ПА́ЦЕРКІ,

дробныя ўпрыгожанні са скразнымі адтулінамі, нанізаныя на нітку або шнурок. Носяць на шыі ў выглядзе караляў, паасобныя П. выкарыстоўваюць для ўпрыгожання вопраткі, галаўных убораў, абутку. Вядомы ў многіх народаў з эпохі неаліту, часта ім надавалі магічнае значэнне. У старажытнасці разнастайныя паводле формы і колеру П. выраблялі з зерня раслін, пладовых костачак, зубоў звяроў, бурштыну і інш., пазней — з металаў, шкла, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. У наш час П. вырабляюць з розных матэрыялаў прадпрыемствы маст. прам-сці, ювеліры, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва, нар. майстры.

т. 12, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)