біскупа Г.​Сангушкі, які падараваў палац у стылі рэнесансу, побач з ім у 2-й пал. 17 ст. пабудаваны невял. мураваны касцёл. Да канца 17 ст. ўзведзены 2-павярховы будынак школы, у пач. 18 ст. — касцёл. У 1733—50 калегіум, на яго вежы быў гар. гадзіннік. У глыбіні квартала размяшчаліся гасп. пабудовы. Цэнтр. месца ў ансамблі займаў касцёл Ісуса, Марыі і св. Барбары (пасля 1798 Марыінскі кафедральны). Пабудаваны ў 1700—10 у стылі барока. 3-нефавая 6-слуповая базіліка. Цэнтр. неф, накрыты 2-схільным дахам, пераходзіць у прэсбітэрый з паўкруглай апсідай, над якой тарэц даху закрыты пластычным шчытом. Абапал апсіды ў бакавых нефах размешчаны 2 капліцы: св. Тройцы і св. Феліцыяны (фундатар апошняй К.​Завіша; 1722), накрытыя купаламі на гранёных светлавых барабанах. 2-вежавы гал. фасад, арыентаваны на плошчу, расчлянёны складанымі карнізамі і цягамі, аздоблены калонамі і пілястрамі, завяршаўся фігурным франтонам паміж 2-яруснымі вежамі (пабудаваны ў 1731), дэкарыраванымі пілястрамі іанічнага ордэна і завершанымі невял. купаламі. Сярэдняя частка фасада падзелена на 2 ярусы складанапрафіляванымі карнізамі і ўвянчана фігурным франтонам з сігнатуркай. Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны шырокімі плоскімі пілястрамі, аконнымі праёмамі з лучковым і паўцыркульным завяршэннем. У інтэр’еры было 12 драўляных скульптур апосталаў (не захаваліся), паліхромны манум. жывапіс (маст. К.​Анташэўскі). Рэканструкцыя касцёла праведзена ў 1798—1800 (арх. Ф.​Крамер), інтэр’ера — у 1850-я г. (арх. К.​Хршчановіч), у 1951 перапланаваны і перабудаваны гал. фасад (арх. М.​Драздоў). У 1993 касцёл адноўлены як архікафедральны найсвяцейшай Панны Марыі. У 1994—97 рэстаўрыраваны фасады і часткова інтэр’еры.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскі касцёл і кляштар езуітаў. 1999.

т. 10, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ, натуральныя рэсурсы,

