бой 425-га партыз. палка па разгроме 1-га ням. батальёна 278-га грэнадзёрскага палка 95-й дывізіі 14 снеж. ў в. Новы Гарадок Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Партызаны перакрылі ўсе падыходы да вёскі і ў ноч на 14 снеж. пачалі наступленне, знішчылі штаб праціўніка, гаражы з аўтамабілямі, склады, захапілі штабныя дакументы. Адначасова, каб адцягнуць увагу праціўніка, узвод партызан атакаваў суседні гарнізон у в. Лубянка. У выніку бою ўвесь фаш. батальён быў знішчаны, партызаны захапілі шмат стралк. зброі, боепрыпасы, амуніцыю і прадукты харчавання ворага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБО́Ру жывёлагадоўлі,
састаўленне бацькоўскіх пар для атрымання патомства пажаданай якасці; прыём паляпшэння парод с.-г. жывёл. Адрозніваюць П. аднародны (гамагенны) і разнародны (гетэрагенны). Пры аднародным П. выкарыстоўваюць вытворнікаў, падобных адзін да аднаго тыпам целаскладу, прадукцыйнасцю і паходжаннем, каб зберагчы і ўзмацніць каштоўныя якасці бацькоў; пры разнародным П. — пары, якія адрозніваюцца па гэтых паказчыках. Адна з форм аднароднага П. — інбрыдзінг (блізкароднаснае спароўванне для атрымання каштоўных племянных жывёл). Гетэрагенны П. служыць для стварэння новага тыпу жывёл (больш якасных), для ліквідацыі ў патомкаў недахопаў, наяўных у бацькоў, узбагачэння спадчыннасці. П. бывае індывід., групавы, індывід.-групавы, у птушкагадоўлі — сямейна-групавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫ́СТЫ (Mauristes),
кангрэгацыя св. Маўра, французская манаская кангрэгацыя ордэна бенедыкцінцаў у 1618—1790 (цэнтр — парыжскае абацтва Сен-Жэрмен-дэ-Прэ). Дзейнічалі ў агульным рэчышчы контррэфармацыі. Каб абараніць каталіцкую царкву ад крытыкі пратэстантаў, сабралі, вывучылі і апублікавалі вялізны сярэдневяковы рукапісны матэрыял, выдалі гісторыю бенедыкцінцаў, шматтомныя гісторыі асобных франц. правінцый (Лангедока, Брэтані і інш.), гісторыю франц. л-ры (больш за 40 тамоў). Выпрацавалі правілы вызначэння сапраўднасці месца і часу складання дакумента, паклалі пачатак палеаграфіі, дыпламатыцы і інш. дапаможным гіст. дысцыплінам. Найб. значныя прадстаўнікі — Ж.Мабільён, Б.Манфакон. Кангрэгацыя скасавана ў 1790 у час Франц. рэвалюцыі 1789—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАШНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
с.-г. расліны, якія для нармальнага росту і развіцця патрабуюць вялікай плошчы жыўлення і апрацоўкі міжрадкоўяў. Да П.к. належаць збожжавыя (кукуруза, грэчка, проса, сорга, фасоля), тэхнічныя (цукр. буракі, бавоўнік, сланечнік, тытунь), агароднінныя (капуста, памідоры, агуркі, буракі, морква), кармавыя (караняплоды, бульба, кармавая капуста).
