Існаваў у 17 — 1-й пал. 19 ст. ў Віцебску на тэр. Ніжняга замка. Будынак з рысамі готыкі і рэнесансу меў складаную асіметрычную кампазіцыю. Асн. 2-павярховы ў плане аб’ём завяршаўся 2-схільным дахам са ступеньчатым шчытом у тарцы. З аднаго боку да яго прымыкала высокая гранёная вежа з купалам, з другога — невялікі аб’ём, аформлены ў 2-м ярусе кансольна-бэлечнай галерэяй з разьбяной балюстрадай. Гал. ўваход быў у выглядзе 8-граннай вежы з шатровым пакрыццём. Палац як сімвал горада адлюстраваны на пач. 18 ст. на «Чарцяжы Заходняй Дзвіны», яго выява змешчана на «Чарцяжы» Віцебска 1664. На пач. 19 ст. ў палацы размяшчалася базыльянская школа.
Літ.:
Якимович Ю.А. Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в.: Справ. пособие. Мн., 1991. С. 69.
А.М.Кулагін.
Злева направа: Віцебская Святадухаўская царква; Віцебская Спаса-Праабражэнская царква; Віцебская Увядзенская царква; Віцебскі палац Агінскага. Усе з «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЯЛЬЦОВАКВЕ́ТНЫЯ (Ranunculales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. 8 сям., 160 родаў, больш за 3000 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Растуць пераважна па сырых ці залішне вільготных месцах, зрэдку ў вадзе. На Беларусі 2 сям.: казяльцовыя (Ranunculaceae) і барбарысавыя (Berberidaceae), больш за 20 родаў, 150 відаў, з іх 10 відаў (боцікі шарсцістагубыя, боцікі паўночныя, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, павойнік прамы, пухірнік ягадны, пярэсна еўрапейская, рагулька высокая, раўнаплоднік пылюшнікавы, сон лугавы) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шмат- і аднагадовыя травы, паўкусты, драўняныя вечназялёныя ліяны ці лістападныя. Лісце простае або складанае, чаргаванае, рэдка супраціўнае. Кветкі двух- або аднаполыя, правільныя, адзіночныя або ў гронках ці мяцёлках. Плод — шматлістоўка, шматарэшак, шматкасцянка, ягадападобны. Лек., харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны. Ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁС (ням. Löss),
аднародная тонказярністая вапнавая горная парода светла-жоўтага ці палевага колеру. Складаецца з кварцу і сілікатаў (27—90%), гліназёму (да 20%), карбанатаў (больш за 6%). Пераважаюць (больш за 55%) часцінкі памерам 0,01—0,05 мм. Высокая порыстасць (да 50%). Залягае ў выглядзе покрываў на водападзелах і схілах (магутнасць ад некалькіх метраў да 100—200 м). Для Л. характэрна верт. слупкаватая адасобленасць, прасадачнасць, пераслойванне з пахаванымі глебамі, наяўнасць ракавін наземных малюскаў і вапнавых канкрэцый. Пры малой прыроднай вільготнасці Л. вельмі трывалы і здольны захоўваць устойлівыя верт. адхоны выш. 10 м і больш. Л. занальны, прымеркаваны да абласцей умеранага клімату, пашыраны ў стэпавых і паўпустынных раёнах. Л. з’яўляецца глебаўтваральнай пародай для чарназёмаў і каштанавых глеб. Існуе некалькі тэорый паходжання Л., найб. вядомыя эолавая і ледавіковая. Пашыраны ў Кітаі (напр., Лёсавае плато), Сярэдняй Азіі, Зах. Сібіры, Паўн. Каўказе, Украіне і інш.Гл. таксама Лёсападобныя пароды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАЎ (Валерый Паўлавіч) (н. 7.4.1927, г. Гагарын Смаленскай вобл., Расія),
бел. артыст балета. Нар.арт. Беларусі (1966). Скончыў клас удасканалення Маскоўскага харэаграфічнага вучылішча (1947). У 1947—69 адзін з вядучых салістаў Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У 1949—78 адначасова педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча. Танцоўшчык пераважна лірычнага плана, з рамант. накіраванасцю. Яго мастацтва вызначалі пераканальнасць у раскрыцці ўнутр. свету персанажаў, чысціня і лёгкасць выканання, высокая тэхніка дуэтнага танца. У нац. балетах стварыў рэльефныя вобразы Васіля («Князь-возера» В.Залатарова), Алеся («Святло і цені» Г.Вагнера). Да значных творчых дасягненняў М. належаць таксама партыі Зігфрыда, Дэзірэ, Прынца («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Гармодыя («Спартак» А.Хачатурана), Базіля, Салора («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Елісея («Казка пра мёртвую царэўну» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СКУСНАЯ ПАРО́ДАкачак,
мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ад дзікіх мясц. мускусных качак. Гадуюць у Еўропе, ЗША, Аўстраліі. На Беларусі наз. таксама бародаўчатымі, індакачкамі, шыпунамі; гадуюць пераважна аматары (з 1980-х г.).