кампаненты прыроды, якія выкарыстоўваюцца, ці могуць быць выкарыстаны ў якасці сродкаў вытворчасці і прадметаў спажывання для забеспячэння матэрыяльных і інш. патрэб чалавека; гіст. катэгорыя, звязаная з патрэбнасцямі і магчымасцямі грамадства, развіццём навукі і тэхнікі. Уключаюць сонечную радыяцыю, атмасферу, спрыяльныя кліматычныя ўмовы (т-ра паветра, ападкі), карысныя выкапні, глебы, водныя рэсурсы, натуральную расліннасць, жывёльны свет, ландшафты і інш. Маюць дваісты характар: паводле матэрыяльнай формы іх уласцівасці, генезіс і геагр. размеркаванне маюць прыродныя заканамернасці і вывучаюцца прыродазнаўчымі навукамі; паводле эканам. зместу вызначаюцца ўзроўнем даследаванасці, тэхн. магчымасцямі, сац.-эканам. мэтазгоднасцю выкарыстання. Паводле генезісу вылучаюцца мінер., водныя, зямельныя, біял., кліматычныя рэсурсы. Паводле вычарпальнасці П.р. падзяляюцца на вычарпальныя і невычарпальныя (энергія сонца, ветру, прыліваў і інш.). Вычарпальныя прадстаўлены рэсурсамі, якія ўзнаўляюцца (урадлівасць глебы, біяпрадукцыйнасць расл. і жывёльнага свету) і не ўзнаўляюцца (карысныя выкапні). Могуць пераходзіць з адной катэгорыі ў другую. Паводле магчымасці замены адных рэсурсаў інш. вылучаюцца замяняльныя (метал — пластмасай, керамікай і інш.) і незамяняльныя (атмасферны кісларод для дыхання і інш.); паводле эканам. папаўняльнасці (за кошт з’яўлення новых крыніц, новых тэхналогій) — папаўняльныя і непапаўняльныя рэсурсы. Энергетычныя рэсурсы таксама падзяляюцца на рэсурсы, якія ўдзельнічаюць у пастаянным звароце і патоку энергіі (сонечная і гравітацыйная энергія, зямны магнетызм і інш.), дэпаніраваныя (нафта, вугаль, прыродны газ, торф, гаручыя сланцы) і штучныя крыніцы энергіі (атамная, тэрмаядзерная). Вылучаюць асобна пазнавальна-інфарм. рэсурсы, якія дазваляюць людзям уявіць сучасны і мінулы стан прыродных і прыродна-антрапагенных утварэнняў; рэсурсы прасторы (тэрыторыі, прастораў водных і паветраных) і часу (запас часу, які можа быць выкарыстаны для вырашэння экалагічных праблем). Існуе тэрмін інтэгральны рэсурс планеты — сукупнасць усіх рэсурсаў Зямлі, які дае магчымасць больш поўна ацэньваць іх стан і наяўнасць. На Беларусі ёсць розныя П.р.: спрыяльныя для гаспадарання кліматычныя ўмовы і глебавае покрыва, каля 1/3 тэр. ўкрыта лесам, густая сетка рэк, вял. колькасць азёр, багатых рыбай, радовішчы калійных і каменнай солей, нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, торфу, сапрапеляў, буд. матэрыялаў, мінер. і прэсных вод і інш.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЕПРАПЯТРО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 31,9 тыс. км². Нас. 3852 тыс. чал. (1996), гарадскога — 84%. Цэнтр — г. Днепрапятроўск. Найб. гарады: Крывы Рог, Днепрадзяржынск, Нікапаль, Новамаскоўск, Паўладар, Марганец, Жоўтыя Воды, Сінельнікава.

Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны, на З Прыдняпроўскае ўзв. (выш. да 192 м), у цэнтр. ч. Прыдняпроўская нізіна, якая на Пд пераходзіць у Прычарнаморскую нізіну, на ПдУ Прыазоўскае ўзв. (выш. да 211 м). Карысныя выкапні: жалезныя, марганцавыя, нікелевыя і тытанавыя руды, каменны і буры вугаль, прыродны газ, графіт, баксіты, вапнякі, граніты, гнейсы, гліны і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 да -6,5 °C, ліп. ад 22 да 23,5 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 450 мм на Пн да 400 мм на Пд. Гал. рака Дняпро з прытокамі Арэль, Самара (злева), Мокрая Сура, Базаўлук, Інгулец (справа). Пабудаваны Днепрадзяржынскае і Кахоўскае вадасх., канал Дняпро—Крывы Рог, вадавод з Дняпра ў Кіраваградскую вобл. Глебы пераважна чарназёмныя, па далінах рэк чарназёмна-лугавыя. Стэп разараны. Лясы займаюць невял. плошчы (дуб, ясень, граб, клён).

Гаспадарка. Д.в. — адна з найб. індустрыяльна развітых на Украіне. Здабыча жал. (Крыварожскі бас.), марганцавых (Нікапальскі бас.), поліметал. руд, каменнага вугалю (зах. ч. Данбаса). Вядучыя галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (уран) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (металургічнае і горна-шахтавае абсталяванне, электравозы, чыг. вагоны. станкі, прэсы, буракаўборачныя камбайны, прылады, радыётэхніка), коксахім., хім. і нафтахім. (азотныя ўгнаенні, пластмасы, шыны, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (швейныя вырабы, верхні трыкатаж, абутак), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (у т. л. вытв-сць мэблі і паперы), харч. (алей, мука, крупы і інш.). Вытв-сць буд. (цэмент) і вогнетрывалых матэрыялаў. Прыдняпроўская, Крыварожская, Днепрадзяржынская і інш. ДРЭС, Днепрадзяржынская ГЭС. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы, проса, грэчкі; вырошчваюць сланечнік, сою, цукр. буракі, агародніну, бульбу. Пладаводства, вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйныя арашальныя сістэмы. Асн. від транспарту — чыгуначны. Чыгункі: Крывы Рог—Днепрапятроўск—Чырвонаармейск, Далінская—Запарожжа і інш. Аўтамаб. транспарт выкарыстоўваецца ў асн. для ўнутр. перавозак. Газаправоды: Шабялінка (Харкаўская вобл.)—Днепрапятроўск—Крывы Рог, Перашчэпіна—Днепрапятроўск, Крамянчуг—Крывы Рог, транзітныя нафтаправоды. Суднаходства па Дняпры. Рачныя парты: Днепрапятроўск, Днепрадзяржынск, Нікапаль. Бальнеагразевы курорт Салёны Ліман.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭАЛІ́ЗМ,

