ДАЛІ́НЫ, рачныя даліны,

адмоўныя, лінейна выцягнутыя формы рэльефу з агульным нахілам ад вярхоўяў да нізоўяў, утвораныя ў выніку размыўнай (эразійнай) дзейнасці цякучай вады; многія маюць тэктанічнае паходжанне. Папярочны профіль рачных Д. у залежнасці ад стадыі развіцця геал. будовы мясцовасці і інш. фактараў можа мець V-, U-, скрыне-, карытападобную і інш. формы; пачатковая форма Д. — яры і лагчыны. Д. звычайна ўключаюць рэчышча, пойму, тэрасы, схілы, каля вусця часам фарміруюцца дэльты або конусы вынасу.

Асн. працэсы ў развіцці Д. — глыбінная і бакавая эрозія, акумуляцыя адкладаў. Профіль Д. амаль заўсёды асіметрычны, што абумоўлена геал. будовай, нахілам паверхні, Карыяліса сіламі, дзеяннем грунтавых вод і інш. У плане Д. маюць клінападобную, меандрычную, пацеркападобную, прамалінейную, каленчатую форму. У вярхоўі Д. звычайна замыкаюцца схіламі, утвараючы вадазборную варонку, ледавіковы цырк (у гарах) або застаюцца адкрытымі і пераходзяць у вярхоўе суседніх Д. У адносінах да распасцірання структур і горных хрыбтоў вылучаюць падоўжныя (сінклінальныя, антыклінальныя, монаклінальныя, скідавыя Д. і Д.-грабены), папярочныя і дыяганальныя. Калі Д. праразае горны хрыбет ці ўзвышша, на ўсю шырыню ўтвараецца скразная даліна, або Д. прарыву. Паводле марфалогіі адрозніваюць горныя Д. (глыбокія і нешырокія са стромкімі схіламі) і раўнінныя Д. (звычайна шырокія, з нязначнымі нахіламі, глыбінёй і стромкасцю схілаў). Памеры залежаць ад мінулай ці сучаснай дзейнасці цякучай вады. Найб. значныя Д. пашыраны ў раёнах з вял. колькасцю ападкаў.

На Беларусі Д. займаюць каля 10% тэр. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і с.-г. культуры, да іх прымеркаваны шматлікія меліярац. сістэмы.

Л.​У.​Мар’іна.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎНАСЦЬ у праве,

устаноўлены законам тэрмін, сканчэнне якога цягне юрыд. вынікі: страту права на іск (іскавая Д.), на прымусовае выкананне рашэння суда, арбітражу і да т.п. (выканаўчая Д.), выключэнне крымін. адказнасці або магчымасці выканання абвінаваўчага прыгавору.

Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь цячэнне іскавай Д. звычайна пачынаецца з дня ўзнікнення права на іск, Д. для прыцягнення да крымін. адказнасці — з дня ўчынення злачынства, Д. прывядзення ў выкананне абвінаваўчага прыгавору ці суд. рашэнняў па цывільных справах — з часу набыцця імі законнай сілы. Агульны тэрмін іскавай Д. ўстанаўліваецца ў 3 гады (для асобных яе відаў закон прадугледжвае спец. тэрміны Д.). Пры наяўнасці законных падстаў цячэнне тэрмінаў іскавай Д. можа прыпыняцца або перарывацца.

