«ЕВА́НГЕЛЛЕ ВУЧЫ́ЦЕЛЬНАЕ»,

помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання, першае на Беларусі друкаванае евангелле. Выдадзена І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам у 1569 у Заблудаве на царк.-слав. мове. Уключае таксама творы візант., балг. і стараж.-рус. пісьменнасці, у т. л. «Слова на ўшэсце Кірылы Тураўскага». Мае прадмову, напісаную гетманам ВКЛ Р.​Хадкевічам.

Надрукавана фарматам у аркуш (407 аркушаў) з выкарыстаннем паўустаўнага шрыфту маск. выдання «Апостал». У аздобе спалучаны рысы маск. і бел. кнігадрукавання: тытульны ліст, гравюры з выявай герба Хадкевіча (мяркуюць, што выканаў Мсціславец), 3 застаўкі, 6 канцовак, 2 ініцыялы, 77 ламбардаў (дробных ініцыялаў). Застаўкі выкананы ў т.зв. старадрукарскім стылі (спалучэнне адлюстраванняў акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.) белымі лініямі па чорным фоне (двойчы) і чорнымі па белым. Вядома больш за 40 экзэмпляраў. «Е.в.» неаднаразова перавыдавалася.

В.​Ф.​Шматаў.

т. 6, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЎКАЎ (Тодар Хрыстаў) (н. 7.9.1911, с. Правец Сафійскай акр., Балгарыя),

палітычны і дзярж. дзеяч Балгарыі. Герой Сац. Працы Нар. Рэспублікі Балгарыі (1961), двойчы Герой НРБ (1971, 1981), Герой Сав. Саюза (1977). З 1932 чл. Балгарскай камуніст. партыі (БКП). Адзін з кіраўнікоў Вераснёўскага народнага ўзброенага паўстання 1944 у Балгарыі. З 1945 канд., з 1948 чл. ЦК БКП. У 1948—49 1-ы сакратар Сафійскага гаркома БКП, з 1950 сакратар, з 1951 чл. Палітбюро ЦК БКП. Ген. сакратар (у 1954—81 1-ы сакратар) ЦК БКП, адначасова старшыня Савета Міністраў НРБ (1962—71). З 1971 старшыня Дзярж. савета НРБ. У снеж. 1989 выключаны з БКП і зняты з усіх пасад. У 1994 асуджаны на 7 гадоў зняволення па абвінавачанні ў растраце дзярж. сродкаў, знаходзіўся пад хатнім арыштам; у 1996 апраўданы.

т. 6, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНЧО́НКАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 28.9.1940, г. Іванцееўка Маскоўскай вобл.),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1982). Герой ГДР (1978), лётчык-касманаўт СССР (1978). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1964). З 1970 у атрадзе касманаўтаў. 15.6—2.11.1978 з У.В.Кавалёнкам здзейсніў палёт (як бортінжынер) на касм. караблі (КК) «Саюз-29» і арбітальнай станцыі «Салют-6», да якой у час палёту прыстыкоўваліся грузавыя трансп. караблі тыпу «Прагрэс», КК «Саюз-30» (экіпаж П.А.Клімук, М.Гермашэўскі), «Саюз-31» (В.Ф.Быкоўскі, З.Ен). Вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-31». 24.6—2.7.1982 з У.А.Джанібекавым і Ж.Л.Крэцьенам здзейсніў палёт (як бортінжынер) на КК «Саюз Т-6» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (асн. экіпаж А.М.Беразавой, В.В.Лебедзеў), з прыстыкаваным да яе КК «Саюз Т-5». У космасе правёў 147,53 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖАДУ́Б (Іван Мікітавіч) (8.6.1920, в. Абражыеўка Шосткінскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 6.8.1991),

тройчы Герой Сав. Саюза (1944, двойчы; 1945). Маршал авіяцыі (1985). Скончыў акадэміі Ваен.-паветр. (1949), Генштаба (1956). У арміі з 1940. Ў Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Варонежскім, Сцяпным, 2-м Укр. і 1-м Бел. франтах: пілот, камандзір звяна і эскадрыллі, нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка; у 120 паветр. баях збіў 62 самалёты праціўніка. Пасля вайны на кіруючых пасадах у ВПС, удзельнік Карэйскай вайны 1950—53 (у крас. 1951 — лют. 1951 камандзір 324-й знішчальна-авіяц. дывізіі ў складзе сав. 64-га знішчальна-авіяц. корпуса). З 1978 у Групе ген. інспектараў ’Мін-ва абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—62. Аўтар кніг «Служу Радзіме» (1949), «Вернасць Айчыне» (1967) і інш.

т. 7, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАПАГО́Н (Cimicifuga),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 дзікарослы від: К. еўрапейскі, або чортава рабро (C. europaea), занесены ў Чырв. кнігу. 3 віды інтрадукаваныя: К. баршчэўнікалісты (C. heracleifolia), даурскі (C. dahurica), просты (C. simplex). Трапляецца на ўзлесках і палянах у лісцевых і мяшаных лясах.

Шматгадовыя травяністыя расліны з магутным тоўстым карэнішчам і моцным баразнаватым, у верхняй ч. галінастым, сцяблом выш. да 2,5 м. Лісце буйное, чаргаванае, двойчы-, тройчынепарнаперыстае, ніжняе — доўгачаранковае, верхняе — сядзячае. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя або крэмавыя, з прыкветнікамі, у доўгіх простых ці складаных мяцёлкападобных гронках. Чашачка 4—5-пялёсткавая. Плод — шматлістоўка. Некат. віды маюць непрыемны ўдушлівы пах, які адпуджвае клапоў (адсюль назва). Ядавітыя. Лек., дэкар. і меданосныя расліны.

