ВІ́ЛЬНЮС (Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),

горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў.

На думку літ. даследчыка К.​Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав. традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2-й пал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн. Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс. ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг. л-ра, законы ВКЛ, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл. Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.​Міцкевіча, Я.​Чачота, Т.​Зана, А.​Кіркора, С.​Манюшкі, Ф.​Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел. рэв. грамады (гл. Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ. «Наша доля», «Наша ніва», пазней — час. «Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва «Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.​Купала, Я.​Колас, Цётка, К.​Буйло, З.​Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел. паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ. «Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільняадм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.​Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел. паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.​Луцкевіч, М.​Гарэцкі, Б.​Тарашкевіч, У.​Самойла, А.​Станкевіч, С.​Рак-Міхайлоўскі, І.​Дварчанін, Р.​Шырма, Г.​Цітовіч, М.​Танк, П.​Сергіевіч, Я.​Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял. Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв. Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел. паліт. арг-цыяБел. нац. к-т; выдавалася газ. «Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел. музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс. чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел. культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.

З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-ва бел. культуры (1987), клуб аматараў бел. нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-ва бел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).

Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв. віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяпер Маст. музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.​Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.​Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяпер Ін-т літ. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар. т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм. т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.​Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.​Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.​Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.​Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.​Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л. ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л. этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус. драм., моладзі, лялечны.

З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыі маст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.​Камара, Я.​Лапацінскага, Я.​Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.​Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.​Жаброўскі, разьбяр Г.​Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.​Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.​Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл. Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскай навуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.​Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.​Сідаровіч, К.​Чурыла, П.​Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.​Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж. бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.​Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.​Аблажэй, А. і К.​Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.​Падбярэзскі, А. і С.​Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.

Літ.:

Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.

Ю.​Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.​В.​Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).

Герб Вільнюса 16 ст.
Панарама Вільнюса. Невядомы мастак 17 ст.
Да арт. Вільнюс. Панарама горада.
Да арт. Вільнюс. Знаменская царква. 1899—1903.
Да арт. Вільнюс. Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гарадской сцяны.
Да арт. Вільнюс. Касцёл св. Ганны. 1501—80.
Да арт. Вільнюс. Верхні замак (замак Гедзіміна). 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.
Да арт. Вільнюс. Касцёл Усіх святых. 1620—31.
Да арт Вільнюс. Касцёл св. Казіміра. 1604—18.
Да арт. Вільнюс. Выставачны палац. 1967. Арх. В.​Чэканаўскас.

т. 4, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБКЛА́Д,

дэкаратыўная аздоба абраза ці кніжнага пераплёту. Найчасцей абклад рабілі з пазалочанай медзі або серабра, арнаментавалі чаканкай, філігранню, чарненнем, эмалямі, упрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Існавалі абклады таксама з дрэва, маст. тканін, якія закрывалі адзенне, галаўныя ўборы (такія абклады наз. «шата»), радзей — фон на абразах. Узнікненне кніжных абкладаў са слановай косці адносяць да 7—8 ст., металічных — да 9—10 ст. На Беларусі вядомы сярэбраны абклад Лаўрышаўскага евангелля (14 ст.). Найб. пашырэнне тут атрымаў у 17—19 ст. У 17 ст. найчасцей абкладамі аздаблялі шанаваныя ці цудатворныя абразы (Брэст, Гродна, Мінск, Жыровічы, Лагішын і інш.). Значнымі маст. цэнтрамі, дзе ствараліся абклады, былі Вільня, Магілёў, Мінск, Пінск, Слуцк і інш. Іх рабілі бел. майстры Максім Сямёнаў (Куцень), Фёдар Мікулаеў і інш., якія працавалі ў Залатой і Сярэбранай палатах Маскоўскага Крамля (гл. ў арт. Аружэйная палата). Найб. вядомыя сярэбраныя пазалочаныя абклады да абразоў: «Маці Божая Бялыніцкая» (Нясвіжскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая з езуіцкімі святымі» (Ляхавіцкі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская» (Міёрскі р-н, 1774), медныя пасярэбраныя да абразоў «Пакланенне вешчуноў» (Браслаўскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Апека» (Пінскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Замілаванне» (Пінскі р-н, 1803), разны драўляны да абраза «Маці Божая Адзігітрыя» (Драгічынскі р-н, 2-я пал. 17 ст.) і інш.

Літ.:

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў / Скл. Н.​Ф.​Высоцкая. Мн., 1984. А.​А.​Ярашэвіч.

