ГЛУ́ША,

рабочы пасёлак у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. На аўтадарозе Бабруйск—Слуцк за 26 км ад Бабруйска. 1,7 тыс. ж. (1997).

Паселішча ўзнікла ў сувязі з буд-вам шклозавода (засн. ў 1869) і развіццём дрэваапр. промыслаў. У пач. 20 ст. тут пражывала 240 чал., працавалі Глушская лесапільная фабрыка (з 1908), Глушскі шклозавод, смалярны з-д, млын, карчма. У 1917 — 581 ж., 96 двароў. З 1924 у складзе 1-га Бабруйскага, з 1927 Бабруйскага р-наў. У 1931—60 цэнтр Рымавецкага с/с. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1941—44 акупіравана ням.-фаш. войскамі, у 1942—43 дзейнічала падп. група (больш за 40 чал.). У 1970 у Глушы 1943 жыхароў.

Шклозавод, прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. У Глушы пахаваны бел. пісьменнік А.Адамовіч.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ВАР-БАНДАРЭ́НКА Уладзімір Міхайлавіч (21.6.1914, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 31.8.1988),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працаваў у Бел. т-ры юнага гледача БССР (1937—41), Мінскім гар. т-ры (1942—44), абл. драм. т-рах Гродзенскім (1944—46) і Брэсцкім (1946—49), Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (1955—78). Створаныя ім вобразы вызначаліся псіхал. дакладнасцю. Сярод роляў: Янук, Язэп Шыдлоўскі («Папараць-кветка», «Над хвалямі Серабранкі» І.​Козела), Максім Кутас («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.​Купалы і М.​Чарота), Гусляр («За лясамі дрымучымі» А.​Вольскага і П.​Макаля), пан Бараноўскі, Канцлер («Несцерка», «Цудоўная дудка» В.​Вольскага), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Алег Баян («Клоп» У.​Маякоўскага), Мантанелі («Авадзень» паводле Э.​Л.​Войніч), тата Карла («Прыгоды Бураціна» паводле А.​Талстога), Тарталья («Зялёная птушка» К.​Гоцы).

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛА́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Косаўскім с/с Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 15 км ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 141 км ад Брэста. 373 ж., 165 двароў (1995).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як сяло Слонімскага пав. ВКЛ. У 16—17 ст. належалі М.​Глінскаму, С.​Чартарыйскаму, Тышкевічам, Л.​Сапегу і інш. З 1526 мястэчка. У 1630 пабудавана Ільінская царква. З 1795 у складзе Рас. імперыі, з 1801 у Гродзенскай губ. У пач. 1880-х г. 664 ж., 42 двары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—47 у Косаўскім, у 1947—62 і з 1965 у Івацэвіцкім, у 1962—65 у Бярозаўскім р-нах.

Пач. школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Ільінская царква (18 ст.) са званіцай (19 ст.). На ўскраіне вёскі 2 курганныя могільнікі.

Званіца-брама Ільінскай царквы ў Бялавічах. Канец 19 ст.

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЛАС (Dallas),

горад на Пд ЗША, на р. Трыніты ў штаце Тэхас. 1022 тыс. ж., з г. Форт-Уэрт і прыгарадамі 3,9 млн. ж. (1993). Важны трансп. вузел, гандл.-фін. цэнтр Поўдня ЗША, арганізац. цэнтр нафтагазавай прам-сці раёна. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр машынабудавання (вытв-сць нафтавага, халадзільнага, агульнапрамысл. абсталявання). Прам-сць: радыёэлектронная (вытв-сць паўправаднікоў і сродкаў сувязі), авіяракетная, харч., швейная, паліграф., папяровая, хім. (вытв-сць мыла і сінт. мыйных сродкаў), нафтаперапр., вытв-сць адзення і скургалантарэі. 2 ун-ты. Музеі. Тэатры. Турызм.

Засн. ў 1841 як гандл. факторыя, з 1856 горад. У час грамада. вайны 1861—65 адзін з цэнтраў канфедэратаў. У 2-й пал. 19 ст. цэнтр гандлю бавоўнай. З 1930-х г. эканоміка горада звязана з эксплуатацыяй выяўленых там радовішчаў нафты. У час 2-й сусв. вайны стаў цэнтрам прам-сці, у т. л. авіябудаўнічай. У 1963 у Д. забіты прэзідэнт ЗША Дж. Ф.Кенэдзі.

т. 6, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАВЕ́Ц,

гарадскі пасёлак на Беларусі, у Гродзенскай вобл., на р. Лоша. Цэнтр Астравецкага р-на. За 250 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Гудагай на лініі Маладзечна—Вільнюс. Аўтадарогай злучаны з Ашмянамі. 8,9 тыс. ж. (1995).

Па пісьмовых крыніцах вядомы з 1468 у складзе Віленскага ваяв. Належаў Гаштольдам, Карыцкім, Корсакам, у 19 ст. Кастравіцкім, Сыцянкам. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Віленскім, потым Ашмянскім пав. У 1886 мястэчка, 176 ж., 22 двары, млын, цагельня, бровар, тартак, майстэрня дрэнажных трубаў. У 1915—18 акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР. З 1940 цэнтр раёна. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. З 25.4.1958 гар. пасёлак.

Прадпрыемствы харч., дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Помнік сав. воінам і партызанам. Помнікі архітэктуры: Казьмадзям’янаўскі (1787) і Георгіеўскі (1911) касцёлы.

