СЕМАФО́Р (франц. sémaphore ад грэч. sēma знак, сігнал + phoros які нясе),
сігнальнае прыстасаванне. Адрозніваюць С. на чыгунках, што не абсталяваны аўтаблакіроўкай — мачта з рухомымі крыламі, становішча якіх падае сігнал цягніку; С. марскі (рачны) — сігнальная мачта з рэяй (брусам) на ўчастках, дзе суднам дазволены рух у адным напрамку; С. флажковы — спосаб зрокавай сігналізацыі і сувязі, па якім літары, лічбы ці службовыя сігналы перадаюць рухам рук (з флажкамі) сігнальшчыка. У наш час на чыгунцы і аўтадарогах звычайна выкарыстоўваюць святлафор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУЖАЧНАПІ́ЛЬНЫ СТАНО́К,
тып дрэварэзальнага станка для падоўжнага распілоўвання бярвён, брусоў, тоўстых дошак у лесапільнай вытв-сці або для падоўжнага, папярочнага, змешанага ці крывалінейнага раскрою піламатэрыялаў і ліставых драўняных матэрыялаў у дрэваапрацоўчай, мэблевай і інш. вытв-сцях.
Дрэварэзальны інструмент С.с. — стужачная піла, нацягнутая на 2 шківах, якая ўтварае ў драўніне вузкі прапіл і дае магчымасць выпілоўваць загатоўкі крывалінейнага контуру. Адзін з шківаў вядучы, другі мае прыстасаванне для нацяжэння пілы. С.с. выпускаюцца з гарыз. і верт. размяшчэннем стужачнай пілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРСУ́НКА (ад англ. force прымушаць, напампоўваць),
прыстасаванне з 1 ці некалькімі адтулінамі для распылення вадкасці. Адрозніваюць Ф.: струменныя, цэнтрабежныя і струменна-цэнтрабежныя; адна- і двухкампанентныя. Выкарыстоўваюць для забеспячэння раўнамернасці і больш поўнага згарання паліва ў топках катлоў, камерах згарання цеплавых рухавікоў і інш.
Фарсункі: а — цэнтрабежная, б — віхравая, в — з вярчальным распыляльнікам, г — штыфтавая, д — струменныя; 1 — канал, 2 — камера, 3 — вінтавая канаўка, 4 — вярчальны корпус, 5 — кальцавая шчыліна, 6 — клапан, 7 — цыліндрычнае сапло; чырвоныя стрэлкі — напрамак руху вадкасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙТ (англ. byte) у вылічальнай тэхніцы, 1) частка машыннага слова, што складаецца са стандартнай колькасці (звычайна 8) двайковых разрадаў (бітаў) і апрацоўваецца як адно цэлае.
2) Запамінальнае прыстасаванне для захоўвання такой колькасці інфармацыі.
3) Адзінка колькасці інфармацыі пры яе перадачы, захоўванні і апрацоўцы на ЭВМ (у т. л. як частка больш буйной лагічна непадзельнай адзінкі інфармацыі, напрыклад выяўлення ліку з плавальнай коскай). Байт служыць для вызначэння літар або інш. сімвалаў, якія цалкам займаюць байт, або дзесятковых лічбаў (па 2 лічбы на 1 байт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬ-МО́ЛАТ,
агрэгат ударнага дзеяння для забівання паляў, які працуе па прынцыпе двухтактавага дызеля. Падвешваецца на капры або самаходныя капровыя ўстаноўкі. Ударная масіўная частка Д.-м. падае ўніз па накіравальных (штангі, труба, цыліндр), б’е па нагалоўніку палі і сціскае распыленае ў цыліндры або поршні дызельнае паліва, якое самаўзгараецца. Частка энергіі згарання перадаецца палі для апускання, частка падкідвае ўдарнае прыстасаванне Д.-м. ўверх (да 3 м). Маса ўдарных частак у штангавых Д.-м. да 2500 кг, у трубчастых да 500 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФУ́ЗАР,
1) частка канала (трубы), у якой запавольваецца рух і павышаецца ціск газу або вадкасці. Есць у аэрадынамічных трубах, паветрана-рэактыўных рухавіках, некаторых відах кампрэсараў, помпаў і інш. 2) Прыстасаванне да фотаапарата або фотапавелічальніка, прызначанае для «змякчэння» (паніжэння рэзкасці) выявы. Звычайна гэта плоскапаралельная шкляная пласцінка з прамавугольнай сеткай ці канцэнтрычнымі кругамі або вузкія палоскі шкла.