Абклад абраза Антонія Падуанскага. Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. 18 ст.
Абклад Евангелля з г.Ляхавічы. 18 ст.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ КРЫНІ́ЦА»

(«Bielaruskaja krynica»),

штотыднёвая (у 1940 двухтыднёвая) грамадска-паліт. і літ. газета, орган Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД). Выдавалася з 21.10.1917 у Петраградзе, з № 3 за 1918 у Мінску, з 7.9.1919 да 12.7.1940 у Вільні (з 15.4.1937 да 16.11.1939 не выходзіла). Да 1925 і з 17.11.1939 наз. «Крыніца» («Krynica»). Друкавалася на бел. мове кірыліцай ці лацінкай, у 1934—39 двума шрыфтамі адразу. Пэўны час мела падзагалоўкі «Каталіцкая газета», «Сялянская газета». Была разлічана на сялян, інтэлігенцыю, жыхароў Зах. Беларусі і беларусаў у эміграцыі. У часы грамадз. вайны прапагандавала нац.-рэліг. ідэі. Даводзіла, што беларусы — грамадзяне Еўропы і маюць права на сваю дзяржаўнасць, свабоднае і шчаслівае жыццё. Спрыяла кансалідацыі беларусаў-католікаў і беларусаў-праваслаўных. Пісала аб праблемах развіцця мастацтва, л-ры, асветы на бел. мове, змяшчала матэрыялы сац.-паліт. характару. Падтрымлівала ідэю федэрацыі Беларусі і Літвы, хутарызацыю, парцэляцыю. Асвятляла дзейнасць Т-ва бел. школы, Бел. сялянскага саюза, Бел. студэнцкага саюза, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры. Падтрымлівала ідэі Бел. сялянска-работніцкай грамады, але крытычна ставілася да яе пралетарскай праграмы пра вядучую ролю адной партыі ў грамадстве. У 2-й пал. 1930-х г. працягвала прапагандаваць своеасаблівы шлях развіцця бел. народа. Шмат пісала пра міжнар. жыццё, становішча беларусаў у Латвіі, БССР і інш. Друкавала творы К.​Сваяка, Ф.​Грышкевіча, а таксама Т.​Шаўчэнкі, І.​Франко, М.​Канапніцкай, Л.​Талстога і інш. Тройчы закрывалася ўладамі. Выйшла 768 нумароў, 58 канфіскаваны. З 1991 у Мінску выдаецца аднайм. газета.

С.​В.​Говін.

Газета «Беларуская крыніца». Вільня. 1935.

т. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ МУЗЕ́Й у Вільні,

Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя І.​І.​Луцкевіча. Існаваў у 1921—45. Засн. на базе прыватнай калекцыі бел. этнографа і археолага І.​Луцкевіча і інш. матэрыялаў. Размяшчаўся ў будынку б. базыльянскага кляштара, належаў Бел. навук. т-ву. Меў 5 экспазіц. залаў, архіў і б-ку з кнігазбораў І.​Луцкевіча, Е.​Р.​Раманава, Б.​Даніловіча (больш за 14 тыс. тамоў). Зберагаліся калекцыі: археалагічная (знаходкі з раскопак у 18 паветах на тэр. Беларусі, у т. л. пярсцёнкі з пячаткамі полацкіх князёў), сфрагістычная (103 пячаткі розных часоў, у т. л. пячатка Міндоўга), нумізматычная, медалёў і крыжоў (медныя крыжы 11 ст., амулет-змеявік), слуцкіх паясоў, дываноў і інш. вырабаў Гродзенскай, Нясвіжскай і Слуцкай мануфактур, бел. нар. муз. Інструментаў, твораў нар. разьбяроў, стараж. зброі (панцыры воіна і каня, кальчугі, крыжацкі меч, прадметы ўзбраення бел. сялян), рукапісных кніг і старадрукаў (ілюстраванае Жухавіцкае евангелле 14 ст., пражскія выданні Ф.​Скарыны, кнігі з друкарняў у Вільні, Куцейне, Еўі, Лоску, Нясвіжы, Слуцку і інш.), старадаўняга адзення; карціны бел. мастакоў. Пасля закрыцця музея большасць яго збораў перададзена ў Гіст.-этнагр. музей Літвы і Цэнтр. б-ку АН Літвы, астатнія — у Бел. дзярж. архіў-музей л-ры і мастацтва і Нац. музей гісторыі і культуры Беларусі.

Літ.:

Луцкевіч А. Беларускі музей імені Івана Луцкевіча. Вільня, 1933 (рэпр. Выд. 1992);

Лабынцаў Ю. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993.

Л.​А.​Луцкевіч.

