ШАЛЕ́НСТВА, вадабоязь, гідрафобія,

вострая інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл з групы антрапазаанозаў. Выклікаецца вірусамі сям. рабдавірусаў, характарызуецца пашкоджаннем цэнтр. нерв. сістэмы.

Вядома са стараж. часоў. Вірусную этыялогію Ш. даказаў Л.Пастэр (1881), ён жа распрацаваў вакцыну для прафілактыкі хваробы. У прыродзе хварэюць млекакормячыя, найб. прадстаўнікі драпежных, сярод свойскай жывёлы — буйн. раг. жывёла, сабакі, каты і інш. Заражэнне адбываецца праз сліну хворай жывёлы, найперш пры ўкусе. Магчыма таксама перадача інфекцыі праз інфіцыраваныя прадметы, мясныя і малочныя прадукты. Ад аднаго чалавека другому Ш. не перадаецца.

На Беларусі штогод ад Ш. памірае некалькі чалавек. Працягласць скрытага перыяду залежыць ад месца ўкусу, ад памеру і глыбіні пашкоджання тканак. Прыкметы ў чалавека: запаленне і прыпуханне на месцы ўкусу, праз 1—3 дні вадабоязь (хворы не можа піць ваду і ўжываць вадкую ежу ў выніку сутаргавага скарачэння мышцаў глоткі і гартані), аэрафобія (сутаргі выклікае подых паветра), фотафобія (узбуджальны ўплыў яркага святла) і інш. Смерць настае раптоўна ад паралічу сэрца або дыхання. Агульная працягласць хваробы 3—7 дзён. Спецыфічнага лячэння няма, прафілактыка ўключае выяўленне і знішчэнне хворых на Ш. жывёл і экстранныя антырабічныя прышчэпкі чалавеку пасля інфіцыравання.

А.​А.​Астапаў.

т. 17, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́РТ (лац. abortus),

спыненне цяжарнасці ў жанчын у першыя 22 тыдні (раней лічылі 28), калі плод яшчэ не здольны да жыцця па-за целам маці. Спыненне цяжарнасці ў больш познія тэрміны (да 38 тыдняў) наз. заўчаснымі родамі. Аборт да 12 тыдняў лічыцца ранні, пасля гэтага тэрміну — позні. Аборт штучны — спыненне цяжарнасці пры дапамозе спец. інструментаў або фармакалагічных сродкаў урачом у мед. установе; дазволены заканадаўствам у большасці краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Штучнае спыненне цяжарнасці па-за бальнічнай установай або без урача лічыцца крымінальным. Самаадвольны аборт (выкідыш) можа быць вынікам уздзеяння генет., эндакрынных, інфекц., сац.-эканам., экалаг., прафес. фактараў і звязаных з гэтым хвароб жанчыны і мужчыны і стварае вял. праблему ў акушэрстве — да 15—20% выкідышаў. У самаадвольным аборце адрозніваюць стадыі: пагражальны аборт, аборт, які пачаўся, аборт няпоўны і поўны. На 2 першых стадыях магчыма захаванне цяжарнасці. Самаадвольны аборт можа ўзнікаць паўторна (прывычны выкідыш), асн. сімптомы: болі ў нізе жывата і ў крыжы, крывяныя выдзяленні, далучаная інфекцыя. Аборт, якому спадарожнічае інфекцыя, наз. інфекцыйны. Любы аборт можа выклікаць ускладненні раннія (крывацёкі, пракол сценкі маткі, пашкоджанні сумежных органаў) і познія (запаленне палавых органаў і брушыны, бясплоднасць, эндакрынныя парушэнні), а таксама смерць жанчыны. Лячэнне аборту на ўсіх стадыях праводзіцца ў стацыянарных умовах.

