БАЛІСТЫ́ЧНАЯ РАКЕ́ТА,

ракета, траекторыя палёту якой складаецца з актыўнага і пасіўнага адрэзкаў шляху. На актыўным участку ракета рухаецца з дапамогай рухавіка і накіроўваецца спец. сістэмай кіравання, на пасіўным — па балістычнай крывой, як свабодна кінутае цела.

Да балістычных ракет адносяцца баявыя ракеты (у т. л. міжкантынентальныя), касмічныя (у т. л. ракеты-носьбіты), доследныя ракеты і інш. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, кіроўныя і некіроўныя. Баявыя ракеты паводле прызначэння падзяляюцца на тактычныя, аператыўна-тактычныя і стратэгічныя. Аснашчаюцца ядз. або няядз. боегалоўкамі і рознымі сродкамі пераадолення проціракетнай абароны. Першыя баявыя балістычныя ракеты Фау-2 выкарыстаны Германіяй у 1944 у 2-ю сусв. вайну.

Балістычная ракета: 1 — насавы адсек; 2 — прылады кіравання; 3 — акісляльнік; 4 — гаручае; 5 — паліўная помпа; 6 — помпа для акісляльніку; 7 — турбіна; 8 — камера згарання; 9 — сапло; 10 — газавы руль; 11 — паветраны руль; 12 — стабілізатар.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТАРО́ВІЧ (Леанід Віталевіч) (19.1.1912, С.-Пецярбург — 7.4.1984),

савецкі матэматык і эканаміст. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1958). Чл. Амер. Акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Ленінградскі ун-т (1930), дзе працаваў з 1932. Праф. Ваен.-марской інж. акадэміі, заг. аддзела Ін-та матэматыкі АН СССР. З 1960 у Сібірскім аддз. АН СССР; з 1971 у Ін-це кіравання нар. гаспадаркай. З 1976 дырэктар Ін-та сістэмных даследаванняў АН СССР. Навук. працы па функцыян. аналізе і выліч. матэматыцы. У 1939—40 заклаў пачатак лінейнага праграмавання. Адзін са стваральнікаў тэорыі аптымальнага планавання і кіравання нар. гаспадаркай, аптымальнага выкарыстання сыравінных рэсурсаў. Дзярж. прэмія СССР 1949. Ленінская прэмія 1965. Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Т.Купмансам).

Тв.:

Математические методы организации и планирования производства. Л., 1939;

Экономический расчет наилучшего использования ресурсов. М., 1959;

Функциональный анализ. 3 изд. М., 1984 (разам з Г.​П.​Акілавым).

т. 7, с. 604

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПАЗНАВА́ННЕ ВУ́СНАЙ МО́ВЫ,

раздзел кібернетыкі, які распрацоўвае тэорыю, метады, алгарытмы і камп’ютэрныя тэхналогіі аўтам. распазнавання і разумення мовы чалавека.

Грунтуецца на агульнай тэорыі распазнавання вобразаў, метадах прыкладной фанетыкі і лінгвістыкі, тэорыях лічбавай апрацоўкі сігналаў, маркаўскіх мадэлей, моваўтварэння і ўспрымання мовы чалавекам. Выкарыстоўваецца ў сістэмах штучнага інтэлекту як натуральна-моўны інтэрфейс чалавека і машыны, сістэмах кіравання, камп’ютэрнай тэлефаніі, тэлеф. дыялогавых інфармацыйна-даведачных сістэмах, сістэмах аховы баз даных («галасавы ключ»), дыспетчарскіх сістэмах кіравання паветр. і наземным транспартам і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р.м. вядуцца з сярэдзіны 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваны сінтэзатары бел. і рус. моўнага ўзнаўлення друкаванага тэксту, шэраг прыкладных тэхналогій з выкарыстаннем сістэм распазнавання і сінтэзу мовы.

Літ.:

Искусственный интеллект: Справ. М., 1990. Кн. 1. С. 95—139.

