інадаптыўная спецыялізацыя, кірунак эвалюцыі, пры якім прыстасаванне да пэўных умоў жыцця вядзе да ўзнікнення ўнутр. супярэчнасцей у арганізме, якія перашкаджаюць далейшаму ўдасканаленню гэтага прыстасавання, а іншы раз і агульнай эвалюцыі таксона, што прыводзіць да яго вымірання. Прасочваецца ў гіст. развіцці розных груп жывёл і раслін. Апісаў рус. палеантолаг У.А.Кавалеўскі (1873) на прыкладзе філагенетычных пераўтварэнняў канечнасцей парнакапытных млекакормячых. У эвалюцыі некат. капытных у сувязі з недасканалымі зменамі ў шкілеце і суставах канечнасцей пры змене спосабу іх руху ад пальцахаджэння да фалангахаджэння ўтваралася механічна нетрывалая канечнасць, што, магчыма, стала адной з прычын вымірання гэтых форм капытных жывёл. Інадаптыўныя формы з’явіліся раней за адаптыўныя, але потым імі выцясняліся. Напр., плацэнтарныя млекакормячыя выцеснілі сумчатых, якія захаваліся толькі ў Аўстраліі і Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК (Papaver),
род кветкавых раслінсям. макавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 3 дзікарослыя віды М.: аргемона (P. argemone), няпэўны (P. dubium), самасейка, або відук (P. rhoeas). Трапляюцца як пустазелле на палях, каля дарог. Культывуецца М. снатворны (P. somniferum). 5 інтрадукаваных: М. амурскі (P. anomalum), ападаючы (P. fugax), голасцябловы (P. nudicaule), прыкветкавы (P. bracteatum), усходні (P. orientale).
Адна- і шматгадовыя травяністыя, пераважна карэнішчавыя расліны з млечным сокам. Лісце перыстарассечанае або перыстараздзельнае. Кветкі буйныя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах, чырв., белыя, светла-фіялетавыя ці жоўтыя. Плод — каробачка. З няспелых каробачак М. снатворнага атрымліваюць опіум (загусцелы млечны сок, які выкарыстоўваецца ў вытв-сці лекаў, напр., кадэін, марфін, папаверын, і наркотыкаў), з насення — тэхн. алей. Лек., харч., алейныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.
На паўд. беразе Крыма, за 7 км ад г. Ялта, Украіна. Засн. ў 1812 Х.Х.Стэвенам. Пл. 996 га. Каля 3,5 тыс. відаў раслін. У садзе 3 аддзяленні — Цэнтральнае, Стэпавае і Прыморскае; ёсць інтрадукцыйна-каранцінны гадавальнік. Дэндрарый саду складаецца з 4 ландшафтных паркаў, у якіх вывучаюцца перспектыўныя для садова-паркавага буд-ва і лесагадоўлі віды і формы. У калекцыі саду больш за 1600 відаў дрэў і кустоў, з якіх найб. прадстаўлены расліны з роду хвоя, кіпарыс, ядловец, дуб, кізільнік, барбарыс, клён і інш. Разводзяць секвою гіганцкую, міжземнаморскія піхты, платан усходні, веерную пальму Фарчуна і інш. Уведзены ў культуру пладовых насаджэнняў і паркаў сарты персіка, чарэшні, алычы, інжыра, граната, хурмы, міндалю. У гербарыі сада больш за 130 тыс. лістоў. З 1890 выдаюцца «Труды Никитского ботанического сада».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ АГАЛЕ́ННЕ,
помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). У парку г.п. Лоеў Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, за 300 м ніжэй ад вусця р. Сож. Уключае адклады муравінскага міжледавікоўя і папярэдняга позналедавікоўя — лоеўскага міжстадыяла. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (торф, суглінкі, супескі) да 5,3 м, залягаюць яны ў паніжэнні паверхні дняпроўскай марэны і перакрываюцца супескамі і суглінкамі паазерскага часу. Па пылку, спорах, пладах, насенні, насякомых вызначана 111 відаў дрэў, хмызнякоў, травяністых раслін (бяроза, елка сібірская, ляшчына, бразенія, альдраванда, кальдэзія, чарот і інш.), 6 відаў жукоў, якія далі магчымасць высветліць паслядоўнасць змен клімату і расліннасці міжледавікоўя. Л.г.а. з’яўляецца апорным разрэзам антрапагенных адкладаў на Беларусі (на іх вывучаны лоеўскі міжстадыял у позналедавіковых адкладах дняпроўскага зледзянення) і эталонам у стратыграфіі антрапагенных адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІФА́ГІ [ад палі... + ...фаг(і)],
арганізмы, якія выкарыстоўваюць (у адрозненне ад усёедных) разнастайны корм пэўнай групы (раслінны, жывёльны ці мяшаны). Напр., вусені лугавога матылька (Pyrausta sticticalis) кормяцца прыкладна на 160 відах раслін; рыжыя лясныя мурашкі (Formica rufa) паядаюць сотні відаў насякомых і інш. беспазваночных, а таксама некат. расліны. Мнагаедныя жабы, яшчаркі, некат. драпежныя птушкі (канюкі, каршуны), большасць млекакормячых. У П. пэўныя анат., фізіял. і біяхім. адаптацыі стрававальнай сістэмы (састаў стрававальных ферментаў значна шырэйшы, чым у стэнафагаў). П. могуць станавіцца стэнафагамі (манафагамі) пры адаптацыі да аднаго ці нямногіх відаў корму. У чалавека паліфагія выяўляецца пры празмерным спажыванні ежы. Можа быць абумоўлена павышанай патрэбнасцю здаровага арганізма ў энергіі і бялках (напр., пасля галадання, цяжкай фіз. працы) або пры некат захворваннях (напр., валляк дыфузны таксічны, дыябет цукровы) і інш.Гл. таксама Алігафагі, Пантафагі, Эўрыфагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКО́ЗЫ [ад грэч. mykēs грыб + ...оз(ы)],
1) інфекцыйныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца паразітычнымі грыбамі і актынаміцэтамі. Пашыраны ўсюды. У жывёл хварэе пераважна маладняк. Большасць узбуджальнікаў аэробныя арганізмы, некат. маюць таксіны, якія выклікаюць атручэнні. Заражэнне адбываецца праз скуру, слізістыя абалонкі экзагенна (ад хворага непасрэдна ці праз паветра, прадметы, кармы, ежу) або эндагенна (пры актывацыі патагенаў у час інш. хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, дысбактэрыёзаў). Пры паверхневых М. пашкоджваюцца скура і яе вытворныя, пры глыбокіх — таксама слізістыя абалонкі, унутр. органы і тканкі, могуць утварацца пухліны. Большасць М. працякае хранічна, многія перадаюцца ад жывёл чалавеку. У людзей найчасцей бываюць грыбковыя хваробы скуры. У жывёл пашыраны актынабацылёз, актынамікоз, аспергілёз, бластамікозы, какцыдыяідоз, кандыдамікозы, мікраспарыя, трыхафітыя, фавус, фікамікозы, эпізаатычны лімфангііт, крыптакакоз, споратрыхоз, стрэптатрыхоз і інш. 2) Тое. што грыбныя хваробы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНДА́ЛЬ (Amygdalus),
род кветкавых раслінсям. ружавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Растуць у пустынных месцах, на сухіх камяністых схілах гор. У культуры М. звычайны (A. communis) з 2 ст. да н.э. На Беларусі інтрадукавана 5 відаў, найб. вядомыя М.: Ледэбура (A. ledebouriana), нізкі (A. nana), трохлопасцевы (A. triloba).
