род кветкавых насякомаедных раслін сям. плывунцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 4 віды П.: звычайны (U. vulgaris), малы (U. minor), паўднёвы (U. australis), прамежкавы (U. intermedia). Трапляюцца ў старыцах, азёрах, забалочаных лясах, канавах, на балотах.
Шматгадовыя, травяністыя, наземныя, водныя, некат. эпіфітныя, бескаранёвыя расліны. На лісці размешчаны празрыстыя лоўчыя пухіркі — мяшочкападобныя ўздуцці з клапанамі, якія лёгка адкрываюцца толькі ўнутр (дробныя беспазваночныя, напр., дафніі, трапляюць разам з вадой і не могуць выйсці назад). Ферменты, што выдзяляюць сценкі пухірак, ператраўліваюць здабычу. Расліны растуць на бедных азоцістымі злучэннямі субстратах, таму іх недахоп папаўняецца за кошт жывёльнай ежы. Кветкі няправільныя, у рыхлай гронцы на верхавінцы кветаноса над вадой. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЗЫсапраўдныя
(Coluber),
род неядавітых змей сям. вужовых атр. паўзуноў. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, ва ўмераным і трапічным паясах Азіі, у Паўн. і Усх. Афрыцы, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у розных ландшафтах. Вельмі рухавыя, добра лазяць па дрэвах і скалах.
Даўж. да 2,4 м. Цела зверху аднаколернае, часам яркае з цёмнымі палосамі і плямамі, знізу светлае. Кормяцца мышападобнымі грызунамі, яшчаркамі, птушанятамі, насякомымі. Ахвяру душаць: абвіваюць кольцамі цела або прыціскаюць да зямлі. Адкладваюць да 40 яец. Да П. сапраўдных блізкія роды П. лазячых (Elaphe, каля 50 відаў, даўж. да 2 м), велікавокіх (Ptyas, каля 10 відаў, даўж. да 3,5 м) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХАЕ́ДЫ (Mallophaga),
атрад насякомых. 2 падатр.: П. сапраўдныя (Amblycera) і пёра- і валасаеды (Ischnocera). Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Паразіты млекакормячых (валасаеды) і птушак (пер’яеды — Philopteridae). Жывуць на пёрах, валасах, скуры, унутры стрыжня пяра, у роце гаспадароў. Большасць прыстасавана да пэўных гаспадароў; пры масавым заражэнні зніжаюць іх жыццяздольнасць. На Беларусі каля 20 відаў; найб. трапляюцца пер’яеды: галубіны (Columbicola columbae), качыны (Anatoecus dentatns), курыны (Goniocotes gallinae) і інш., з валасаедаў — кашэчы і сабачы.
Даўж. да 11 мм. Цела пляскатае, бяскрылае. укрытае шчацінкамі, жоўта-карычневае. Вочы рэдукаваныя. Вусікі кароткія, 3—5-членікавыя. Ротавыя органы грызучыя. Кормяцца пер’ем, валасамі, арагавелымі часцінкамі і эпідэрмальнымі лускавінкамі скуры, крывёю. Раздзельнаполыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́НІЯ (Robinia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Завезены ў Еўропу ў пач. 17 ст. На Беларусі інтрадукавана 4 віды Р.: псеўдаакацыя, або белая акацыя (R. pseudacacia), клейкая (R. viscosa), новамексіканская (R. neomexicana), пышная (R. luxurians). Культывуюцца ў садах і парках.