Тэрміны Д. прыцягнення да крымін. адказнасці і выканання абвінаваўчага прыгавору дыферэнцыраваны законам і залежаць ад цяжкасці злачынства і назначанага судом пакарання. У такіх выпадках ён доўжыцца ад 1 да 10 гадоў з моманту ўчынення злачынства ці асуджэння. Цячэнне Д. перарываецца або прыпыняецца, калі да сканчэння гэтых тэрмінаў вінаваты зробіць новае злачынства ці асуджаны ўхіліцца ад адбывання пакарання або зробіць новае злачынства. Вылічэнне Д. ў такіх выпадках пачынаецца з моманту ўчынення новага злачынства або затрымання асуджанага. Асоба не можа быць прыцягнута да крымін. адказнасці, калі з моманту ўчынення злачынства мінула 15 гадоў і Д. не была перарвана ўчыненнем новага злачынства. Прымяненне Д. да асобы за злачынства, за якое паводле закону можа быць назначана пакаранне смерцю, вырашае суд. У адпаведнасці з міжнар. канвенцыяй Д. крымін. праследавання не ўжываецца да ваен. злачынцаў.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕРСО́ЎНАСЦЬ ВАЛЮ́ТЫ магчымасць абмену грашовай адзінкі дадзенай краіны на валюты інш. краін. Усе валюты ўмоўна падзяляюцца на 3 групы: свабодна і часткова канверсоўныя, неканверсоўныя (замкнёныя). Свабодна канверсоўнай (СКВ) яна з’яўляецца тады, калі адсутнічаюць заканад. абмежаванні на правядзенне валютных здзелак па розных відах аперацый (гандлёвых, негандлёвых, руху капіталу). Часткова канверсоўнай лічацца валюты тых краін, дзе існуюць колькасныя абмежаванні або спец. дазволеныя працэдуры на абмен валюты па асобных відах аперацый або для розных суб’ектаў валютных здзелак. Неканверсоўнай з’яўляецца валюта, калі краіна забараняе яе свабодны абмен, нягледзячы на тое, што банкі праводзяць розныя абменныя аперацыі. Ступень К.в. знаходзіцца ў залежнасці ад эканам. патэнцыялу краіны, аб’ёму яе знешнеэканам. дзейнасці, устойлівасці ўнутр. грашовага абарачэння, ступені развіцця нац. рынкаў і інш. фактараў. Яна патрабуе ад цэнтр. нац. банка краіны прыняцця пастаянных мер для ўтрымання на вызначаным узроўні курса сваёй валюты. Калі рынак адчуе незабяспечанасць дадзенай валюты, ён стане яе «скідваць», ствараючы небяспеку значнага яе прытоку да банка-эмітэнта, які пры гэтым мае магчымасць патраціць запасы цвёрдых валют і інш. валютных каштоўнасцей, у прыватнасці золата, на скупку уласнай валюты. Са 150 краін-членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) толькі каля 10 валодаюць поўнасцю К.в. (ЗША, Канада, Японія і шэраг краін Зах. Еўропы), каля 50 маюць валюту абмежаванай канверсоўнасці. Наяўнасць К.в. стварае магчымасць расплачвацца з замежнымі краінамі грашовымі адзінкамі дадзенай краіны, не залежаць ад заробкаў замежнай валюты, пашырае магчымасці прасоўвання тавараў на рынках, спрашчае разлік, уніфікуе паказчыкі ўнутр. і знешніх расходаў (даходаў), паляпшае іх супараўнальнасць.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 575

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МНІЙ (лац. Silicium),

Si, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 14, ат. м. 28,0855. Прыродны К. складаецца з 3 стабільных ізатопаў, асн.28Si (92,27%). Другі (пасля кіслароду) элемент паводле распаўсюджанасці ў зямной кары (27,6% па масе). У прыродзе знаходзіцца ў асн. у выглядзе крэмнію дыаксіду і сілікатаў прыродных, у свабодным стане не сустракаецца. Атрыманы ў 1823 Ё.Я.Берцэліусам; названы ад лац. silex — крэмень (назва К. ад грэч. kremnos уцёс, скала).

Крышт. К. — цёмна-шэрае рэчыва з метал. бляскам, шчыльн. 2330 кг/м³, tпл 1415 °C. Паўправаднік, электрафіз. ўласцівасці якога залежаць ад прыроды і канцэнтрацыі прымесей (легіруючых дабавак), структурных дэфектаў. Не раствараецца ў вадзе і к-тах. Раствараецца ў сумесі азотнай і плавікавай кіслот, растворах шчолачаў з вылучэннем вадароду. Устойлівы ў паветры, акісляецца кіслародам да SiO2 пры т-ры вышэй за 400 °C. З фторам (пры пакаёвай т-ры) і астатнімі галагенамі (пры 300—500 °C) утварае тэтрагалагеніды К. (напр., SiCl4 тэтрахларыд К. — бясколерная вадкасць, дыміць у паветры). Пры награванні ўзаемадзейнічае з азотам, фосфарам, вугляродам (гл. Крэмнію карбід), многімі металамі (гл. Сіліцыды). З вадародам непасрэдна не ўзаемадзейнічае, сіланы атрымліваюць ускосным шляхам. Арган. вытворныя К. — крэмнійарганічныя злучэнні, крэмнійарганічныя палімеры. Тэхн. К. атрымліваюць аднаўленнем расплаву SiO2, коксам, паўправадніковы — аднаўленнем SiCl4 вадародам, раскладаннем сілану SiH4 пры 1000 °C. З расплаву паўправадніковага К. вырошчваюць монакрышталі. Выкарыстоўваюць у электроніцы для вырабу інтэгральных схем, дыёдаў, транзістараў, сонечных батарэй і інш.; як кампанент электратэхн. і інш. сталей, чыгуну, бронзы, сілумінаў.