Тулава падоўжанае, шырокае, грудзі глыбокія. Галава падоўжаная, з пукатым ілбом. Дзюба цялеснага або цёмна-ружовага колеру, з чорным канцом. Вакол вачэй і над асновай дзюбы скура голая, чырв., са складкамі і бародаўкамі, што выдзяляюць тлушч, які ў качараў у перыяд размнажэння пахне мускусам (адсюль назва). Крылы і хвост доўгія. Ногі кароткія, чорныя. Апярэнне чорнае з зялёным адлівам і белымі «люстэркамі» на крылах (або белымі крыламі), белае або стракатае.
Добра лётаюць; замест кракання шыпяць. Маса качараў 5—6 кг, качак 2,5—3 кг. Яйцаноскасць 70—120 яец за год, маса яйца 70—80 г. Жыццяздольнасць высокая. Мяса нятлустае, мяккае, з прысмакам дзічыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ГНІЎЦАЎ (Аляксандр Паўлавіч) (27.8.1920, г. Луганск, Украіна — 7.9.1981),
расійскі спявак (бас). Нар.арт.СССР (1965). Скончыў Кішынёўскую кансерваторыю (1949). З 1949 саліст Вял.т-ра ў Маскве. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай. Яго выкананне вызначалі высокаямуз. культура, эмацыянальнасць, тонкі псіхалагізм, драм. майстэрства. Сярод партый: Барыс Гадуноў і Пімен, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава), кароль Рэне, Грэмін («Іаланта», «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Тэсей («Сон у летнюю ноч» Б.Брытэна), Генерал («Гулец» С.Пракоф’ева), Бястужаў, Мікалай I («Дзекабрысты» Ю.Шапорына), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.Холмінава). У канцэртным рэпертуары вак. лірыка С.Рахманінава. Зняўся ў фільмах «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Алека» (1954).
Літ.:
Шпиллер Н. А.Огнивцев // Певцы Большого театра СССР. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТАЗЕ́ЛЛЕ, пустазельныя расліны,
расліны, рост якіх на пэўных участках непажаданы. Пагаршае ўмовы росту і развіцця культ. раслін, зніжае іх ураджай, перашкаджае рабоце с.-г. машын, спрыяе пашырэнню шкоднікаў. Паводле месца росту П. падзяляецца на раллёвае (сегетальнае), смеццевае (рудэральнае) і П. прыродных угоддзяў.
Для П. характэрны высокая пладавітасць (напр., 1 расліна палыну звычайнага дае да 10,5 млн. насення), непатрабавальнасць да глебава-клімат. умоў. Многія пустазельныя расліны (васілёк сіні, куколь) па-за межамі аграбіяцэнозаў не трапляюцца. На палях, моцна засмечаных П. недабор зерня з 1 га дасягае 0,2—0,3 т, бульбы 2—5 т, агародніны 1,5—4 т, таксама ў прадукцыі памяншаецца колькасць бялкоў, цукру, крухмалу.
