КАРЖЫ́НСКІ (Дзмітрый Сяргеевіч) (13.9.1899, С.-Пецярбург — 1985),

савецкі геолаг, адзін з заснавальнікаў фіз.-хім. петралогіі і мінералогіі. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1943). Чл. многіх замежных т-ваў і акадэмій. Герой Сац. Працы (1969). Сын С.І.Каржынскага. Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1926). Вывучаў геалогію і мінер. радовішчы Казахстана, Усх. Сібіры, Урала, Сярэдняй Азіі. Распрацаваў асновы фіз.-хім. тэорыі працэсаў мінералаўтварэння: тэрмадынамічную тэорыю прыродных мінер. сістэм з рухомымі кампанентамі, фіз.-хім. аналіз парагенезісаў мінералаў і тэорыю метасаматычнай занальнасці. Прапанаваў тэорыю біметасаматычнага і кантактава-інфільтрацыйнага скарнаўтварэння і кіслотна-асноўнай гідратэрмальнай эвалюцыі раствораў. Абгрунтаваў прынцып кіслотна-асноўнага ўзаемадзеяння пры крышталізацыі расплаваў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1975. Ленінская прэмія 1958. Залаты медаль імя У.​І.​Вярнадскага (1972). Яго імем наз. мінерал каржынскіт.

т. 8, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)