агульная назва філас. сістэм (поглядаў), у якіх сутнасці прадметаў надаецца асабліва ідэальны і субстанцыянальны сэнс. Зыходзіць з першаснасці духоўнага, мысліцельнага, псіхічнага і другаснасці матэрыяльнага, прыроднага, фізічнага. Узнік каля 2,5 тыс. г. назад. У філас. сэнсе І. азначае пэўную пазіцыю ў рашэнні асн. пытання філасофіі аб адносінах мыслення да быцця. Калі ідэальнае набывае характар аб’ектыўнага духоўнага першапачатку свету, размова ідзе пра аб’ектыўны І., калі сутнасць пазбаўляецца аб’ектыўнай асновы — пра суб’ектыўны І. У 1-м выпадку сутнасць (ідэя) паўстае ў 2 іпастасях: з аднаго боку, яна павінна быць вечнай, абсалютнай і нязменнай, для чаго неабходна пастуліраваць асобны свет яе знаходжання, якімі выступаюць платонаўскі свет ідэй, арыстоцелеўская форма форм, лейбніцкія манады, гегелеўская абсалютная ідэя або розум Бога ў схаластычнай філасофіі; з другога боку, сутнасць як адбітак (цень) сваёй асн. ідэі-матрыцы прадстаўлена ў канкрэтных прадметах рэальнага свету. Таму рэчы маюць канец, існуюць у часе і прасторы, а іх сутнасць (ідэя) абсалютная і вечная, г.зн. існуе па-за часам і прасторай. У рамках аб’ектыўнага І. сцвярджаецца ідэя гіпераб’ектыўнага крытэрыю ісціны; апошняя набывае неабходны аб’ектыўны сэнс, які раскрываецца не кожнаму розуму, а толькі таму, што філасофствуе. У сістэме суб’ектыўнага І. формы пачуццёвага пазнання (прастора і час у філасофіі Дж.​Берклі, Д.​Юма і І.​Канта) і сутнасці абстрактных паняццяў (напр., прычына, неабходнасць, усеагульнасць, заканамернасць і г.д.) выводзяцца з прыроды самой свядомасці чалавека. Такім чынам сутнасць аддзяляецца ад прадмета, набывае асаблівы намінальны сэнс або характар прыроджаных ідэй (Р.​Дэкарт). Крытэрый ісціны з аб’ектыўна-анталагічных асноў пераходзіць у бок логіка-псіхал. форм пазнання. Суб’ектыўны І. рэалізуецца ў такіх сваіх разнавіднасцях, як суб’ектывізм, скептыцызм, сафістыка, агнастыцызм, ірацыяналізм, інтуітывізм, прагматызм, валюнтарызм, пазітывізм і інш. І. супрацьстаіць матэрыялізму ў вырашэнні асн. пытання філасофіі (аб адносінах матэрыі і свядомасці матэрыяльнага і духоўнага). І. ўяўляе сабой моцны пласт духоўнай культуры чалавецтва і ў спалучэнні з матэрыялізмам дазваляе скласці цэласнае ўяўленне пра свет, у рамках якога чалавек выступае моцным фактарам сацыяпрыроднага прагрэсу. У быт. сэнсе паняцце «І.» абазначае схільнасць людзей да абстрактнага тэарэтызавання, бескарыслівага захаплення нерэальнымі ідэямі, нездзяйсняльнымі планамі і праектамі.

Літ.:

Идеалистическая диалектика в XX ст. М., 1987.

А.​М.​Елсукоў.