А.​П.​Чарнякова.

т. 8, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛАО́ПТЫКА,

раздзел фізікі, у якім вывучаецца ўзаемадзеянне металаў з эл.-магн. хвалямі аптычнага дыяпазону. Аптычныя характарыстыкі металаў выкарыстоўваюцца ў вытв-сці метал. люстэркаў, святлодзялільных паверхняў, дыфракцыйных рашотак і інш.; метадамі М. выяўляюцца вокісныя плёнкі на паверхні металаў, вызначаюцца іх аптычныя ўласцівасці і інш.

Узаемадзеянне эл.-магн. хвалі з металам звязана з наяўнасцю ў ім электронаў праводнасці і валентных электронаў. Аптычныя ўласцівасці металаў апісваюцца камплексным паказчыкам пераламлення, які ўстанаўлівае сувязь паміж падаючай і пераломленай хвалямі праз каэфіцыент паглынання і характарызуе затуханне хвалі ўнутры металу. Значэнні каэфіцыентаў адбіцця і паглынання залежаць ад электроннай будовы металу і даўжыні падаючай хвалі. Вял. каэфіцыент адбіцця (напр., у серабра да 99%) у шырокім дыяпазоне частот абумоўлены вял. канцэнтрацыяй электронаў праводнасці. Токі праводнасці экраніруюць знешняе эл.-магн. поле і вядуць да затухання хвалі ўнутры металу (хваля затухае ў слоі металу таўшчынёй да 1 мкм). Электроны праводнасці могуць паглынаць надзвычай малыя кванты энергіі, што істотна ў радыёчастотнай і інфрачырвонай абласцях спектра. Валентныя электроны ўдзельнічаюць ва ўнутр. фотаэфекце, што вядзе да ўтварэння палос паглынання, якія назіраюцца ў бачнай і бліжэйшай ультрафіялетавай абласцях спектра. З павелічэннем частаты каэфіцыент паглынання металаў змяншаецца і, напр., у рэнтгенаўскай вобласці, дзе аптычныя ўласцівасці металаў вызначаюцца электронамі ўнутр. абалонак атамаў, металы амаль не адрозніваюцца па аптычных уласцівасцях ад дыэлектрыкаў.

Літ.:

Соколов А.В. Оптические свойства металлов. М., 1961;

Металлооптика и сверхпроводимость. М., 1988;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику. Мн., 1989.

В.​Л.​Рззнікаў.

т. 10, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМЕ́ТНІК,

знамянальная часціна мовы, якая абазначае прыкметы прадметаў, з’яў і жывых істот. Паводле значэння падзяляюцца на якасныя і адносныя.

