ВЕТЭРЫНАРЫ́Я

(ад лац. veterinarius той, хто даглядае, лечыць жывёлу),

ветэрынарная медыцына, галіна навукі і практычнай дзейнасці, накіраваная на прадухіленне і лячэнне хвароб жывёлы, ахову людзей ад хвароб, агульных для чалавека і жывёл, выпуск дабраякасных у вет.-сан. адносінах прадуктаў жывёлагадоўлі і вет.-сан. ахову навакольнага асяроддзя. Аб’ядноўвае эпізааталогію, паразіталогію, ветэрынарную санітарыю, зоагігіену і шэраг інш. вет. і біял. дысцыплін; цесна звязана з заатэхніяй.

Найб. стараж. звесткі пра лячэнне жывёл адносяцца да 4-га тыс. да н. э. (Егіпет, Індыя). У сярэднія вякі лячэннем свойскай жывёлы займаліся пераважна яе гаспадары, а таксама пастухі і кавалі, якія выкарыстоўвалі выпадковыя, звычайна нар. сродкі. Узнікненне прафес. ветэрынарыі на Русі адносіцца да 10—13 ст. Як навука пачала фарміравацца ў 1511, калі быў створаны Канюшневы прыказ, які займаўся пытаннямі ўзнаўлення, трэніроўкі, вывядзення новых парод коней і іх лячэння ў «лекавых канюшнях» (вет. лячэбніцах). У 2-й пал. 18 ст. адкрыліся вет. школы ў Францыі, Германіі, Аўстрыі, з’явіліся першыя выданні па ветэрынарыі. Вял. ўплыў на развіццё ветэрынарыі зрабілі працы франц. вучоных К.Буржэлы, Л.Пастэра, англ. ўрача Э.Джэнера, рус. вучоных У.І.Усеваладава, К.І.Скрабіна і інш.

На Беларусі першыя працы па ветэрынарыі з’явіліся ў 17—18 ст.; пры Віленскім ун-це дзейнічаў вет. ін-т (з 1818). У пач. 20 ст. былі адкрыты 2 земскія вет. лабараторыі (у Мсціславе і Горках), 31 вет. ўчастак, вет. лячэбніца ў Мінску і вет. бактэрыялагічная лабараторыя ў Віцебску. У 1924 арганізаваны Віцебскі вет. ін-т (з 1994 Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны). Навукова-даследчая работа праводзіцца ў БелНДІ эксперым. ветэрынарыі (з 1956 каардынуе даследаванні па ветэрынарыі на Беларусі), БелНДІ жывёлагадоўлі, с.-г. ВНУ. Найб. вядомыя ў галіне ветэрынарыі бел. вучоныя: Я.П.Алонаў, С.М.Вышалескі, Х.С.Гарагляд, А.І.Фёдараў, Я.Р.Губарэвіч, І.Я.Дземідзенка, В.Ф.Пятроў, П.С.Іванова, Р.С.Чабатароў, І.А.Шчарбовіч, М.К.Юскавец. Распрацоўваюцца найноўшыя метады аховы жывёлы ад узбуджальнікаў хвароб (асабліва ад вірусных інфекцый і гельмінтозаў), людзей — ад антрапазаанозаў. Вывучаюцца вет. геаграфія, пытанні эпізааталагічнага прагназавання, вет. абслугоўванне жывёл у жывёлагадоўчых комплексах і інш. У рэспубліцы ліквідаваны шэраг небяспечных хвароб жывёлы (сап, мыт, лімфангіт, чума, інфекц. анемія і кароста коней, павальнае запаленне лёгкіх і злаякасная катаральная гарачка буйн. раг. жывёлы і інш.), значна зменшылася колькасць захворванняў на сібірскую язву, фасцыялёз, дыктыякаўлёз, трыхінелёз, кровапаразітарныя і інш. хваробы.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)