т. 7, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБЧА́НСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 — пач. 19 ст. ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны на высокім левым беразе Нёмана. Прамавугольны ў плане (64 × 87 м), быў умацаваны валунамі, з 3, Пд і У — ровам (шыр. каля 30 м, глыб. 7—10 м). На паўд.-зах. і паўд.-ўсх. вуглах замчышча размяшчаліся 2 мураваныя вежы. Паўд.-зах. вежа-брама (10,15 × 9,8 м) мела выгляд куба, які на вы ш. каля 8 м пераходзіць у 8-гранную прызму. Падмурак быў складзены з вял. камянёў на вапне, выш. 3,85 м. Вежа мела 4 ярусы бою. Аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй гэта вежа вельмі падобная да вежаў Мірскага замкава-паркавага комплексу і некат. абарончых вежаў Віцебскага Верхняга замка. Паводле выкарыстання мяшанай гатычна-рэнесансавай муроўкі яе можна датаваць 2-й пал. 16 ст. Пра гэта сведчыць і знойдзены флюгер-ветранік з гербам Радзівілаў і лічбамі «1581». Напачатку вежа была, відаць, адзінай мураванай у драўляным замку, пра што ўскосна сведчаць прасла, што прымыкае да яе мураванай сцяны, і 2-я вуглавая паўд.-ўсх. вежа, якая адрозніваецца формай, памерамі (8,3 × 8,3 м) і рэнесансавай муроўкай. Яе пабудавалі, верагодна, у пач. 17 ст., бо на гербе Любчы, атрыманым у 1644, намаляваны 2 вежы. Яна таксама стаіць на падмурку выш. каля 4 м. У вежы былі 3 ярусы бою. Прасла замкавай сцяны паміж вежамі таксама рэнесансавай муроўкі мела таўшчыню 1,3 м. На паўд. баку замчышча, па-над Нёманам, паміж 2 невял. вежамі размяшчаўся палац. Паводле інвентара Л.з. за 1661 вежы мелі бляшаныя дахі з купаламі, на якіх знаходзіліся флюгеры з гербам Радзівілаў. Паўд.-зах. ўязная вежа запіралася дубовай брамай, перад ёю цераз роў быў перакінуты пад’ёмны мост. Пад вежай размяшчаліся скарбец і вязніца. На сцяне, звернутай у бок замкавага падворка, знаходзіўся гадзіннік. Справа ад увахода была кардэгардыя (каравульнае памяшканне), ва ўсх. частцы замкавай сцяны — фортка, якая выводзіла на 2-і мост. У 1655 Л.з. быў узяты казакамі І.​Залатарэнкі. У 18 ст. замак страціў сваё абарончае значэнне. Паводле апісання Л.з. за 1813, тут былі толькі 2 вежы, 2 масты злучалі замак з мястэчкам і фальваркам.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991.

М.​А.​Ткачоў.

Любчанскі замак у пачатку 19 ст. 3 акварэлі Ю Пешкі.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМО́ГІ ПЛО́ШЧА ў Мінску

(да 1954 Круглая плошча). Знаходзіцца на перакрыжаванні праспекта Ф.​Скарыны з вул. Захарава і Кісялёва. Займае важнае месца ў арх.-кампазіцыйным абліччы горада. Як арх. ансамбль пачала фарміравацца ў 1939, калі ў адпаведнасці з генпланам Мінска 1932—36 (арх. Ю.​Кілаватаў, кансультант В.​Вітман) тут пабудаваны 2 дугападобныя ў плане жылыя дамы (завершаны ў 1947, арх. Р.​Столер),