Якасныя выражаюць якасці і ўласцівасці прадметаў, маюць ступені параўнання. формы суб’ектыўнай ацэнкі і меры якасці («бялюсенькі», «гаркаваты», «страшэнны», «даўжэзны»), могуць утвараць поўную і кароткую формы («дужы», «дуж»), бываюць невытворныя («добры», «новы») і вытворныя («клапатлівы», «працавіты»), Адносныя паказваюць на прыкмету прадмета праз адносіны да інш. прадметаў, асоб, дзеянняў ці акалічнасцей («летні вечар», «дзіцячы смех»), пры вобразна-пераносным ужыванні лёгка пераходзяць у якасныя («жалезная воля», «братні прыём»), бываюць толькі вытворныя («зімовы», «спартыўны»), Разнавіднасць адносных — прыналежныя П., якія абазначаюць прыкмету паводле прыналежнасці прадмета пэўнай асобе ці жывой істоце («бацькаў кажух», «вавёрчына дупло»), Формы роду, ліку і склону П. залежаць ад роду, ліку і склону назоўніка, з якім яны звязаны ў сказе ці ў больш шырокім кантэксце. Паводле склонавых форм падзяляюцца на 3 тыпы скланення: ад’ектыўнае (поўныя формы адносных і якасных П.), змешанае (прыналежныя П., якія ў назоўным і вінавальным склонах маюць кароткую, а ва ўсіх астатніх склонах — поўную форму), нулявое (нязменныя П. — «касцюм беж»). Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «пчаліны»; прэфіксальным — «антываенны»; прэфіксальна-суфіксальным — «міжвідавы») спосабамі, асноваскладаннем («руска-беларускі»), асноваскладаннем у спалучэнні з суфіксацыяй («дробназярністы»), зрашчэннем кампанентаў («вышэйпамянёны»), У сказе выконваюць ролю азначэння ці выказніка.

Літ.:

Булахаў М.Г. Прыметнік у беларускай мове. Мн., 1964;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКО́РМ сельскагаспадарчых жывёл,

тэхналагічны працэс у прамысл. жывёлагадоўлі, які забяспечвае атрыманне найб. колькасці высакаякаснага мяса за адносна кароткі перыяд. Адкормліваюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, трусоў, а таксама птушак. Віды адкорму залежаць ад патрабаванняў да мясной прадукцыі.

У гадоўлі буйной рагатай жывёлы найб. пашыраная і эфектыўная тэхналогія атрымання высакаякаснай маладой ялавічыны — адкорм маладняку з 6—8-месячнага ўзросту да 15—20 мес, калі жывёла дасягае жывой масы 400—480 кг і больш. Сярэднясутачныя прыбаўкі ў вазе на адкорме 800—1200 г і больш. Затраты корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 8—11 кармавых адзінак. Тыпы адкорму ў свінагадоўлі: мясны (пераважае), беконны і адкорм да тлустых кандыцыя. На мясны адкорм ставяць парасят масай 15—16 кг ва ўзросце 2,5 мес, заканчваюць у 7—7,5 мес пры масе 100—110 кг (таўшчыня сала супраць 6—7-га рэбраў 1,5—4 см). Сярэднясутачны прырост складае 500—600 г, затрата корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 4,5—5 кармавых адзінак. Удзельная вага канцэнтратаў у рацыёнах 60—80%, сакаўных кармоў — 15—25%. У авечкагадоўлі найб. эфектыўны адкорм маладняку мяса-воўнавых парод і мяшанцаў ад прамысл. скрыжавання матак танкарунных парод з баранамі мяса-воўнавых паўтанкарунных парод. Пачынаюць пасля адымання ягнят ад матак, заканчваюць у 7—8-месячным узросце. У птушкагадоўлі пераважае спец. адкорм бройлераў і птушак, вылучаных з розных гасп. груп (рамонтнага маладняку, бацькоўскага статка ва ўзросце 2—6 мес і выбракаванай птушкі). Тэрмін адкорму 15—25 сутак, расход корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 6—9 кармавых адзінак.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЭЛЕ́КТРЫКІ (ад дыя... + англ. electric электрычны),

