вёска ў Беларусі, у Дубровенскім раёне Віцебскай вобл., на р. Мярэя. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдУ ад Дуброўна, 120 км ад Віцебска, 30 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 297 ж., 98 двароў (1995).
Вядома з 16 ст. як сяло. З 1772 у Копыскім, з 1861 у Горацкім пав. Магілёўскай губ. У 1880 у мястэчку Баева каля 1000 ж., 98 дамоў, валасное праўленне, 2 школы, 2 правасл. царквы, вадзяны млын, багадзельня, 7 крам. З 1919 мястэчка ў Гомельскай, з 1922 валасны цэнтр у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у складзе БССР, цэнтр сельсавета ў Ляднянскім, з 1931 — у Дубровенскім р-нах. Напярэдадні Вял.Айч. вайны ў Баеве было 1095 ж., 220 двароў. За час акупацыі (ліп. 1941 — 30.9.1943) ням.-фаш. захопнікі загубілі 110 жыхароў, вёску спалілі.
У Баеве базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАЛА́БАВА, Баркулабава,
вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пн ад Быхава, 37 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. раз’езда Баркалабава. Прыстань на Дняпры. 519 ж., 227 двароў (1995).
Назва паходзіць ад імя дзісенскага старосты Баркулаба Корсака, які ў 1564 заснаваў тут замак. Потым належала Саламярэцкім, Сапегам і інш. У 16—18 ст. мястэчка. У Баркалабаве створаны Баркулабаўскі летапіс. У 17—20 ст. каля Баркалабава існаваў Баркалабаўскі жаночы манастыр Ушэсця. У 1897 сяло Глухскай вол. Быхаўскага пав., 605 ж. З сак. 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 было 596 ж.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік архітэктуры — царква Казанскай Маці Божай (20 ст.). Каля вёскі стаянка ранняга мезаліту, гарадзішча і селішча ранняга жал. веку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
культурна-асветнае таварыства бел.нац. меншасці ў Латвіі ў 1921—25. Створана ў Дзвінску (цяпер. г. Даўгаўпілс) групай інтэлігенцыі на чале з настаўнікам Я.В.Харлапам. Членамі кіраўніцтва т-ва ў розны час былі М.Гарэцкі, І.С.Дварчанін, К.Езавітаў, У.Жылка, І.І.Краскоўскі, П.В.Мядзёлка, У.В.Пігулеўскі, С.П.Сахараў, А.П.Якубецкі і інш. Дзейнасці т-ва спрыялі прадстаўнікі лат. інтэлігенцыі Б.Р.Брэжга, Я.Райніс. Пры падтрымцы Райніса пры Мін-ве асветы Латвіі ў 1921 створаны Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі (кіраўнік Сахараў), у Дзвінскім і Люцынскім пав. адкрыта каля 60 бел. школ, заснаваны Люцынская і Дзвінская бел. гімназіі, настаўніцкія курсы, с.-г.школа. Паводле сфабрыкаваных паліцыяй Латвіі матэрыялаў супраць членаў «Бацькаўшчыны» былі арыштаваны Езавітаў, Мядзёлка, Пігулеўскі, Краскоўскі, Якубецкі і інш. У крас. 1925 суд апраўдаў усіх абвінавачаных, але дзейнасць т-ва паступова спынілася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЯКО́НІ,
вёска ў Беларусі, у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 12 км на Пн ад г.п. Воранава, 145 км ад Гродна, чыг. ст. на лініі Ліда—Вільнюс. 1511 ж., 569 двароў (1995).
У 1-й пал. 17 ст. належалі Я.Чаплінскаму, які ў 1634 заснаваў тут касцёл Яна Хрысціцеля. З 1795 у Рас. імперыі. У 1880-я г. 63 ж. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Лідскага пав. У 1910 каля Беняконяў створана доследная с.-г. станцыя (дзейнічала да 1959). У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Воранаўскага р-на. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. У 1970 у Беняконях 1726 ж., 502 двары. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, 2 бальніцы, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл Іаана Хрысціцеля (1900—02).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗІНО́, Верхняе Беразіно,
вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Бярэзіна (прыток Дняпра). Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі Докшыцкай райсельгасхіміі. За 30 км на У ад г. Докшыцы, 157 км ад Віцебска, 40 км ад чыг. ст. Лепель. 577 ж., 262 двары (1995). У вёсцы 2 лясніцтвы, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Каля Беразіно гарадзішча 3—4 ст.
Узнікла не пазней як у 14 ст. ў Харэцкай вол. У розны час належала Манівідам, Судзімонтавічам, Гальшанскім, Чартарыйскім, Тышкевічам, Пацам, Тавянскім. У канцы 16 ст. пры Пацах стала мястэчкам. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. сяло, цэнтр Бярэзінскай вол. Барысаўскага пав. Мінскай губ. У 1897 было 788 ж., 124 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Бягомльскім, з 1960 — у Докшыцкім (у 1962—65 у Глыбоцкім) р-нах. У 1970 у Беразіно 805 ж., 232 двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУТАЛІ́ЗМ (ад англ. brutal грубы),
неабруталізм, кірунак архітэктуры, прадстаўнікі якога імкнуцца максімальна выявіць архітэктоніку простых і грубых арх. масаў. Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі (арх. А. і П.Смітсаны), пашырыўся ў Зах. Еўропе, ЗША і Японіі. Праграмнае для бруталізму — адмаўленне ад дэкар. прыёмаў, якія хаваюць натуральную фактуру жалезабетону, цэглы, сталі, шкла і інш. матэрыялаў. Сярод найб. вядомых пабудоў гэтага кірунку: школа ў Ханстэнтане (1949—54) і будынак рэдакцыі час. «Эканаміст» у Лондане (1964, арх. абодвух Смітсаны), ін-т Марчалонджы ў Мілане (1959, арх. В.Вігано), жылы комплекс Парк-Хіл у Шэфілдзе (1955—61, арх. Дж.Лін, А.Сміт і інш.), лабараторыі А.Н.Рычардса Пенсільванскага ун-та ў Філадэльфіі (1957—61, арх. Л.Кан).
