ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ АПЕРАТЫ́ЎНАЯ ГРУ́ПА ЦК КП(б)Б.
Створана паводле пастановы ЦК КЛ(б)Б ад 20.3.1942 для кіраўніцтва патрыят. падполлем і партыз. рухам на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Складалася з парт., сав. і камсам. работнікаў на чале з сакратаром ЦККП(б)Б Р.Б.Эйдзінавым. Размяшчалася ў в. Шэйна Таропецкага р-на Калінінскай вобл. (Расія) і абапіралася на дапамогу ваен. саветаў 3-й і 4-й ударных армій, узаемадзейнічала са штабамі гэтых армій і Калінінскага фронту. Асн.задачы групы: наладжванне сувязей з падполлем і партыз. фарміраваннямі, што дзейнічалі ў Віцебскай і паўн. раёнах Мінскай і Магілёўскай абл., аказанне ім дапамогі, збор і апрацоўка разведвальнай інфармацыі аб варожым тыле. Расфарміравана ў вер. 1942 у сувязі са стварэннем Беларускага штаба партызанскага руху.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАВА́Я ІНСПЕ́КЦЫЯ ПРА́ЦЫ,
спецыяльны орган, які ажыццяўляе нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і правілаў па ахове працы. На Беларусі такія функцыі выконвае К-т па інспекцыі працы пры Мін-ве працы. У структуру К-та ўваходзяць: цэнтр. апарат, абл. і Мінскае гар. ўпраўленні, міжраённыя інспекцыі працы. Рашэнні К-та з’яўляюцца абавязковымі для выканання мін-вамі, інш.рэсп. органамі дзярж. кіравання, выканаўчымі і распарадчымі органамі, наймальнікамі і службовымі асобамі. Асн.задачы П.і.п.: нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы; прафілактыка, выяўленне і выкараненне парушэнняў заканадаўства; правядзенне спец. расследаванняў няшчасных выпадкаў на вытв-сці, а таксама кантроль за выкананнем наймальнікамі Палажэння аб расследаванні і ўліку няшчасных выпадкаў на вытв-сці, збор і аналіз інфармацыі аб няшчасных выпадках, прафес. захворваннях, парушэннях заканадаўства, падрыхтоўка прапаноў па іх папярэджанні і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКТЫ́ЎНЫХ АПЕРА́ТАРАЎ МЕ́ТАДу тэорыі элементарных часціц,
агульны метад рашэння рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў 1-га парадку, запісаных у матрычнай форме. Рашэнні атрымліваюцца ў выглядзе праектыўных матрыц-дыяд, якія апісваюць усе магчымыя фіз. станы свабоднай элементарнай часціцы з дазволенымі значэннямі чатырохвектара энергіі-імпульсу і праекцый спіна. Распрацаваны Ф.І.Фёдаравым (1958) на аснове ўласцівасцей мінім. паліномаў для асн. матрыц ураўненняў і аператараў праекцый спіна часціц. Дазваляе ў агульным выглядзе рашаць задачы квантавай механікі на ўласныя значэнні і ўласныя (хвалевыя) функцыі матрычных аператараў для 2 фіз. велічынь, якія могуць вымярацца адначасова. На Беларусі ў Ін-це фізікі Нац.АН на падставе выкарыстання П.а.м. развіта каварыянтная фармулёўка тэорыі элементарных часціц і распрацаваны эфектыўныя метады разліку працэсаў іх узаемадзеяння.
Літ.:
Федоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;
Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мп.,1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,
сацыяльна-геаграфічная дысцыпліна, якая вывучае гал. фактары развіцця і заканамернасці тэр. арганізацыі рэкрэацыйнай дзейнасці (лячэбна-курортнай, аздараўленчай, турысцкай, экскурсійнай) і турысцкай гаспадаркі. Задачы Р.г.: даследаванне і ацэнка прыродных і культ.-гіст.рэкрэацыйных рэсурсаў, турысцкага попыту і выбіральнасці рэкрэацыйных тэрыторый рознымі сац.-дэмаграфічнымі групамі насельніцтва, структуры і геагр. накіраванасці турысцкіх патокаў, абгрунтавання комплекснага развіцця і спецыялізацыі рэкрэацыйных раёнаў, курортаў і інш. Выкарыстоўвае сістэмна-структурны ландшафтна-экалагічны, балансавы, ацэначны і інш. метады. Цесна звязана з фіз., сац., эканам. і мед. геаграфіямі, курарталогіяй, эканомікай турызму і інш. На Беларусі даследаванні па Р.г. праводзяцца з 1960-х г. у БДУ, БПА, БелНДІ праектавання горадабудаўніцтва, Бел.тэхнал. ун-це і інш.Гл. таксама Рэкрэацыя.
І.І.Пірожнік.
