феадальнае зямельнае ўладанне, падпарадкаванае каралю, «сталовы маёнтак» у ВКЛ у 16—18 ст. Фактычна ўзнікла ў 1519 як староства, аддадзенае ў дзяржаву. Юрыдычна аформлена ў 1532. У адм. адносінах уваходзіла спачатку ў Падляшскае, з 1566 — у Брэсцкае ваяв. Канчаткова К.э. як «сталовае ўпаданне» выдзелілася паводле «Ардынацыі аб каралеўскіх прыбытках» 1589 у выніку падзелу паміж дзярж. і каралеўскім скарбам. У 16—17 ст. К.э. валодалі каралевы Бона Сфорца, Ганна Ягелонка, Канстанцыя Аўстрыйская. На 1563 у К.э. было каля 77 тыс.дзес. зямлі, у т. л. 89 валок фальварковай ворнай зямлі і 612 валок, замацаваных за цяглымі сялянамі. Уключала гарады Кобрын, Дабучын (Пружаны), мяст. Гарадзец. З пач. 18 ст. К.э. збліжаецца з Брэсцкай, яны разам выступаюць у інвентарах, рэвізіях, кантрактах, маюць агульную адміністрацыю і рахункі. Пасля 1757 узнікла Кобрынская губерня з 8 ключоў: Кобрынскага, Вежыцкага, Гарадзецкага, Закросніцкага, Ліцвінкаўскага, Іласкага, Тэвельскага і Чаравачыцкага. Ваен. дзеянні, агульны гасп. заняпад прывялі да скасавання ў 1766 самакіравання. Рэарганізацыя К.э. ў 1768 станоўчых вынікаў не дала. У 1795 К.э. ўвайшла ў склад Рас. імперыі. Яе землі з сялянамі былі падараваны, часткова прададзены прыватным асобам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМЛЬ,
цэнтральная ўмацаваная частка стараж.-рус. гарадоў. Упершыню згадваецца ў летапісе як «крэмнік» каля 1331. Да 14 ст. К. называлі дзядзінцам, у 16—17 — горад, град. Звычайна размяшчаўся на высокім месцы, часцей на беразе ракі ці возера. Спачатку ўзводзіліся земляныя і драўляныя ўмацаванні, з 11 ст. — мураваныя (з каменю ці цэглы, напр., у Ноўгарадзе з 1044, у Старой Ладазе з 1116, Пскове з 13 ст.), часта абкружаліся ровам з вадой. Плошча К. мела значныя памеры, тут звычайна знаходзіліся палац князя, гал. сабор, двары баяр і царк. знаці. Падкрэслены рэльефам, К. дамінаваў у забудове, быў градаўтваральным ядром стараж.-рус. горада, вызначаў яго сілуэт. Горад рос за кошт пасадаў і звязваўся з К. радыяльнымі вуліцамі. Шырокае буд-ва мураваных К. вялося ў 16—17 ст. Вядомы К. ў Пскове, Каломне, Туле, Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Смаленску, Растове, Суздалі, Ноўгарадзе, Табольску, Крэмль Маскоўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ІО́СІФАЎСКІ САБО́Р Існаваў у 18—20 ст. у Магілёве. Пабудаваны ў 1780—98 з цэглы паводле праекта арх. М.Львова ў стылі класіцызму. Спачатку дзейнічаў як царква, у 1802 з нагоды сустрэчы Кацярыны II з аўстр. імператарам Іосіфам II перайменаваны ў сабор. Уваходзіў у ансамбль Магілёўскай Саборнай плошчы. Асн. аб’ём квадратны ў плане, да якога далучаліся з У паўцыліндрычная апсіда, з 3 шырокі прытвор. Гал. фасад меў 4-калонны дарычны порцік, пастаўлены на ступеньчаты стылабат і завершаны трохвугольным франтонам з шырокім трыгліфным фрызам. Бакавыя фасады дэкарыраваны 4-калоннымі дарычнымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Асн. аб’ём у цэнтры меў на высокім круглым барабане сферычны купал з 2 абалонкамі — унутранай (з адтулінай у сярэдзіне і 12 праёмамі) і вонкавай (з 12 круглымі вокнамі-люкарнамі і размалёўкай). У інтэр’еры купал пры дапамозе ветразяў апіраўся на 4 масіўныя пілоны, якія стваралі ўнутр. квадрат, Інтэр’ер багата аздоблены: парныя іанічныя калоны, светла-жоўты і зялёны мармур, размалёўка ў тэхніцы грызайль, нішы са статуямі, рэльефныя медальёны, абразы на медных шчытах мастака У.Баравікоўскага (1797) і інш. У 1937 будынак разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЫН ВАДЗЯНЫ́,
мукамольны млын, які прыводзіўся ў рух энергіяй вады. Будаваўся на беразе ракі ці праточнага возера. Рабочы орган — пастаў з пары круглых апрацаваных камянёў з верт. воссю вярчэння; верхні камень прыводзіўся ў дзеянне ад вадзянога кола (сілай падаючай вады), у наплаўных М.в. (ставіліся на палі, паром ці баржу) — ад плыні (цячэння) вады.
