ГРАНІ́ЛЬНАЯ СПРА́ВА,

апрацоўка паверхні прыродных і сінт. мінералаў-самацветаў і шкла для ювелірных і тэхн. мэт. Уключае працэсы рэзкі, абдзіркі, стварэння граней, паліраванне. Робіцца на спец. (у т. л. гранільных) станках з дапамогай алмазнага інструменту, паліравальных парашкоў і розных прыстасаванняў.

Зыходная сыравіна для вырабу ювелірных камянёў (уставак, пацерак, падвесак і да т.п.) — самацветы з высокім (больш за 1,54) паказчыкам пераламлення святла (пераважна алмазы), вырабныя каляровыя камяні прыгожых расфарбовак і натуральнага малюнка, бясколернае і афарбаванае шкло (празрыстае, без унутр. дэфектаў, якое імітуе аграначныя самацветы). Выраб брыльянтаў уключае распілоўку алмаза на часткі, абточванне па форме, агранку. Гатовыя брыльянты класіфікуюць і ацэньваюць. Мінералы-самацветы таксама распілоўваюць, ім надаюць папярэднюю форму, наносяць грані, паліруюць. Гранільная справа вядомая з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Егіпет, Месапатамія). Значнае развіццё пачалося з вынаходства ў 1456 у Галандыі гранільнага станка, які даў магчымасць рабіць найб. дасканалы від агранкі — брыльянтавую. У 19 і 20 ст. гранільная справа механізуецца, з’явіліся дасканалыя станкі, прыстасаванні і інструменты.

На Беларусі апрацоўкай алмазаў займаецца прадпрыемства «Крышталь» (Гомель). Гл. таксама Алмазная прамысловасць, Граненне.

Да арт. Гранільная справа. Каштоўныя камяні, апрацаваныя для калекцыі, і ювелірныя вырабы з кабашонамі.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯРО́Д (лац. Carboneum),

C, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 6, ат. м. 12,011. Складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​12C (98,892%) і ​13C (1,108%). Ізатопам ​12C карыстаюцца для вызначэння атамнай адзінкі масы. У верхніх слаях атмасферы ўтвараецца радыеактыўны ізатоп ​14C. У зямной кары ў выглядзе мінералаў і гаручых выкапняў знаходзіцца 2,3∙10−2% вугляроду па масе, у атмасферы ў выглядзе вугляроду дыаксіду — 1,2∙10​−2%. Вельмі шмат вугляроду ў космасе; на Сонцы па распаўсюджанасці займае 4-е месца пасля вадароду, гелію, кіслароду. Злучэнні вугляроду — асн. састаўная частка тканак раслін і жывёл (гл. Біягены).

Існуюць 2 крышт. мадыфікацыі вугляроду (алмаз, графіт, 3-я — карбін — атрымана штучна) і аморфны (кокс, сажа, драўняны вугаль). Пры звычайных т-рах хімічна інертны, пры высокіх — рэагуе з многімі элементамі: з металамі і некаторымі неметаламі (напр., бор, крэмній) утварае карбіды. Аморфны вуглярод хімічна больш актыўны (моцны аднаўляльнік). Атамы вугляроду здольныя злучацца адзін з адным і ўтвараюць вял. колькасць злучэнняў, якія вывучае арганічная хімія.

Выкарыстоўваюць у вытв-сці алмазных інструментаў (гл. таксама Алмазная прамысловасць), вогнетрывалых матэрыялаў, эл.-тэхн. вырабаў, у ядз. тэхніцы, гумавай, паліграф., лакафарбавай прам-сці, металургіі.