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАШЫ́ЦКІ ГАРАДО́К,

вёска ў Беларусі, у Мінскім раёне, на р. Усяжа. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на Пн ад Мінска, 15 км ад чыг. ст. Калодзішчы. 2390 ж., 938 двароў (1995).

Стараж. назва паселішча Гарадок, з 19 ст. наз. Астрашыцкім ад в. Астрошыцы, б. цэнтра ўладання. У 1650 мястэчка. У 17—19 ст. існавалі Астрашыцка-Гарадоцкія замкава-палацавыя комплексы. У 1745 — 30 двароў, фальварак, пякарня, бровар, млыны і інш. У 1886 цэнтр воласці Мінскага пав., 2 царквы, капліца, школа, рудня, майстэрня. 11 крам, 4 млыны; у 1897 — 1115 ж. У 1924—31 цэнтр Астрашыцка-Гарадоцкага р-на, потым вёска ў падпарадкаванні Мінскага гарсавета, з 1935 у Мінскім раёне.

Мэблевая ф-ка, доследна-мех. з-д, рамонтна-буд. ўпраўленне. Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аддз. сувязі. Царква і капліца — помнікі архітэктуры канца 19 ст. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 2, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАВА,

вёска ў Беларусі, у Багданаўскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобласці. За 34 км на ПнЗ ад Валожына, 107 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Багданаў. 192 ж., 76 двароў (1995).

Вядома з 2-й пал. 16 ст. як маёнтак Багдана Сапегі. З 1653 уладанне Пацаў, Данілевічаў, Чаховічаў, Рушчыцаў. З 1795 у Рас. імперыі ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. Чаховічы залажылі ў вёсцы бат. сад з гадавальнікам баброў. У Багданаве нарадзіўся, пэўны час жыў і працаваў мастак Ф.Рушчыц. У канцы 19 ст. ў Багданаве касцёл, вадзяны млын, сукнавальня, піцейны дом. У пач. 20 ст. ў маёнтку 22 ж., у вёсцы 197. У 1905 за 3 км ад Багданава пачалося буд-ва чыг. станцыі і пасёлка (цяпер пас. Багданаў). У 1921—39 у Польшчы, потым у БССР. У 1960—62 у Ашмянскім, у 1962—65 у Іўеўскім р-нах. Помнік архітэктуры — касцёл (1844).

т. 2, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙСТАМ,

вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Смаргонь, 241 км ад Гродна. 255 ж., 114 двароў (1996).

Упамінаецца з 1460 пад назваю Ушакова. З пач. 16 ст. вядома як Войстам. У канцы 15—19 ст. належала С.​Ядалговічу (Радзівілу), Буцвіловічу, Зяневічам, Карэйвам, Храпавецкім, Бужынскім, Пшаздзецкім і інш. На карце Т.​Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Ашмянскім, з 1842 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 189 ж. З 1922 у Свянцянскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1970 — 306 жыхароў.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл (пач. 20 ст.). Каля вёскі гарадзішча 7 ст. да н.э. і селішча 6—8 ст.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРАЎЛІ́ сапраўдныя

(Grus),

род птушак сям. жураўліных атр. жураўлепадобных. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі і Новай Гвінеі. Насяляюць пераважна адкрытыя мясціны: стэпы, вял. балоты, тундру.

Селяцца парамі, у час пралёту і зімоўкі аб’ядноўваюцца ў чароды. Найб. вядомы Ж.: шэры (Grus grus), канадскі (G. canadensis), белы, або стэрх (G. leucogeranus), амерыканскі (G. americana), японскі (G. japonensis). 6 відаў і 2 падвіды занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Існуе Міжнар. фонд аховы жураўлёў (ЗША). На Беларусі 1 від — журавель шэры, трапляецца ўсюды, занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. 80—152 см, выш. каля 2 м, маса 3—12 кг. Апярэнне пераважна шчыльнае, шараватае, буравата-чорнае ці белае. Шыя і ногі доўгія, хвост кароткі. У палёце выцягваюць шыю і ногі. Большасць Ж. выдае гучны трубны крык (рэзанатар — падоўжаная трахея). Нясуць 1—2 (радзей 3) яйцы. Корм раслінны і жывёльны.

Жураўлі: 1 — шэры; 2 — стэрх; 3 — амерыканскі; 4 — японскі.

т. 6, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЦЭ́ВІЧЫ,

пасёлак у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл.; чыг. станцыя на лініі Калінкавічы — Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 17 км на ПнЗ ад г. Петрыкаў, 191 км ад Гомеля. 1378 ж., 602 двары (1997).

У 16 ст. сяло ў Мінскім ваяв. ВКЛ. У 1886 у Ляскавіцкай вол. Мазырскага пав., 292 ж., 37 двароў, царква, вінакурня. З 1884 чыг. ст. У 1888 адкрыта царк.-прыходская школа. У 1904 прадпрымальнікі браты І. і А. Кеневічы заснавалі лесапільны з-д. Напярэдадні 1-й сусв. вайны адкрыта чыг. нар. вучылішча. З 1924 у Петрыкаўскім р-не. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1942 і 1943 ням. фашысты загубілі ў К. 63 жыхары. З 24.8.1951 вёска, пазней пасёлак. У 1971 у К. 1915 жыхароў.

Агароднінасушыльны з-д, дрэваапр. цэх, акц. т-ва «Жыткавічлес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)