БЛЮМ Блум

(Blum) Роберт (10.11.1807, г. Кёльн, Германія — 9.11.1848),

нямецкі паліт. дзеяч, публіцыст. З 1831 займаўся літ. дзейнасцю. Выдаваў у Саксоніі паліт. зборнікі, брашуры, да 1847 працаваў у паліт. час. «Sáchsische Vaterlandsblätter» («Саксонскія айчынныя лісткі»). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі заснаваў у Лейпцыгу дэмакр. Айч. асацыяцыю (больш за 40 тыс. чл.), быў кіраўніком левых дэмакратаў у Франкфурцкім нац. сходзе і інш. Расстраляны па прыгаворы ваен. суда за ўдзел ва ўзбр. паўстанні ў Вене.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТХІЯВА́Р,

паўвостраў на З Індыі, паміж залівамі Камбейскім і Кач Аравійскага м. На Пн прымыкае да Качскага Рана. Пл. больш за 40 тыс. км². Удаецца ў мора на 200—250 км. У цэнтры — базальтавыя і гнейсавыя плато і горы (выш. да 1117 м), па ўскраінах пояс алювіяльных нізін (шыр. да 100 км). Ападкаў каля 500 мм за год. Апустыненыя саванны і рэдкалессі. На Пд водзіцца азіяцкі леў (адзінае месца ў Азіі). Нац. парк Гірскі Лес.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ СПАРТЫ́ЎНЫЯ АБ’ЯДНАННІ,

сусветныя і рэгіянальныя міжнар. арг-цыі ў галіне фіз. культуры і спорту. Іх членамі з’яўляюцца міжнар. і нац. спарт. арг-цыі, асобныя ўстановы і асобы. Адрозніваюць М.с.а.: універсальныя і спецыяльныя агульнага характару (напр., Міжнар. алімп. к-т, Міжнар. савет фіз. Выхавання і спорту і інш.); па відах спорту; па галінах ведаў і дзейнасці, якія маюць дачыненне да фіз. культуры і спорту (напр., міжнар. федэрацыі спарт. медыцыны, спарт. прэсы і інш.); аб’яднанні спартсменаў па прафесійнай прыналежнасці (напр., Міжнар. федэрацыя універсітэцкага спорту, Міжнар. спарт. саюз чыгуначнікаў і інш.), рэлігійнай — Міжнар. каталіцкі саюз фіз. выхавання і спорту і інш. Большасць М.с.а. кіруюць развіццём аматарскага спорту, некат. аб’ядноўваюць арг-цыі аматараў і прафесіяналаў (напр., міжнар. федэрацыі тэнісу, футбольных асацыяцый). Існуюць М.с.а. прафесійнага спорту (напр., Міжнар. федэрацыя барацьбы). Задачы М.с.а.: садзейнічанне спарт. арг-цыям асобных краін у стварэнні нац. федэрацый, іх прызнанне, устанаўленне і ўмацаванне сувязей з імі, практычная дапамога ў іх дзейнасці, кантроль за выкананнем гэтымі арг-цыямі прынятых статутаў; вывучэнне і распаўсюджанне міжнар. вопыту; утварэнне матэрыяльна-фін. базы развіцця фіз. культуры і спорту; удасканаленне, тлумачэнне афіц. міжнар. палажэнняў пэўнага віду спорту; планаванне і арг-цыя міжнар. спаборніцтваў (чэмпіянатаў свету, кантынентаў і інш.); рэгістрацыя і зацвярджэнне рэкордаў (свету, кантынентаў) і інш. Бюджэты М.с.а. складаюцца з членскіх узносаў нац. спарт. арг-цый, прыватных ахвяраванняў, субсідый урадаў і міжурадавых арг-цый, адлічэнняў ад даходаў пры правядзенні спаборніцтваў, ад выдавецкай дзейнасці, платы за права трансляцыі спаборніцтваў па тэлебачанні і інш.

