найменшая колькасць бялку ў ежы, неабходная для захавання азоцістай раўнавагі ў арганізме. Чалавек і жывёла павінны атрымліваць патрэбную колькасць паўнацэнных (якія маюць усе незаменныя амінакіслоты) бялкоў. Калі іх паступае менш, арганізм траціць уласныя. Пры безбялковым харчаванні 8—10 дзён арганізм выдзяляе 23,2 г бялку ў суткі, што характарызуе распад тканкавых бялкоў (каэфіцыент зношвання). Бялкі арганізма здольныя пастаянна абнаўляцца (за суткі да 400 г). Пра гэта сведчыць стан азоцістага балансу (колькасць азоту, які паступае і выводзіцца з арганізма). Для падтрымкі нармальнага стану здаровага дарослага чалавека (стан азоцістай раўнавагі) неабходна 0,7 г бялку ў дзень на 1 кг вагі цела. Сутачная патрэбнасць бялку ў залежнасці ад умоў фіз. і разумовай працы 80—100 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ПНУМ (Hypnum),
род брыевых імхоў сям. гіпнавых. Вядома каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я. На Беларусі 6 відаў. Гіпнум кіпарысападобны (H. cupressiforme) часцей трапляецца ў лясах каля дрэў, на гнілой драўніне, глебе, камянях. Звычайнымі з’яўляюцца гіпнум бледнаваты (H. pallescens) і гіпнум Ліндберга (H. lindbergii), менш распаўсюджаны гіпнум лугавы (H. pratense), рэдка трапляюцца гіпнум пладучы (H. fertile) і гіпнум расстаўлены (H. imponens).
Адна- і двухдомныя меза- і ксерафільныя расліны. Дзярнінкі зялёныя ці жаўтавата-зялёныя, шаўкавіста-бліскучыя. Сцябло ляжачае ці ўзнятае, даўж. 2—10 см, перыста-разгалінаванае, радзей простае, парасткі з кручкаватымі канцамі. Лісце серпа-, яйцападобнае або падоўжана-ланцэтнае. Спарагоны на бакавых галінах. Каробачка падоўжана-эліпсападобная ці цыліндрычная. Перыстом двайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ХАТ,
машына або прыстасаванне для мех. раздзялення і сартавання кускавых і сыпкіх матэрыялаў пры дапамозе паверхняў з калібраванымі адтулінамі. Бываюць нерухомыя з нахіленай (не менш як на 50°) прасейвальнай паверхняй (каласніковыя, дугавыя, канічныя для папярэдняга аддзялення буйных кускоў), рухомыя са зваротна-паступальным або вярчальным рухам рабочага органа — рашоткі або сіта (валковыя, ланцуговыя, вібрацыйныя, барабанныя, хістальныя і інш.), а таксама гідраўлічныя, у якіх матэрыял перамяшчаецца вадой. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці і сельскай гаспадарцы (для раздзялення па класах буйнасці або на фракцыі зерня, клубняплодаў, вугалю, руды, друзу і інш., абязводжвання прадуктаў мокрага абагачэння). Прадукцыйнасць грохата да 250 м³/гадз.
І.І.Леановіч.
Грохаты: 1 — валковы для грубага сартавання; 2, 3 — вібрацыйныя адно- і двухсітавыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁГАЦЬ,
прадукт сухой перагонкі драўніны, торфу, бурага і каменнага вугалю, сланцаў. Густая вадкасць бурага ці чорнага колеру. Складаная сумесь арган. рэчываў, састаў якой залежыць ад сыравіны і метадаў перапрацоўкі.
Пры паўкаксаванні (сухая перагонка пры 500—600 °C) вугалю, торфу, сланцаў утвараецца т.зв. першасны Дз., які мае (у залежнасці ад сыравіны) фенолы, насычаныя вуглевадароды, альдэгіды, кетоны і інш.арган. рэчывы. Пры каксаванні каменнага вугалю ўтвараецца Дз. каменнавугальны (гл.Каменнавугальная смала). Дз. драўняны падзяляюць на бяроставы (атрымліваюць награваннем бяросты да 200—300 °C без доступу паветра), і менш якасны бярозавы (атрымліваюць разгонкай прадуктаў піролізу драўніны з карой). Драўняны Дз. выкарыстоўваюць пры тлушчаванні скуры, у медыцыне і ветэрынарыі (кампанент дзягцярнага мыла, розных мазей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЙНЯЯ НЕАБХО́ДНАСЦЬ (юрыд.),
становішча, пры якім асоба шляхам учынення грамадска небяспечных дзеянняў прадухіляе небяспеку, што пагражае інтарэсам дзяржавы, грамадства, грамадзянам або непасрэдна дадзенай асобе і яе правам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь не лічыцца злачынствам і выключае крымін. адказнасць пры ўмове, што небяспека не магла быць прадухілена інш. сродкамі, а нанесеная пры К.н. шкода менш значная, чым тая, якая была прадухілена. Аднак шкода, нанесеная пры К.н., падлягае кампенсацыі асобай, якая яе нанесла. Прымаючы пад увагу абставіны, пры якіх была нанесена шкода, суд можа ўскласці абавязак яе кампенсацыі на трэцюю асобу, у інтарэсах якой дзейнічаў той, хто яе нанёс, або вызваліць іх ад кампенсацыі шкоды поўнасцю ці часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), міяцэн (ад грэч. meion менш + kainos новы),
