БАРАНО́ЎСКІ (Аляксей Аляксандравіч) (11.8.1907, Мінск — 20.4.1970),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1953). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1929 у БДТ-3 пад кіраўніцтвам У.Галубка. З 1933 у Бел. траме, у 1937—67 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Камедыйны і характарны акцёр з грунтоўнай і па-мастацку выразнай псіхал. матывіроўкай паводзін сцэн. персанажаў. Тонка адчуваў каларыт роднага слова. Майстар эпізоду. Сярод роляў: Самсон («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), пані Пернель («Тарцюф» Мальера), дзед Бадыль, Першы кліент, Сымон Верас («Партызаны», «Мілы чалавек», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Язэп («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), баец Катушка, Верхаводка, Ахрэм («Цытадэль славы», «Простая дзяўчына», «На крутым павароце» К.Губарэвіча), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка).
Б.І.Бур’ян.
т. 2, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛА́Р ((Vilar) Жан) (25.3.1912, г. Сет, Францыя — 28.5.1971),
французскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Вучань Ш.Дзюлена. З 1932 працаваў у розных парыжскіх т-рах. Ініцыятар і кіраўнік фестываляў драм. мастацтва ў Авіньёне. У 1951—63 дырэктар, акцёр і рэжысёр Нац. нар. т-ра (Парыж). Ставіў пераважна класічныя творы сусв. драматургіі. Асветніцкі па накіраванасці, разлічаны на шырокага дэмакр. гледача т-р Вілара спалучаў традыцыі стараж. вулічнага т-ра з наватарскімі плынямі 20 ст. Сярод пастановак: «Рычард II» У.Шэкспіра (1947, і гал. роля), «Сід» П.Карнеля, «Дон Жуан» Мальера (1954, і гал. роля), «Федра» Ж.Расіна (1957), «Кар’ера Артура Уі» Б.Брэхта (1960, і гал. роля), «Справа Опенгеймера» (1965, і аўтар п’есы). Яго творчасць значна паўплывала на сцэн. мастацтва Францыі і інш. краін.
т. 4, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙМЕК ((Dejmek) Казімеж) (н. 17.5.1924, г. Ковель, Украіна),
польскі акцёр і рэжысёр. У 1947 дэбютаваў як акцёр. У 1949—61 і 1975—79 дырэктар Новага т-ра (Лодзь), у 1962—68 — Нац. т-ра ў Варшаве. У 1969—71 працаваў за мяжой. У 1972—74 у Вялікім (Лодзь) і Драм. (Варшава) т-рах. З 1981 дырэктар Т-ра Польскага (Варшава). У 1993—95 міністр культуры і мастацтва Польшчы. Сярод пастановак: «Лазня» У.Маякоўскага (1954, 1983, г. Эсен, Германія), «Жыццё Іосіфа» М.Рэя (1958, 1965, 1985), «Кардыян» Ю.Славацкага (1965, 1967), «Намеснік» Р.Гохута (1966), «Аперэтка» В.Гамбровіча (1975), «Вызваленне» (1982) і «Вяселле» (1985, 1992) С.Выспянскага, «Амбасада» (1988) і «Партрэт» (1990) С.Мрожака. Ставіў оперныя спектаклі. Дзярж. прэмія Польшчы 1984.
т. 6, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́СМАН ((Gassman) Віторыо) (н. 1.9 1922, г. Генуя, Італія),
італьянскі акцёр, рэжысёр. Скончыў Нац. акадэмію драм. мастацтва ў Рыме (1943). Працаваў у т-рах Рыма, Мілана. У 1948—49 у трупе пад кіраўніцтвам Л.Вісконці. У 1950 стварыў (з Т.Сальвіні) трупу — Нац. т-р [з 1952 т-р італьян. мастацтва, у 1959 — Італьян. нар. т-р (Рым)]. Гасман — мнагапланавы, рознабаковы акцёр са своеасаблівым «адмоўным» абаяннем, яркім тэмпераментам, іроніяй. Сярод роляў: Праметэй («Праметэй» Эсхіла), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра). З 1949 працуе як рэжысёр. Сярод пастановак: «Атэла», «Рамэо і Джульета» Шэкспіра, «Гулец» У.Беці. З 1947 здымаецца ў кіно: «Горкі рыс», «Вайна і мір», «Абгон», «Пачвары», «Тэраса», «Пустыня Тартары», «Вяселле», «Пах жанчыны» і інш.
т. 5, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮЛЕ́Н ((DuUin) Шарль) (12.5.1885, г. Ен, Францыя — 12.12.1949),
французскі рэжысёр, акцёр, педагог. У 1907—21 удзельнічаў у спектаклях парыжскіх т-раў пад кіраўніцтвам рэжысёраў А.Антуана, Ж.Капо, Ф.Жэм’е, Г.Баці і інш. У 1922 заснаваў у Парыжы т-р «Атэлье», дзе працаваў да 1940. У 1940-я г. акцёр і рэжысёр «Тэатра дэ Пары» і «Тэатра Сары Бернар» (Парыж), «Тэатра Селесцінцаў» (Ліён). Сярод пастановак: «Марыя Магдаліна» Ф.Гебеля (1912), «Асалода жыцця» Л.Пірандэла (1922), «Вальпоне» Б.Джонсана (1928; і гал. роля). З лепшых акцёрскіх работ: Гарпагон («Скупы» Мальера), Смердзякоў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага). Выхаваў плеяду выдатных акцёраў і рэжысёраў франц. т-ра (Ж.Вілар. Ж.Баро, М.Марсо, Р.Руло і інш.). Аўтар кн. «Успаміны і нататкі акцёра» (1946).
