«ЦУ́РКА»,
бел. народная гульня Існуе ў 2 варыянтах: Ц. за горадам і Ц. трайная. Для Ц. за горадам бяруць 2 палкі і цурку — драўляную палачку даўж. 20—25 см (адсюль назва). Гульцы (2—6 чал.) чэрцяць на зямлі квадрат — «горад» і па жараб’ёўцы выбіраюць вядучага. Калі ён зловіць цурку, то мяняецца месцамі з гульцом, які яе адбіў; калі не, то з таго месца, дзе цурка ўпала, кідае яе ўгору і адбівае ў «горад». Калі пападзе, вядучы мяняецца месцамі з гульцом, які выбіў цурку. Калі ж не пападзе, то з таго месца, дзе цурка ўпала, ёю ж адмяраецца адлегласць да бліжэйшай «мяжы горада», а вынік залічваецца гульцу, што выбіў з «горада». Гульня працягваецца да таго часу, пакуль хто-небудзь з гульцоў не набярэ раней дамоўленую колькасць цурак. Для Ц. трайной бяруць 1 палку і 1 цурку. Гульцы (6 чал.) праводзяць лінію і пасярэдзіне яе выкопваюць ямку. Затым дзеляцца на 2 каманды па 3 чал. Цурку кладуць упоперак ямкі, і кожны гулец каманды 3 спосабамі па чарзе кідае яе ў «поле» (за лінію). Калі гульцы ў «полі» зловяць цурку на ляту, то ім залічваюцца ачкі, калі не, то яе кідаюць у палку. Патрапіўшы ў яе 3 разы, гульцы набіраюць свае ачкі і мяняюцца месцамі з камандай праціўніка.
Я.Р.Вількін.
т. 17, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)