І.​У.​Дуда.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯБЕ́Т ЦУКРО́ВЫ, цукровая хвароба,

эндакрыннае захворванне, абумоўленае поўным (інсулінзалежны Д.ц.) або адносным (інсуліннезалежны Д.ц.) недахопам у арганізме гармону інсуліну або яго нізкай біял. актыўнасцю. Характарызуецца парушэннем усіх відаў абмену рэчываў і пашкоджаннем буйных і дробных крывяносных сасудаў. Д.ц. — вынік недастатковага ўтварэння ў падстраўнікавай залозе інсуліну з прычыны функцыян. прыгнечанасці або арган. пашкоджання β-клетак астраўкоў Лангерганса ў выніку парушэння абмену рэчываў, інфекц. хвароб, выдзялення вял. колькасці гармонаў антаганістаў інсуліну, атрафіі і перараджэння парэнхімы падстраўнікавай залозы, хранічнага пераядання і інш. Пры недахопе інсуліну памяншаецца ўтварэнне глікагену з глюкозы, таму тканкі не засвойваюць цукар і не могуць выкарыстоўваць яго як крыніцу энергіі, што вядзе да павышэння ўзроўню цукру ў крыві (гіперглікемія) і выдзяленню яго з мачой (гліказурыя). У больш цяжкіх выпадках парушаецца функцыя печані: у ёй не сінтэзуецца і не назапашваецца глікаген, не абясшкоджваюцца прадукты распаду бялкоў і тлушчаў, што прыводзіць да ацыдозу, які можа выклікаць дыябетычную кетаацыдатычную кому. У хворых на Д.ц. адзначаюцца празмерны апетыт і смага, выдзяленне вял. колькасці мачы (да 8 л за суткі) з высокай удз. в., скурны сверб, запаленне слізістых абалонак поласці рота і інш. Лячэнне — дыета, інсулін і таблеткі, якія зніжаюць цукар.

Літ.:

Балаболкин М.И. Сахарный диабет. М., 1994;

Справочник по клинической эндокринологии. Мн., 1996.

Т.​В.​Мохарт.

т. 6, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІ,

паталагічныя выдзяленні з палавых органаў жанчыны; сімптом парушэння сакраторнай функцыі палавых органаў пры хваробах палавой сферы (ганарэя, трыхаманоз, септычныя запаленчыя працэсы, пухліны і інш.), а таксама сімптом агульных захворванняў. У здаровай жанчыны выдзяленні могуць павялічвацца перад менструацыяй і пасля яе, пры цяжарнасці, юрлівасці, у гэтых выпадках яны светлыя, хутка знікаюць.

Адрозніваюць похвенныя, вестыбулярныя, шыйкавыя, матачныя і трубныя белі. Найчасцей бываюць похвенныя белі белаватага колеру пры агульных хваробах (туберкулёз, інфекц. хваробы, хваробы шчытападобнай залозы і інш.), а таксама ў жанчын пры згасанні функцыі яечнікаў і парушэнні глікагенаўтварэння ў слізістай абалонцы похвы. Усе похвенныя белі (жоўтага колеру) могуць узнікаць ад інфекцыі пры разрывах прамежнасці і зеўранні палавой шчыліны, пры апушчэнні сценак похвы, мочапалавых і кішачна-палавых свішчах як вынік няправільных і непатрэбных спрынцаванняў. Прычына вестыбулярных беляў — запаленне вульвы або вял. залоз перад уваходам у похву (барталінавыя залозы). Белі збіраюцца ў складках вульвы і выклікаюць раздражненне. Шыйкавыя белі белаватага або гемарагічнага колеру ўзнікаюць пры запаленнях і пашкоджаннях, паліпах і раку маткі; у норме яны празрыстыя, слізістыя, найчасцей у першую фазу менструальнага цыкла і перад авуляцыяй. Матачныя белі ў другую фазу (сакраторную) менструальнага цыкла толькі ўвільгатняюць паверхню эндаметрыя. Пры вострых запаленчых працэсах яны гнойныя, пры хранічных — вадзяністыя, пры ракавым пашкоджанні — колеру мясных памыяў. Трубныя белі ўтвараюцца пры запаленчых працэсах у трубах, праз матку і похву яны выдзяляюцца вонкі і праз ампулярны аддзел трубаў у брушную поласць. Бываюць серозныя, вадзяністыя або гнойныя. Лячэнне беляў залежыць ад прычыны хваробы.

І.​У.​Дуда.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУБЕРКУЛЁЗ,

інфекцыйная хвароба жывёлы і чалавека, якая выклікаецца мікабактэрыямі — палачкай Коха; адна з сацыяльных хвароб. Узбуджальнік адкрыты Р.Кохам (1882).