Лістападныя кусты і дрэвы выш. 8—10 м з шэрай, бурай або карычневай карой. Лісце чаргаванае, ланцэтнае, пілаватае з залозкамі па краі. Кветкі правільныя, адзіночныя або ў шчытках, белыя, ружовыя. Плод — касцянка з сухім апушаным каляплоднікам. Костачка (міндальны арэх) з цвёрдай тоўстай абалонкай. Семя мае да 50% алею, салодкае выкарыстоўваецца ў кандытарскай прам-сці і медыцыне, з горкага атрымліваюць эфірны алей для парфумерыі. Харч., эфіраалейныя, меданосныя, тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХО́РКА (Nicotiana rustica),
кветкавая расліна сям. паслёнавых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы. У пач. 16 ст. завезена ў Еўропу. Культывуюць як тэхн. культуру ў Паўн. Афрыцы, Паўд. Азіі, Еўропе, у т. л. на Беларусі.
Аднагадовая травяністая расліна выш. 50—150 см з цяжкім непрыемным пахам. Корань стрыжнёвы, даўж. да 1,5 м. Сцёблы прамыя, галінастыя з залозістымі валаскамі. Лісце чаранковае, цёмна-зялёнае, з сінім адлівам, маршчыністае, круглаватае. Кветкі двухполыя, жоўта-зялёныя, у мяцёлчатай гронцы. Плод — шматнасенная каробачка. Сухое лісце М. мае да 10 % нікаціну, да 10 % лімоннай к-ты. З іх гатуюць крупку для курэння, нюхальны тытунь, тытунёвы пыл — інсектыцыд, атрымліваюць нікацінавыя мед. прэпараты (напр., вітамін РР, нікацін-сульфат), нікацін, лімонную к-ту, прэпараты для барацьбы са шкоднікамі с.-г.раслін, з узбуджальнікамі хвароб жывёл. Лек., тэхн. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ТА (Mentha),
род кветкавых раслінсям. губакветных. Каля 25 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Некалькі відаў здаўна культывуюцца ў многіх краінах як эфіраалейныя і лек. расліны. На Беларусі 3 дзікарослыя віды М.: водная (M. aquatica), даўгалістая (M. longifolia), палявая (M. arvensis). Трапляюцца на палях, па берагах рэк і азёр. На Беларусі вырошчваюць пераважна М. перцавую (M. × piperita) — гібрыд М. воднай і каласковай (M. spicata).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1,2 м. Лісце суцэльнае, зубчастае або пілаватае. Кветкі дробныя, 1- і 2-полыя, ружавата-ліловыя ў пазушных кальчаках або коласападобных ці галоўчатых суквеццях. Плод — 4-арэшак. Трава М. мае ментол, ужываецца як лек. сродак. Алей выкарыстоўваюць у парфумерыі і харч. прам-сці. Лек., эфіраалейныя, харч., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭНХІ́МА (ад грэч. parenchyma напаўненне) у жывёл, 1) спецыялізаваная тканка якога-небудзь органа (напр., залоз, печані, селязёнкі), якая выконвае асн. функцыю гэтага органа. Проціпастаўляецца апорнаму каркасу, які мае ў сабе злучальную тканку; 2) Філагенет. папярэднік сапр. тканкі або злучальная тканка, што фарміруецца з мезадэрмы і запаўняе поласці паміж органамі ў некат. жывёл (напр., плоскія чэрві, п’яўкі). У раслін — асн. тканка, якая мае ў сабе жывыя клеткі амаль аднолькавага памеру і працягласці ў трох вымярэннях (танкасценны многавугольнік). У П. ўтвараюцца спецыялізаваныя (напр., праводныя, мех.) тканкі, ажыццяўляецца асіміляцыя, выдзяленне, назапашванне і інш. Адрозніваюць П., што назапашвае, што паглынае, асіміляцыйную (хларэнхіму), паветраносную (аэрэнхіму). Тканкі П. часам вяртаюцца да мерыстэматычнага стану (здольнасці да дзялення) пры гаенні ран, рэгенерацыі тканак і органаў, утварэнні прыдаткавых каранёў і парасткаў.