павернутыя да цэнтра горада. Далей забудова вялася паводле генплана 1946 (арх. М.​Андросаў, Н.​Трахтэнберг і інш.) і праекта плошчы 1950 (арх. М.​Баршч, Л. і Г. Аранаўскасы, карэкціроўка Г.​Заборскага і Л.​Мацкевіча, 1954). Плошча ў плане — прамавугольнік (225 × 175 м), які з аднаго боку завяршаецца паўкружжам. Яе прастора расчлянёна на 2 часткі — круглую і аванплошчу. Кампазіцыйны цэнтр — манумент Перамогі, размешчаны пасярэдзіне круглай часткі плошчы і замыкае перспектыву праспекта Ф.​Скарыны і вул. Захарава і Кісялёва. Абапал праспекта, ніжэй за яго ўзровень паміж вуліцамі Захарава, Кісялёва, Камуністычнай і Фрунзе, разбіты скверы партэрнага тыпу, уздоўж якіх па 3 жылыя дамы (арх. Баршч, Аранаўскасы, 1950—56), увянчаныя 4-граннымі вежачкамі, з паўд. боку злучаныя паміж сабой ажурнай каланадай. Тарцовую частку плошчы з боку вул. Камуністычнай замыкаюць Дом-музей I з’езда РСДРП, мост цераз р. Свіслач (арх. М.​Паруснікаў, Г.​Баданаў, 1951—53), а з боку вул. Фрунзе — манум. вароты — уваход у Цэнтр. дзіцячы парк імя М.​Горкага (арх. Заборскі, 1953). У 1984 у сувязі з увядзеннем у дзеянне 1-й лініі Мінскага метрапалітэна плошча перад манументам перапланавана (арх. Б.​Ларчанка, Б.​Школьнікаў, К.​Вязгін) і стала 2-узроўневай. Пад зямлёй аснова манумента абкружана кальцавой абходнай галерэяй, звязанай са станцыяй метрапалітэна. Галерэя пераходзіць у круглую глядзельную залу, прысвечаную памяці герояў, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. У цэнтры яе вянок, выкананы з маст. шкла з падсветкай знутры (маст. В.​Позняк) — сімвал Вечнага агню. На сцяне бронзавая выява Зоркі Героя Сав. Саюза і пласціны з імёнамі 566 вызваліцеляў Беларусі, удастоеных звання Героя Сав. Саюза. Да манумента вядуць ланцужкі невял. гранітных блокаў (па 6 з кожнага боку) з надпісамі-прысвячэннямі гарадам-героям і выявамі ўзнагарод.

А.​А.​Воіна.

Перамогі плошча ў Мінску.

т. 12, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЗУМАЗАКЛЮЧЭ́ННЕ,

форма мыслення або лагічнае дзеянне, у выніку якога з аднаго або некалькіх суджэнняў (пасылак) выводзіцца новае суджэнне (заключэнне або вывад). Р., атрыманае на аснове пэўных правіл логікі сапраўдных ведаў з сапраўдных пасылак, з’яўляецца найпрасцейшай формай доказу. Веданне мяркуемых пасылак і правіл логікі, якія выяўляюцца пры дапамозе фармалізацыі канкрэтных па змесце Р., дазваляе кантраляваць выкарыстанне розных відаў розумазаключальнай дзейнасці мыслення. Усе гіпотэзы, тэорыі і інш. развітыя формы арг-цыі навук. ведаў уяўляюць сабой разгорнутыя Р. або іх сістэмы. У залежнасці ад колькасці пасылак Р. падзяляюцца на непасрэдныя, у якіх заключэнне атрымліваецца з адной пасылкі, і апасродкаваныя, дзе заключэнне выводзіцца не менш як з 2 пасылак. Паводле характару сувязі паміж веданнем рознай ступені агульнасці, якая выражаецца ў пасылках і заключэнні, адрозніваюць 3 віды Р.: дэдукцыйныя (ад агульнага да прыватнага, гл. Дэдукцыя), індукцыйныя (ад прыватнага да агульнага, гл. Індукцыя), па аналогіі (ад прыватнага да прыватнага). Фармалізаванае выражэнне структуры дэдукцыйных Р. распрацавана ў сілагістыцы Арыстоцеля. У індукцыйных Р., распрацаваных Ф.​Бэканам і Дж.​Мілем, пры сапраўднасці пасылак і захаванні адпаведных лагічных працэдур (напр., правіл абагульнення) заключэнне ў агульным выпадку можа быць як сапраўдным так і памылковым. Такім, напр., можа аказацца сцвярджэнне: «калі электраправоднасцю валодаюць некаторыя прадстаўнікі класа металаў, то і ўсе металы электраправодныя». Але гэта заключэнне будзе з неабходнасцю вынікаць, калі пераканацца, што ўсе прадстаўнікі металаў валодаюць уласцівасцю электраправоднасці; у такім выпадку няпоўная індукцыя пераходзіць у поўную. У залежнасці ад структуры складаных суджэнняў і лагічных звязак Р. логікі суджэнняў падзяляюцца на ўмоўна-катэгарычныя, чыста-ўмоўныя, раздзяляльна-катэгарычныя, умоўна-раздзяляльныя (дылема). Асобную групу несілагістычных Р. складаюць Р. адносін. Такімі Р. з’яўляюцца, напр., Р. роўнасці (калі x=y, y=z, то x=z), Р. ступені (калі A>B; B>C, то A>C), Р. роднасці (Іван — брат Пятра, Пётр — брат Андрэя, значыць, Іван — брат Андрэя). У працэсе мыслення некаторыя пасылкі часта прапускаюцца, а правілы вываду робяцца на інтуітыўнай аснове, што вядзе да з’яўлення лагічных памылак і няправільных Р. (паралагізм, сафізм). Навук. распрацоўкі тэорыі Р. і звязанай з ёю тэорыі доказу ажыццяўляюцца ў рамках фармальнай матэм. логікі.

