НО́ВАЯ (МАЛАДА́Я) ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,

кірунак эканам. тэорыі, які склаўся ў 1870—80-я г. і развіваўся пераважна ў Германіі да 1930-х. Непасрэдная пераемніца гістарычнай школы. Гал. аб’екты даследаванняў школы — праблемы гіст. вытокаў і лёсу капіталізму, рухаючых сіл і перыядызацыі гіст. працэсу. Прадстаўнікі школы Л.Брэнтана, В.Зомбарт, ням. эканамісты Г.​Шмолер, К.​Бюхер і інш. разглядалі сац.-эканам. развіццё асобных краін як адлюстраванне рознага ў розных народаў «нацыянальнага духу», што выключала магчымасць агульных для іх законаў, выступалі за «гісторыка-статыстычны» метад у эканам. тэорыі. Адно з асн. паняццяў школы — «сацыяльны арганізм» (ужывалася да грамадства, розных сац. груп і інш.). За адраджэнне канструкцый гэтай школы выступаў У.Ростаў у тэорыі «стадый эканамічнага росту».

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАНАФО́РЫ (Pogonophora),

тып беспазваночных жывёл. Вядомы з позняга дакембрыю (каля 600 млн. г. назад). 2 кл.: вуздэчкавыя, або франуляты (Frenulata), і безвуздэчкавыя, або афрануляты (Vestimentifera, або Afrenulata), больш за 150 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, на глыб. 3—10 км, пераважна прымацаваныя.

Даўж. 5,5—150 см, дыяметр 0,1 мм — 3,5 см. Цела нітка- або чэрвепадобнае, у ахоўнай хіцінавай трубцы. Газаабмен ажыццяўляецца шчупальцамі, размешчанымі на пярэднім канцы цела. Крывяносная сістэма замкнутая.

Жыўленне адбываецца пераважна за кошт арган. рэчыва, якое сінтэзуецца аўтатрофнымі сернымі бактэрыямі, што жывуць у поласці цела П. Раздзельнаполыя.

А.​М.​Петрыкаў.

Паганафора: 1 — шчупальцы; 2 — галаўная лопасць; 3 — вуздэчка; 4 — другі аддзел цела; 5 — трэці аддзел цела; 6 — задні аддзел цела.

т. 11, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПІЯНЕ́Р»,

«Паянір» (англ. Pioneer), серыя амер. аўтаматычных міжпланетных станцый для даследавання Месяца, планет і касм. прасторы; праграмы іх распрацоўкі і запускаў. Макс. маса каля 260 кг.

У 1958—78 запушчаны 14 станцый. «П.-5» (1960) — штучны спадарожнік Сонца. «П.-10» (1972) упершыню здзейсніў пралёт пояса астэроідаў, наблізіўся да Юпітэра (1973; праведзена даследаванне планеты), дасягнуў 3-й касм. скорасці і выйшаў за межы Сонечнай сістэмы (1983). «П.-П» (1973): даследаванне з пралётнай траекторыі Юпітэра, Сатурна і яго спадарожніка Тытана (1979); атрыманы фотаздымкі планет і некаторых іх спадарожнікаў; выйшаў за межы Сонечнай сістэмы ў 1993. «П.-Венера-1, -2» (1978) выканалі даследаванне Венеры, у т. л. яе атмасферы.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САВЕ́Т АБ’ЯДНА́НАГА ДВАРА́НСТВА»,

пастаянны орган з’ездаў упаўнаважаных дваранскіх таварыстваў — агульнарас. дваранскай арг-цыі. Існаваў з мая 1906 да пач. 1917. Быў выканаўчым органам з’ездаў. Выбіраўся на 3 гады, дзейнічаў паміж з’ездамі, складаўся са старшыні, 2 таварышаў і 12 членаў. Меў актыўную падтрымку пры двары, сярод правых фракцый Дзярж. думы, у Дзярж. савеце. Часта выступаў у якасці паліт. саветніка імператара Мікалая II і ўрада. Адстойваў непарушнасць самадзяржаўя і памешчыцкага землеўладання, выступаў за актывізацыю барацьбы супраць рэв. руху, за ўзмацненне цэнзуры і інш. Вырашэнне агр. пытання бачыў у разбурэнні сял. абшчыны і пераходзе да хутарской сістэмы, рашучым правядзенні перасяленчай палітыкі. У час 1-й сусв. вайны страціў ранейшыя пазіцыі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 спыніў існаванне.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПРАЛЕГНІЯ́ЛЬНЫЯ (Sapralegniales),

парадак грыбоў ааміцэтаў. Больш за 10 родаў і больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 17 відаў з 6 родаў. Найб. вядомыя роды афанаміцэс, ахлія, сапралегнія. Трапляюцца пераважна ў прэсных вадаёмах. Прымітыўныя віды — унутрыклетачныя паразіты водарасцей, водных грыбоў, рыб, жаб, ікры, планктонных арганізмаў; больш арганізаваныя — сапратрофы на трупах водных жывёл і субстратах расліннага паходжання.