3) Папяровая мембрана канічнай формы для павелічэння акустычнай аддачы гучнагаварыцеля.
4) Апарат для вышчалочвання ў вытв-сці гліназёму.
5) Апарат для экстракцыі растваральных рэчываў (гл.Дыфузійны апарат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЎСТАФ’ЕЎ Фёдар Фёдаравіч (12.10.1862, г. Трубчэўск Бранскай вобл., Расія — 21.1.1941),
бел. вынаходнік. Герой Працы (1928). З 1903 працаваў у Гомельскім чыг. дэпо. Вынайшаў лятальны апарат верт. ўзлёту — гелікаптэр, макет якога экспанаваўся на Екацярынаслаўскай прамысл. выстаўцы ў 1909, прыстасаванне для прадзімання дымагарных труб паравозных катлоў, дамкрат для падымання вагонаў, іскраўлоўнік на паравозах, эстакаду для падачы вугалю на паравозы і інш. З 1922 займаўся распрацоўкай праекта вінтаплана (верталёта) для перавозкі пасажыраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖВА́ЧКА,
перажоўванне корму, перыядычна адрыгнутага з пач. аддзелаў мнагакамернага страўніка жвачных жывёл. Уяўляе сабой біял.прыстасаванне, пры дапамозе якога жвачныя жывёлы могуць лепш, чым інш. траваедныя, ператраўліваць пажыўныя рэчывы грубых кармоў. Адбываецца рэфлекторна ў прамежках паміж кармленнем. Корм невял. порцыямі адрыгваецца з рубца і сеткі ў ротавую поласць, дзе перажоўваецца, увільгатняецца слінай і зноў заглынаецца; праз пэўны час цыкл паўтараецца. Паяўляецца ў жывёл з 3-га тыдня і стабілізуецца к 8—10 месяцам. У дарослых жывёл за суткі адбываецца 6—10 жвачных перыядаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА машына для перамотвання пражы і нітак з розных валокнаў на бабіну, шпулю ці інш. пакоўку, зручную для далейшага выкарыстання. Пры перамотванні М.м. ачышчае пражу ад дробнага смецця і ліквідуе патаўшчэнні ў ёй, павялічвае даўжыню і паляпшае якасць нітак. Найб. пашыраны крыжаматальныя машыны, што ўтвараюць бабіну з крыжападобнай намоткай. Выкарыстоўваюцца ў ткацкай, трыкат. і круцільнай вытв-сці.
Схема матальнай машыны: 1 — нерухомае верацяно; 2 — накіравальны дроцік; 3 — нацяжное прыстасаванне; 4 — матальны барабанчык з канаўкамі для нітак (для ўтварэння крыжападобнай намоткі); 5 — бабіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁКО́МПАС,
самалётны радыёпеленгатар для аўтам.пеленгацыі наземных перадавальных радыёстанцый. Гэта прыёмаіндыкатарнае прыстасаванне, якое спалучана з сістэмай сачэння, мае накіраваную рамачную і ненакіраваную штыравую антэны.
У Р. адбываецца складанне сігналаў ад абедзвюх антэн і камутацыя сігналу рамачнай антэны з частатой дапаможнага ’апорнага генератара. пры гэтым напружанне на ўваходзе прыёмніка мадулюецца па амплітудзе. Пры параўнанні напружанняў на выхадах прыёмаіндыкатара і апорнага генератара выпрацоўваецца сігнал памылкі, па якім сістэма сачэння паварочвае рамку ў становішча, адпаведнае напрамку на пеленгаваную радыёстанцыю. Р. можа арыентавацца і на радыёмаяк.