ніжні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду) у геахраналагічнай шкале; ранняя эпоха неагенавага перыяду геал.гіст. Зямлі. Пачаўся 23,8 млн. і доўжыўся да 5,32 млн. гадоў назад. М.а. (э.) падзяляецца на пададдзелы: ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні). На Беларусі на канец ранняга — пач. позняга міяцэну прыпадае кліматычны оптымум усяго неагену, калі прыродныя ўмовы нагадвалі сучасныя субтрапічныя. Намножыліся кантынентальныя адклады магутнасцю да 100—120 м (пяскі, алеўрыты, сапрапеліты, буры вугаль). Яны ўтвараюць брынёўскі і антопальскі надгарызонты, больш пашыраны на Пд. Да гэтай эпохі належаць большасць радовішчаў тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы бурага вугалю (гл. адпаведныя арт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛ (ад лац. mulus),
гібрыд каня (кабылы) і асла (самца); свойская жывёла. Вядомы з 3-га тыс. да н.э. Гадуюць пераважна ў Азіі, Афрыцы, Амерыцы і Паўд. Еўропе. Ад кабылы наследуе велічыню цела, шырокія і глыбокія грудзі, масць, хвост, здольнасць да хуткага руху; ад асла — вял. грубую галаву, доўгія вушы, кароткія шыю і грыву, звіслы крыж, трываласць і працаздольнасць. Больш здольныя да акліматызацыі, даўгавечныя (жывуць да 40—50 гадоў), менш успрымальныя да хвароб, непатрабавальныя да корму і догляду. Звычайна бясплодныя. Адрозніваюць тыпы М.: уючны (выш. ў карку 110—140 см, маса 300—400 кг) і запражны (140—170 см, 400—700 кг). Гл. таксама Лашак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ДАЎБНІ,
процітанкавыя, процітрансп., процідэсантныя загароды з бярвён (дыяметрам не менш за 25 см), метал., жалезабетонных бэлек або камянёў, укапаных у грунт вертыкальна або з нахілам 60—75° у бок праціўніка; выступаюць над паверхняй зямлі на 0,5—1,2 м. Устанаўліваюць Н. ў 3—5 радоў у шахматным парадку; аплеценыя калючым дротам, адначасова служаць і проціпяхотнай загародай. Н. выкарыстоўваліся са стараж. часоў. У 1-ю і 2-ю сусв. войны ўстанаўліваліся ва ўмацаваных раёнах, пры абароне буйных гарадоў і інш. Н. часам ставілі партызаны Беларусі, але больш шырока выкарыстоўвалі засекі. У сучасных умовах Н. ўстанаўліваюць супраць дэсантаў у прыбярэжных раёнах мора, на берагах рэк і інш.
адзін з найбуйнейшых у свеце збораў зах.-еўрап. і амер.выяўл. мастацтва 20 ст. Адкрыты ў 1947. Найб. шырока экспануюцца фавізм (А.Матыс, Р.Дзюфі і інш.), кубізм (П.Пікасо, Ж.Брак і інш.), сюррэалізм (С.Далі і інш.), абстракцыянізм (В.Кандзінскі, Р.Дэланэ, А.Манесье, П.Сулаж, Ж.Мацьё, А.Колдэр і інш.), канструктывім (Н.Габа, А.Пеўзнер і інш.), творчасць В.Цадкіна, А.Мадыяні, Ж.Руо і інш.Менш поўна прадстаўлены рэаліст. тэндэнцыі (партрэты Пікасо, пейзажы М.Утрыла, А.Марке, інтэр’еры П.Банара, скульптура А.Маёля, А.Бурдэля, Ш.Дэсп’ё і інш.). Музей размяшчаецца ў адным з будынкаў, узведзеных для Сусв. кірмашу 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСТЫРО́Л,
сінтэтычны тэрмапластычны палімер, прадукт полімерызацыі стыролу, [—CH2C(C6H5)H—]n, мал. м. (25—35)∙104.
Цвёрдае шклопадобнае рэчыва, шчыльн. 1050 кг/м³, т-ра шклавання 93 °C. Раствараецца ва ўласным манамеры, араматычных вуглевадародах, ацэтоне. Устойлівы да ўздзеяння шчолачаў і кіслот (акрамя канцэнтраванай азотнай і ледзяной воцатнай), радыеактыўных выпрамяненняў. Лёгка перапрацоўваецца, добра афарбоўваецца ў масе, выдатны дыэлектрык, крохкі, мае нізкую цеплаўстойлівасць. Больш цеплаўстойлівыя і менш крохкія супалімеры стыролу; у прам-сці найб. пашыраны П. ударатрывалы — тэрмапластычны матэрыял з 2-фазнай структурай (бесперапынная фаза — П., дыскрэтная фаза — каўчук) і АБС-пластык. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пенапластаў, карпусоў радыё- і тэлеапаратуры, дэталей для аўтамабіляў, для вырабу тавараў шырокага ўжытку (цацкі, посуд разавага выкарыстання і інш.).