ЗАПАЛЕ́ННЕ ЛЁГКІХ, пнеўманія,

вострае і хранічнае запаленне бронхаў, альвеалярнай ці прамежкавай злучальнай тканак лёгкіх. Узнікненню З.л. садзейнічаюць пераахаладжэнне, ператамленні, шкодныя прывычкі, запаленчыя працэсы верхніх дыхальных шляхоў і інш.

Найчасцей бывае 3 формы вострага Зл.: крупознае, ачаговае, віруснае. Крупознае З.л. (долевае, фібрознае, плеўрапнеўманія) — запаленне долі лёгкага і плеўры з фіброзным выпатам у лёгачныя альвеолы. Пачынаецца раптоўна, т-ра цела павышаецца да 39—40 °C, слабасць, моцны боль у баку, кашаль з макротай іржавага колеру (ад дамешку крыві); цягнецца 2—3 тыдні. Ачаговае З.л. (бронхапнеўманія) — запаленне асобных участкаў лёгкіх без выпату. Пачынаецца паступова, слабы кашаль, макрота без крыві, т-ра 37—39 °C. Віруснае З.л. (інтэрстыцыяльнае) узнікае пры грыпе; хварэюць доўга. Ускладненні: плеўрыты, абсцэсы, калапс, хранічнае З.л. Лячэнне: тэрапеўтычнае, шпіталізацыя.

А.​В.​Лявонава.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРО́З (грэч. nekrōsis амярцвенне ад nekros мёртвы),

амярцвенне, прыжыццёвая гібель клетак, частак тканкі ці органа. Прычыны: мех. і тэрмічныя фактары, іанізавальнае выпрамяненне, хім. рэчывы, таксіны мікраарганізмаў, парушэнні кровазвароту тканак. Настае звычайна за паранекрозам (абарачальныя дыстрафічныя змены) і некрабіёзам (неабарачальныя дыстрафічныя змены). Марфалагічна Н. характарызуецца гібеллю ядра клеткі і цытаплазмы; у выніку ўтвараюцца бесструктурныя гамагенныя некратычныя масы. Адрозніваюць прамы Н. (пры непасрэдным уздзеянні прычыннага фактару на тканкі, напр., пры мех. або тэрмічным) і непрамы (у выніку сасудзістых ці нервова-эндакрынных парушэнняў). Формы Н.: сухі, вільготны, гангрэна і асобныя разнавіднасці (інфаркт міякарда, пролежань і інш.). Пры сухім Н. амярцвелыя масы ўшчыльняюцца (каагуляцыя бялку) і абязводжваюцца (напр., тварожысты Н. пры туберкулёзе). Вільготны Н. бывае ў органах, багатых вадкасцю, напр., у галаўным мозгу.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГМЕ́НТЫ ў біялогіі,

афарбаваныя злучэнні, якія ўваходзяць у склад тканак арганізмаў. Колер П. вызначаецца наяўнасцю ў іх малекуле храмафорных груп, якія выбіральна паглынаюць святло ў бачнай вобласці сонечнага спектра. Уваходзяць у склад цытахромаў, каталазы і інш. ферментаў, утвараюць комплексы з бялкамі, ліпідамі і ўключаюцца ў структуру мембран. Знаходзяцца пераважна ў спец. утварэннях (хларапластах, храмапластах і інш.), радзей у клетачным соку, у шэрагу жывёл існуюць пігментныя клеткі. Адыгрываюць важную ролю ў фотабіял. працэсах (у фотасінтэзе — хларафілы, караціноіды, фікабеліны, у зроку — радапсіны, у фотарэгуляторных працэсах раслін — фітахром), прымаюць удзел у дыханні (гемаглабіны, цытахромы, дыхальныя храмагены), ахоўваюць арганізм ад УФ-выпрамянення (у раслін — караціноіды, флаваноіды, у жывёл — меланіны), вызначаюць афарбоўку жывёл і раслін. Выкарыстоўваюцца ў харч. і фармацэўтычнай прамысловасці.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТО́МІЯ РАСЛІ́Н,

раздзел батанікі, які вывучае ўнутр. будову органаў і тканак раслін.

Узнікненне і развіццё анатоміі раслін звязана з вынаходствам мікраскопа і працамі італьян. біёлага М.​Мальпігі і англ. батаніка Н.​Гру (мікраскапічнае вывучэнне раслінных аб’ектаў; 2-я пал. 17 ст.), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. біёлаг Т.​Шван, 1839), даследаваннем раслінных тканак, клетак і іх арганоідаў (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) паралельна з вывучэннем іх росту, развіцця і дыферэнцыроўкі ў працэсе антагенезу (гл. Фізіялогія раслін). Значную ролю ў развіцці анатоміі раслін адыгралі працы рус. батанікаў І.​В.​Баранецкага, С.​П.​Костычава, В.​Р.​Заленскага, В.​Ф.​Раздорскага, В.​Р.​Аляксандрава, В.​М.​Радкевіч, А.​А.​Яцэнка-Хмялеўскага, В.​К.​Васілеўскай, М.​Ф.​Данілавай і інш.