Рэкрэацыйная архітэктура. Дзіцячы аздараўленчы комплекс «Брыганціна» ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобл.Рэкрэацыйная архітэктура. Гасцініца спартыўнага комплексу «Раўбічы» (Мінскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАХО́ДНАЯ АРТЫЛЕРЫ́ЙСКАЯ ЎСТАНО́УКА (САУ),
самаходная ўстаноўка (СУ), артылерыйская гармата на самаходным танкавым шасі або спец. базе, прызначаная для непасрэднага суправаджэння танкавых і мотастралковых падраздзяленняў у баі. Выконвала задачыартыл. падтрымкі рухомых злучэнняў у барацьбе з танкамі, бронемашынамі, агнявымі сродкамі і інш. САУ з’явіліся ў 1-ю сусв. вайну, шырока выкарыстоўваліся ў час 2-й сусв. вайны (СССР, Германія, ЗША і інш.). Мелі гармату калібру 76—203 мм. Падзяляліся па масе на лёгкія (да 20 т), сярэднія (да 40 т) і цяжкія (больш за 40 т); паводле тыпу гармат — на пушкі, гаўбіцы, гаўбіцы-пушкі; па бранявой ахове — на закрытага, паўзакрытага і адкрытага тыпу. З 1960-х г. у сувязі з развіццём самаходнай артылерыі САУ (акрамя процітанкавых і зенітных установак) не выпускаюцца.
Да арт.Самаходная артылерыйская ўстаноўка: 1 — савецкая ІСУ-122 (закрытага тыпу); 2 — нямецкая 88-мм «фердынанд» (закрытага тыпу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАМЕ́РНЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
раздзел матэматычнай статыстыкі, які аб’ядноўвае метады вывучэння стат. даных пра аб’екты з некалькімі якаснымі і колькаснымі адзнакамі. Яго задачы — даследаванне структуры сувязей паміж пераменнымі, зніжэнне размернасці характэрных адзнак, пабудова класіфікацый, даследаванне прычынных сувязей. Для выяўлення структуры сувязей паміж рознымі пераменнымі звычайна выкарыстоўваецца матрыца карэляцый. Яе аналіз, які заключаецца ў вылучэнні падмностваў пераменных, што цесна карэліруюць адно за адным, ажыццяўляецца «ўручную» (напр., пры дапамозе графа, які адлюстроўвае найб. істотныя сувязі паміж пераменнымі, або метадамі камп’ютэрнага аналізу (напр., метад гал. кампанент, фактарны аналіз, кластэрны аналіз пераменных). Задачы і метады класіфікацыі, у залежнасці ад умоў, уключаюць: класіфікацыю па зададзеных фармальных крытэрыях, класіфікацыі аўтаматычную і з абучэннем. Класіфікацыя па зададзеных крытэрыях заключаецца ў групоўцы аб’ектаў па адным або некалькіх паказчыках. Класіфікацыя па некалькіх паказчыках наз. перакрыжаванай (лінгвістычнай; напр., полаўзроставая структура насельніцтва). Аўтаматычную класіфікацыю выкарыстоўваюць у выпадках, калі крытэрыі групоўкі невядомыя і адсутнічаюць апрыёрныя ўяўленні аб колькасці і характары класаў. Для яе пабудовы ўжываюць метады кластэрнага аналізу, якія дазваляюць вылучыць групы аб’ектаў, блізкіх адзін аднаму па значэннях пераменных, што вымяраюцца. Класіфікацыя з абучэннем выкарыстоўваецца, калі крытэрыі класіфікацыі невядомыя, але вядомы колькасць класаў і іх тыпалагічныя асаблівасці; такая класіфікацыя ажыццяўляецца некаторымі метадамі кластэрнага аналізу і метадам дыскрымінантнага аналізу. Аналіз стат. прычынных сувязей ажыццяўляецца пры дапамозе дысперсійнага аналізу, а таксама метадамі множнай лінейнай рэгрэсіі, лагістычнай рэгрэсіі, дыскрымінантнага аналізу і інш., якія прадугледжваюць наяўнасць адзінай залежнай пераменнай і не даюць магчымасці даследаваць структуру сувязей паміж незалежнымі пераменнымі (прэдыкатарамі). Структура сувязей паміж прэдыкатарамі можа быць улічана ў мадэлях пуцявога аналізу. Найб. агульным з’яўляецца метад лінейных структурных ураўненняў, што дае магчымасць будаваць складаныя мадэлі з вял. колькасцю залежных і незалежных пераменных, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой; яго прыватнымі формамі з’яўляецца рэгрэсійны, дысперсійны, пуцявы і фактарны аналіз.