Клапагон еўрапейскі.

т. 8, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЯ́Н (Арцём Іванавіч) (5.8.1905, с. Санаін Туманянскага р-на, Арменія — 9.12.1970),

савецкі авіяканструктар. Брат А.І.Мікаяна. Акад. АН СССР (1968). Д-р тэхн. н. (1959). Ген.-палкоўнік інж.-тэхн. службы (1967). Двойчы Герой Сац. Працы (1956, 1957). Скончыў Ваен.-паветр. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1936). З 1940 гал. канструктар доследнага канструктарскага бюро па самалётабудаванні, з 1956 ген. канструктар. У 1940 пад кіраўніцтвам М. (разам з М.І.Гурэвічам) спраектаваны знішчальнік МіГ-1, мадыфікаваны варыянт якога (МіГ-3) шырока выкарыстоўваўся ў Вял. Айч. вайну. Стварыў шэраг звышгукавых рэактыўных знішчальнікаў, у т. л. МіГ-21, -23, -29. На рэактыўным самалёце Е-266 яго канструкцыі ўстаноўлена некалькі сусв. рэкордаў. Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1948, 1949, 1952, 1953.

Літ.:

Арзуманян А.М. Генеральный конструктор А.​И.​Микоян. М., 1961.

А.І.Мікаян.

т. 10, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПА́НІН (Іван Дзмітрыевіч) (26.11.1894, г. Севастопаль, Украіна — 30.1.1986),

расійскі палярны даследчык. Двойчы Герой Сав. Саюза (1937, 1940). Контр-адмірал (1943). Д-р геагр. н. (1938). У 1932—35 нач. палярных станцый у бухце Ціхая на Зямлі Франца-Іосіфа і на мысе Чэлюскін. У 1937—38 нач. першай н.-д. станцыі «Паўночны полюс» на дрэйфуючай ільдзіне ў цэнтр. Арктыцы. У 1939—46 нач. Гал. паўн.-марскога шляху, у 1952—72 дырэктар Ін-та біялогіі ўнутр. вод АН СССР і адначасова (з 1951) нач. аддзела марскіх экспедыцыйных работ АН СССР. Чл. Каралеўскага геагр. т-ва Вялікабрытаніі (з 1957). Яго імем названы мыс на п-ве Таймыр, горы ў Антарктыдзе, падводная гара ў Ціхім ак.

Тв.:

Жизнь на льдине: Дневник. 7 изд. М., 1977;

Лед и пламень. 4 изд. М., 1988.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРАМЯ́Н (Іван Хрыстафоравіч) (20.11.1897, г. Гянджа, Азербайджан — 21.9.1982),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1977). У арміі з 1915. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1934), Генштаба (1938). У Вял. Айч. вайну з крас. 1942 нач. штаба Паўд.-Зах. фронту, з ліп. 1942 камандуючы 16-й (11-й гв.) арміяй Зах. фронту, якая ўдзельнічала ў Курскай бітве 1943. З ліст. 1943 камандуючы войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту, якія правялі Гарадоцкую аперацыю 1943, удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944 (у ходзе яе здзейснілі Віцебска-Аршанскую аперацыю 1944, Полацкую аперацыю 1944), Усходне-Прускай аперацыі 1945. З крас. 1945 камандуючы войскамі 3-га Бел. фронту. У 1945—54 камандуючы войскамі Прыбалтыйскай ваен. акругі. У 1958—68 нам. міністра абароны — нач. тылу Узбр. Сіл СССР. Яго імем названы вуліцы ў Гарадку і Полацку.

І.Х.Баграмян.

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́ДАЎ (Аляксандр Паўлавіч) (21.8.1895, С.-Пецярбург — 16.11.1975),

савецкі геахімік. Акад. АН СССР (1953; чл.-кар. 1943). Двойчы Герой Сац. Працы (1949, 1975). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію (1924) і Ленінградскі ун-т. З 1947 дырэктар Ін-та геахіміі і аналітычнай хіміі імя Вярнадскага АН СССР, адначасова з 1953 у Маскоўскім ун-це. З 1967 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па геа-, біягеа- і касмахіміі. Распрацаваў пытанні фарміравання зямных абалонак (зоннае плаўленне), хім. эвалюцыі Зямлі, геахіміі ізатопаў і інш. Замежны чл. многіх АН і ганаровы чл. Амер. і Франц. геал. т-ваў. Прэмія імя У.​І.​Леніна (1934), Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэмія 1949, 1951. Залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР (1973).

Тв.:

Геохимия редких и рассеянных химических элементов в почвах. 2 изд. М., 1957;

Введение в геохимию океана. М., 1967;

Химия планет // Наука и человечество. М., 1969.

т. 4, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГА́НСКІ (Сяргей Данілавіч) (1.10.1918, Алматы — 16.1.1977),

генерал-маёр авіяцыі (1957), двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1944). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1938), Ваен.-паветр. акадэмію (1949). У Чырв. Арміі з 1936, лётчык. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з кастр. 1941 на Паўд., Варонежскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах: нам. камандзіра і камандзір эскадрыллі, камандзір знішчальнага авіяц. палка. Вызначаўся высокім майстэрствам вядзення паветр. баёў. Толькі ў час бітвы за Дняпро 1943 збіў асабіста 18 самалётаў праціўніка і 1 у групавым баі. Усяго Л. зрабіў 390 баявых вылетаў, збіў асабіста 37 (у т. л. 2 тараніў) і ў групавых баях 6 самалётаў праціўніка. Пасля вайны (да 1964) на камандных пасадах у ВПС. Аўтар успамінаў «На глыбокіх віражах» (2-е выд. 1966) і «Неба застаецца чыстым» (1970).

С.Д.Луганскі.

т. 9, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)