1) асоба, якая ўзначальвала сотню ў войску Кіеўскай Русі 9—11 ст. і інш. княствах усх. славян, а таксама ў стралецкім войску Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. 2) Службовая асоба гар. самакіравання Беларусі ў 16—18 ст., якая ўзначальвала сотню. С. выбіраўся з заможных мяшчан і падпарадкоўваўся войту. Сачыў, у т. л. праз падначаленых яму дзесятнікаў, за выкананнем мяшчанамі павіннасцей, выплатай падаткаў і інш. С. абавязаны быў з’яўляцца на чале сотні на замкавыя работы і для абароны замка ад непрыяцеля; прымаў удзел у пасяджэннях гар.рады, хоць не ўваходзіў у склад магістрата, без згоды С. войт не меў права прымаць важныя рашэнні.
3) Нач.адм.-тэр. сотні на Украіне ў 16—18 ст. Меў шырокія ваен., адм., суд. і фін. паўнамоцтвы. Напачатку выбіраўся казакамі, пазней прызначаўся гетманам ці палкоўнікамі з ліку старшыны, пасля 1764 — прэзідэнтам маларасійскай калегіі. Пасля ліквідацыі аўтаномнасці (1765—80) пасада С. скасавана.
4) Воінскае званне ў рэестравым казацкім войску (частка ўкр. казацкага войска, якое знаходзілася ў 16—17 ст. на ваен. службе ў Рэчы Паспалітай і было ўнесена ў асобы спіс-рэестр).
5) Обер-афіцэрскі чын у казацкіх войсках Рас. імперыі, адпавядаў чыну паручніка ў рэгулярных войсках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЬМО́НТЫ, Двор Альгердаўшчына,
былы маёнтак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Вядомы з 1748 як уладанне Гільзенаў, пры іх атрымалі сваю назву (ад франц. belmont прыгожая гара). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Бяльмонтах створаны палацава-паркавы ансамбль, які ўключаў 2-павярховы мураваны палац (меў 33 пакоі), вял. круглую парадную залу, дамашнюю капліцу. У 1768 пабудаваны філіяльны касцёл Ісуса Хрыста. У 19 ст. пры Манузі і Плятэрах Бяльмонты сталі буйным цэнтрам культ. жыцця Браслаўшчыны. Тут прайшло дзяцінства мастака Я.Траяноўскага, у Бяльмонтах бывалі Н.Орда, дзекабрысты М.С.Лунін, А.В.Поджыа і інш.; існавалі багатыя музейная калекцыя і бібліятэка (у 1-ю сусв. вайну вывезена ў Петраград), парафіяльная школа (у 1804 было 30 вучняў), з 1857 дзейнічаў бровар. У 1-ю сусв. вайну палац Плятэраў разбураны. З 1976 Бяльмонты ўвайшлі ў склад в.Ахрэмаўцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ МАРЫІ́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Існавала ў Віцебску ў 1870—1917. Засн. на базе Марыінскай жаночай школы (з 1863). Утрымлівалася на сродкі грамадскіх арг-цый, органаў гар. самакіравання і дабрачынныя ахвяраванні. Прымалі пераважна дачок дваран, чыноўнікаў, святароў (у 1900 было 413 навучэнак). Тэрмін навучання 7 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, рус. мова і славеснасць, гісторыя, геаграфія, матэматыка, фізіка, франц. і ням. мовы, дамаводства, чыстапісанне, рукадзелле, маляванне, спевы, танцы. Выпускніцы не мелі права на паступленне ва ун-т з-за скарочанага аб’ёму выкладання ў гімназіі дакладных і прыродазнаўчых навук. Той, хто жадаў, мог скончыць дадатковы 8-ы (педагагічны) клас (выкладалася педагогіка, методыка навучання ў пач. класах, праводзілася пед. практыка ў пач. школах) і атрымаць атэстат настаўніцы пач. класаў. Штогод гімназія выпускала 80 чал. За гады існавання падрыхтавана каля 3 тыс. вучаніц, у т. л. 1 тыс. настаўніц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАБЫ́ЛА»,
