БРЫЙ (Bryum),

род лістасцябловых імхоў сям. брыевых. Больш за 800 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі 24 віды. Найб. часта трапляюцца брый валасканосны (B. capillare), дзірваністы (B. caespiticium), няправільнатрохгранны (B. pseudotriquertrum) і серабрысты (B. argenteum); вельмі рэдкі від — брый Клінгрэфа (B. klingraeffii) занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць на глебах, асакова-гіпнавых балотах, берагах рэк і ручаёў, збудаваннях, камянях і інш. субстратах, многія — піянеры глебавых агаленняў, ёсць віды-касмапаліты.

Дзярнінкі зялёныя, жоўтыя, бурыя, чырванаватыя, радзей серабрыстыя. Сцябло даўж. 0,5—25 см, прамастойнае, простае або галінастае, з рызоідамі. Лісце ад круглавата-яйцападобнага і тупога да ланцэтнага і завостранага. Каробачка са спорамі ад шарападобнай да цыліндрычнай, на чырванаватай ножцы. Вечка пукатае, з бародаўкай. Вегетатыўнае размнажэнне вывадкавымі пупышкамі, ніткамі і інш.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Брый: 1 — Клінгрэфа; 2 — дзірваністы.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВО́РЦЫЯ (Howorthia),

род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Больш за 100 відаў, шмат разнавіднасцей і гібрыдных формаў. У дзікарослым стане пашыраны ў Паўд. Афрыцы, пераважна ў Капскай вобласці. Растуць у кустовых саваннах на сухіх камяністых глебах. На Беларусі ў аранжарэях, цяпліцах і пакоях вырошчваюцца гаворцыя гладкая (Howorthia glabrata), жамчужная (Howorthia margaritifera), паласатая (Howorthia fasciata), Рэйнварта (Howorthia reinwardtii), шахматная (Howorthia tesselata) і інш.

Шматгадовыя сукулентныя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом выш. да 20 см і разеткай невял. светла- або цёмна-зялёных з бародаўкамі сядзячых мясістых лістоў, што размешчаны шчыльнымі радамі і налягаюць адзін на адзін. Кветанос выходзіць з сярэдзіны разеткі. Кветкі дробныя, белавата-зялёныя, у рэдкай мяцёлцы. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. расліны. Цвітуць некалькі разоў за год. Пладаносяць у пакаёвай культуры рэдка, толькі пры штучным апыленні. Размнажаюцца парасткамі, зрэдку насеннем.

Гаворцыя жамчужная.

т. 4, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯЦЫ́НТ (Hyacinthus),

манатыпны род кветкавых раслін сям. гіяцынтавых. Вядомы 1 від — гіяцынт усходні (H. orientalis). Пашыраны на ўсх. Міжземнамор’і і ў Сярэдняй Азіі. Культывуецца з пач. 15 ст. На Беларусі інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе АН (1958). Мае шмат садовых формаў і сартоў (больш за 400; на Беларусі выпрабаваны 58). Цвіце ў красавіку — маі каля 20 дзён. Выкарыстоўваецца ў адкрытым грунце для групавых пасадак, на зразанне і для выганкі.

Шматгадовая цыбульная травяністая расліна з прамастойным сцяблом-стрэлкай выш. да 20 см. Лісце доўгае, лінейнае, жалабатае, у разетцы. Кветкі (у дзікарослага 2—6, у культываваных 15 шт. і болей) званочкападобныя, розных колераў, духмяныя, у рыхлых гронкападобных цыліндрычных суквеццях, звычайна яркаафарбаваныя. Плод — мясістая каробачка з чырванавата-бурым насеннем. Размнажаецца вегетатыўна (цыбулінамі-дзеткамі, ліставымі чаранкамі) і насеннем.

Гіяцынт (садовая форма).

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУРНАП’Я́Н (Datura),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў субтрапічнай і трапічнай зонах, асабліва ў Цэнтр. Амерыцы, некаторыя — ва ўмераным поясе. На Беларусі 2 віды: Д. смярдзючы (D. stramonium), трапляецца каля жылля, на засмечаных месцах, агародах пераважна ў паўн. раёнах, і фіялетавы (D. tatula), трапляецца як заносны від зрэдку на чыг. насыпах і сметніках.

Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым, уверсе разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем, з непрыемным дурманлівым пахам (адсюль назва). Лісце простае, чаргаванае, зубчастае або лопасцевае, зялёнае ці з цёмна-фіялетавымі жылкамі, на чаранках. Кветкі буйныя, 5-членныя, двухполыя, белыя, сінявата- ці пурпурова-фіялетавыя, размешчаны па адной у развілках сцябла; вяночак з доўгай вузкай трубкай і шырокім складкаватым адгінам. Плод — яйцападобная 4-гнездавая каробачка з шыпамі. Лек. і дэкар. расліны. Ядавітыя.

Дурнап’ян смярдзючы.

т. 6, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЗЮ́ЛІН ЛЁН, лугавы лён, палітрыхум (Polytrichum),

род брыевых імхоў сям. палітрыхавых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў З.л.: звычайны (P. commune), ядлоўцавы (P. juniperinum), валасканосны (P. piliferum), прыальпійскі, або сціснуты (P. alpestre), прыгожы (P. formosum), зграбны (P. gracile). Расце ў лясах, на балотах, сырых лугах і інш. Торфаўтваральнік.

Двухдомныя, радзей аднадомныя, шматгадовыя часцей буйныя і цвёрдыя лістасцябловыя расліны, утвараюць рыхлыя дзярнінкі зялёнага, цёмна-, шыза-, жоўта-зялёнага, бураватага колеру. Сцябло выш. да 50 см, прамастойнае. Лісце цвёрдае, з доўгай плеўкавай похвай, ланцэтнае або лінейна-ланцэтнае, з суцэльным ці зубчастым краем, з завостранай верхавінкай. Каробачка са спорамі прызматычная да кубічнай на ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок з густымі і тонкімі валаскамі, якія нагадваюць ільняную пражу (адсюль назва), лёгка ападае.

Зязюлін лён.

т. 7, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЛЕЯКВЕ́ТНЫЯ (Liliales),

парадак аднадольных раслін. Каля 20 сям., больш за 6,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай і субтрапічнай зонах. На Беларусі 3 сям. (лілейныя, спаржавыя, цыбулевыя), 14 родаў (бялюк, гусіная цыбуля, купена, ландыш, лілея, майнік, мудранка, пазнацвет, спаржа, тафільдыя, цыбуля, цюльпан, чамярыца, птушкамлечнік) і шмат інтрадукаваных відаў з родаў алоэ, амарыліс, белакветнік, гальтонія, гіяцынт, драцэна, красадзён, нарцыс, рабчык і інш. Лілея кучаравая (царскія кучары), мядзведжая цыбуля (чарамша), познацвет асенні, тафільдыя чашачкавая, цюльпан лясны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шматгадовыя травы з карэнішчам, цыбулінамі ці клубнецыбулінамі, радзей дрэвападобныя расліны, некат. ліяны. Лісце суцэльнае. Кветкі звычайна двухполыя, правільныя ў гронках, мяцёлках і інш. суквеццях. Плод — каробачка, часам — ягада. Лек., агароднінныя, інсектыцыдныя, меданосныя, тэхн., дэкар., пакаёвыя расліны; ёсць ядавітыя.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 6. Цветковые растения. М., 1982.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК (Papaver),

род кветкавых раслін сям. макавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 3 дзікарослыя віды М.: аргемона (P. argemone), няпэўны (P. dubium), самасейка, або відук (P. rhoeas). Трапляюцца як пустазелле на палях, каля дарог. Культывуецца М. снатворны (P. somniferum). 5 інтрадукаваных: М. амурскі (P. anomalum), ападаючы (P. fugax), голасцябловы (P. nudicaule), прыкветкавы (P. bracteatum), усходні (P. orientale).

Адна- і шматгадовыя травяністыя, пераважна карэнішчавыя расліны з млечным сокам. Лісце перыстарассечанае або перыстараздзельнае. Кветкі буйныя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах, чырв., белыя, светла-фіялетавыя ці жоўтыя. Плод — каробачка. З няспелых каробачак М. снатворнага атрымліваюць опіум (загусцелы млечны сок, які выкарыстоўваецца ў вытв-сці лекаў, напр., кадэін, марфін, папаверын, і наркотыкаў), з насення — тэхн. алей. Лек., харч., алейныя, меданосныя і дэкар. расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

Мак самасейка.

