тэатралізаванае відовішча з удзелам вял. колькасці выканаўцаў і гледачоў, звязанае са святкаваннем памятных гіст. падзей і юбілейных дат. Звычайна наладжваецца на плошчах, вуліцах, у парках, на стадыёнах. Элементы М.дз. мелі тэатралізаваныя гульні і абрады першабытных народаў. Існавалі ў Стараж. Грэцыі (культавыя святы, Алімп. гульні і інш.), у Англіі 17 ст. (нар. гульня пра Робіна Гуда), Германіі (масленічныя гульні і кірмашовыя святы), у Расіі (звязаныя з сельскімі святамі і нар. творчасцю, у т. л.русаллі). У 15—16 ст. М.дз. былі часткаю царк. набажэнства. У 18 ст. Пётр I увёў маскарады. Новыя формы М.дз. ўзніклі ў час франц. рэвалюцыі канца 18 ст., Парыжскай камуны 1871. У Расіінайб. пашыраны ў 1918—27, у т. л. «Да сусветнай камуны» і «Узяцце Зімняга палаца» (1920, Петраград), а таксама ў Маскве, Іркуцку, Кіеве і інш. Сярод рэжысёраў К.Марджанішвілі, М.Ахлопкаў і інш.
На Беларусі найб. вядома М.дз. «Праца і капітал», адбылося 8.5.1921 у Мінску ў гар. парку (аўтары сцэнарыя і пастаноўшчыкі Л.Літвінаў, Е.Міровіч і Бейтлер). У ім удзельнічала каля 1 тыс. чалавек — вайск. злучэнні Мінскага гарнізона, аб’яднаны хор пад кіраўніцтвам У.Тэраўскага, драм. артысты і балетная трупа Бел.дзярж.т-ра, самадз.драм. гурткі мінскіх клубаў, аб’яднаны духавы аркестр, каля 10 тыс. гледачоў. З 1950-х г. пашыраны тэматычныя М.дз. на стадыёнах, звязаныя з гіст. падзеямі рэспублікі і бел. гарадоў. Уключалі аб’яднаныя адной тэмай фізкульт. і танц. паказы, выступленні хар. калектываў, зводных духавых аркестраў, тэатралізаваныя шэсці, феерверкі. З 1990-х г. у буйных гарадах Беларусі праводзяцца святы горада з М.дз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАПЕРАПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
спецыялізаваная галіна прамысловасці па выпуску маторнага і кацельна-пячнога паліва, змазачных і электраізаляцыйных матэрыялаў, растваральнікаў, матэрыялаў для дарожнага пакрыцця, нафтахім. сыравіны і інш.
Упершыню нафтаперапрацоўка ў прамысл. маштабе ажыццёўлена ў Расіі на з-дзе, пабудаваным у 1745 на р. Ухта. Першы нафтаперагонны з-д з кубамі перыядычнага дзеяння пабудаваны прыгоннымі сялянамі братамі Дубінінымі паблізу г. Маздок. З-д для перагонкі бакінскай нафты дзейнічаў у 1837—39. У 1869 у Баку дзейнічалі 23 нафтаперагонныя з-ды, а ў 1873—80—80 з-даў, здольных даваць 16 350 т газы ў год. У дарэв.Расіі ў выніку слабага развіцця аўтамабільнай і авіяц. прам-сці попыт на бензін цалкам задавальняўся бензінам прамой перагонкі. Распрацоўка новых тэхналогій перапрацоўкі нафты з мэтай атрымання больш каштоўных прадуктаў пачаўся пазней і дасягнуў высокіх паказчыкаў у гады Сав. улады. У 1840-я г. нафтаперагонныя з-ды ўзніклі ў Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі. У наш час сусв. лідэрамі ў галіне Н.п. з’яўляюцца ЗША, Вялікабрытанія, Расія, Францыя, ФРГ, Японія, краіны Блізкага і Сярэдняга Усходу.
