ПУХАЕ́ДЫ (Mallophaga),

атрад насякомых. 2 падатр.: П. сапраўдныя (Amblycera) і пёра- і валасаеды (Ischnocera). Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Паразіты млекакормячых (валасаеды) і птушак (пер’яеды — Philopteridae). Жывуць на пёрах, валасах, скуры, унутры стрыжня пяра, у роце гаспадароў. Большасць прыстасавана да пэўных гаспадароў; пры масавым заражэнні зніжаюць іх жыццяздольнасць. На Беларусі каля 20 відаў; найб. трапляюцца пер’яеды: галубіны (Columbicola columbae), качыны (Anatoecus dentatns), курыны (Goniocotes gallinae) і інш., з валасаедаў — кашэчы і сабачы.

Даўж. да 11 мм. Цела пляскатае, бяскрылае. укрытае шчацінкамі, жоўта-карычневае. Вочы рэдукаваныя. Вусікі кароткія, 3—5-членікавыя. Ротавыя органы грызучыя. Кормяцца пер’ем, валасамі, арагавелымі часцінкамі і эпідэрмальнымі лускавінкамі скуры, крывёю. Раздзельнаполыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем.

С.​Л.​Максімова.

Да арт. Пухаеды. Пер’яеды: 1 — галубіны; 2 — курыны; 3 — валасаед сабачы.

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)