АЎРЭ́ЛІЙ (Марк) (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),
рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІБО́ЛЫ (ад грэч. amphibolos двухсэнсавы, падманлівы),
група пародаўтваральных мінералаў падкласа ланцужковых (стужачных) сілікатаў з агульнай формулай (A, B)7-8 [Z4O11]2 (OH, F)2, дзе A — K, Na, Ca; B — Al, Fe+3, Fe+2, Mg і інш.; Z — Si, Al. Асн. структуры — т.зв. «амфіболавая стужка» [Si4O11]. Адрозніваюць манаклінныя і больш рэдкія рамбічныя амфіболы. Утвараюць прызматычныя крышталі, ігольчастыя ці тонкавалакністыя агрэгаты. Колер чорны, зялёны, радзей белы ці сіні, да цёмна-фіялетавага. Цв. 5—6,5. Шчыльн. 2,8—3,6 г/см³. Пашыраны ў складзе магматычных і метамарфічных парод (гранадыярытаў, дыярытаў, сіенітаў, андэзітаў, базальтаў і інш.). У зямной кары да 10% (па масе). У прам-сці выкарыстоўваюць хімічна- і тэрмаўстойлівыя тонкавалакністыя амфібол-азбесты. Некаторыя амфіболы — ювелірнавырабныя камяні (нефрыт, кракідаліт і інш.); жалезістыя амфіболы, якія маюць у сабе волава — патэнцыяльная алавяная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАСЦЬу матэматыцы, абсяг,
звязнае адкрытае мноства ў эўклідавай прасторы — мноства, што разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і пэўнае яго наваколле, кожныя два пункты ў якім можна злучыць неперарыўнай лініяй; адно з асноўных паняццяў тапалогіі.
Прыклад вобласці на плоскасці — унутранасць круга (сукупнасць усіх яго пунктаў, апрача акружнасці, якая абмяжоўвае гэты круг). Сукупнасць унутр. пунктаў двух датычных кругоў — адкрытае мноства, але не з’яўляецца вобласцю (два ўнутр. пункты гэтых кругоў нельга злучыць неперарыўнай лініяй, усе пункты якой належаць гэтаму адкрытаму мноству: унутранасці кругоў не маюць агульных пунктаў). Вобласць на прамой — адкрыты інтэрвал (канечны ці бясконцы). Вобласць, дапоўненая ўсімі яе гранічнымі пунктамі, — замкнутая вобласць. Іншы раз вобласцю наз. любое адкрытае мноства ў прасторы. Паняцце вобласці можа быць без змены вызначана ва ўсялякай тапалагічнай прасторы.
паклады карысных выкапняў, звязаныя з геахім. працэсамі глыбінных частак Зямлі. Утвараюцца з магматычных расплаваў ці гарачых газавых і водных мінералізаваных раствораў пры высокіх цісках і тэмпературах. Вылучаюць 5 гал. генетычных груп гіпагенных радовішчаў: магматычныя (утвараюцца пры застыванні расплаваў з адасабленнем руд, хрому, тытану, жалеза, плаціны, нікелю і інш.),
пегматытавыя (уяўляюць раскрышталізацыю канчатковых прадуктаў астываючай магмы; маюць у сабе слюды, каштоўныя камяні і інш.), карбанатытавыя (утвораны вял. колькасцю карбанатаў кальцыю, магнію, жалеза; асацыіруюць з ультраасноўнымі шчолачнымі пародамі і маюць руды жалеза, медзі, апатыт і інш.), скарнавыя (узнікаюць пад уздзеяннем гарачай мінералізаванай пары пры кантакце з магмай; паклады жалеза, медзі, вальфраму, малібдэну, свінцу і інш.), гідратэрмальныя (складаюцца з руд каляровых, каштоўных і радыеактыўных металаў — асадкаў з глыбінных гарачых мінералізаваных водных раствораў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАС (ад лац. classis разрад, група),
1) сукупнасць, група прадметаў або з’яў, якія маюць агульныя прыкметы.
2) Буйная сац. група людзей, гл.Класы сацыяльныя.
3) Адна з таксанамічных катэгорый у сістэматыцы раслін і жывёл, гл.Клас у біялогіі.
4) У логіцы, матэматыцы — мноства; адвольная (канечная або бесканечная) сукупнасць прадметаў, вылучаных па якой-н. прыкмеце.
5) Тэхнічны разрад марскіх і рачных суднаў; разрад пасаж. вагонаў, кают і інш., якія ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад зручнасці і выгод.
6) Пастаянны (у межах навуч. года) калектыў навучэнцаў, а таксама памяшканне для іх заняткаў.
7) У некаторых спец.навуч. установах — група навучэнцаў, якія спецыялізуюцца па якому-н. прадмету (напр., К. скрыпкі). 8) Мера якасці, узровень, у залежнасці ад якога вызначаецца месца прадмета ў шэрагу сабе падобных (напр., каштоўныя камяні); ступень падрыхтаванасці, кваліфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПЫ,
прадукт харчавання, які складаецца з цэлых або здробненых зярнят крупяных культур, а таксама збожжавых і бабовых. Маюць высокія пажыўныя і смакавыя якасці, добра разварваюцца і засвойваюцца арганізмам. Маюць у сабе 65—75% вугляводаў, 7,6—13% бялкоў, 0,8—2,5% тлушчаў (у аўсяных да 6,5%).