На Беларусі фарміраванне Н.п. пачалося з уводам у эксплуатацыю ў 1963 Полацкага нафтаперапрацоўчага з-да (Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан»), З 1975 прадукцыю дае Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Асн. прадукцыя гэтых з-даў: бензін, дызельнае паліва, газа, мазут, змазачныя маслы, бітумы і інш. Нафта для перапрацоўкі паступае на гэтыя з-ды па адгалінаваннях магістральнага нафтаправода «Дружба». У 1998 Н.п. Беларусі ажыццявіла першасную перапрацоўку 11 539 тыс.т нафты, у выніку атрымана (тыс.т); бензіну — 2018, дызельнага паліва — 3318, топачнага мазуту — 4453 і інш. матэрыялаў. Гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць, Нафтаперапрацоўка.
Да арт.Нафтаперапрацоўчая прамысловасць. Нафтаперапрацоўчы комплекс у г. Наваполацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЁМКІН (Рыгор Аляксандравіч) (24.9.1739, б.в. Чыжова Духаўшчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 16.10.1791),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Граф (1774), святлейшы князь Таўрычаскі (1783), ген.-фельдмаршал (1784). Вучыўся ў гімназіі Маскоўскага ун-та (1756—60). Служыў у коннай гвардыі (1760—68). Удзельнік дварцовага перавароту, у выніку якога прастол заняла Кацярына II (1762). З 1769 удзельнік рас.-тур. вайны 1768—74 (валанцёр, ген.-маёр, ген.-паручнік), вызначыўся ў многіх бітвах. З 1774 фаварыт Кацярыны П. У тым жа годзе атрымаў тытул графа, званне ген.-аншэфа, пасады чл.Дзярж. савета і віцэ-прэзідэнта (з 1784 прэзідэнт) Ваен. калегіі. З 1776 ген.-губернатар Новарасійскай, Азоўскай і Астраханскай губ. У 1783 далучыў да Расіі Крым. Аддаваў вял. ўвагу каланізацыі стэпаў Паўн. Прычарнамор’я і буд-ву на Чорным м.рас.ваен. і гандл. флатоў, ініцыіраваў заснаванне гарадоў Екацярынаслаў, Херсон, Мікалаеў, Севастопаль. У рас.-тур. вайну 1787—91 камандаваў Екацярынаслаўскай арміяй, якая ў снеж. 1788 ўзяла тур. крэпасць Ачакаў, з 1789 — аб’яднанай Паўд. арміяй. У 1791 вёў у г. Ясы (сталіца Малдаўскага княства) мірныя перагаворы з туркамі (перапынены ў выніку смерці П.). Адзін з найбуйнейшых памешчыкаў Расіі. На Беларусі валодаў у 1774—83 мяст. Дуброўна, з 1776 — Крычаўскай воласцю, дзе былі заснаваны Крычаўская суднаверф і Крычаўскія мануфактуры. Па запрашэнні П. каля Крычава ў с. Задобра ў 1785—87 жыў англ. філосаф І.Бентам. У 1904—05 і 1917 імем П. наз. эскадраны браняносец (з 1907 лінейны карабель) рас. Чарнаморскага флоту, вядомы ўдзелам у рэвалюцыі 1905—07.
Літ.:
О приватной жизни князя Потемкина: Потемкинский праздник. М., 1991;
Лопатин В.С. Потемкин и Суворов. М., 1992;
Иоанн Грозный. Петр Великий. Меншиков. Потемкин. Демидовы: Биогр. очерки. Челябинск, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЁРЫ (франц. sapeur ад saper весці падкоп),
ваеннаслужачыя сапёрных (інж.-сапёрных) часцей і падраздзяленняў. Існуюць у арміях усіх дзяржаў. На Беларусі ўваходзяць у склад асобных інж.-сапёрных батальёнаў і інш. часцей і падраздзяленняў.