Літ.:
Бэнем Р. Новый брутализм: Этика ил эстетика?: Пер. с англ.М., 1973.
Да арт.Бруталізм. Медыцынскія даследчыя лабараторыі Пенсільванскага універсітэта ў Філадэльфіі. Арх. Л.Кан. 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1633—1918 каля мяст. Буйнічы пад Магілёвам на правым беразе Дняпра. Засн. як мужчынскі манастыр Багданам Статкевічам і яго жонкай Аленай (Саламярэцкай). Паводле статутных правіл арыентаваўся на Віленскі манастыр св. Духа. Належаў да групы правасл. манастыроў, пабудаваных з мэтай процідзеяння рашэнням Брэсцкай уніі 1596. Наглядаў за манастыром куцеінскі ігумен Іаіль Труцэвіч. Існуе шэраг каралеўскіх грамат у абарону манастыра ад замахаў суседзяў на валоданне зямельнай уласнасцю. За агітацыйныя дзеянні сярод насельніцтва на вернасць каралю Яну II Казіміру ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 буйніцкія манахі атрымалі прывілей на млын. У 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21 манастыр цалкам разбураны шведамі, але хутка адбудаваны. З 1835 ператвораны ў жаночы, з 1896 пры ім працавала 2-класная жаночая школа, з 1891 — епархіяльны свечачны завод. У 1908 у манастыры 18 двароў, 118 насельнікаў. Будынкі не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́СТРЫЦА,
вёска ў Беларусі, у Трокеніцкім с/с Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Вілія. За 29 км на Пн ад Астраўца, 34 км ад чыг. ст. Гудагай, 284 км ад Гродна. 234 ж., 82 двары (1995).
Вядома з 1390, калі вял.кн.ВКЛ Ягайла заснаваў тут Крыжаўзвіжанскі касцёл. У 14—16 ст. дзейнічаў кляштар аўгусцінцаў. У 1-й пал. 16 ст. цэнтр воласці і рэзідэнцыя віленскага ваяводы. З 1537 мястэчка, з 1566 у Віленскім пав. З 1795 цэнтр воласці Віленскага пав.Рас. імперыі. На пач. 20 ст. 405 ж. З кастр. 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы. З 1939 у БССР, у 1940—62 і з 1965 у Астравецкім, у 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1970 — 295 ж., 91 двор. Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанскі касцёл (18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛА́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Косаўскім с/с Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 15 км ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 141 км ад Брэста. 373 ж., 165 двароў (1995).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як сяло Слонімскага пав.ВКЛ. У 16—17 ст. належалі М.Глінскаму, С.Чартарыйскаму, Тышкевічам, Л.Сапегу і інш. З 1526 мястэчка. У 1630 пабудавана Ільінская царква. З 1795 у складзе Рас. імперыі, з 1801 у Гродзенскай губ. У пач. 1880-х г. 664 ж., 42 двары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—47 у Косаўскім, у 1947—62 і з 1965 у Івацэвіцкім, у 1962—65 у Бярозаўскім р-нах.
Пач.школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Ільінская царква (18 ст.) са званіцай (19 ст.). На ўскраіне вёскі 2 курганныя могільнікі.
Званіца-брама Ільінскай царквы ў Бялавічах. Канец 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
культурна-асветная арганізацыя ў Вільні ў 1908—15. Створана былымі членамі Віленскага мастацкага гуртка. Мела на мэце аб’яднанне мастакоў незалежна ад нацыянальнасці, развіццё і прапаганду мастацтва ў Віленскай губ., падтрымку мастакоў і маст. устаноў, захаванне стараж. помнікаў мастацтва. Старшыня — кіраўнік горада М.Венслаўскі, віцэ-старшыня І.Рыбакоў. Сярод членаў т-ва — мастак і кампазітар М.Чурлёніс. Т-ва арганізоўвала штотыднёвыя сходы, на якіх ладзіліся гутаркі па розных пытаннях маст. жыцця. У 1909—15 т-ва арганізавала 7 «Вясновых выстаў», у якіх удзельнічалі мясц. мастакі і мастакі з Пецярбурга і Варшавы. Па ініцыятыве т-ва ў Вільні адбыліся выстаўкі «Мастацтва ў жыцці дзяцей» (1909), «Імпрэсіяністы» (снеж. 1909—студз. 1910). З лютага 1913 пры т-ве адкрыта маст.школа, якую ўзначаліў Рыбакоў.
Літ.:
Устав Виленского художественного общества. Вильна, 1908;
Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.