Першыя М.с.а. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (міжнар. федэрацыі веславання, гімнастыкі, міжнар. саюзы канькабежцаў і веласіпедыстаў, Міжнар. алімп. к-т і інш.). Існуе больш за 200 М.с.а., у т. л. больш за 100 па асобных відах спорту. У 1960-я г. з мэтай кансалідацыі нац. спарт. арг-цый і М.с.а. створаны ў якасці кансультатыўных арг-цый Ген. асацыяцыя Міжнар. спарт. федэрацый. Ген. асамблея нац. алімп. к-таў і Пастаянная кансультатыўная канфедэрацыя нац. алімп. к-таў Еўропы.

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАКА́НСКІЯ КРЫ́ЗІСЫ,

вострыя міжнар. канфлікты, што ўзніклі ў 1905—11 у ходзе барацьбы Францыі і Германіі за Марока. У сак. 1905 герм. ўрад выступіў супраць франц. экспансіі ў Марока, за захаванне там прынцыпу «адчыненых дзвярэй» і за скліканне міжнар. канферэнцыі па Марока. На баку Францыі выступіла Англія, і Альхесіраская канферэнцыя 1907 умацавала яе «асаблівыя інтарэсы». Новы М.к. узнік у 1907 пасля захопу франц. войскамі Касабланкі і Уджды, скончыўся перамогай Францыі. У 1911, пасля акупацыі Францыяй Феса, герм. ўрад патрабаваў ад Францыі тэр. «кампенсацыі» і накіраваў у ліп. 1911 у мараканскі порт Агадыр кананерку «Пантэра». 4.11.1911 паводле франка-герм. пагаднення Германія прызнала пратэктарат Францыі над Марока ў абмен на ўступку ч. правабярэжнага Конга і прызнання за ёй права «адчыненых дзвярэй» тэрмінам на 30 гадоў.

т. 10, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЕ́НІЯ (Armenia),

горад у Калумбіі. Адм. ц. дэпартамента Кіндыо, на зах. схілах Цэнтр. Кардыльеры (на выш. больш за 1500 м). Засн. ў 1889. 187 тыс. ж. (1985). Канцавы пункт Ціхаакіянскай чыгункі. Цэнтр раёна па вырошчванні і перапрацоўцы кавы. Ун-т.

т. 1, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́СЦІНКА,

рака ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Убарць (бас. р. Прыпяць). Даўж. 33,8 км. Пачынаецца за 2 км на Пд ад в. Дуброва. Цячэ па лясістай забалочанай мясцовасці. Рэчышча на працягу 21 км да вусця каналізаванае.

т. 8, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

другое сярэднеплейстацэнавае зледзяненне на тэр. еўрапейскай ч. Расіі. Адбывалася ўслед за дняпроўскім зледзяненнем. На тэр. зах. і сярэдняй Еўропы адпавядае стадыі заальскага зледзянення, на тэр. Беларусі — сожскаму зледзяненню (па іншых меркаваннях — сожскай стадыі дняпроўскага зледзянення).

А.​Ф.​Санько.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛЬКА́́РТ (фінікійскае, літар. цар горада),

у заходнесеміцкай міфалогіі вярх. бог г. Тыр. Шанаваўся ў Фінікіі і па-за яе межамі, у т. л. ў Карфагене, як апякун мараплаўства і «правадыр» фінікійскай каланізацыі. Атаясамліваўся з Гераклам. Культ М. суправаджаўся чалавечымі ахвярапрынашэннямі.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРКС ((Merckx) Эдзі) (н. 17.6.1945, Мензель-Кізегерн, Бельгія),

бельгійскі спартсмен (веласпорт, шашэйныя гонкі). Чэмпіён свету сярод аматараў (1964) у асабістым заліку. З 1966 — прафесіянал. Чэмпіён свету (1967, 1971, 1974). Устанавіў рэкорд свету па скорасці (49,431 км за 1 гадз; 1972, Мехіка).

т. 10, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МОНД»

(«Le Monde», «Свет»),

французская штодзённая вячэрняя газета. Выходзіць з 19.12.1944 у Парыжы. Адна з найб. уплывовых і інфармаваных газет. Публікуе матэрыялы па пытаннях палітыкі, эканомікі і культуры ў Францыі і за яе межамі. Разлічана на інтэлігенцыю і ліберальную буржуазію.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)