Вядомыя са стараж. часоў (у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі і Рыме), калі вынайдзенае для мэт арашэння вадзяное кала было прыстасавана круціць жорны. На Беларусі М.в. вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 16—18 ст. (пераважна колавыя). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць турбінныя М.в., у якіх замест кола ставілася вадзяная турбіна. Для млына звычайна рабілі зрубную, радзей каркасную прамавугольную ў плане пабудову на некалькі паверхаў, накрытую двух- або шматсхільным дахам з драніцы, гонты, саломы. У гарадах, некат. мястэчках, пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах і буйных маёнтках М.в. будавалі з цэглы і каменю. Буйныя млыны часам абсталёўваліся абарончымі прыстасаваннямі, жылымі памяшканнямі, каморамі і крамамі. М.в., як і ветракі, выкарыстоўваліся да 1-й пал. 20 ст. (заменены млынамі спачатку з паравым, пазней з эл. прыводам). Захаваліся як помнікі нар. архітэктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАПЕРАПРАЦО́УКА,
сукупнасць тэхнал. працэсаў па тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўцы нафты для атрымання розных відаў паліва, змазачных матэрыялаў, бітумаў, парафінаў і інш.нафтапрадуктаў. Працэсы Н. падзяляюцца на першасныя (адбываюцца без змен хім. будовы кампанентаў нафты) і другасныя (накіраваны на пэўную змену структуры нафтавых вуглевадародаў). Перапрацоўцы нафты папярэднічаюць працэсы стабілізацыі (выдаленне раствораных газаў), абязводжвання і абяссольвання.
Асн. працэс першаснай Н. — перагонка нафты (тэрмічнае раздзяленне яе на часткі ці фракцыі з атрыманнем прамагоннага бензіну, газы, рэактыўнага, дызельнага і кацельнага паліва, топачнага мазуту). Прамагонныя бензіны складаюць да 25% ад масы нафты, маюць невысокую дэтанацыйную ўстойлівасць і патрабуюць далейшай апрацоўкі. Балансавы дэфіцыт светлых нафтапрадуктаў і павышэнне іх якасці дасягаецца пры другасных працэсах Н. — каталітычным крэкінгу, каксаванні, гідракрэкінгу, рыформінгу, ізамерызацыі, полімерызацыі, алкіліраванні і інш.Ачыстка нафтапрадуктаў, атрыманых пры першасных і другасных працэсах, уключае выдаленне сярністых, азоцістых і кіслародных злучэнняў, смалістых рэчываў, цвёрдых парафінаў. Светлыя нафтапрадукты спачатку апрацоўваюць водным растворам шчолачы ці сернай к-ты. Сярністыя злучэнні з іх выдаляюць метадам каталітычнай гідраачысткі пры наяўнасці каталізатара і вадароду. Для ачысткі масляных фракцый карыстаюцца сернай к-той, селектыўнымі растваральнікамі (фенолам, фурфуролам, нітрабензолам і інш.) і спец. адсарбентамі. Дэасфальтызацыя масляных фракцый ажыццяўляецца вадкім прапанам. Гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́НЫ (ад польск. pogon жгут, шнур),
наплечныя знакі адрознення на форменным адзенні ваеннаслужачых і некат. катэгорый служачых. Паказваюць персанальныя званні, а ў ваеннаслужачых таксама прыналежнасць да віду ўзбр. сіл (роду войск, спец. войск, службаў). Правобразам П. былі метал. пласціны, якія прыкрывалі плечы кавалерыстаў ад шабельных удараў. У пач. 18 ст. замест іх з’явіліся П. як знакі адрознення, якія спачатку насілі толькі на адным (левым) плячы, потым на двух плячах. У арміях ВКЛ і Расіі П. ўведзены ў сярэдзіне 18 ст., ва Узбр. Сілах СССР — у 1943. Захаваліся ва Узбр. Сілах і інш. сілавых структурах (КДБ, МУС) Рэспублікі Беларусь.