На Беларусі каля 300 відаў П., найб. пашыраныя з аднагадовага П. — лебяда белая, свінакроп палявы, брыца звычайная, пупок палявы, рэдзька дзікая, зоркаўка сярэдняя; са шматгадовага П. — пырнік паўзучы, шчаўе конскае, асот палявы, бярозка палявая, хвошч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛЫ ХУ́ТКАГА РАЗГО́РТВАННЯ, сілы хуткага рэагавання,
спец. падрыхтаваныя фарміраванні ў шэрагу нац. і аб’яднаных узбр. сіл, прызначаныя для экстраннага выкарыстання ў стратэг. важных рэгіёнах пры ўзнікненні там крызісных сітуацый. У ЗША створаны ў канцы 1970-х г., у Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі — у пач. 1980-х г., у аб’яднаных узбр. сілах НАТО і арміях шэрагу інш. краін — у 1990-я г. Аснову аб’яднаных С.х.р. НАТО складае «Еўракорпус». у які ўваходзяць некалькі дывізій рознай нац. прыналежнасці, а таксама інш.спец. фарміраванні. У некат. дзяржавах СНД, у т. л. Расіі, Беларусі, ролю С.х.р. выконваюць паветрана-дэсантныя войскі (гл.раздз. Узброеныя сілы ў арт.Расія), мабільныя сілы і інш.спец.ўзбр. фарміраванні Для С.х.р. характэрны высокая боегатоўнасць, стратэг. і аператыўная мабільнасць, падрыхтаванасць для вядзення баявых дзеянняў у складаных фізіка-геагр умовах. С.х.р. ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі і інш. неаднаразова выкарыстоўваліся ў правядзенні ваен. і міратворчых аперацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭАМІЭЛІ́Т (ад астэа... + грэч. myelos мозг),
інфекцыйнае запаленне касцявога мозгу і ўсіх слаёў косці. Неспецыфічны астэаміэліт выклікаецца гнаяроднымі мікробамі, спецыфічны туберкулёзнай, бруцэлёзнай, сіфілітычнай і інш. палачкамі. Узбуджальнікі астэаміэліту трапляюць у косць праз кроў (гематагенным шляхам) з аддаленага гнойнага ачага (фурункула, абсцэсу і інш.), праз пашкоджаныя тканкі (адкрытыя пераломы, раненні), з інфіцыраваных тканак (гнойнае запаленне суседняга сустава). Захворванню садзейнічаюць траўмы, пераахаладжэнні, ператамленні, авітамінозы і інш. Пры астэаміэліце ў косці парушаецца кровазварот, закупорваюцца сасуды (трамбоз); косць, пазбаўленая жыўлення, мярцвее. Участкі амярцвелай тканкі паступова адрываюцца і выдаляюцца праз свішчы з гноем. Адрозніваюць астэаміэліт востры гематагенны і хранічны. Востры астэаміэліт пачынаецца раптоўна: высокая тэмпература, дрыжыкі, ірвота, часты пульс, зацямненне свядомасці. Там, дзе пашкоджана косць, узнікае прыпухласць, чырванее скура. Калі гной прарываецца, тэмпература спадае, агульны стан хворага паляпшаецца. Ускладненні: гнойныя запаленні суставаў (артрыты), пераломы касцей, вывіхі, сепсіс, пашкоджанні ўнутр. органаў. Востры астэаміэліт можа пераходзіць у хранічны з перыядычнымі абвастрэннямі. Лячэнне вострага астэаміэліту — тэрапеўтычнае, хранічнага — хірургічнае, фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАКА́МА (Atacama),
пустыня ў Паўд. Амерыцы, на Пн Чылі, уздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа. Даўж. каля 1000 км. Уключае Берагавую Кардыльеру (выш. да 3200 м), зах. схілы Кардыльеры-Дамейкі (да 4325 м) і паміж імі Падоўжаную даліну (выш. каля 500 м). Пераважаюць камяністыя і друзавата-галечнікавыя абшары, месцамі рухомыя пяскі. Радовішчы салетры, буры, ёду, кухоннай солі, медных рудаў.
Клімат трапічны, пасатны, адносна халаднаваты пад уздзеяннем халоднага Перуанскага цячэння. На ўзбярэжжы сярэдняя т-растудз. 19—20 °C, ліп. 13—14 °C, у Падоўжанай даліне адпаведна 22—23 °C і 11—12 °C. Ападкаў менш за 50 мм за год (полюс сухасці мацерыка). Для ўзбярэжжа Атакамы зімой і вясной характэрны высокая адносная вільготнасць, якая дасягае 82%, частыя туманы і імжа. Вадацёкаў мала, у Ціхі ак. упадае р. Лоа. Укрыта пяскамі і саланчакамі; рэдкія ксерафітныя хмызнякі, кактусы. Жывёльны свет: агуарачай, браняносец, чарапахі, змеі, яшчаркі; з птушак — грыф, трусіная сава, мухалоўка, калібры.