Літ.:

Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;

Бочаров В.А. Аристотель и традиционная логика. М., 1984;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев. М., 1996;

Минто В. Дедуктивная и индуктивная логика: Пер. с англ. СПб., 1995.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТРРЭФАРМА́ЦЫЯ (ад контр... + рэфармацыя),

рэлігійна-паліт. рух у Еўропе ў 2-й пал. 16—17 ст., узначалены папствам і накіраваны супраць Рэфармацыі з мэтай узнаўлення страчаных каталіцызмам пазіцый. Гал. сродкамі К. былі інквізіцыя, манаскія ордэны, рым. курыя. Самы актыўны ўдзел у К. прыняў ордэн езуітаў (створаны ў. 1534—40). У 1559 быў апублікаваны Індэкс забароненых кніг. Праграмай К. сталі рашэнні Трыдэнцкага сабору 1545—63 (вяршэнства папы над саборам, увядзенне строгай царк. цэнзуры, богаслужэнне толькі на лац. мове і інш.). Былі створаны спец. органы кіравання — кангрэгацыі, шэраг навуч. устаноў (калегіумаў) для падрыхтоўкі каталіцкага духавенства. К. ўключала барацьбу супраць свецкай навукі і навук. светапогляду, праследаванне перадавых мысліцеляў (Дж.​Бруна, Г.​Галілей, Дж.​Ваніні і інш.), знішчэнне пратэстантаў (Варфаламееўская ноч), арганізоўвала т. зв. рэліг. войны, праследавала ерасі. У Беларусі К. актыўна праявілася пасля Люблінскай уніі 1569. Праваднікамі яе былі езуіты. Гал. ідэолагам К. ў ВКЛ быў П.Скарга. У 16—18 ст. тут асталяваліся яшчэ 24 каталіцкія манаскія ордэны (францысканцы, дамініканцы, кармеліты, бенедыкцінцы, піяры і інш.). Зачыняліся пратэстанцкія і праваслаўныя школы і друкарні, учыняліся пагромы. К. была накіравана не толькі супраць пратэстантызму, але і праваслаўя. На хвалі К. нарадзілася Брэсцкая унія 1596 і створана уніяцкая царква. Супраціўленне каталіцкай экспансіі вылівалася ў нар. паўстанні (Віцебскае паўстанне 1623; антыкаталіцкую накіраванасць мела антыфеадальная вайна 1648—51). Найб. жорсткія ганенні з боку каталіцкай царквы і дзяржавы пачаліся супраць антытрынітарыяў. У канцы 16 ст. рэфармацыйны рух у Беларусі пачаў паступова згасаць, большасць кальвінісцкай шляхты стала пераходзіць у каталіцтва, а ў пач. 17 ст. большая частка дробнай правасл. шляхты прыняла унію. Паводле сеймавых пастаноў 1764 адступніцтва каралася выгнаннем з краіны або смерцю. У 1733 правасл. шляхта і духавенства былі пазбаўлены права займаць пасады ў сенаце, сейме, судах і інш. дзярж. установах. У 2-й пал. 17—1-й трэці 18 ст. адбывалася амаль поўная клерыкалізацыя культуры і падпарадкаванне яе рэлігіі. Навук. веды абвяшчаліся грахоўнымі, панізіўся ўзровень адукацыі. У аснову навучання былі пакладзены тэалогія, схаластычная філасофія і лац. мова. З 1696 бел. мова стала выцясняцца з афіц. справаводства. Уздзеянне К. не было такім адмоўным у мастацтве. Пануючым стылем тут стала барока. Масавая паланізацыя пануючага класа Беларусі праз акаталічванне ў 17 ст. ўскладніла працэс кансалідацыі бел. народнасці, запаволіла фарміраванне яе свядомасці. У 1730—40-я г. на змену К. прыйшла эпоха Асветніцтва.