Пагоны афіцэраў і прапаршчыкаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — палкоўнік, 2 — падпалкоўнік); да штодзённай формы адзення (3 — маёр, 4 — капітан, 5 — старшы лейтэнант, 6 — лейтэнант); да палявой формы адзення (7 — малодшы лейтэнант, 8 — старшы прапаршчык, 9 — прапаршчык).Пагоны салдат і сяржантаў, якія праходзяць службу па кантракце, курсантаў ваенна-навучальных устаноў, ваеннаслужачых тэрміновай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — старшына, 2 — курсант—старшы сяржант); да штодзённай формы адзення (3 — сяржант, 4 — курсант—малодшы сяржант); да палявой формы адзення (5 — яфрэйтар, 6 — радавы, 7 — курсант).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА НА ВО́РСКЛЕ 1399.
Адбылася паміж войскамі ВКЛ на чале з вял.кн. Вітаўтам і Залатой Арды на чале з ханам Цімурам-Кутлукам і цемнікам Едыгеем 12.8.1399 каля р. Ворскла (левы прыток Дняпра; верагодна, на тым самым полі, дзе адбылася Палтаўская бітва 1709). Саюзнікамі Вітаўта былі некалькі тысяч татар, прыведзеных ханам Тахтамышам. Вітаўт абяцаў Тахтамышу дапамогу ў захопе ханскага трона Залатой Арды, за што Тахтамыш павінен быў выдаць яму ярлык на Маскоўскае вял. княства, Ноўгарад, Пскоў. Вітаўта падтрымаў і папа рымскі, які абвясціў крыжовы паход на Залатую Арду. У войску ВКЛ былі атрады з Польшчы, Тэўтонскага ордэна, Валахіі. Аднак асн. сілу войска ў 15—20 тыс.чал. складалі харугвы прыкладна 50 князёў ВКЛ. Войска Залатой Арды (верагодна, большае за войска ВКЛ) сустрэла Вітаўта ў межах Залатой Арды каля пераправы цераз р. Ворскла. Спачатку татары зацягвалі час перагаворамі, а з падыходам асн. іх сіл войска Вітаўта было акружана і разбіта, тысячы воінаў загінулі ці трапілі ў палон. Вітаўт і Тахтамыш з рэшткамі войска ўцяклі. Перамога дала магчымасць Цімуру-Кутлуку ўчыніць спусташальны набег на землі Кіеўшчыны і Валыні. ВКЛ захавала кантроль над паўн. Прычарнамор’ем, хоць праваліліся планы Вітаўта дамагчыся панавання над усёй Руссю. Паражэнне садзейнічала заключэнню Віленска-Радамскай уніі 1401 ВКЛ з Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІЯ ЗАБАСТО́ЎКІ 1918—19.
Адбыліся ў час ням. акупацыі і ўваходжання Гомельскага пав. ў Палескую вобл. Украіны. У маі—чэрв. 1918 забастоўкі супраць акупац.эканам. палітыкі прайшлі на асобных прадпрыемствах Гомеля. З 15 жн. пачалася стачка рабочых і служачых чыг. вузла ў падтрымку агульнаўкр. чыг. забастоўкі. Спачатку яна мела пасіўны характар, з 19 жн. спынены выхад на працу. Акупац. ўлады арыштавалі 73 актывістаў стачкі. Нягледзячы на спробы стачачнага к-та пашырыць забастоўку на прадпрыемствы горада, у пач.вер. 1918 яна скончылася. Па дамоўленасці герм. камандавання і сав. дэлегацыі да 20.12.1918 павінна была скончыцца эвакуацыя ням. войск з Гомеля, улада перададзена Ваен.-рэв. к-ту (ВРК) і горад займала Чырв. Армія. 18.12.1918 ВРК прызначыў новага каменданта чыг. вузла, правёў арышты контррэвалюцыйных элементаў у горадзе і на чыгунцы. Яго дзеянні былі расцэнены ням. бокам як парушэнне дамоўленасці. Акупац. ўлады вярнулі горад пад свой кантроль, арыштавалі бальшавіцкі к-т чыгуначнікаў, цывільнае кіраўніцтва перадалі Гомельскай дырэкторыі. 26.12.1918 на скліканым ВРК мітынгу чыгуначнікаў вырашана пачаць забастоўку, быў створаны стачачны к-т. 28 снеж. спынілі работу чыг. майстэрні і кіраўніцтва станцыі. У пач.студз. 1919 забастоўка стала ўсеагульнай. 6.1.1919 яна спынена, кантроль над горадам перайшоў да ВРК. 14.1.1919 ням. войскі пакінулі Гомель, у яго ўвайшлі часці Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭ́РН (англ. concern),
форма аб’яднання юрыдычна незалежных прадпрыемстваў, якія вядуць сумесную інвестыцыйную, знешнеэканам. і фін. дзейнасць на аснове добраахвотнай цэнтралізацыі вытв., гасп., кіраўнічых функцый. К. — гэта не просты саюз, заснаваны на дагаворы, а форма рэальнай інтэграцыі. К. могуць быць галіновыя і шматгаліновыя.