Літ.:
Афифи А., Эйзен С. Статистический анализ: Подход с использованием ЭВМ: Пер. с англ.М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛАГІ́ЧНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ,
добраахвотная навукова-грамадская арг-цыя, якая аб’ядноўвае вучоных і спецыялістаў, што працуюць у галіне сацыялогіі. Створана ў 1994, з’яўляецца правапераемніцай Бел. аддзялення Сав. сацыялагічнай асацыяцыі. Асн.задачы: павышэнне прафес. ўзроўню членаў асацыяцыі, пашырэнне сацыялагічных ведаў; садзейнічанне развіццю сацыялагічнай навукі, павышэнню абгрунтаванасці і дзейнасці яе рэкамендацый; выяўленне прыярытэтных кірункаў сац.-эканам., паліт. і культ. развіцця Беларусі і асобных яе рэгіёнаў; развіццё навук. сувязяў і супрацоўніцтва з сацыёлагамі інш. краін і міжнар.навук. арг-цыямі; арганізацыя і правядзенне навук. кангрэсаў, канферэнцый, сімпозіумаў, семінараў; выдавецкая дзейнасць. У рамках Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі вядзецца экспертна-кансультацыйная дзейнасць па пытаннях сацыялогіі, праводзяцца сацыялагічныя экспертызы паліт., прававых, эканам., тэхн. і інш. праектаў. Разам з інш.навук. ўстановамі і арг-цыямі выдала манаграфіі А.В.Рубанава «Сацыяльны суб’ект: матывы і дзейнасць» (1994), Г.М.Сакаловай «Эканамічная сацыялогія», Я.М.Бабосава «Катастрофы: сацыялагічны аналіз» (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНАЛО́ГІЯ (ад вулкан + ...логія),
навука аб вулканах, прычынах іх утварэння, будове, развіцці, прадуктах вывяржэння, заканамернасцях размяшчэння на паверхні Зямлі і інш. планет, характары іх дзейнасці ў розныя часы, ролі ў фарміраванні зямной кары.
Вулканалогія ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. (Геракліт і Арыстоцель у Грэцыі, Страбон і Пліній Малодшы ў Рыме). Першая спец.навук. ўстанова — вулканалагічная абсерваторыя на Везувіі створана ў 1842. У 1911 такая абсерваторыя створана на вулкане Кілаўэа на Гавайскіх а-вах, потым вывучэнне вулканаў было наладжана ў Інданезіі, Японіі, ЗША. У 1935 створана вулканалагічная станцыя на Камчатцы ў СССР, пазней вулканалагічныя даследаванні пачаліся ў Арменіі і Грузіі. Каардынацыю сучасных даследаванняў праводзіць Міжнар. асацыяцыя вулканалогіі і хіміі нетраў Зямлі.
Практычныя задачы вулканалогіі — распрацоўка метадаў прагназавання вывяржэння вулканаў, выкарыстання вулканічнага цяпла гарачых вод і пары (гл.Гейзер) у гаспадарцы, выяўленне заканамернасцей утварэння вулканічных горных парод і карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛЕ́КТ ШТУ́ЧНЫ,
раздзел інфарматыкі, які вывучае метады, спосабы і прыёмы мадэліравання і ўзнаўлення з дапамогай ЭВМ разумовай дзейнасці чалавека, звязанай з рашэннем розных задач. Асн. дастасаванні адносяцца да робататэхнікі і стварэння метадаў, сродкаў і тэхналогій праектавання камп’ютэрных сістэм спец. класа — інтэлектуальных сістэм (ІС).
Сфарміраваўся як навук. кірунак у пач. 1970-х г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграміравання, выліч. тэхнікі, стварэння баз ведаў, экспертных сістэм і інш.Асн. праблемы: мадэліраванне разважанняў, фарміраванне паняццяў, распазнаванне вобразаў (у т. л. зрокавых, гукавых), прагназаванне адаптацыі, вылічэнняў, творчасці і інш., а таксама рэалізацыя мадэлей гэтых працэсаў у ІС. Адрозненне ІС ад традыц. камп’ютэрных сістэм: магчымасць навучацца новым відам дзейнасці — знаходзіць рашэнне задачы без папярэдне зададзенага алгарытму, напр., карыстальнік дае патрэбнае заданне, а праграму для яго выканання ІС будуе сама.
Літ.:
Искусственный интеллект: Справ. Кн. 1—3. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПАЛЯ́ЦЫЯ І ЭКСТРАПАЛЯ́ЦЫЯў матэматыцы,
спосаб набліжанага (ці дакладнага) узнаўлення якой-н. велічыні па некаторых вядомых яе значэннях. Напр., адшуканне значэнняў функцыі 𝑓(x) у пунктах x па вядомых значэннях yi = 𝑓(xi), дзе пункты xi — вузлы інтэрпаляцыі, i = 0, 1, ..., n. Калі x знаходзіцца ў інтэрвале паміж x0 і xn, задача такога адшукання наз.інтэрпаляцыяй, калі па-за яго межамі — экстрапаляцыяй.
Асн. кірункі даследаванняў па І. і э.: вырашальнасць задачы інтэрпалявання; пабудаванне інтэрпаляцыйных формул і вывучэнне іх адхілення ад зададзенай функцыі, выкарыстанне метадаў інтэрпаляцыі для пабудавання набліжаных і лікавых метадаў рашэння розных задач матэматыкі і яе дастасаванняў. Гл. таксама Набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый.
На Беларусі даследаванні па пытаннях І. і э. вядуцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Крылов В.И., Бобков В.В., Монастырный П.И. Начала теории вычислительных методов: Интерполирование и интегрирование. Мн., 1983.