К.​Л.​Майсяйчук.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІ́ДЫЙ (лац. Rubidium),

Rb, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 37, ат. м. 85,4678; адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны складаецца са стабільнага ​85Rb (72,15%) і радыенукліда ​87Rb (перыяд паўраспаду 4,8∙10​10 гадоў, β-выпрамяняльнік). У зямной кары 1,510​−2% па масе. Уласных мінералаў не ўтварае (рассеяны элемент); спадарожнічае пераважна калію. Адкрыты ў 1861 Р.​В.​Бунзенам і Г.​Р.​Кірхгофам спектральным метадам (па лініях у чырв. частцы спектра), назва ад лац. rubidus — цёмна-чырвоны.

Мяккі серабрыста-белы легкаплаўкі (tпл 39,32 °C) метал, шчыльн. 1532 кг/м³ (0 °C). Хімічна вельмі актыўны. У паветры імгненна акісляецца з узгараннем (утвараецца надпераксід RbO2). З вадой, галагенамі і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам. Раствараецца ў вадкім аміяку (растворы сіняга колеру). Захоўваюць у ампулах са спец. шкла ў атмасферы аргону або ў стальных герметычных пасудзінах пад слоем абязводжанага вазелінавага масла. Выкарыстоўваюць як кампанент матэрыялу для фотаэлементаў, фотаэл. памнажальнікаў і змазачных кампазіцый для рэактыўнай і касм. тэхнікі, як гетэр у вакуумных лямпах, каталізатар, пару Р. — у разрадных эл. трубках нізкага ціску, стандартах частаты і часу, злучэнні — як цвёрды электраліт, кампанент спец. шкла і керамікі і інш.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКІ ШЧЫ́Т, Фенаскандыя,

дадатная структура на ПнЗ Усходне-Еўрапейскай платформы (кратона), у якой дакембрыйскія пароды крышт. фундамента выходзяць на паверхню Зямлі. Займае ПдУ Скандынаўскага п-ва, Кольскі п-аў і Карэлію. На ПнЗ абмежаваны ўтварэннямі каледонскай складкавасці Скандынавіі, якія насунуты на пароды шчыта, на ПнУ на іх развіта познакембрыйскае тэктанічнае покрыва (працяг Ціманскай сістэмы), на Пд і ПдУ фундамент апускаецца пад платформавы чахол Рускай пліты.

Складзены з моцна метамарфізаваных парод архею і пратэразою, прарваных шматлікімі інтрузіямі, у т. л. гранітаў (утвараюць вял. масівы). У пародах фундамента Балтфыйскага шчыта вылучаецца шэраг комплексаў, якія адпавядаюць дакембрыйскім этапам тэктагенезу: дасвекафена-карэльскі (узрост больш за 2,6—2,7 млрд. гадоў), свекафена-карэльскі (1,75 млрд. гадоў), гоцкі (1,75—1 млрд. гадоў, калі б.ч. тэрыторыі шчыта прайшла этап платформавага развіцця), дальсландскі (каля 1 млрд. гадоў) і байкальскі, калі складкавасць закранула крайні ПнУ. Апошняму платформаваму этапу развіцця Балтыйскага шчыта ўласцівы разломна-глыбавыя тэктанічныя рухі, каледонская інтрузіўная дзейнасць, узнікненне грабена Осла, Батнічнай і Беламорскай дэпрэсій, упадзін Ладажскага і Анежскага азёраў, глыбокая дэнудацыя. У антрапагенавы перыяд Балтыйскі шчыт — цэнтр неаднаразовага зледзянення Еўропы і далёкага ледавіковага разносу крышт. парод. У межах Балтыйскага шчыта буйныя радовішчы жалезных (Кіруна, Аленягорск, Каўдор) і медна-нікелевых рудаў (на Кольскім п-ве), апатытаў (Хібіны), нефеліну, слюдаў, рэдказямельных мінералаў.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМА́З (цюрк. алмас ад грэч. adamas несакрушальны),

дыямент, мінерал, крышт. кубічная мадыфікацыя самароднага чыстага вугляроду. Бясколерны, белы, блакітны, зеленаваты, жаўтаваты, чырванаваты, шэры ці чорны. Бляск алмазны, тлусты. Празрысты; моцная дысперсія святла. Цв. 10 (найцвярдзейшы з вядомых мінералаў). Шчыльн. 3,5—3,53 г/см³. Каштоўны камень 1-га класа.