Для чалавека найб. небяспечныя 3 узбуджальнікі: чалавечы. бычыны. афрыканскі. Т. пашкоджвае органы дыхання (найб. часта — 90%), лімфатычныя вузлы. мочапалавую сістэму, косці і суставы. скуру. вочы, кішэчнік і інш. Крыніца інфекцыі — хворы на Т., які выдзяляе з макротай узбуджальнікаў у навакольнае асяроддзе. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворым, праз яго рэчы; пры ўжыванні мяса, малака кароў, хворых на Т. Туберкулёзнае запаленне складаецца са спецыфічных клетак з казеёзным некрозам і поласцямі распаду. Адрозніваюць першасны і другасны Т. Першасны бывае ў неінфіцыраваных людзей, часцей у дзяцей і падлеткаў (туберкулёзны працэс пашкоджвае лёгкія, лімфатычныя вузлы. плеўру). Другасныя формы развіваюцца ў інфіцыраваных людзей пры паўторным заражэнні або рэзкім аслабленні арганізма (бывае ачаговы, інфільтратыўны, фіброзна-кавернозны і інш.). Вылучаюць таксама адкрытыя і закрытыя формы, абвастрэнне і затуханне працэсу. Прыкметы: слабасць, патлівасць, схудненне, павышэнне т-ры цела, кашаль з макротай, задышка, Некат. формы працякаюць непрыкметна або бессімптомна. Выяўленне Т.: у дзяцей — туберкулінавыя пробы, у дарослых — рэнтгенафлюараграфічныя агляды, мікраскапія мазка макроты. Лячэнне: антыбактэрыяльная тэрапія, калапсатэрапія, хірургічнае. Вывучае Т. фтызіятрыя. На Т. хварэюць таксама млекакормячыя жывёлы, птушкі.

Літ.:

Ломако М.Н., Судник С.И., Соболь С.А. Руководство по фтизиатрии. 2 изд. Мн., 1991;

Кривонос П.С. Современные возможности и перспективы химиотерапии туберкулеза // Рецепт. 1999. № 1/2;

Кривонос П.С. и др. Проблемы туберкулеза в Республике Беларусь на современном этапе // Актуальные вопросы современной медицины: Материалы юбилейной науч. конф., посвящ. 80-летию БГМУ. Мн.,2001. Ч. 1.

П.​С.​Крыванос.

т. 16, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТУЛІ́ЗМ (ад лац. botulus каўбаса),

вострая атручальна-інфекцыйная хвароба з пераважным пашкоджаннем нерв. сістэмы. У чалавека выклікаецца таксінамі бактэрыі Clostridium batulinum, якія трапляюць у арганізм з няякаснымі харч. прадуктамі (мяса, рыба, кансервы і інш.). Большасць выпадкаў батулізму звязана з дамашнім кансерваваннем. Мікробы батулізму распаўсюджаны ў глебе ў выглядзе спораў, вадзе, кішэчніку рыб, у хворых жывёл і чалавека. У працэсе вегетацыі і размнажэння (пры адсутнасці кіслароду) яны ўтвараюць таксін.

Прыкметы хваробы: агульная слабасць, моцны галаўны боль, параліч мышцаў. У некаторых хворых моташнасць, ірвота, панос, сухасць слізістых рота, смага. Адначасова ці пазней назіраюцца спецыфічныя сімптомы батулізму: парушэнне зроку («туман», «мушкі», «сетка» перад вачамі), дваенне прадметаў, хворы не можа чытаць, расшырэнне зрэнкаў, апушчэнне павекаў, нерухомасць вочных яблыкаў; замінка глытання («камяк» у горле, боль пры глытанні); невыразная мова, слабы, гугнявы голас або поўная яго адсутнасць (афанія). Пры цяжкай форме батулізму — расстройства дыхання (цяжкасць і ціск у грудзях, не хапае паветра, парушэнне рытму дыхання), што можа выклікаць запаленне лёгкіх. Тэмпература цела нармальная або крыху павышаецца, свядомасць захоўваецца. Лячэнне: спецыфічная антытаксічная сываратка і антыбіётыкі, салявыя растворы з аскарбінавай кіслатой, какарбаксілазай, прамыванне страўніка і кішак. Прафілактыка: выкананне асн. санітарна-гігіенічных правілаў апрацоўкі, транспарціроўкі, захавання і прыгатавання харч. прадуктаў. У жывёл атручэнне бывае ад няякаснага корму, у якім ёсць таксін палачкі батулінусу. Крыніца інфекцыі — глеба, а таксама трупы звяркоў (кратоў, мышэй, пацукоў). Асн. сімптомы — параліч мускулатуры, пераважна жавальнага і глытальнага апаратаў. Часцей атручваюцца коні, птушкі, радзей буйн. раг. жывёла і свінні, з пушных звяроў — норкі. Інкубацыйны перыяд 24 гадз — 10—12 дзён. Хвароба цягнецца 1—5, радзей 5—10 дзён. Лек. сродкі: слабіцельныя і полівалентныя сывараткі, прамыванне страўніка растворам марганцавакіслага калію, содай.