Вегетатыўнае цела — талом (клетка) або несептаваны аднаклетачны міцэлій, які мае 2 віды гіфаў. Тонкія галінастыя (рызоідныя) гіфы прарастаюць у субстрат, тоўстыя растуць свабодна і нясуць органы бясполага і палавога размнажэння — зааспарангіі, аагоніі і антэрыдыі. Зааспоры двухжгуцікавыя. Вынік палавога працэсу — ааспора.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 2. Грибы. М., 1976.

С.​І.​Бельская.

т. 14, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́ДКА ў юрыспрудэнцыі,

асоба, адносна якой ёсць падставы меркаваць, што ёй вядомы нейкія акалічнасці па крымін., адм. або цывільнай справе, выкліканая органам, што вядзе следства, справу аб адм. правапарушэнні, або судовы працэс, для дачы паказанняў. Асоба, выкліканая ў якасці С., абавязана з’явіцца па выкліку і даць праўдзівыя паказанні. За адмову або ўхіленне ад дачы паказанняў, за дачу заведама лжывага паказання па крымін. і цывільных справах С. нясе крымін. адказнасць у адпаведнасці з законам. Працэсуальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь вызначае кола асоб, якія не падлягаюць допыту ў якасці С.: падазроныя; асобы, што па ўзросце, фіз. або псіхічным стане здароўя не здольны правільна ўспрымаць акалічнасці, што належаць высвятленню па справе, і некат. інш.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІХАТЭ́-АЛІ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК біясферны.

У Прыморскім краі (Расія) на ўсх. і зах. схілах хр. Сіхатэ-Алінь (выш. да 1600 м) і ўзбярэжжы Японскага мора. Засн. ў 1935, Пл. 347,1 тыс. га. Шмат рэк, крыніц, горных азёр. Асн. тып глеб — бурыя горна-лясныя. Лясы займаюць 99% тэр., добра вызначана паясная занальнасць. Пануюць кедроўнікі, якія ўтвараюць шматлікія асацыяцыі. У флоры больш за 1000 відаў вышэйшых раслін, у т. л. рэдкіх і знікаючых. Млекакормячых 62 віды, сярод якіх прадстаўнікі прыамурскай, маньчжурскай, японскай фауны: амурскі тыгр, чорны мядзведзь, гарал, плямісты алень, магера, янотападобны сабака; з барэальнай фауны — буры мядзведзь, лось, собаль. Больш за 320 відаў птушак, у т. л. эндэмікаў. Разводзяць гаралаў.

Сіхатэ-Алінскі запаведнік.

т. 14, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІНТО́РФ,

рабочы пасёлак у Беларусі, у Дубровенскім р-не Віцебскай вобласці. За 16 км ад г. Дуброўна, 7 км ад чыг. ст. Асінаўка на лініі Орша—Смаленск. 1,7 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы па здабычы торфу. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

Узнік у 1927 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства па нарыхтоўцы паліва для БелДРЭС. З 27.9.1938 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі; дзейнічала Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1946 у Арэхаўскім, з 1956 у Аршанскім, з 1965 у Дубровенскім р-нах.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНА́НАВЫ,

позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Бабушкіна і Банан зімовы. Раянаваны з 1967 па ўсіх садовых зонах рэспублікі.

Дрэва моцнарослае з прыўзнята-круглаватай кронай. Плоданашэнне пачынае на 5—6-ы год пасля пасадкі. Сорт зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да паршы, сярэднеўрадлівы. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), пляската-круглаватыя, саламяна-жоўтага колеру з лёгкім загарам з сонечнага боку. Мякаць шчыльная, сакаўная, прыемнага кісла-салодкага смаку. Дэсертны, спажываецца ў свежым выглядзе, захоўваецца больш за 200 сутак.

З.​А.​Казлоўская.

Яблыкі сорту Бананавы.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Клеменс) (1828, Вільня — ?),

бел. скульптар. Вучань К.Ельскага. Скончыў Пецярбургскую АМ, дзе атрымаў дыплом за бюст з натуры (1851). З 1861 жыў у Парыжы. Ствараў партрэтныя скульптуры (бюсты, медалі), надмагільныя помнікі, творы на рэліг. тэмы, выкарыстоўваючы пластыку з розных матэрыялаў — гіпсу, мармуру, бронзы. З 1867 дэманстраваў работы ў парыжскіх салонах. Сярод твораў: бюсты генерала В.​Замойскага (1867), Л.​Нядзведскага (1869), франц. мастака Э.​Дэлакруа (1873), рус. філосафа Р.​Вырубава, публіцыста З.​Кржыжаноўскага-Лакруа (абодва 1881), эпітафія А.​Чартарыйскага (1866—68), партрэтныя медальёны.

А.​К.​Лявонава.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)