т. 9, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХО́РКА (Nicotiana rustica),

кветкавая расліна сям. паслёнавых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы. У пач. 16 ст. завезена ў Еўропу. Культывуюць як тэхн. культуру ў Паўн. Афрыцы, Паўд. Азіі, Еўропе, у т. л. на Беларусі.

Аднагадовая травяністая расліна выш. 50—150 см з цяжкім непрыемным пахам. Корань стрыжнёвы, даўж. да 1,5 м. Сцёблы прамыя, галінастыя з залозістымі валаскамі. Лісце чаранковае, цёмна-зялёнае, з сінім адлівам, маршчыністае, круглаватае. Кветкі двухполыя, жоўта-зялёныя, у мяцёлчатай гронцы. Плод — шматнасенная каробачка. Сухое лісце М. мае да 10 % нікаціну, да 10 % лімоннай к-ты. З іх гатуюць крупку для курэння, нюхальны тытунь, тытунёвы пыл — інсектыцыд, атрымліваюць нікацінавыя мед. прэпараты (напр., вітамін РР, нікацін-сульфат), нікацін, лімонную к-ту, прэпараты для барацьбы са шкоднікамі с.-г. раслін, з узбуджальнікамі хвароб жывёл. Лек., тэхн. расліна.

Махорка.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВО́ЎНІК (Gossypium),

род шматгадовых травяністых раслін і кустоў сям. мальвавых. 35 відаў у Амерыцы, Азіі, Афрыцы, Аўстраліі. Адна з асн. тэхн. культур (прадзільная культура). Вырошчваюць у аднагадовай культуры ў тропіках, субтропіках, паўд. раёнах умеранага пояса бавоўнік мексіканскі (звычайны, або упланд; Gossypium hirsutum; больш за 70% сусв. вытв-сці бавоўнавага валакна), бавоўнік індакітайскі (дрэвападобны; Gossypium arboreum), бавоўнік перуанскі, барбадоскі (Gossypium peruvianum, Gossypium barbadense) і інш.

Кусты і травы з моцнай стрыжнёвай каранёвай сістэмай. Кветкі вял., белыя, крэмавыя, жоўтыя, двухполыя; звычайна самаапыляльнікі. Плод — каробачка. Насенне ўкрыта доўгімі, пераважна белымі, валаскамі, што выкарыстоўваюцца як валакно — бавоўна. Цеплалюбівая расліна, патрабавальная да ўмоў увільгатнення, жыўлення і асвятлення. Вегетац. перыяд 110—145 сут Лепшыя глебы — лёгкія сугліністыя шэразёмы. Засоленыя глебы папярэдне меліяруюць. З насення бавоўніка атрымліваюць баваўняны алей (22—29%), з пладоў — бавоўну. Добры меданос (мёдавытворчасць 300 кг/га). Гл. таксама Баваўнаводства.

Бавоўнік.

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́Т (Ipomoea batatas),

салодкая бульба, від кветкавых раслін з роду іпамея сям. бярозавых. Радзіма — Мексіка, Цэнтр. Амерыка. У Еўропу завезены Х.​Калумбам, у Афрыку — партугальцамі, Паўн. Амерыку — іспанцамі. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках Індыі, Інданезіі, Кітая, Японіі, Іспаніі, Італіі і ЗША як адну з асн. караняплодных харч. культур; як доследную культуру разводзяць у Туркменіі, Грузіі і інш. краінах.

Шматгадовая (у культуры часта аднагадовая) травяністая расліна з клубнепадобным коранем і сцелістым сцяблом даўж. 1—5 м. Лісце цэльнае або пальчаталопасцевае. Кветкі буйныя, ружовыя ці белыя, лейкападобныя. Плод — 4-насенная каробачка Харч. і кармавая расліна. «Клубні» батату маюць 24—28% крухмалу і цукру (адсюль другая назва — «салодкая бульба»). Маса «клубняў» 0,2—10 кг; іх спажываюць свежымі і сушанымі, перапрацоўваюць на кансервы, муку, крупы, крухмал, цукар, патаку, спірт. «Клубні» і бацвінне скормліваюць жывёле. Размнажаюць батат парасткамі прарослых «клубняў» і адрэзкамі сцяблоў.

Батат.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)