Атрады воінаў, якія вялі падкопы пад крапасныя сцены, рабілі завалы ў час абароны гарадоў і інш., вядомы з часоў старажытнасці. У час ваен. дзеянняў воіны ВКЛ таксама рабілі падкопы пад крапаснымі збудаваннямі праціўніка, напр., у 1535 пад Старадубам у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (1534—37), у 1581 пад Псковам у час Лівонскай вайны (1558—83) і інш. з мэтай іх разбурэння. З пач. 17 ст. ў Францыі, потым у інш. краінах, С. наз. рабочых і салдат, што рабілі падкопы пад крапаснымі збудаваннямі. У далейшым абавязкам С. стала выкананне ўсіх ваен.-інж. работ, звязаных з вядзеннем бою. З 1678 у Францыі, пазней у інш. дзяржавах (у Расіі з пач. 18 ст.) С. аб’яднаны ў спец. часці і падраздзяленні. У Расіі з 1829 піянерныя падраздзяленні (гл. Піянеры) перайменаваны ў сапёрныя (існавалі да сярэдзіны 19 ст.). У пач. 20 ст. часці і падраздзяленні С. уваходзілі ў склад інжынерных войск. У 1941—42 ў складзе сав. войск дзейнічалі сапёрныя арміі (расфарміраваны ўвосень 1942, часці і злучэнні перададзены франтам), потым — інж., інжынерна-сапёрныя і інш. злучэнні і часці. У пасляваенны час на тэр. Беларусі С. праводзілі размініраванне, у т. л. суцэльнае, ахоўвалі і ўмацоўвалі масты, дамбы і інш. збудаванні ў час паводкі, удзельнічалі ў буд-ве метро і інш. У гонар С. у Мінску ў адным з мікрараёнаў наз. вуліца Сапёраў.
Літ.:
Цирлин А.Д. Советские инженерные войска. 2 изд. М., 1969;
Данилов А. Развитие военно-инженерного искусства // Армия. 2000. №6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФЕГМА́ТЫ (ад грэч. apophthegma кароткае выказванне, выслоўе),
старажытныя зборнікі свецкай апавядальнай літаратуры, у якіх змяшчаліся выказванні ці павучальныя гісторыі з жыцця пісьменнікаў, філосафаў і інш. вядомых людзей. Узніклі ў Стараж. Грэцыі (Плутарх). У эпоху Адраджэння пашырыліся ў Зах. Еўропе (Ф.Петрарка, Дж.Бакачыо), трапілі ў Польшчу (М.Рэй), а праз яе і на ўсх.-слав. землі. Далейшае развіццё апафегматаў прывяло да ўзнікнення зборнікаў фрашак, баек, эпіграм. На Беларусі вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Іх выкарыстоўвалі ў палемічных творах А.Мужылоўскі, І.Пацей, Хрыстафор Філалет. Найб. вядомыя і папулярныя былі «Апафегматы» (1599) Б.Буднага, пераклады якіх распаўсюджваліся ў рукапісах у Расіі і неаднаразова выдаваліся ў 18 ст. Кнігу дыдактычных двухрадкоўяў «Апафегматы» выдаў у 1854 І.Легатовіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫ́Н-НАШЧО́КІН (Афанасій Лаўрэнцьевіч) (каля 1605, Пскоў — 1680),
расійскі дзярж. і ваенны дзеяч, дыпламат. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у штурме Віцебска (1654), кіраваў штурмам Дрысы (1655). Ваявода Друі (1654), Кокнеса (1656—61). Заснаваў на Зах. Дзвіне суднаверф. У 1658 у Валіесары заключыў на 3 гады перамір’е са Швецыяй, паводле якога за Расіяй заставаліся заваяваныя ў Лівоніі землі. Прыхільнік саюзу з Рэччу Паспалітай для барацьбы супраць Швецыі. Падпісаў Андросаўскае перамір’е 1667. У 1671 пастрыгся ў манахі. У 1679 вёў перагаворы з Рэччу Паспалітай, каб прадоўжыць Андросаўскае перамір’е. Ініцыятар стварэння паштовай сувязі паміж Масквою, Рыгай і Вільняй.