т. 6, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГУВЕ́ЦІС ((Dauguvietis) Барысас) (26.3.1885, Даўгувечай Біржайскага р-на, Літва — 13.7.1949),
літоўскі рэжысёр, акцёр, драматург. Засл. дз. маст. Літвы (1946), нар. арт. СССР (1948). Скончыў Пецярбургскую тэатр. школу (1909). Да 1921 працаваў у Петраградзе і ў правінцыяльных т-рах Расіі. У 1923—41 рэжысёр і акцёр Дзярж. т-ра ў Каўнасе. З 1944 гал. рэжысёр Драм. т-ра ў Вільні. Для яго пастановак характэрны яркая псіхалагічнасць і эмацыянальнасць: «Атэла» (1924) і «Зімовая казка» (1925) У.Шэкспіра, «Марыя Сцюарт» (1937) і «Каварства і каханне» (1949) Ф.Шылера, «Ворагі» М.Горкага (1947, Дзярж. прэмія СССР 1947). Створаным ім вобразам уласцівы тэмперамент, экспрэсія: Барон («Скупы рыцар» А.Пушкіна), Клаўдзій («Гамлет» Шэкспіра), Нешчасліўцаў («Лес» А.Астроўскага). Аўтар п’ес «Заданне» (паст. ў 1946), «Жалдакіне» (паст. ў 1948).
т. 6, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВА́ДСКІ (Юрый Аляксандравіч) (12.7.1894, Масква — 5.4.1977),
рускі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Герой Сац. Працы (1973). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Творчую дзейнасць пачаў у 1915 у студыі Я.Вахтангава. У 1924—31 акцёр МХАТа. З 1924 кіраваў заснаванай ім студыяй. З 1940 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя Массавета і выкладчык у Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (з 1947 праф.). Яго ігра вызначалася пластычнай вытанчанасцю, дакладнасцю сцэн. малюнка: Антоній («Цуд святога Антонія» М.Метэрлінка), Калаф («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). У пастаноўках героіка-лірычных спектакляў, рамант. трагедый, камедый («Шынкарка» К.Гальдоні, «Атэла» У.Шэкспіра, «Маскарад» М.Лермантава) імкнуўся да сінтэзу розных тэатр. традыцый. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951, 1965. Ленінская прэмія 1965.
т. 6, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БАЎ (Канстанцін Аляксандравіч) (20.9.1888, г.п. Базарны Сызган Інзенскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 22.11.1956),
рускі акцёр, рэжысёр, педагог. Праф. (1946). Нар. арт. СССР (1949). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це і адначасова ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы (педагог У.М.Давыдаў). Працаваў у т-рах Самары, Харкава, Кіева, Масквы. У 1917 выступіў як рэжысёр. З 1936 акцёр і рэжысёр (з 1947 гал. рэжысёр) Малога т-ра. Творчасць З. вызначалася псіхал. глыбінёй, інтэлектуальнасцю, яркай тэатральнасцю. Сярод лепшых рэжысёрскіх і акцёрскіх работ: «Яўгенія Грандэ» паводле А.Бальзака (1939), «Варвары» М.Горкага (1941, сумесна з І.Судаковым, роля Цыганова), «Пігмаліён» Б.Шоу (1943, роля Хігінса), «За тых, хто ў моры!» Б.Лаўранёва (1946, сумесна з В.Цыганковым) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1948, 1951.
т. 7, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́РВІНГ (Irving) Генры [сапр. Бродрыб
(Brodribb) Джон Генры; 6.2.1838, Кейнтан, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 13.10.1905], англійскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Акцёрскую дзейнасць пачаў у 1856 у т-рах Эдынбурга, Манчэстэра, Ліверпуля, Глазга і інш. З 1866 у Лондане. Акцёр з выразнай мімікай, сцэнічным тэмпераментам. У 1867 звярнуўся да ўвасаблення вобразаў У.Шэкспіра: Петручыо («Утаймаванне свавольніцы»),
Макбет, Атэла, Рычард III (аднайм. п’есы) і інш.; роля Гамлета (аднайм. п’еса) вылучыла І. ў шэраг лепшых акцёраў Вялікабрытаніі. У 1878—98 сумесна з Э.Тэры кіраваў т-рам «Ліцэум». Адрадзіў на англ. сцэне драматургію Шэкспіра. Пастаноўкі вылучаліся яркай відовішчнасцю, гіст. дакладнасцю, трактаваліся ў духу сентыменталізму. Пад яго рэд. выдадзены сцэнічныя тэксты Шэкспіра.
Літ.:
Терри Э. История моей жизни: Пер. с англ. Л.;
М., 1963.
т. 7, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАДЗІ́НСКІ (Міхаіл Аляксандравіч) (19.11.1937, в. Дубічы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.4.1997),
бел. акцёр, тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1972). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). У 1956—72 акцёр Дзярж. т-ра лялек Беларусі, з 1972 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1985 у Бел. АМ. Сярод роляў: Поп і Пан («Дзед і жораў» В.Вольскага), Васіль-царэвіч («Іван царэвіч і шэры воўк» А.Бычкова), Вярнідуб («Каваль Вярнідуб» паводле А.Якімовіча), Кароль («Сярэбраная табакерка» паводле З.Бядулі), Айбаліт («Доклар Айбаліт» паводле К.Чукоўскага), Люцыус («Чортаў млын» Я.Дрды), Пігмаліён («Цудоўная галатэя» Б.Гадара і С.Дарваша) і інш. Укладальнік кн. «Народны тэатр» (1983), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1, 1983).
Тв.:
Тэатр лялек Савецкай Беларусі. Мн., 1976.
т. 7, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)