Бываюць грэцкія, рысавыя, ячныя, аўсяныя, пшанічныя, кукурузныя, гарохавыя, а таксама манныя (з пшаніцы), прасяныя і інш. Ёсць К. з сумесі некалькіх мучністых кампанентаў крупяных і збожжавых культур, да якіх дадаюць цукар, сухое малако і інш. Да К. адносяцца аўсяныя, кукурузныя і пшанічныя шматкі. Тэхнал. працэс вырабу К. складаецца з ачысткі зерня ад дамешак і абалонак, тэрмічнай апрацоўкі (прапаркі, сушкі — аўса, гароху, кукурузы), шліфоўкі і паліравання зерня, сартавання яго на фракцыі і інш. З К. робяць харч. канцэнтраты, гатуюць кашы, супы і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШКЕ́Т (ісп. mosquete, франц. mousquet ад лац. musca муха),
дульназараднае ружжо; ручная агнястрэльная зброя з кнотавым замком. М. з’явіўся ў пач. 16 ст. ў Іспаніі, пазней у інш. краінах Еўропы, у т. л.ВКЛ. Прызначаўся для паражэння ў блізкім баі воінаў праціўніка, якія мелі на сабезасцерагальнае ўзбраенне (кальчуга, панцыр і інш.). Калібр да 23 мм, маса 8—10 кг, далёкасць стральбы да 250 м. Для зручнасці вядзення з М. агню выкарыстоўваліся сошкі (падпоркі). М. ўзбройваліся адборныя салдаты — мушкецёры. Больш лёгкі і кароткі М., які страляў шротам і быў на ўзбраенні кавалерыі, называўся мушкетонам. З канца 17 ст. М. заменены крамянёвым ружжом (гл.Крамянёвая зброя).
Мушкет: 1 — лёгкі аўстрыйскі з кнотавым замком. 1600; 2 — лёгкі французскі з прыкладам для ўпору ў грудзі. 1575; 3 — наразны дацкі мадэлі 1763, калібру 27 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКТАГРАФІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́, піктаграфія (ад лац. pictus намаляваны + ...графія),
найбольш старажытны тып пісьма з дапамогай малюнкаў. Малюнкі, або піктаграмы, прызначаныя для перадачы інтэлектуальнага зместу, аднолькава разумеліся разнамоўнымі супольнасцямі, якія карысталіся агульнай ці блізкай сукупнасцю паняццяў. Адрозніваюць піктаграмы-сігналы (зразумелыя толькі ў пэўнай сітуацыі) і піктаграмы-знакі (нясуць сэнсавую інфармацыю самі па сабе). Істотная рыса П.п. — пэўная адвольнасць інтэрпрэтацыі, прачытання малюнкаў. П.п. было пашырана з часоў палеаліту сярод карэнных жыхароў Амерыкі, Трапічнай Афрыкі, Аўстраліі, Сібіры і інш. рэгіёнаў свету да 20 ст. З П.п. ўзнікла ідэаграфічнае пісьмо. У наш час прынцып піктаграфіі знаходзіць адлюстраванне ў дапаможных сродках камунікацыі (дарожныя знакі, сімвалічныя выявы відаў спорту, малюнкі ў коміксах, рэклама, татуіроўка і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМЕ́Т,
у шырокім сэнсе — аб’ект, усякае існае, што выступае як абмежаванае і ў сабе завершанае; усё, што можа знаходзіцца ў адносінах або валодаць якімі-н. уласцівасцямі. Асн. віды П.: рэч, фізічна прыналежная да знешняга свету П.; стан як П. — агульны стан пачуццяў, або духоўная накіраванасць (напр., дух часу). У метафіз. матэрыялізме паняцце «П.» атаясамлівалася з паняццем «цела», паколькі працягласць або атаясамлівалася з матэрыяй (Р.Дэкарт і яго паслядоўнікі), або разглядалася як асн. атрыбут матэрыі (Т.Гобс, франц. матэрыялісты 18 ст.). Суб’ектыўны ідэалізм (Дж.Берклі, Э.Мах) разумеў пад рэччу сукупнасць адчуванняў, таму для яго рэальным з’яўляецца толькі адзін П. — свядомасць асобнага чалавека. У аб’ектыўным ідэалізме рэальны П. разглядаецца як адлюстраванне ідэй, паняццяў. Дыялектыка разглядае любы П. як працэс. У мове катэгорыі П. маюць свае спец. спосабы абазначэння (часцей гэта назоўнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПС (Brassica napus var. napus),
кветкавая расліна сям. крыжакветных. Спантанны гібрыд капусты агароднай і свірэпіцы. Часам Р. вылучаюць у самастойны від. У культуры вядомы з 4-га тыс. да н.э., у Расіі — з 19 ст. Вырошчваюць як алейную і кармавую расліну ў Індыі, Кітаі, Канадзе, Еўропе, у т. л. на Беларусі.
Аднагадовая травяністая, азімая або яравая расліна, пакрытая васковым налётам. Галінастыя сцёблы выш. 50—150 см. Разетачнае лісце лірападобна-перыста-надрэзанае, ніжняе сцябловае — лірападобнае, верхняе — прадаўгавата-авальнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, зрэдку белыя, у гронках. Плод — стручок. Насенне мае сабе да 50% рапсавага алею, які спажываецца ў ежу. Макуха — высокабялковы (да 32% бялку) канцэнтраваны корм Зялёная маса, багатая аскарбінавай к-той і карацінам, ідзе на корм жывёле. Тэхн., харч., кармавая і меданосная расліна.