Першыя К. ўзніклі ў Германіі і набылі пашырэнне ў пач. 1920-х г.Спачатку яны аб’ядноўвалі прадпрыемствы з аднолькавым вытв. працэсам, пазней — прадпрыемствы рознага профілю, звязаныя паміж сабой нефармальнымі сувязямі, заснаваны гал. чынам на фін. кантролі.
У Беларусі К. лічацца аб’яднанні прадпрыемстваў, якія здзяйсняюць асобныя вытв. і інш.гасп. функцыі, а таксама асобныя функцыі кіравання. Пры ўваходжанні ў К. дзярж. прадпрыемствы страчваюць сваю ведамасную прыналежнасць. Яны могуць уваходзіць толькі ў адзін К. і ў сваёй фірменнай назве абавязаны пазначаць прыналежнасць да яго. К. можа ствараць гасп. разліковыя арг-цыі па аказанні камерцыйных, праектна-канструктарскіх, буд., тэхнал., юрыд. і інш. паслуг. У наш час у Беларусі адбываецца рэарганізацыя асобных галіновых міністэрстваў у дзярж. К., падпарадкаваныя непасрэдна Ураду Рэспублікі Беларусь. Прадпрыемствы і арг-цыі, якія ўваходзяць у К., захоўваюць самастойнасць і правы юрыд. асобы. Сваю дзейнасць яны ажыццяўляюць у адпаведнасці з законам «Аб прадпрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» і інш.заканад. актамі. На 1.1.1998 у Беларусі існуе 15 дзярж. К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЕЎ (Мікалай Іванавіч) (6.12.1850, Масква — 18.2.1931),
расійскі гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1910), ганаровы чл.АНСССР (1929), д-ргіст.н. (1884). Праф. Варшаўскага (1879—84) і Пецярбургскага (1890—99, 1906—17) ун-таў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1873). Вучань У.І.Герʼе. У 1886—99 выкладаў усеаг. гісторыю на Вышэйшых жаночых курсах. У 1899—1917 кіраўнік Гіст.т-ва пры Пецярбургскім ун-це. Дэп. 1-й Дзярж. думы (1906), выступаў за наданне ўсім народам Рас. імперыі свабоды нац. самавызначэння, супрацоўнічаў з партыяй кадэтаў. Спачатку прыхільнік пазітывізму, з 1880-х г. імкнуўся да сацыялагічнага абагульнення фактаў грамадскага жыцця (распрацаваў прынцып арган. адзінства гісторыі і сацыялогіі, канцэпцыю «агульных тыпаў», або «цывілізацый», аб’яднаных агульнасцю паходжання і гіст. лёсу). Аўтар прац «Сяляне і сялянскае пытанне ў Францыі ў апошняй чвэрці XVIII ст.» (1879), «Асноўныя пытанні філасофіі гісторыі» (т. 1—3, 1883—90), «Гістарычны нарыс Польскага сейма», «Падзенне Польшчы» ў гістарычнай літаратуры» (абедзве 1888), «Гісторыя Заходняй Еўропы ў новы час» (т. 1—7, 1892—1917), «Старыя і новыя эцюды аб эканамічным матэрыялізме» (1896), «Уводзіны ў вывучэнне сацыялогіі» (1897) і інш., падручнікаў і дапаможнікаў па ўсеаг. гісторыі.
Тв.:
Основы русской социологии. СПб., 1996.
Літ.:
Золотарев В.П. Историческая концепция Н.И.Кареева: Содержание и эволюция. Л., 1988.