Лістападныя, часта калючыя, дрэвы або кусты. Лісце непарнаперыстаскладанае, аснова чаранка ўтварае покрыва, якое ахоўвае пазушныя пупышкі. Кветкі белыя, ружовыя, чырв. ў гронках. Плод — лінейна падоўжаны боб. Драўніна ў Р. псеўдаакацыі шчыльная, трывалая з цёмна-жоўтым ядром і светлай абалонай; ідзе на выраб мэблі, добра паліруецца. Адна з лепшых меданосаў. Выкарыстоўваецца для замацавання пяскоў, малаплодных і засоленых глеб, схілаў яроў і інш.Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБКО́ВЫЯ, рабкі (Pterocletidae, або Pteroclidae),
сямейства (падатрад) птушак атр. голубападобных. Вядомы з алігацэну (каля 30 млн.г. назад). 2 роды: саджы (Syrrhaptes) з 2 відамі і рабкі (Pterocles) з 14 відамі. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Афрыцы, у стэпах, саваннах, паўпустынях і пустынях. Пераважна аселыя птушкі. Трымаюцца чародкамі, гняздуюцца на зямлі. На Беларусі адзначаны выпадкова залётны від саджа, або капытка (S. paradoxus).
Даўж. да 45 см, маса да 550 г. Афарбоўка пясчаная, вохрыстая, жаўтаватая. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба без васковіцы. Ногі кароткія, апераны да пальцаў; у саджы апераны і пальцы. Задні палец малы або адсутнічае. Кормяцца насеннем, зялёнымі ч. раслін, насякомымі. Адкладваюць да 4 яец. Аб’ект спарт. палявання.
Э.Р.Самусенка.
Рабковыя: 1 — саджа; 2 — рабок белабрухі (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМО́НАК (Chamomilla),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды Р.: аптэчны, ці абадраны (Ch. recutita), і рамонкападобны, або пахучы (Ch. suaveolens). Трапляюцца ўздоўж дарог, на лугах, пашы, палях.
Аднагадовыя травяністыя пахучыя расліны. Сцёблы прамастойныя, уверсе галінастыя выш. да 80 см. Лісце перыстарассечанае. Суквецце — кошык, у якім краявыя кветкі язычковыя, белыя ці плёнчатыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя. Кошыкі дыяметрам да 2,5 см. Плод — сямянка. Таксама Р. называюць расліны з родаў нівянік, пірэтрум, пупок і інш., у якіх сярэдзінныя трубчастыя кветкі ў кошыку жоўтыя, а краявыя псеўдаязычковыя кветкі («пялёсткі») белыя. Сапраўдныя Р. — адналетнікі з канічным полым ложам суквецця і з сямянкамі, якія ў вільготным стане аслізняюцца. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСАДАПАСА́ДАЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для пасадкі ў адкрыты грунт расады гароднінных, тэхн. (тытунь), эфіраалейных культур, чаранкоў пладова-ягадных культур і вусоў суніцы. Бываюць навясныя і прычапныя, 2-, 4- і 6-радковыя.
Маюць пасадачныя секцыі (апараты), сашнікі, каткі, паліўную сістэму, механізм прывода, стэлажы для расады і інш. У працэсе работы Р.м. ўтварае ў глебе баразну, падае ў яе расаду і ваду, закрывае каранёвую частку глебай і ўшчыльняе яе вакол расліны. Пашыраны 6-радковыя Р.м. з шырынёй захопу да 4,2 м. Для пасадкі сеянцаў і саджанцаў дрэвавых і хмызняковых парод выкарыстоўваюць лесапасадачныя машыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СТРАВЫЯ ГРАФІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
комплекс апаратна-праграмных сродкаў увядзення, апрацоўкі, захоўвання і ўзнаўлення аптычных відарысаў.
Зыходны 2-мерны відарыс дыскрэтызуецца з дапамогай растравага сканера і пераўтвараецца ў лічбавы відарыс у выглядзе матрыцы элементаў (пікселаў). Для каляровых відарысаў дадаткова праводзіцца колерадзяленне і фарміруюцца асобныя матрыцы для кожнага з асн. колераў. Для такога пераўтварэння 3-мерных відарысаў найб.пашыраны метад сячэння зыходнага аб’екта паралельнымі плоскасцямі і фарміравання паслядоўнасці 2-мерных матрыц, а таксама метад 2-мернага растравага ўвядзення эквівалентных светлавых ліній на паверхні аб’екта. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах тэхн. зроку ў робататэхніцы, медыцыне, паліграфіі, лёгкай прам-сці і інш, Гл. таксама Лічбавая апрацоўка відарысаў.