Высяваюць або высаджваюць шырокарадковым, квадратным або квадратна-гнездавым спосабамі. Каб знішчыць пустазелле, зберагчы вільгаць і даць прыток паветра ў кораненаселены слой, робяць 2—3-разовае рыхленне міжрадкоўяў у-І—2 напрамках. Пад П.к. павышаецца мікрабіял. актыўнасць глебы, узмацняецца мабілізацыя пажыўных рэчываў П.к. ў севазвароце — добрыя папярэднікі інш. культур, асабліва збожжавых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́МАЎКА,
кароткі афарыстычны выраз, у якім вобразна, з пэўнай эмац. фарбоўкай вызначаецца якая-н. жыццёвая з’ява; жанр нар. паэтычнай творчасці. У адрозненне ад прыказкі, як правіла, не з’яўляецца самастойным суджэннем і залежыць ад кантэксту, у ёй няма такога абагульнення і павучання. Але П. ў большай ступені ўласцівы экспрэсіўнасць, сатыра і гумар, тэматычная канкрэтнасць. Па структуры П. звычайна адначленныя: «старасць не радасць», «старога мяшка на залатаеш», «як кот наплакаў», «віламі па вадзе пісана» і інш. Бываюць і двухчленныя: «Шумеў бы і я, каб жонкі не баяўся».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎКЦЫЁН [лац. auctio (auctionis)],
пачарговы публічны продаж тавараў, уладальнікам якіх становіцца пакупнік, што прапанаваў за іх самую высокую цану. Праводзяцца ў вызначаных месцах, па ўстаноўленых правілах спец. фірмамі, што працуюць на камісійных пачатках. Адрозніваюць аўкцыёны прымусовыя (паводле рашэння суд. органаў, каб спагнаць даўгі з неплацельшчыка) і добраахвотныя (арганізуюць уладальнікі тавараў для іх продажу). Традыцыйная форма міжнар. гандлю — міжнар. аўкцыён, дзе рэалізуюцца тавары пэўнай наменклатуры (воўна, футра, чай, тытунь, кветкі, коні, прадметы раскошы, антыкварыят, творы мастацтва і інш.). На аўкцыёнах прадаюць таксама канфіскаваную і безгаспадарную маёмасць, якая паводле права на спадчыну пераходзіць ва ўласнасць дзяржавы. На валютных аўкцыёнах ажыццяўляецца купля-продаж валюты праз упаўнаважаныя на гэта банкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БХУ́ТА (Зулфікар Алі) (5.1.1928, г. Ларкана, Пакістан — 4.4.1979),
палітычны і дзярж. дзеяч Пакістана. Бацька Б.Бхута. Адвакат. З 1958 міністр гандлю, міністр энергетыкі, саветнік прэзідэнта ген. М.Аюб Хана. Міністр замежных спраў (1963—66), садзейнічаў адыходу Пакістана ад аднабаковай арыентацыі на Захад. Пасля разрыву з Аюб Ханам у 1967 заснаваў апазіцыйную Пакістанскую нар. партыю, якая перамагла на выбарах 1970. Прэзідэнт краіны і кіраўнік урада (1971—73), прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў (1973—77), рабіў захады, каб разрадзіць напружанасць у адносінах з Індыяй і Бангладэш. Адхілены ад улады ў выніку перавароту ген. М.Зія-уль-Хака, абвінавачаны ў арганізацыі паліт. забойства і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія),
сельскагаспадарчая экалогія, раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БІХТ (Генрык Тэадоравіч) (1835 ці 1836, Вільня — 12.6.1863),
удзельнік нац.-вызв. руху 1850—60-х г. на Беларусі, у Польшчы, Літве. Скончыў Віленскую гімназію (1852), служыў паштовым чыноўнікам. Каб пазбегнуць арышту за ўдзел у рэв. гуртках, у 1857 эмігрыраваў у Лондан. Быў актыўным дзеячам польскай Рэвалюцыйнай грамады «Лондан», працаваў у друкарні «Колокола». Вясной 1862 нелегальна прабраўся ў Варшаву. Уваходзіў у лявіцу «чырвоных», быў агентам Цэнтральнага нацыянальнага камітэта. Асн. рухальнай сілай паўстання лічыў народ. У ліст. 1862 арыштаваны, зняволены ў Брэсцкую крэпасць. Павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.
Літ.:
Кісялёў Г. Вязень Брэсцкай крэпасці // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯНЕ́Т (франц. baïonette літар. штык),
1) першапачатковая назва штыка, вынайдзенага ў сярэдзіне 17 ст. ў Францыі. Мае выгляд нажа (пакарочанага кап’я), ручка якога ўстаўляецца ў канал ствала ружжа. У некаторых краінах (напр., Расіі) наз. багінетам (іл.гл. да арт.Штык).
2) Хуткае злучэнне дэталяў, пры якім адну дэталь, што мае прарэз, насаджваюць на інш. дэталь з адпаведным выступам і пакручваюць так, каб выступ стопарыў дэталь. Выкарыстоўваецца для замацавання дэталяў у патронах металарэзных станкоў, аб’ектываў у фотаапаратах і інш.
Да арт.Баянет: а — без запорнага прыстасавання; б — з замком; в — з вінтавым пазам; 1, 2 — злучальныя дэталі; 3 — штыфт;
4 — запорная спружына.