Літ.:
«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломатич. службы XVI—XVII веков. М., 1989. С. 108—146.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Генадзь Васілевіч) (1885, в. Луначарскае Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — 1937 ?),
бел. грамадскі дзеяч, педагог. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т. З 1911 настаўнічаў. У 1916—19 справавод Мін-ва (з кастр. 1917 Нар. камісарыят) поштаў і тэлеграфаў. У 1917 увайшоў ад Бел.сацыяліст. грамады ў Асобую нараду па падрыхтоўцы праекта закону аб выбарах ва Устаноўчы сход Расіі. На пач. 1918 заг.юрыд. аддзела Бел.нац. камісарыята ў Петраградзе. З 1919 настаўнічаў у Дрысе, выкладаў геаграфію ў Віленскай бел. гімназіі, рэдагаваў газ. «Незалежная думка». У 1924 эмігрыраваў у СССР. Працаваў выкладчыкам віцебскіх пед. тэхнікума і ветэрынарнага ін-та. У 1930 арыштаваны, прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў г. Слабадскі Кіраўскай вобласці. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,
адмоўная структура на ПнЗРускай пліты, частка Балтыйска-Прыднястроўскай зоны перыкратонных прагінаў. Займае тэр. Літвы, Латвіі, Эстоніі, Калінінградскай вобласці Расіі, Польшчы, Даніі, частку Швецыі і Балтыйскага мора. Сучляняецца на ПнЗ з Балтыйскім шчытом, на У з Латвійскай седлавінай, на ПдУ з Беларускай антэклізай, на ПдЗ аддзелена ад Паморскай упадзіны Тэйсейра-Торнквіста лініяй. Распасціраецца на ПнУ на 700 км, шыр. 250—500 км.
Фундамент апушчаны да глыб. 8 км (на ПдЗ). Запоўнена адкладамі ад вендскай да пермскай сістэм, часткова меза-кайназойскімі. Балтыйская сінекліза сфарміравалася ў каледонскі этап тэктагенезу. У платформавым чахле вылучаюцца верхнебайкальскі, каледонскі, герцынскі і кімерыйска-альпійскі структурна-фармацыйныя комплексы. З імі звязаны Балтыйская нафтагазаносная вобласць, радовішчы гаручых сланцаў, бурштыну і інш. карысных выкапняў.
артыст балета. Засл. арт.Расіі (1973). Скончыў Ленінградскае маст. вучылішча (1967). З 1967 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.М.Кірава. З 1974 у ЗША. Супрацоўнічае з «Амерыканскім тэатрам балета» (у 1980—89 маст. дырэктар і саліст), «Нью-Йоркскім гарадскім балетам», танцаваў у трупах А.Эйлі, П.Тэйлара, Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі, «Балеце XX стагоддзя», Марсельскім балеце і інш. З 1992 узначальвае трупу «Танцавальны праект «Белы дуб» (Фларыда, ЗША). Сярод партый: Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Альберт («Жызэль» А.Адана), Шчаўкунок («Шчаўкунок» П.Чайкоўскага) і інш. Здымаецца ў тэле- і кінафільмах. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў балета (Варна, 1966; Масква, 1969) і прэміі імя В.Ніжынскага (Парыж, 1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́Н (ад імя стараж.-рус. спевака-казачніка Баяна),
язычковы пнеўматычны клавішны муз. інструмент, удасканалены храматычны гармонік (дыяпазон 4—5 актаў). Найб. пашыраны ў Расіі, папулярны на Беларусі. Бываюць баяны «гатовыя» (з падрыхтаванымі стандартнымі акордамі ў басе) і «гатова-выбарныя» (клавіятура левай рукі мае кнопкі для здабывання ўсіх гукаў храматычнай гамы і кнопкі «гатовых» акордаў). Папярэднікі баяна — 4-радовы пецярбургскі і 3-радовы «венскі» гармонік. У распрацоўцы канструкцыі баяна ўдзельнічалі рус. і ням. майстры. Тэрмін «баян» уведзены ў 1907 рус. майстрамі. Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Клас баяна існуе ў спец.муз.навуч. установах рознага ўзроўню. На Беларусі баяны вырабляла Маладзечанская ф-камуз. інструментаў.
Літ.:
Басурманов А.П. Справочник баяниста. 2 изд. М., 1987.