П.​Л.​Новікаў.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНАРЫ́Я (ад лац. veterinarius той, хто даглядае, лечыць жывёлу), ветэрынарная медыцына,

галіна навукі і практычнай дзейнасці, накіраваная на прадухіленне і лячэнне хвароб жывёлы, ахову людзей ад хвароб, агульных для чалавека і жывёл, выпуск дабраякасных у вет.-сан. адносінах прадуктаў жывёлагадоўлі і вет.-сан. ахову навакольнага асяроддзя. Аб’ядноўвае эпізааталогію, паразіталогію, ветэрынарную санітарыю, зоагігіену і шэраг інш. вет. і біял. дысцыплін; цесна звязана з заатэхніяй.

Найб. стараж. звесткі пра лячэнне жывёл адносяцца да 4-га тыс. да н. э. (Егіпет, Індыя). У сярэднія вякі лячэннем свойскай жывёлы займаліся пераважна яе гаспадары, а таксама пастухі і кавалі, якія выкарыстоўвалі выпадковыя, звычайна нар. сродкі. Узнікненне прафес. ветэрынарыі на Русі адносіцца да 10—13 ст. Як навука пачала фарміравацца ў 1511, калі быў створаны Канюшневы прыказ, які займаўся пытаннямі ўзнаўлення, трэніроўкі, вывядзення новых парод коней і іх лячэння ў «лекавых канюшнях» (вет. лячэбніцах). У 2-й пал. 18 ст. адкрыліся вет. школы ў Францыі, Германіі, Аўстрыі, з’явіліся першыя выданні па ветэрынарыі. Вял. ўплыў на развіццё ветэрынарыі зрабілі працы франц. вучоных К.​Буржэлы, Л.Пастэра, англ. ўрача Э.​Джэнера, рус. вучоных У.​І.​Усеваладава, К.І.Скрабіна і інш.

На Беларусі першыя працы па ветэрынарыі з’явіліся ў 17—18 ст.; пры Віленскім ун-це дзейнічаў вет. ін-т (з 1818). У пач. 20 ст. былі адкрыты 2 земскія вет. лабараторыі (у Мсціславе і Горках), 31 вет. ўчастак, вет. лячэбніца ў Мінску і вет. бактэрыялагічная лабараторыя ў Віцебску. У 1924 арганізаваны Віцебскі вет. ін-т (з 1994 Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны). Навукова-даследчая работа праводзіцца ў БелНДІ эксперым. ветэрынарыі (з 1956 каардынуе даследаванні па ветэрынарыі на Беларусі), БелНДІ жывёлагадоўлі, с.-г. ВНУ. Найб. вядомыя ў галіне ветэрынарыі бел. вучоныя: Я.П.Алонаў, С.М.Вышалескі, Х.С.Гарагляд, А.І.Фёдараў, Я.Р.Губарэвіч, І.Я.Дземідзенка, В.Ф.Пятроў, П.С.Іванова, Р.С.Чабатароў, І.А.Шчарбовіч, М.К.Юскавец. Распрацоўваюцца найноўшыя метады аховы жывёлы ад узбуджальнікаў хвароб (асабліва ад вірусных інфекцый і гельмінтозаў), людзей — ад антрапазаанозаў. Вывучаюцца вет. геаграфія, пытанні эпізааталагічнага прагназавання, вет. абслугоўванне жывёл у жывёлагадоўчых комплексах і інш. У рэспубліцы ліквідаваны шэраг небяспечных хвароб жывёлы (сап, мыт, лімфангіт, чума, інфекц. анемія і кароста коней, павальнае запаленне лёгкіх і злаякасная катаральная гарачка буйн. раг. жывёлы і інш.), значна зменшылася колькасць захворванняў на сібірскую язву, фасцыялёз, дыктыякаўлёз, трыхінелёз, кровапаразітарныя і інш. хваробы.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНАРЫЯ

