Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГЕНЕ́ЗІС МІНЕРА́ЛАЎ,
заканамернае сумеснае размяшчэнне ў зямной кары мінералаў, звязаных агульнымі ўмовамі ўтварэння (магматычны расплаў, гідратэрмальная сістэма, басейн седыментацыі і інш.). Вызначальнымі фактарамі П.м. з’яўляюцца хімізм асяроддзя, гісторыя яго геал. развіцця і тэрмадынамічныя ўмовы мінералаўтварэння. Вылучаюць тыповы П.м. (напр., сумеснае размяшчэнне мускавіту, турмаліну, берылу ў гранітных пегматытах) і нетыповы (алівін і кварц у вывергнутых пародах). З П.м. цесна звязаны парагенезіс элементаў (напр., хром Cr, нікель Ni, плаціна Pt звязаны з асноўнымі горнымі пародамі). Вывучэнне П.м. мае вял. значэнне пры пошуках і ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Магнетызм горных парод і мінералаў 6/517, 519
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫЯМАРФІ́ЗМ (ад грэч. idios свой, своеасаблівы + грэч. morphe форма),
уласцівасць зерняў мінералаў прымаць пры крышталізацыі толькі ім характэрныя крышталеграфічныя рысы (агранку). Найб. выражаны І. у мінералаў, што крышталізуюцца на пачатковай стадыі фарміравання горных парод з лёгкарухомага асяроддзя (расплаваў, гідратэрмальных раствораў), або ў мінералаў з вельмі высокай крышталізацыйнай уласцівасцю (метакрышталі), якая ўзнікае ў цвёрдым асяроддзі нават на позняй стадыі фарміравання горных парод, асабліва метамарфічных. Ідыяморфныя мінералы: палявыя шпаты, кварц, пірыт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,
механічнае драбленне (парушэнне) і біяхім. змяненне мінералаў і горных парод у выніку жыццядзейнасці раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Пры біялагічным выветрыванні адбываецца таксама ўтварэнне раствораў, новых мінералаў, горных парод і некаторых карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЧАДА́НЫ (ад грэч. Chalkēdōn, стараж.-грэч. калонія ў М. Азіі),
агульная назва вял. колькасці рудных мінералаў, пераважна сярністых, мыш’яковістых, сурмяністых злучэнняў жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю і інш. К. называюць таксама калчаданавыя руды, складзеныя пераважна з сульфідных рудных мінералаў. Сярод мінералаў-К. найб. пашыраны серны К. (пірыт), медны (халькапірыт), магнітны (пірацін), мыш’яковы (арсенапірыт), жалезны (марказіт), алавяны (станін) і інш. Крышталізуюцца пераважна ў кубічнай ці рамбічнай сінганіі. Колер бронзава-жоўты, латунны, шэры. Бляск металічны. Цв. да 7. Паходжанне гідратэрмальна-метасаматычнае, вулканагенна-асадкавае, радзей асадкавае. Сыравіна для вытв-сці сернай к-ты, комплексныя руды для атрымання медзі, цынку, свінцу, нікелю і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЗІЯ (ад позналац. corrosio раз’яданне) у геалогіі, 1) разбурэнне горных парод або частковае растварэнне мінералаў у выніку хім. (растваральнага) дзеяння прыродных вод. Вада, у якой звычайна растворана пэўная колькасць двухвокісу вугляроду, асабліва моцна ўздзейнічае на вапнякі і інш. лёгкарастваральныя пароды, што можа выклікаць утварэнне розных форм карставага рэльефу (гл.Карст).
2) Раз’яданне, растварэнне і аплаўленне магмай або постмагматычнымі растворамі раней раскрышталізаваных мінералаў і горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕЎДАМАРФО́ЗЫ (ад псеўда... +грэч. morfē выгляд, форма),
мінеральныя ўтварэнні, знешняя форма якіх не адпавядае іх саставу і ўнутранай будове. Утвараюцца шляхам запаўнення поласцей, якія засталіся пасля вышчалочвання мінералаў другога саставу (П. запаўнення), хім. замяшчэння раней існуючых мінералаў з захаваннем іх знешняй формы (П. пераўтварэння і выцяснення). Трапляюцца таксама мінеральныя П. па арган. рэштках (па выкапнёвай фауне — зоамарфозы, па выкапнёвых раслінах — фітамарфозы, напр., акамянелае дрэва).
Псеўдамарфозы: 1 — апалу на дрэве, 2 — піралюзіту па манганіце.