Трапляецца ў ультраасноўных вывергнутых пародах — кімберлітах, здабываецца з карэнных радовішчаў і россыпаў, звычайна ў выглядзе дробных зярнят і асколкаў крышталікаў (сярэдняя маса 0,2 карата — 40 мг). Вельмі рэдкія алмазы, маса якіх перавышае 50 каратаў (10 г). Самыя вял. ў свеце: «Кулінан» (3106 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1905), «Эксцэльсіёр» (971,5 карата, Паўд. Афрыка, ПАР, 1983), «Зорка Сьера-Леоне» (968,9 карата, Зах. Афрыка, Сьера-Леоне, 1972), «Прэзідэнт Варгас» (726,6 карата, Бразілія, 1938), «Джонкер» (726 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1934) і інш. Празрыстыя і бясколерныя крышталі самых вял. памераў выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе (пасля агранкі наз. брыльянтамі), дробныя, зярністыя, афарбаваныя або з дэфектамі (борт, карбанада) — у тэхн. мэтах (для бурэння свідравін у цвёрдых пародах, шліфавання ў металаапрацоўцы, у электроннай прам-сці, рэзкі шкла і інш.). Радовішчы алмазу ў Аўстраліі, Рас. Федэрацыі — Рэспубліка Саха (Якуція), у Паўд. Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Індыі. Пошукі алмазу вядуцца на Беларусі (гл. Алмазная прамысловасць).

Алмаз «Гарняк» (44,62 кар).
Да арт. Алмаз. Малая расійская імператарская карона. Серабро. Брыльянты. С.-Пецярбург. 1801.

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,

ахоўныя геал. аб’екты, якія маюць навук., навук.-асв. ці гіст.-мемар. значэнне. Да іх адносяцца прыродныя і штучныя унікальныя агаленні горных парод, адметныя гляцыядыслакацыі, валуны, валунна-галечныя кангламераты, пячоры, скалы, выхады мінералаў і інш.

Вылучаюць тыпы геалагічных помнікаў прыроды: стратыграфічныя, палеанталагічныя, тэктанічныя, гідрагеалагічныя, горна-гіст. і інш. Вывучэнне геалагічных помнікаў прыроды дазваляе ўдакладніць стратыграфію, вызначыць літалагічныя асаблівасці парод, знайсці выкапнёвыя рэшткі фауны і флоры, выявіць этапы развіцця жывёльнага і расліннага свету ў геал. мінулым, ацаніць перспектывы азначанай тэр. на некат. карысныя выкапні; многія з іх абвешчаны зонамі рэкрэацыі і масавага турызму.

На Беларусі 102 геалагічныя помнікі прыроды: 18 агаленняў, 2 выхады кангламератаў, 82 валуны ці іх зборы. У ліку геал. агаленняў: Роскае геалагічнае агаленне, Новы Крупец, азёрныя, азёрна-балотныя і тарфяныя адклады александрыйскага міжледавікоўя ў яры Калодзежны Роў, муравінскага міжледавікоўя Збарова, Дарашэвічы, Мурава, Самастрэльнікі, Цімошкавічы, Заслаўе, Лоеўскае геалагічнае агаленне, агаленні часу паазерскага зледзянення Камарышкі і Студзянец, тарфянік Сінюха і інш. З валуноў і кангламератаў найб. вядомыя «Асілак», Вялікі Камень, Камень Багушэвіча, Камень-волат, Камень філарэтаў, Расколаты камень, валунна-галечны кангламерат у Калодзежным Рове на паўд. ускраіне г. Гродна і інш.

Літ.:

Ляўкоў Э.А., Карабанаў А.К. Праблемы вылучэння геалагічных і геамарфалагічных помнікаў прыроды ў Беларусі // Літасфера. 1995. № 3.