На Беларусі анатомія раслін развіваецца з 1930-х г. (К.​Г.​Рэнард, А.​Л.​Новікаў, С.​У.​Калішэвіч). Навук.-даследчая работа вядзецца ў БДУ, ін-тах біял. аддзялення АН Беларусі, Бел. с.-г. акадэміі, Гомельскім і Бел. тэхнал. ун-тах і інш. У 1954—66 выкананы работы па экалагічнай, параўнальнай і тэхн. анатоміі раслін (В.​Я.​Віхроў, Р.​Ц.​Пратасевіч, А.​С.​Самцоў). Вывучаецца зменлівасць анат. будовы дзікарослых і культурных раслін пад уплывам генет. і фізіял. фактараў, а таксама дрэвавых раслін пад уплывам экалагічных умоў, вырашаюцца пытанні палягання с.-г. культур (Н.​С.​Суднік, А.​В.​Пятрэнка, Пратасевіч, Т.​Ф.​Дзяругіна, Г.​А.​Новікава, А.​Р.​Тэн, А.​І.​Аляксеева, Н.​С.​Кісялёва і інш.). Даныя анатоміі раслін выкарыстоўваюць у аграноміі, тэхніцы, гісторыі культуры, археалогіі, прам-сці (харч., мэблевай, фармацэўтычнай, цэлюлозна-папяровай і інш.). Істотнае развіццё атрымліваюць эвалюцыйны і экалагічны кірункі вывучэння анатоміі раслін.

Літ.:

Киселева Н.С. Анатомия и морфология растений. 2 изд. Мн., 1976;

Эзау К. Анатомия семенных растений: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1980.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГЕ́НЫ [ад анты... + ген(ы)],

складаныя арган. рэчывы, якія пры паступленні ў арганізм чалавека і цеплакроўных жывёл выклікаюць спецыфічную імунную рэакцыю — утварэнне антыцелаў. Уласцівасцямі антыгенаў валодаюць чужародныя для дадзенага арганізма бялкі і поліцукрыды, асабліва высокамалекулярныя. Як антыгены яны могуць быць агульныя для ўсіх асобін пэўнага віду арганізмаў (відавыя антыгены) або толькі для іх часткі (групавыя антыгены). Ступень імунагеннасці антыгенаў, форма і вынік імуннага адказу, які яны выклікаюць (утварэнне антыцелаў, клетачны імунітэт, алергія, талерантнасць), залежаць ад ступені іх чужароднасці (філагенетычнай аддаленасці), хім. прыроды і малекулярнай будовы, дозы і формы ўвядзення ў арганізм і інш. фактараў. Імунная сістэма млекакормячых здольная распазнаваць да 10​6 антыгенаў. Вызначэнне відавой і групавой прыналежнасці антыгенаў выкарыстоўваецца пры ўстанаўленні ступені роднасці арганізмаў, распрацоўцы вакцын і сываратак, пераліванні крыві, перасадках тканак, дыягностыцы хвароб, у суд. медыцыне і інш.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГЕ́НЫ,

рэчывы, здольныя выклікаць алергію. Да іх адносяцца бялковыя і небялковыя (поліцукрыды) злучэнні, неарган. рэчывы, у т. л. асобныя элементы (бром, ёд і інш.). Небялковыя рэчывы становяцца алергенамі толькі пасля злучэння з бялкамі тканак арганізма Адрозніваюць эндаалергены (утвараюцца ў арганізме) і экзаалергены інфекц. і неінфекц. паходжання. Сярод алергенаў інфекц. паходжання вылучаюць бактэрыяльныя, вірусныя і грыбковыя. Да неінфекц. адносяцца бытавыя (бытавы, бібліятэчны пыл і інш.), эпідэрмальныя (воўна, пер’е птушак, валасы, перхаць), інсектныя (яд, сліна кусачых, пыл з часцінак насякомых), лекавыя, пылковыя (раслінны пылок), прамысл.-хім. (бензол, шкіпінар, фарбавальнікі і інш.), харч. рэчывы. Алерген выклікае імуналагічна апасродкаваную адчувальнасць арганізма да яго (сенсібілізацыю). Ад першай дозы ў арганізме ўтвараюцца антыцелы, здольныя ўзаемадзейнічаць толькі з пэўным алергенам. Паўторна трапляючы ў арганізм, алерген злучаецца з раней утворанымі антыцеламі і выклікае алергічную рэакцыю.

А.​Ф.​Сарока.

