ГЕ́РЦШПРУНГ ((Hertzsprung) Эйнар) (8.10.1873, г. Фрэдэрыксбарг, Данія — 21.10.1967),
дацкі і нідэрландскі астраном. Чл. Нідэрландскай, Дацкай, чл.-кар. Парыжскай АН. Скончыў Капенгагенскі політэхн.ін-т (1898). Праф. астраноміі ў гарадах Гётынген, Патсдам, Лейдэн. У 1935—45 дырэктар абсерваторыі Лейдэнскага ун-та. Навук. працы па эвалюцыі зорак. Увёў раздзяленне зорак на гіганты і карлікі. Пабудаваў залежнасць зорнай велічыні ад спектральнага класа зорак (гл.Герцшпрунга—Рэсела дыяграма). Упершыню выкарыстаў фатаграфію для вывучэння падвойных зорак (1914—19).
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКАЗІ́Т (позналац. marcasita ад перс. калчадан),
прамяністы калчадан, мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза FeS2. Хім. аналаг пірыту. Змяшчае 46,6% жалеза, часта прымесі нікелю, мыш’яку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае канкрэцыі, сфераліты, нацёчныя агрэгаты, суцэльныя масы; крышталі таблітчастыя, радзей вострапірамідальныя, прызматычныя. Колер латунна-жоўты.
Бляск металічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 4,9 г/см³. Трапляецца М. эндагенны ў гідратэрмальных, пераважна жыльных радовішчах, М. экзагенны ў карбанатных пародах, глінах, каменных вуглях. Сыравіна для вырабу сернай кіслаты. Пры акісленні ўтварае ліманіт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРОНАСПАРА́ЛЬНЫЯ (Peronosporales),
парадак грыбоў класа ааміцэтаў. 3 сям. (перанаспоравыя, пітыевыя, цыстопавыя), больш за 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 70 відаў з родаў перанаспора, пітый, фітафтора, брэмія, плазмапара, склераспора і інш.Сапратрофы, паразіты і паўпаразіты. Выклікаюць некроз у раслін, перонаспарозы, гнілі.
Міцэлій не падзелены на септы, галінасты, распаўсюджваецца ўнутры- і міжклетачна, утварае гаўсторыі. Канідыяносцы разгалінаваныя, канідыі звычайна акруглыя. Некат. віды з сям. пітыевых размнажаюцца зааспорамі. Наземныя грыбы здольны ўтвараць хламідаспоры. Ааспоры ўзнікаюць у выніку палавога працэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫ́Т, серны калчадан, жалезісты калчадан,
найбольш пашыраны мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза, FeS2. Мае жалеза 44,6%, серы 54,3%, дамешкі медзі, золата, нікелю, кобальту, селену, талію і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае крышталі кубічныя (радзей пентагондадэкаэдрычныя і актаэдрычныя) са штрыхоўкай на гранях, зярністыя масы, прарастанні з марказітам і інш. Колер латунна-жоўты. Бляск металічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 4,9—5,2 г/см³. Палігеннага паходжання. Гал. радовішчы гідратэрмальныя і метасаматычныя. Сыравіна для сернай кіслаты, руда кобальту, золата, медзі, селену і талію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ТЭС (Інеса Сяргееўна) (н. 28.9.1956, Мінск),
бел. спартсменка (вадналыжны спорт). Майстар спорту СССРміжнар.класа (1973). Засл. майстар спорту СССР (1980). Суддзя міжнар. катэгорыі (1992). Скончыла БДУ (1978.). З 1992 старшы трэнер Рэсп.спарт. дзіцяча-юнацкай школы алімп. рэзерву па водных лыжах. Чэмпіёнка Еўропы па фігурным катанні (1978, г. Тэміль-сюр-Лот, Францыя), 14-разовая чэмпіёнка СССР (1972—77) у мнагабор’і і асобных відах практыкаванняў. Рэкардсменка Еўропы (1980) па фігурным катанні, 29-разовая рэкардсменка СССР у мнагабор’і, фігурным катанні, скачках з трампліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАХРАЗІ́Т (ад грэч. rhodon ружа + chrōsis афарбоўка),
марганцавы шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат марганцу, MnCO3. Мае ў сабе аксід марганцу (да 61,7%), прымесі жалеза, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя, ныркападобныя агрэгаты, Зямлістыя масы, ромбаэдрычныя крышталі. Колер ружовы, шаравата-белы, зеленавата-шэры. Паўпразрысты, зрэдку да празрыстага. Бляск шкляны з перламутравым адлівам. Цв. 3,5—4. Шчыльнасць 3,7 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гідратэрмальнае, кантактава-метасаматычнае. Выкарыстоўваецца як дэкаратыўны і ювелірна-вырабны (празрысты) камень. Уваходзіць у састаў марганцавых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІТЭ́Т (ад лац. bonitas дабраякаснасць),
эканамічна важная, як правіла, параўнальная, прыродная характарыстыка (багацце глебаў, выхад драўніны з 1 га і да т.п.) гаспадарча каштоўнай групы біял. аб’ектаў або ўгоддзяў. Найчасцей вызначаюцца банітэты глебы і лесу. Банітэт глебы (якасная характарыстыка прыродных уласцівасцяў зямельнага ўчастка і ўзровень ураджайнасці на ім с.-г. культур як сумарны паказчык яго ўрадлівасці) і банітэт лесу (паказчык прадукцыйнасці лесу, які залежыць ад умоў месцазнаходжання, пераважна глебава-грунтавых і кліматычных). Апошні вызначаецца па сярэдняй вышыні насаджэння, узросце і паходжанні (насеннае або парасткавае) дрэвастою. Вылучаны 5 класаў банітэту лесу: да I належаць найб. прадукцыйныя насаджэнні, да V — найменш прадукцыйныя; дапаўняльна вылучаюцца Iа, Iб, Iв, Vа, Vб, Vв, сярод якіх Iв найвышэйшы, Vв — найніжэйшы. II—IV класы маюць прамежкавыя паказчыкі. Насенныя і парасткавыя дрэвавыя насаджэнні ў кожным класе ўзросту (10 гадоў, 20, 30 і гэтак далей) размяркоўваюцца па класах банітэту ў залежнасці ад сярэдняй вышыні дрэвавага ствала ў метрах (напр., ва ўзросце 30 гадоў да I класа банітэту насенных лесанасаджэнняў належаць дрэвы выш. 12—13 м, да V класа — выш. 4—5 м; ва ўзросце 100 гадоў, адпаведна, 27—30 і 13—15 м). Сярэдняя прадукцыйнасць лясоў Беларусі вызначаецца II, 0 класам банітэту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНАГЛО́С (Balanoglossus),
род паўхордавых жывёл класа кішачнадыхальных. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, на дне мораў. Доўгі час іх адносілі да чарвей; рус. вучоны А.А.Кавалеўскі даказаў (1867), што яны бліжэй да хордавых жывёл, шэраг прыкмет збліжае іх з ігласкурымі і паганафорамі. Найб. вядомы баланаглос клавігерус.
Даўж. 3—250 см (Balanoglossus gigas). Цела чэрвепадобнае, складаецца з 3 аддзелаў — хабатка, каўнерыка і тулава. Маюць шчэлепы (2 рады), якія пранізваюць стрававод. Раздзельнаполыя, Balanoglossus proliferans можа размнажацца палавым і бясполым (дзяленнем) спосабамі. Кормяцца дробнымі жывёламі, расліннымі рэшткамі і інш.арган. рэчывамі.