На Беларусі Р.г.с. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДА́,
прыроднае мінеральнае ўтварэнне, што мае ў сабе металы або іх злучэнні ў канцэнтрацыях, эканамічна выгадных для іх прамысл. здабычы. Р. наз. таксама некат. неметалічныя карысныя выкапні, напр., азбеставая, барытавая, графітавая, серная, агранамічная. Вылучаюцца Р.: прыродна багатыя, бедныя (патрабуюць абагачэння), монамінеральныя (складаюцца з аднаго мінералу), полімінеральныя (некалькі каштоўных і інш. мінералаў), комплексныя (пры наяўнасці ў Р. спадарожных каштоўных кампанентаў). Паводле хім. саставу адрозніваюць Р. сілікатныя, крамяністыя, аксідныя, сульфідныя, карбанатныя і мяшаныя. Найб.пашыраны Р. жалезныя, поліметалічныя, медныя. На Беларусі існуюць ільменіт-магнетытавыя Р. (Навасёлкаўскае радовішча жалезных руд), жалезістыя кварцыты (Аколаўскае радовішча жалезных руд), праяўленні даўсаніту — Р. на алюміній і соду (на Заазёрнай і Асташкавіцкай плошчах Прыпяцкага прагіну); з агранамічных Р. найб. значэнне маюць калійныя солі, даламіты, мел, фасфарыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНА́,
земляробчая прылада для рыхлення (баранавання) глебы. Выкарыстоўваецца з часоў пашырэння ляднага земляробства. На Беларусі вядомы тыпы бараны: вершаліна (найб. архаічны тып), смык, плеценая (вязаная) і брусковая (рамная). Найб. пашыранай была плеценая барана. Мела дугападобную форму, крацісты каркас утваралі 4—6 радоў прутоў, на скрыжаванні якіх замацоўвалі дубовыя (ад 16 да 35) зубы. Аснову брусковай бараны складала драўляная рашотка з драўлянымі, а з канца 19 ст.жал. зубамі. З пач. 20 ст.пашыраны жалезныя бароны, традыцыйныя захоўваліся эпізадычна.
Сучасныя бароны бываюць зубавыя і дыскавыя, агульнага і спец. выкарыстання, прычапныя, навясныя і паўнавясныя. Агрэгатуюцца з трактарамі на счэпках, могуць працаваць разам з плугамі, сеялкамі, культыватарамі. Бароны агульнага прызначэння складаюцца з асобных звёнаў, якія злучаюцца ў агрэгаты з рознай шырынёй захопу.
Зубавыя бароны выкарыстоўваюць для выраўноўвання і рыхлення паверхні раллі, баранавання пасеваў. Падзяляюцца на цяжкія, сярэднія і лёгкія, ці пасяўныя. Пашыраны зубавыя бароны тыпу «зігзаг», шлейф-бароны, сеткавыя, спружынныя, драцяныя, нажавыя, лугавыя шарнірныя, пашавыя і інш.Дыскавыя бароны выкарыстоўваюць пераважна для рыхлення здзірванелых пластоў і разбурэння камякоў глебы (пры апрацоўцы зябліва, лугоў і пашы, лушчэнні ржышча). Рабочыя органы гэтых баронаў — сферычныя гладкія ці выразныя дыскі. Бываюць і з ігольчастымі дыскамі (для паверхневага рыхлення глебы пад іржышчам і выраўноўвання паверхні мікрарэльефу). Спец. балотныя і садовыя дыскавыя бароны выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях садоў і ягаднікаў. Нажавая вярчальная барана аб’ядноўвае прынцыпы работы зубавай і дыскавай баронаў. Шырыня захопу зубавых баронаў ад 1 да 21 м, глыбіня апрацоўкі 2—10 см; дыскавых адпаведна ад 2 да 14 м, 10—20 см.
Літ.:
Карпенко А.Н., Халанский В.М. Сельскохозяйственные машины. 6 изд. М., 1989.