Літ.:

Подокшин С. А Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;

1980;

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990.

С.​В.​Марозава.

т. 8, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́, Днепр (стараж.-грэч. Барысфен,

укр. Славуціч),

рака ў Расіі, у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл. Беларусі і на Украіне; трэцяя па даўжыні і плошчы басейна ў Еўропе (пасля Волгі і Дуная). Даўж. 2145 км, на Беларусі 689 км, у т. л. на мяжы Расіі і Беларусі 17 км, у Беларусі да Лоева 562 км і 110 км на мяжы Беларусі і Украіны. Пл. вадазбору 504 тыс. км², у т. л. на Беларусі 118 тыс. км². Пачынаецца з невял. балота на Валдайскім узв. (Смаленская вобл., Расія), упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. Вярхоўі вадазбору ў межах Смаленскага ўзв., правабярэжжа сярэдняй ч. верхняга цячэння на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, левабярэжжа на Аршанска-Магілёўскай раўніне, што на Пд пераходзіць у нізіну Беларускага Палесся. На Пд ад г. Рагачоў па левабярэжжы ракі цягнецца Прыдняпроўская нізіна. У вярхоўі даліна добра распрацаваная, трапецападобная, шыр. 600 м — 1 км. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. ад 50 м да 1,5 км. Рэчышча свабодна меандрыруе. У межах Беларусі даліна пераважна трапецападобная, ніжэй вусця р. Сож невыразная, шыр. ад 800 м да 10 км, у межах Палескай нізіны зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма на значным працягу ад Магілёва — двухбаковая тэраса, шыр. яе ад 1 да 10 км у межах Гомельскага Палесся. Рэчышча на вял. працягу моцназвілістае, багатае перакатамі і мелямі, найб. выразнымі на ўчастку паміж вусцямі рэк Друць і Сож. За 9 км вышэй г. Орша рака праразае граду дэвонскіх вапнякоў, утварае т.зв. Кабяляцкія парогі, даўж. якіх каля 200 м. У сярэднім цячэнні даліна Д. шыр. 6—10 км. Правы бераг узвышаны і стромкі, абрываецца да ракі. Каля г. Канеў даліна звужаецца да 2 км. Паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа Д. перасякае гранітны масіў, дзе да буд-ва Днепрагэса былі Дняпроўскія парогі. У нізоўях Д. цячэ па Прычарнаморскай нізіне, шыр. поймы 23 км. Асн. прытокі на Беларусі: Адроў, Лахва, Друць, Бярэзіна, Прыпяць (справа), Ухлясць, Ржаўка, Сож (злева). Сярэдні і ніжні Д. ў асноўным — каскад ГЭС (з вадасховішчамі): Кіеўская, Канеўская, Крамянчугская, Днепрадзяржынская, Дняпроўская, Кахоўская. У сярэднім цячэнні гал. прытокі Рось (справа), Сула, Псёл, Ворскла, Самара (злева); у ніжнім — Базаўлук, Інгулец (справа), Конка (злева). Асноўны сцёк ракі фарміруецца ў верхнім цячэнні. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1670 м³/с. Ледастаў з снеж. да сак. ў нізоўі і да пач. крас. ў вярхоўі. Воды Д. выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (каналы: Д. — Крывы Рог, Д. — Данбас, Паўночна-Крымскі арашальны). Суднаходны ад вусця да г. Дарагабуж. Д. злучаны з бас. Віслы Дняпроўска-Бугскім каналам, з бас. Нёмана — Агінскім каналам, з бас. Зах. Дзвіны — Бярэзінскім каналам. На правым беразе Д. Канеўскі запаведнік. Асн. гарады: Дарагабуж, Смаленск (Расія), Орша, Шклоў, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Рэчыца (Беларусь), Кіеў, Чаркасы, Крамянчуг, Днепрапятроўск, Запарожжа, Нікапаль, Херсон (Украіна).

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Дняпро.

т. 6, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)