Першыя навук. працы па ветэрынарыі на Беларусі з’явіліся ў 18 ст. З 1797 папярэджанне і лячэнне хвароб жывёл ставілася ў абавязак урачэбным управам. Спецыялістаў па ветэрынарыі з 1806 рыхтавалі ў Віленскім ун-це. Папулярызатарамі вет. ведаў на Беларусі былі ўрачы С.​Юндзіл, А.​Мартынеўскі, К.​Гібенталь. У 1913 створана Віцебская губ. земская ветэрынарна-бактэрыялагічная лабараторыя, пры якой працавалі пастэраўскае аддзяленне для прышчэплівання людзей ад шаленства і воспавы цялятнік для прыгатавання воспа-вакцыны. У 1924 на базе Вышэйшай с.-г. школы арганізаваны Віцебскі ветэрынарны ін-т (з 1994 — Віцебская акадэмія вет. медыцыны); першы рэктар — Я.​П.​Алонаў. У 1930 заснаваны Бел. ветэрынарна-бактэрыялагічны ін-т (з 2002 Ін-т эксперым. ветэрынарыі імя С.​М.​Вышалескага).

Уклад у развіццё вет. навук і стварэнне вет. дабрабыту зрабілі акад. С.​М.​Вышалескі, Х.​С.​Гарагляд, М.​К.​Юскавец. Вывучаны метады лячэння і прафілактыкі паразітарных хвароб (І.​С.​Жарыкаў, П.​С.​Іванова, Р.​С.​Чабатароў, І.​А.​Шчарбовіч, М.​В.​Якубоўскі, А.​І.​Ятусевіч); распрацаваны мерапрыемствы па папярэджанні і лячэнні ялавасці, мастытаў (К.​Дз.​Валюшкін, Р.​Р.​Кузміч); даследаваліся пытанні дыягностыкі і прафілактыкі туберкулёзу с.-г. жывёл (А.​Э.​Высоцкі, А.​П.​Лысенка, І.​І.​Румачык, Р.​І.​Тузава), лейкозаў буйн. раг. жывёлы (В.​М.​Лемеш). Распрацаваны сродкі дыягностыкі і прафілактыкі бактэрыяльных і вірусных хвароб жывёл і птушак (М.​М.​Андросік, Б.​Я.​Бірман, М.​С.​Жакаў, М.​А.​Кавалёў, П.​А.​Красачка, У.​В.​Максімовіч, В.​Ф.​Пятроў); спосабы вет.-санітарнай экспертызы мяса, малака, рыбы і інш. (А.​А.​Богуш, Х.​С.​Гарагляд). Шырока вывучалася роля макра- і мікраэлементаў у абмене рэчываў у жывёл (Ф.​Я.​Беранштэйн, М.​П.​Кучынскі, В.​М.​Холад). Распрацаваны актуальныя кірункі ў вет. хірургіі, у вывучэнні незаразных хвароб (І.​Я.​Дземідзенка, П.​Я.​Канапелька, І.​М.​Карпуць, Р.​І.​Мастыка, Ф.​Ф.​Порахаў). Даследуюцца метады і спосабы санітарна-мікрабіялагічнай ацэнкі якасці ўтрымання жывёл у жывёлагадоўчых комплексах і гаспадарках, рэжымы выкарыстання экалагічна бяспечных дэзінфекцыйных сродкаў для санацыі жывёлагадоўчых памяшканняў (А.​Э.​Высоцкі).

Намаганнямі вет. службы ў краіне ліквідаваны сап, мыт, эпізаатычны лімфангіт, інфекц. анемія і кароста коней; эмкар, чума, павальнае запаленне лёгкіх, бруцэлёз, злаякасная гарачка буйн. раг. жывёлы; воспа свіней і інш.

Літ.:

Объедков Г.А. Бруцеллез крупного рогатого скота и борьба с ним Мн., 1977;

Тузова Р.В. Туберкулез сельскохозяйственных животных и птицы Мн., 1983;

Якубовский М.В., Карасев Н.Ф. Диагностика, терапия и профилактика паразитарных болезней животных. Мн., 2001;

Бирман Б.Я. Инфекционная бурсальная болезнь. Мн., 2003;

Справочник по наиболее распространенным болезням крупного рогатого скота и свиней. Смоленск, 2003.

А.​П.​Лысенка, А.​Э.​Высоцкі.

т. 18, кн. 2, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)