«кабылка», «конь», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж.усх.-слав.нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі асабліва пашырана на Бел. Палессі, дзе захавалася і ў наш час. «К.» майстравалі па-рознаму (напр., да замацаваных на канцах палкі рэшатаў прыладжвалі галаву і хвост з лёну). Накрыты посцілкай выканаўца ў час паказу сядзеў вярхом ва кіі. Паводле складу ўдзельнікаў вядомы малая (уваходзілі «К.» і яе павадыр-«цыган») і вялікая (яшчэ і «дзед», «афіцэр», «барыня», «улан», 10—12 «песельнікаў» і музы́ка). «К.» вадзілі па хатах. Гал. у дзеі было выступленне «цыгана», які ладзіў імправізаваны торг: мяняў або прадаваў «К.». Калі гаспадар не запрашаў у хату, у яго адрас спявалі здзеклівую песню. Гульня вызначалася імправізацыяй, выдумкай, акцёрскім пераўвасабленнем выканаўцаў асн. роляў. Уваходзіла ў паказы нар. тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́МБЕРГ Якаў Мікалаевіч (16.12.1909, г. Адэса, Украіна — 27.1.1993),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1967). Скончыў драм. курсы пры кінастудыі «Масфільм» (1937). З 1938 у бабруйскіх калг.-саўгасным і абл.драм. т-рах, у 1947—73 у Гродзенскім абл.драм. т-ры. Выканаўца драм., камед. і характарных роляў. Акцёрскай рабоце К. ўласцівы псіхал. выразнасць і лаканізм сцэн. сродкаў. Сярод роляў: у калг.-саўгасным т-ры — Батура («Партызаны» К.Крапівы), Елеся («Небыло ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага); у Бабруйскім абл.драм. т-ры — Мілер («Каварства і каханне» Ф.Шылера); у Гродзенскім абл.драм. т-ры — Цярэшка («Трыбунал» А.Макаёнка), Шыковіч («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Шмага, Аркашка («Без віны вінаватыя» і «Лес» Астроўскага), Шальменка («Шальменка-дзяншчык» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВА́ВАЯ НЯДЗЕ́ЛЯ»,
дзень расстрэлу 9 (22).1.1905 урадавымі войскамі ў Пецярбургу мірнай маніфестацыі рабочых, якія хацелі перадаць петыцыю цару Мікалаю II. Шэсце арганізавана паводле рашэння «Сходу рускіх фабрычна-заводскіх рабочых Санкт-Пецярбурга» на чале з Г.А.Гапонам. Увечары 8 студз. дэпутацыя інтэлігенцыі (у т. л. пісьменнік М.Горкі) звярнулася да старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ, каб папярэдзіць магчымае кровапраліцце. Вітэ накіраваў дэлегацыю да міністра ўнутр. спраў П.Д.Святаполка-Мірскага, які яе не прыняў. Раніцай 9 студз. дзесяткі тысяч рабочых, а таксама старыя, жанчыны і дзеці з абразамі і партрэтамі цара накіраваліся на плошчу перад Зімнім палацам. Паводле загаду пецярбургскага ген.-губернатара вял.кн. Уладзіміра Аляксандравіча войскі (усяго больш за 40 тыс. вайскоўцаў і паліцэйскіх) адкрылі агонь. Было забіта і паранена каля 4,6 тыс. маніфестантаў. «К.н.» стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКЕНО́ЙС, Кукейнос, Кокнесе, Кокенгузен,
старажытны горад у нізоўі Зах. Дзвіны, адзін з фарпостаў Полацкага княства. Цяпер с. Кокнесе ў Стучкінскім р-не Латвіі, за 246 км на ПнЗ ад Полацка. Упершыню ўпамінаецца пад 1205 у «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага, калі там княжыў Вячка. У 2-й пал. 11 — пач. 13 ст. належаў Полацкаму княству, быў месцам збору даніны з народаў Ніжняга Падзвіння (латгалаў, селаў, ліваў і інш.). У 1206 кн. Вячка ўдзельнічаў у паходзе полацкага кн. Уладзіміра на крыжакоў. У 1208 драўляны