рэчывы, якія практычна не праводзяць электрычны ток і могуць палярызавацца ў знешнім эл. полі (гл. Палярызацыя дыэлектрыкаў). Бываюць цвёрдыя (напр., бурштын, слюда, шкло, эбаніт), вадкія (вада, трансфарматарнае масла) або газападобныя (усе газы). Падзяляюцца на непалярныя (малекулы маюць сіметрычную будову і цэнтры «цяжару» дадатных і адмоўных зарадаў супадаюць), палярныя (малекулы пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць адрозны ад 0 дыпольны момант) і іонныя крышталі (крышталічная рашотка з правільным чаргаваннем іонаў розных знакаў і ўтварэннем 2 іонных падрашотак). Адпаведна адрозніваюць электронную (дэфармацыйную), арыентацыйную (дыпольную) і іонную палярызацыю. Механізмы палярызацыі Д. розныя і залежаць ад характару хім. сувязей. Асн. характарыстыкі Д.: дыэлектрычная пранікальнасць, дыэлектрычная ўспрыімлівасць і эл. трываласць (гл. Прабой дыэлектрыкаў). У тэхніцы выкарыстоўваюцца як электраізаляцыйныя матэрыялы, у кандэнсатарах служаць для павелічэння ёмістасці; у паўправадніковай электроніцы (у т. л. мікраэлектроніцы) выкарыстоўваюцца дыэл. плёнкі (аморфныя, шклопадобныя, палімерныя) для ўтварэння структур метал—Д.—метал, метал—Д.—паўправаднік і інш. На аснове кантактаў у выглядзе тонкага слоя Д., які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакты Джозефсана; гл. Джозефсана эфект) створаны маламагутныя ЗВЧ генератары, хуткадзейныя элементы памяці ЭВМ, квантавыя інтэрферометры і інш.

На Беларусі даследаванні па фізіцы Д. пачаліся ў 1935 у БПІ (М.А.Безбародаў). З 1959 вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, Бел. політэхн. акадэміі і інш.

Літ.:

Сканави Г.И. Физика диэлектриков (область слабых полей). М.; Л., 1949;

Яго ж. Физика диэлектриков (область сильных полей). М., 1958;

Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989.

А.​У.​Шэлег.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн. Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл. Дазіметрычныя прылады).

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗІРА́ННЕ,

мэтанакіраваная дзейнасць чалавека, якая дазваляе яму атрымліваць інфармацыю аб навакольным свеце; у шырокім сэнсе — спосаб пазнання свету. З ускладненнем сац. рэчаіснасці і прац. аперацый Н. вылучаецца ў адносна самаст. аспект дзейнасці (навук. Н., успрыманне інфармацыі на прыборах, Н. як частка працэсу маст. творчасці і інш.). Навук. Н. накіравана на дасягненне пэўнай навук. мэты і характарызуецца сістэматычнасцю, планамернасцю, магчымасцю ажыццяўлення кантролю шляхам паўторнага Н. або выкарыстання інш. метадаў Н., напр., эксперыменту. У некаторых сац. навуках (эканам. статыстыка, дэмаграфія) пад Н. разумеюць любую палявую працэдуру (апытанне, збор звестак, візуальнае Н.), проціпастаўляючы яго ўскоснаму атрыманню звестак з літ. крыніц. Н. ў сацыялогіі — метад збору сац. інфармацыі праз прамую, непасрэдную фіксацыю падзей і з’яў. Паводле ступені фармалізацыі працэдуры адрозніваюць Н.: стандартызаванае, або кантрольнае (назіральнік працуе па папярэдне вызначанай Праграме), і нестандартызаванае (этапы і фазы даследавання папярэдне не вызначаюцца). У залежнасці ад становішча назіральніка вылучаюць Н. ўключанае (прадугледжвае інтэграцыю назіральніка ў падзеі і працэсы, што даследуюцца, і іх аналіз «знутры») і неўключанае (без мэтанакіраванага ўмяшання даследчыка ў з’явы, што вывучаюцца). Паводле ўмоў арганізацыі адрозніваюць Н. палявыя (праводзяцца ў натуральных умовах) і лабараторныя; паводле рэгулярнасці правядзення — сістэматычныя, эпізадычныя і выпадковыя (праграма не распрацоўваецца і стадыі Н. папярэдне не вызначаюцца). Н. ў псіхалогіі — адзін з асн. эмпірычных метадаў даследавання, які заключаецца ў наўмысным, сістэматычным і мэтанакіраваным успрыманні псіхічных з’яў з мэтай вывучэння іх спецыфічных змен у пэўных умовах; як адзін з псіхал. метадаў выкарыстоўваецца саманазіранне. Вынікі Н. ў значнай ступені залежаць ад асобы даследчыка, яго ўстановак і адносін да працэсаў і з’яў, што назіраюцца, ад яго стэрэатыпаў і каштоўнасных арыентацый.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)