ДЫСІДЭ́НТЫ [ад лац. dissidens (dissidentis) нязгодны, супярэчлівы],
1) вернікі-хрысціяне, якія не прытрымліваюцца пануючага веравызнання, пераважна ў краінах, дзе дзярж. ці пануючай рэлігіяй з’яўляецца каталіцызм або пратэстантызм. У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы каталіцкая царква праследавала Д., лічыла іх «адступнікамі» ад веры, ерэтыкамі. У 16—17 ст. грамадз. правы Д. парушаліся ў сувязі з рэліг. Рэфармацыяй (напр., гугенотаў у Францыі, анабаптыстаў, квакераў, кальвіністаў, лютэран і інш., а з 1596 і праваслаўных у Рэчы Паспалітай). Улады Рэчы Паспалітай у 1616 пазбавілі праваслаўных доступу на сеймы, у 1718 забаранілі дысідэнцкай шляхце займаць пасады ў трыбуналах, камісіях, мясц. урадах; асабліва варожыя дзеянні да Д. праяўлялі езуіты (у 17—1-й пал. 18 ст. ў праваслаўных адабрана каля 200 цэркваў). Д. часта баранілі свае правы з дапамогай знешніх сіл. У 1767 пад патранажам Прусіі і Расіі ўтвораны Тарунская (пратэстанцкая) і Слуцкая (праваслаўная) канфедэрацыі. У 1768 сейм ураўнаваў у правах Д. з католікамі, аднак гэта праблема ў Рэчы Паспалітай не была поўнасцю вырашана, што давала падставы Расіі для ўмяшання ў справы Рэчы Паспалітай (гл. Варшаўскі дагавор 1768).
2) Асобы, якія адкрыта адстойваюць апазіцыйныя ўладам погляды ва ўмовах адсутнасці ў грамадстве рэальнага паліт. плюралізму. Тэрмін замацаваўся ў сярэдзіне 1970-х г. У СССР і інш. сацыяліст. краінах у канцы 1950-х — сярэдзіне 1980-х г. Д. ў розных формах патрабавалі выканання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна (праваабаронцы), пратэставалі супраць уводу сав. войск у Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979). Многія з іх былі асуджаны ўладамі, высланы або вымушаны эмігрыраваць. Сярод найб. вядомых Д. былі У.К.Букоўскі, В.Гавел, А.І.Салжаніцын, А.Дз.Сахараў.
Я.К.Анішчанка (дысідэнты ў Рэчы Паспалітай).
т. 6, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)