замак горада спалены крыжакамі, у 1209 на яго месцы пабудаваны мураваны замак, які з’яўляўся значным гандл. цэнтрам Полацкай зямлі. Меў цесныя гандл. і эканам. сувязі са Смаленскай, Чарнігаўскай, Кіеўскай, Наўгародскай і інш. землямі. Насельніцтва горада было этнічна мяшанае і складалася з мясц. балтаў (латгалаў і селаў) і славян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДЗЯНО́К Зінаіда Валянцінаўна (21.3.1915, г. Віцебск — 1.9.1985),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Бел. т-ры юнага гледача (1937—41), Брэсцкім абл.драм. т-ры (1944—76). Выконвала ролі травесці, драм. і вострахарактарныя. Яе работы вызначаліся дэталёвай распрацоўкай сцэн. характараў, падкрэсленай тэатральнасцю формы. Сярод лепшых роляў: у Бел. т-ры юнага гледача — Маруся Гарбацэвіч («Блакітнае і ружовае» А.Бруштэйн), Першы сын караля («Цудоўная дудка» В.Вольскага); у Брэсцкім драм. т-ры — Марыя Васілеўна («Усяго адно жыццё» А.Маўзона), Круціцкая («Небыло ні граша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), мадам Абломак («Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава), Старухна («Праз сто гадоў у бярозавым гаі» В.Карастылёва), Баба Яга («Два клёны» Я.Шварца), місіс Пэдзі («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СКАВІЧЫ, Маскаўцы,
гарадзішча днепра-дзвінскай культуры, штрыхаванай керамікі культуры і 11—13 ст. каля в. Маскавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. на беразе воз. Дзерба. На рубяжы н.э.было ўмацавана драўляным частаколам, у 11—12 ст. — сценамі з тоўстых бярвён. У 12—13 ст. памежная крэпасць на паўн.-зах. ускраіне Полацкага княства. Культурны пласт 0,2—1,2 м. Рэшткаў пабудоў не выяўлена, але аэрафотаздымак сведчыць пра комплексную забудову гарадзішча: жытлы, верагодна, былі наземныя, зрубныя, па форме блізкія да квадрата. Гідраархеалагічнымі разведкамі і падводнымі раскопкамі на воз. Дзерба выяўлены пасад, які з цягам часу апынуўся пад вадой возера. Знойдзены прылады працы, конская збруя і рыштунак конніка, рыбалоўныя снасці, вырабы з косці, жаночыя ўпрыгожанні, 4 энкалпіёны, больш за 100 абломкаў касцей жывёл з надпісамі і малюнкамі. Мяркуюць, што надпісы звязаны з рунічным пісьмом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУДРАГЕ́ЛЬСТВА, мудрагелістая мова,
пазбаўленая сэнсавага значэння мова, у якой адносіны паміж тым, што абазначае, і тым, што абазначаецца, або не існуюць, або ўстанаўліваюцца адвольна і кожны раз нанава. Трапляецца ў стараж. магічных тэкстах, фальклоры (заклінанні, дражнілкі), у штодзённай мове (у экспрэсіўнай функцыі).
У рус. футурыстаў (тэрмін «М.» прапанаваў В.Хлебнікаў) — эксперым.паэт. мова, якая будуецца на гукаперайманнях, адвольных гукаспалучэннях і алагічных словапераўтварэннях. У лінгвістаў і паэтаў, якія групаваліся вакол час. «ЛЕФ», праблема М. была звязана з дэклараваннем «лінгвістычнай тэхналогіі», свядомай «пераробкі» літ. мовы. Для футурыстаў М было своеасаблівай лабараторнай работай па выяўленні выразных магчымасцей слова. Пэўны водгук тэорыя футурыстаў знайшла ў бел. л-ры. У асобных творах 1920-х г. прагучала думка пра неабходнасць аднаўлення мовы бел. паэзіі з арыентацыяй на М. Тэрмін «М.» часта ўжываецца для абазначэння незмястоўнага эксперыментатарства. Мудрагелістасць выказвання можа быць сінонімам вобразнай ускладненасці.