т. 1, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫРО́ЎКА,

працэс узнікнення адрозненняў паміж часткамі арганізма і іх спецыялізацыі ў час развіцця; адно з асн. паняццяў тэорыі антагенезу. Праяўляецца ў марфал., фізіял. і біяхім. змяненнях клетак (цыталагічная Д.), тканак (гісталагічная Д.) або асобных органаў і арганізма ў цэлым. Адбываецца пераважна ў перыяд зародкавага развіцця (атыпічная, бластамерная, зачаткавая і тканкавая стадыі). Ажыццяўляецца на аснове рэалізацыі выбіральнай актыўнасці спецыфічных для кожнай тканкі генаў, што прыводзіць да сінтэзу спецыфічных РНК, бялкоў, глікапратэідаў, якія вызначаюць узаемадзеянні клетак. Пасля нараджэння арганізма назіраецца Д. ў эпітэліяльных тканках, крыві, гладкіх мышцах і інш. З Д. звязана пераважна ўзнікненне новых органаў або іх уласцівасцей у час метамарфозу. Ва ўмовах шкодных фактараў уздзеяння або пры злаякасным перараджэнні клетак магчыма частковая дэдыферэнцыроўка і набыццё здольнасці да Д. ў іншым кірунку (метаплазія).

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + нервы),

забяспечанне органаў і тканак нервамі, якія ажыццяўляюць іх сувязь з цэнтральнай нервовай сістэмай. Адрозніваюць І. аферэнтную (цэнтраімклівую) і эферэнтную (цэнтрабежную). Сігналы аб стане органаў успрымаюцца чуллівымі нерв. канчаткамі (рэцэптарамі) і перадаюцца ў ц. н. с. па цэнтраімклівых валокнах, па цэнтрабежных ідуць у адказ імпульсы ад ц. н. с., якія каардынуюць дзейнасць органаў. Роля ц. н. с. ў рэгуляцыі розная. Напр., калі перарэзаць нерв. валокны, якія ідуць да мышцы (дэнервацыя), без сігналаў жыццезабеспячэння настае атрафія органа. Іншыя органы (сэрца, кішэчнік) маюць здольнасць часткова дзейнічаць пад уплывам імпульсаў у самім органе (аўтаматызм). З дапамогай І. ажыццяўляюцца рэакцыі арганізма на змену навакольнага і ўнутр. асяроддзя, забяспечваюцца рэгуляцыя і каардынацыя дзейнасці органаў, сістэм і адаптацыя мнагаклетачных арганізмаў да ўмоў існавання.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАГРАНУЛАМАТО́З, хвароба Ходжкіна,

злаякаснае новаўтварэнне лімфоіднай тканкі. Апісаны англ. урачом Т.​Ходжкіным (1832). Паходжанне невядома. Часцей хварэюць дзеці і маладыя людзі. Адрозніваюць 4 стадыі Л.: лакалізаваная — пашкоджанне аднаго (некалькіх) сумежных груп лімфавузлоў; рэгіянарная — розных груп несумежных лімфавузлоў з аднаго боку дыяфрагмы (ў грудной або брушной поласцях); генералізаваная — толькі лімфатычнай сістэмы (лімфатычныя вузлы, селязёнка, міндаліны і г.д.); дысемінаваная — усёй лімфатычнай сістэмы і ўнутр. органаў (лёгкіх, печані, нырак, касцей, мяккіх тканак, скуры і г.д.). Л. можа працякаць з мясц. сімптомамі (павелічэнне лімфавузлоў) і з прыкметамі агульнай інтаксікацыі (павышэнне т-ры цела, хвалепадобная ліхаманка, адсутнасць апетыту, зніжэнне масы цела, сверб скуры, падскурныя кровазліцці, жаўтуха і інш.). Лячэнне — комплексная хіміяпрамянёвая тэрапія.

Літ.:

Переслегин И.А., Филькова Е.М. Лимфогранулематоз. М., 1980;

Лимфогранулематоз. М., 1985.

В.​Я.​Рэбека, І.​В.​Рэбека.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭНХІ́МА (ад грэч. parenchyma напаўненне) у жывёл, 1) спецыялізаваная тканка якога-небудзь органа (напр., залоз, печані, селязёнкі), якая выконвае асн. функцыю гэтага органа. Проціпастаўляецца апорнаму каркасу, які мае ў сабе злучальную тканку; 2) Філагенет. папярэднік сапр. тканкі або злучальная тканка, што фарміруецца з мезадэрмы і запаўняе поласці паміж органамі ў некат. жывёл (напр., плоскія чэрві, п’яўкі). У раслінасн. тканка, якая мае ў сабе жывыя клеткі амаль аднолькавага памеру і працягласці ў трох вымярэннях (танкасценны многавугольнік). У П. ўтвараюцца спецыялізаваныя (напр., праводныя, мех.) тканкі, ажыццяўляецца асіміляцыя, выдзяленне, назапашванне і інш. Адрозніваюць П., што назапашвае, што паглынае, асіміляцыйную (хларэнхіму), паветраносную (аэрэнхіму). Тканкі П. часам вяртаюцца да мерыстэматычнага стану (здольнасці да дзялення) пры гаенні ран, рэгенерацыі тканак і органаў, утварэнні прыдаткавых каранёў і парасткаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)