вёска ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Случ. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 46 км на ПнЗ ад г. Жыткавічы, 274 км ад Гомеля, 18 км ад чыг. ст. Мікашэвічы. 875 ж., 318 двароў (1999).
Упершыню ўпамінаецца ў 1568 у прывілеі Жыгімонта Аўгуста кн. Юрыю Алелькавічу на заснаванне мястэчка. У ім названы і тапонім будучага нас. пункта — Ленін. У 1582 мястэчка перайшло да кн. Аляксандра Алелькавіча. З 17 ст. ва ўладанні Радзівілаў, з пач. 19 ст. — Вітгенштэйнаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1863 адкрыта аднакласнае нар. вучылішча. У 1886—437 ж, 79 двароў, у 1908—1019 ж., 196 двароў. У 1922—39 у складзе Польшчы, цэнтр Ленінскай гміны Палескага ваяв. З 12.10.1940 гар. пасёлак, у 1940—50 цэнтр Ленінскага раёна Пінскай вобл. У Вял.Айч. вайну з 16.7.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 4474 чал.; у жн. 1942 акупанты расстралялі ў Л. каля 2 тыс.чал., у лют. 1943 у час карнай аперацыі «Горнунг» загубілі 1200 чал. 12.9.1942 адбыўся Ленінскі бой 1942. З 9.1.1952 вёска ў Ленінскім р-не Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл., з 1960 у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. У 1972—842 ж., 252 двары.
Лясніцтва, цэх па перапрацоўцы драўніны. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. ваеннапалонных і ахвяр фашызму, камсамольцаў, партызан. Магілы ахвяр фашызму. Помнік партызанам. Помнік архітэктуры — капліца на могілках (1870-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ВА,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Краўлянка, каля аўтадарогі Ашмяны—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад горада і 20 км ад чыг. ст. Смаргонь, 222 км ад Гродна. 812 ж., 357 двароў (1998).
Упершыню згадваецца ў ням. хроніках (13 ст. як сталіца Нальшчанаў. З 1260-х г. (пасля ўцёкаў мясц. князя Даўмонта) у складзе ВКЛ. У 14 ст. цэнтр Крэўскага княства, пабудаваны Крэўскі замак. У К. падпісана Крэўская унія 1385, у 1387 заснаваны адзін з першых у ВКЛ касцёл. Пасля 1391 К. ў Ашмянскім пав. Да 17 ст. неаднаразова было месцам барацьбы ў час усобіц і войнаў. У 17—18 ст. мястэчка. мела магдэбургскае права. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з буйнейшых цэнтраў керамічнай вытв-сці (гл.Крэўская кераміка). У 1897 у К. 1380 ж., 217 двароў. 2 царквы, сінагога, вучылішча, школа, 2 магазіны, 5 кірмашоў штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Смаргонскім р-не. У 1972—1155 ж. У 1998 створаны міжнар. фонд «Крэва» — грамадская недзярж. арг-цыя з мэтай садзейнічання захаванню і адраджэнню Крэўскага замка.
Лясніцтва. Дрэваапр. цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл Праабражэння Гасподняга (1997). Брацкія могілкі салдат рус. арміі, што загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Аляксандра Неўскага (1854). На зах. ускраіне вёскі захаваліся руіны Крэўскага замка і гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎ,
вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Іслач, каля аўтадарогі Мінск—Гродна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдУ ад г. Валожын, 39 км ад Мінска, 16 км ад чыг. ст. Беларусь. 2106 ж., 765 двароў (2001). З-дбуд. вырабаў, лясніцтва. Сярэдняя школа, філіял муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква хрысціян веры евангельскай «Божая ласка». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік на магіле бел. кампазітара М.Р.Грушвіцкага. Помнікі архітэктуры: Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква, Ракаўскі касцёл дамініканцаў, капліца св. Ганны (2-я пал. 19 ст.). Стараж. цэнтр ганчарнага промыслу (гл.Ракаўская кераміка). Каля вёскі гарадзішча жал. веку. У наваколлі Р. санаторый Нац.АН Беларусі, санаторый-прафілакторый «Іслач», дзіцячы санаторый «Пралеска», 9 дзіцячых устаноў адпачынку і аздараўлення, геал. помнік прыроды Ракаўскі кангламерат.
Вядомы з 15 ст. Уласнасць Кежгайлаў, Завішаў, Сангушкаў, Салагубаў, Агінскіх. Пры Сангушках горад, гандл.цэнтр. У канцы 16 — пач. 17 ст. працавала друкарня. У 1686 заснаваны дамініканскі, у 1702 — базыльян кляштары. У 1701 атрымаў прывілей на 2 кірмашы ў год. З 1793 у Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Мінскага пав., 1006 ж., 159 двароў, царква, школа, сінагога, з-ды с.-г. прылад, ганчарны, цагельня, піваварня, 2 млыны, 29 крам. У 1897—3641 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Маладзечанскага пав. Віленскага ваяв. Са снеж. 1939 у Вілейскай вобл.БССР. У 1940—54 гар. пасёлак, да 1960 у Радашковіцкім р-не Маладзечанскай вобл. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты спалілі Р., загубілі больш за 2 тыс.чал. У 1960—62 і з 1965 у Валожынскім, у 1962—64 у Маладзечанскім р-нах Мінскай вобл.
Літ.:
Рагойша В. Заходнебеларускае мястэчка як асяродак беларуска-польскага культурнага сумежжа (на прыкладзе Ракава) // Куфэрак Віленшчыны. 2000. №2.