КІСТА́ (ад грэч. kystis пузыр),

паталагічная поласць у органах і тканках арганізма з вадкім ці паўвадкім змесцівам, высланая злучальна-тканкавай абалонкай або эпітэліем. Паводле механізма ўтварэння адрозніваюць К. рэтэнцыйныя, рамаліцыйныя, дызонтагенетычныя, пухлінныя, траўматычныя, паразітарныя.

Рэтэнцыйныя К. (як правіла, набытыя) утвараюцца ў залозах (напр., слінных, тлушчавых, малочных) пры парушэнні адтоку сакрэту, што вядзе да расцяжэння залозы ці пратокі. Рамаліцыйныя К. ўзнікаюць у кампактнай тканцы пры яе размякчэнні (пры кровазліцці, запаленні, некрозе) на абмежаваным участку (напр., К. галаўнога мозга). Утварэнне дызонтагенетычных К. звязана з расшырэннем эмбрыянальных каналаў і шчылін ці з заганамі развіцця органа (напр., кістозныя ныркі). Пухлінныя К развіваюцца найчасцей у жалезістых, сасудзістых ці касцявых пухлінах па розных прычынах (кістадэрма, лімфангіёма). Траўматычныя К. лакалізуюцца на кісцях рук, у радужнай абалонцы вока, іншы раз у падстраўнікавай залозе і касцявой тканцы пры траўматычным зрушэнні эпітэлію. Паразітарныя К. ўяўляюць сабой пузыраватыя лічынкавыя стадыі (фіны) стужкавых чарвей (эхінакок, цыстыцэрк). К. могуць мець рознае паходжанне, напр., эпідэрмоідныя К. бываюць рэтэнцыйнымі, траўматычнымі і дызонтагенетычнымі. Памеры, будова і знешнія праяўленні К. залежаць ад іх паходжання. Лячэнне хірургічнае.

А.С.Арцюшкевіч.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)