Б.​М.​Лабанаў.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШО́КА,

старажытнаіндыйскі цар, правіцель Магадхі [268—232 да нашай эры]. З дынастыі Маур’я. Праводзіў палітыку ўмацавання аб’яднанай інд. дзяржавы, якая ахоплівала амаль усю Індыю, вобласці Афганістана і Пакістана. Захаваліся яго ўказы, высечаныя на скалах, калонах, у пячорах. Садзейнічаў пашырэнню будызму ў Індыі і за яе межамі. Эпоха кіравання Ашокі адзначана развіццём інд. культуры, архітэктуры, пісьменства.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНК ДА́НЫХ,

сукупнасць базаў даных, а таксама праграмных моўных і інш. сродкаў, прызначаных для цэнтралізаванага назапашвання і выкарыстання інфармацыі з дапамогай ЭВМ. Напрыклад, база даных для абслугоўвання аўтаматызаванай сістэмы кіравання прадпрыемствам уключае інфармацыю пра персанал, абсталяванне, матэрыялы, паўфабрыкаты і інш., а таксама распараджальную дакументацыю, нарматывы, стандарты і інш. звесткі і дакументы.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНТАКРА́ТЫЯ [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + kratos улада],

прынцып кіравання, пры якім улада належыць старэйшым. Тэрмін герантакратыі ўведзены ў этнаграфіі ў пач. 20 ст. і выкарыстоўваецца для аналізу структур улады на ранніх формах грамадскага ладу, пазней у класавым грамадстве. У пераносным сэнсе герантакратыя сімвалізуе адсталасць, кансерватызм, застойнасць мыслення і бяздзейнасць.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАВА́ЦЫЯ (ад англ. innovation новаўвядзенне),

новаўвядзенні ў галіне тэхнікі, тэхналогіі, арганізацыі працы і кіравання, заснаваныя на выкарыстанні дасягненняў навукі і перадавога вопыту, а таксама выкарыстанне гэтых новаўвядзенняў у розных галінах і сферах дзейнасці. Характарызуецца новымі формамі інтэграцыі навукі, тэхнікі і вытв-сці. Для фінансавання І. ствараюцца інавацыйныя банкі, фонды і інш.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАПРЫВО́Д, пнеўматычны выканаўчы механізм,

сілавое прыстасаванне для дыстанцыйнага ўздзеяння (напр., клапанам, засоўкай, кранам) у сістэмах кіравання; выкарыстоўваецца і для прыводу рабочых машын. Паводле характару ўздзеяння адрозніваюць П. з паступальным і вярчальным рухам. Найб. пашыраны П. з паступальным рухам, у якіх перапад ціску паветра пераўтвараецца ў рух (перамяшчэнне поршня ці мембраны).

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ДАМСТВА,

1) цэнтральная ўстанова або група ўстаноў, якія ўзначальваюць якую-небудзь галіну дзярж. кіравання. Кіраўнікі ведамства ў склад урада не ўваходзяць. У межах сваёй кампетэнцыі ведамствы выдаюць нарматыўныя акты, карыстаюцца правам інспектавання і ведамаснага кантролю. Большасць ведамстваў маюць апрача цэнтральных устаноў мясцовыя органы.

2) Упраўленне ў распараджэнні якога-н. афіц. органа ці асобы.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ЗАВО́Д ТРА́КТАРНЫХ ДЭТА́ЛЯЎ І АГРЭГА́ТАЎ.

Створаны ў 1959 у г. Бабруйск на базе рамонтных майстэрняў. З 1977 у ВА «Мінскі трактарны завод», значна расшыраны. Вырабляе і пастаўляе трактарнаму з-ду вузлы і дэталі для трактароў. Асн. прадукцыя (1995): дыскі счаплення, раздатачныя каробкі, гідраўзмацняльнікі рулявога кіравання, шлангі (высокага ціску і полівінілхларыдныя) і інш.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)