А.​К.​Карабанаў.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА (Aurum),

Au, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 79, ат. м. 196,9665, адносіцца да высакародных металаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп ​197Au. У зямной кары 4,3∙10​−7% па масе. Гал. з мінералаўзолата самароднае. Вядома з глыбокай старажытнасці.

Жоўты мяккі і вельмі пластычны метал, tпл 1064,4 °C, tкіп 2880 °C, шчыльн. 19320 кг/м³. Хімічна даволі інертнае, устойлівае ў паветры і вадзе; з кіслародам, азотам, вадародам, вугляродам непасрэдна не ўзаемадзейнічае. Узаемадзейнічае з галагенамі пры награванні (напр., з хлорам пры 250 °C утварае хларыд AuCl3 — рубінава-чырвонае крышт. рэчыва, раскладаецца пры t>254 °C); гарачай селенавай к-той; сумесямі кіслот сернай і азотнай, азотнай і салянай (царская гарэлка); воднымі растворамі цыянідаў у прысутнасці кіслароду (гл. Цыяніраванне). Лёгка ўтварае амальгаму, на гэтым заснаваны адзін з метадаў вылучэння з горных парод (гл. Амальгамацыя). Дае з інш. металамі (медзь, серабро, плаціна) сплавы, больш трывалыя і цвёрдыя за З. чыстае. Выкарыстоўваюць З. і яго сплавы ў электроннай прам-сці (кантакты); у вытв-сці хімічна ўстойлівай апаратуры, прыпояў, каталізатараў, гадзіннікаў; для залачэння, афарбоўкі шкла; для вырабу зубных пратэзаў, ювелірных вырабаў, манет, медалёў (колькасць З. ў іх паказвае проба; гл. Проба высакародных металаў).

Літ.:

Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.

І.​В.​Боднар.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДЭ́Н (лац. Molybdaenum),

Mo, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 42, ат. м. 95,94. Прыродны М. складаецца з 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі: 92, 94—98, 100; найб. пашыраны ​98Mo (23,75%). У зямной кары — 310​−4% па масе (гл. Малібдэнавыя руды). Адкрыты ў 1778 швед. хімікам К.​Шэеле; назва ад грэч. molybdos — свінец (з-за падабенства мінералаў М. і свінцу).

Светла-шэры метал, tпл 2623 °C, шчыльн. 10 200 кг/м³. Устойлівы на паветры, пры награванні вышэй за 600 °C хутка акісляецца да трыаксіду MoO3 (бясколерныя з зялёным адценнем крышталі, з воднымі растворамі шчолачаў і аміяку ўтварае малібдаты). Пры пакаёвай т-ры не ўзаемадзейнічае з салянай і сернай к-тамі, раствараецца ў сумесі азотнай і сернай кіслот. Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі (акрамя ёду), парай серы (гл. Малібдэну дысульфіду); пры высокіх т-рах (1000—1500 °C) — з азотам, вугляродам, крэмніем (утварае дысіліцыд MoSi2 — цёмна-шэрыя крышталі, устойлівыя на паветры да 1500—1600 °C). Выкарыстоўваюць у асн. для легіравання сталей, а таксама для вытв-сці малібдэнавых сплаваў, як кампанент антыкаразійных сплаваў для хім. машынабудавання, для вырабу дэталей электралямпаў і электравакуумных прылад (напр., анодаў, катодаў, ніцей напальвання).

Літ.:

Зеликман АН. Молибден. М., 1970;

Популярная библиотека химических элементов. Кн. 1—2. 3 изд. М., 1983.

А.​П.​Чарнякова.

