МЕЗАА́ТАМ,
атам, у якім адзін з электронаў абалонкі заменены адмоўнымі мюонам (μ–) ці адронам (π–-, K−-мезонамі ці інш.). Існаванне М. прадказаў амер. фізік Дж.Уілер у 1949 (эксперыментальна даказана ў 1970).
Утвараюцца пры тармажэнні пучкоў зараджаных часціц у рэчыве і захопе іх кулонаўскім полем ядра на мезаатамныя ўзроўні энергіі. Пры гэтым М. знаходзіцца ў высокаўзбуджаным стане, з якога ён пераходзіць у асн. стан з выпрамяненнем гама-квантаў або электронаў. У М. мезоны знаходзяцца ў сотні разоў бліжэй да ядра, чым электроны, напр., радыус бліжэйшай да ядра арбіты μ– у М. свінцу амаль удвая меншы за радыус ядра, г. зн., што ў такім М. μ асн. частку часу праводзіць унутры ядра атама. Найб. вывучаны М., якія складаюцца з пратона і μ-, π–- ці K−-мезона. Такія М. могуць пранікаць унутр электронных абалонак атамаў, набліжацца да іх ядраў і выклікаць шматлікія працэсы: утварэнне мезамалекул, каталіз ядз. рэакцый, перахоп мезонаў ядрамі інш. атамаў. Спецыфіка захопу і выпрамянення мезонаў дазваляе вывучаць хім. структуру малекул, памеры і форму ядраў, размеркаванне пратонаў і нейтронаў у ядрах.
Літ.:
Ким Е.М. Мезонные атомы и ядерная структура: Пер. с англ. М., 1975.
С.Сацункевіч.
т. 10, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)