т. 10, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАСАМАТЫ́ЗМ, метасаматоз

[ад мета... + грэч. sōma (sōmatos) цела],

працэс замяшчэння адных мінералаў іншымі са зменай хім. саставу пароды (звычайна з захаваннем яе аб’ёму і цвёрдага стану) пад уздзеяннем раствораў (флюідаў) высокай хім. актыўнасці. Адрозніваюць М. магматычнай стадыі (напр., у сувязі з гранітызацыяй) і постмагматычнай стадыі (рудаўтварэнне метасаматычных радовішчаў). Са зменай хімізму раствораў, пры іх ахаладжэнні, вылучаюцца стадыі працякання М.: ранняя шчолачная высокатэмпературная (магнезіяльныя і вапняковыя скарны), кіслотная (грэйзены і другасныя кварцыты),

позняя шчолачная нізкатэмпературная (беразіты, лісцвяніты). Вылучаюць інфільтрацыйны М. (перанос хім. кампанентаў растворамі, якія фільтруюцца, праз горную пароду) і дыфузійны М. (дыфузія хім. кампанентаў у адносна нерухомым растворы). На мяжы 2 розных паводле хім. саставу асяроддзяў (напр., вапнякі і кварцыты) узнікае сустрэчная дыфузія, т.зв. біметасаматоз. У сувязі з дыферэнцыяльнай рухомасцю кампанентаў у растворах пры М. ўзнікае метасаматычная занальнасць з рэзкімі межамі паміж зонамі. З нарастаннем інтэнсіўнасці М. павышаная рухомасць хім. кампанентаў прыводзіць да ўтварэння монамінеральнай пароды. Пры рэгіянальным М. ўтвараюцца вял. аб’ёмы метасаматычных парод, пры лакальным М. на кантактах з руднымі целамі — калярудныя метасаматыты. На Беларусі метасаматычныя пароды трапляюцца: у крышт. фундаменце — альбітыт, біятыталіт, другасныя кварцыты, піраксеналіты, мікраклініт і інш.; у асадкавым чахле — даламіты, ангідрыты і інш.

Літ.:

Коржинский Д.С. Теория метасоматической зональности. 2 изд. М., 1982.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ПРЫРО́ДЫ,

прыродазнаўчанавуковыя ўстановы, якія збіраюць, захоўваюць і экспануюць калекцыі прадстаўнікоў жывёльнага (заалагічныя музеі) і расліннага (бат. музеі) свету, мінералаў (геал. музеі) і інш.

Самыя вял. і каштоўныя калекцыі знаходзяцца ў музеях Заал. і Бат. ін-таў Расійскай АН у С.-Пецярбургу, Бат. музеі Лонданскага бат. сада і Брытанскім музеі ў Лондане, Нац. прыродазнаўчым музеі ў Парыжы, Амер. музеі прыродазнаўчай гісторыі ў Нью-Йорку, Нац. музеі прыродазнаўчай гісторыі ў Вашынгтоне і інш.

На Беларусі М.п. існуюць у Мінску (Музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь), Бярэзінскім біясферным запаведніку і нац. парку Белавежская пушча. У Бярэзінскім запаведніку адкрыты ў 1940, адноўлены пасля Вял. Айч. вайны ў 1950 у в. Домжарыцы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. Мае больш за 500 экспанатаў, пл. экспазіцыі 400 м². Аддзелы: навуковы, гісторыя запаведніка і развіццё запаведнай справы, млекакормячыя і іх ахова, птушкі і іх ахова і інш. У нац. парку Белавежская пушча засн. ў 1945 на базе калекцый навук. аддзела запаведніка Белавежская пушча, адкрыты ў 1950 у в. Камянюкі Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Пл. экспазіцыі 775 м². Аддзелы: навуковы, гісторыя Белавежскай пушчы, звяры, птушкі, шкоднікі лесу, глебы і інш. Вядуць навук. і лекцыйна-прапагандысцкую работу па пытаннях прыродазнаўства.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Музеі прыроды: 1 — у зале музея прыроды нацыянальнага парку Белавежская пушча; 2 — дыярама ў музеі прыроды Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

т. 11, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)