Фота Віцебска 1894 з Беларускага музея ў Вільні.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

адна з першых бел. сярэдніх навуч. устаноў у Зах. Беларусі. Існавала ў 1919—44 у Вільні. Засн. па ініцыятыве І.Луцкевіча. У розны час дырэктарамі гімназіі былі М.​Анцукевіч, Р.​Астроўскі, Ф.​Грышкевіч, В.​Кавалевіч, Кахановіч (1-ы дырэктар), А.​Міхалевіч, А.​Нэканда-Трэпка, С.​Паўловіч, Станкевіч, Б.​Тарашкевіч. Мела на мэце захаванне бел. нац. самабытнасці, выхаванне патрыят. пачуццяў, развіццё роднай мовы, пашырэнне дэмакр. і гуманіст. поглядаў. Акрамя беларусаў вучыліся рускія і яўрэі. Гімназія імкнулася захаваць нац. характар, усе прадметы ва ўсіх класах выкладаліся на бел. мове. Але з 2-га года навучання ўведзена вывучэнне і польскай мовы, на ёй выкладаліся геаграфія і гісторыя Польшчы. У 1932/33 навуч. г. стала дзяржаўнай, што, з аднаго боку, забяспечвала трывалую матэрыяльную базу, з другога — пазбавіла незалежнасці (стала філіялам польскай гімназіі імя Ю.​Славацкага). У ліст. 1939 Вільня перададзена сав. урадам Літве, гімназія была рэарганізавана ў прагімназію, а ў 1940/41 навуч. г., калі Літва ўвайшла ў склад СССР, стала няпоўнай сярэдняй школай. Дзейнічала і ў перыяд ням.-фаш. акупацыі. У крас. 1944 спыніла існаванне.

Л.​А.​Луцкевіч.

Першы выпуск Віленскай беларускай гімназіі: 1-ы рад (злева направа) — Г.​Бонч-Асмалоўская, Л.​Макоўская, М.​Васільева; 2-і рад — Ф.​Аляхновіч, А.​Станкевіч, М.​Кахановіч, Ф.​Мікуліна, А.​Луцкевіч, М.​Гарэцкі; 3-і рад — Г.​Бонч-Асмалоўскі, А.​Лабуць, В.​Акушка, Нядзвецкая, А.​Уладзімірская, Н.​Арсеннева: 4-ы рад — М.​Пяткевіч, А.​Клімовіч, В.​Аляксюк, Л.​Пусько, А.​Сасноўскі. 15.6.1921.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́М ГРЭК (сапр. Трыволіс Міхаіл; каля 1470, г. Арта, Грэцыя — 12.12.1555),

пісьменнік-публіцыст, перакладчык, багаслоў. Адукацыю атрымаў у Фларэнцыі. Пастрыгся ў манахі і жыў на Афоне, адкуль у 1516 па запрашэнні вял. кн. Васіля III прыбыў у Маскву для выпраўлення і перакладу грэч. кніг. За збліжэнне з царк. апазіцыяй асуджаны на саборах 1525 і 1531, у 1525—51 вязень манастырскіх турмаў. Яго літ. спадчына — «словы», публіцыстычныя артыкулы, пропаведзі, філас. і багаслоўскія разважанні, пераклады. Яны вызначаюцца вобразным выкладаннем і эмацыянальнасцю стылю, іх мова кніжная, са складанымі сінтакс. зваротамі. Выступаў супраць хцівасці, бязлітаснасці і багацця царк. феадалаў («Аповесць страшная і варта памяці і пра дасканалае манаскае пражыванне», «Слова, якое падрабязней выкладае, з жалем, беспарадкі і бясчынствы цароў і ўлад апошняга жыція», «Размова розуму з душою», «Слова пра пакаянне» і інш.). Аўтар прац па фанетыцы («Пра грэчаскія галосныя і зычныя, пра склады, пра надрадковыя знакі грэчаскія і славянскія»), прасодыі («Аб прасодыі»), граматыцы. Яго праца «Тлумачэнні імёнам па алфавіце» — гал. крыніца для больш позніх рус. азбукоўнікаў. Творы М.Г. былі шырока вядомы на Беларусі. «Канон малебен...» уваходзіў у кнігу Фікарыя «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620). «Слова на лацінаў» і «Пахвальнае слова да святых апосталаў Пятра і Паўла» выдадзены ў Магілёве (1625). Кананізаваны Рус. праваслаўнай царквою (1988).

Літ.:

Иванов А.И. Литературное наследие Максима Грека. Л., 1969;

Громов М.Н. Максим Грек. М., 1983;

Александропулос М. Сцены из жизни Максима Грека: Пер. с греч. М., 1983.

Г.​У.​Грушавы.

т. 9, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЗЬ,

старажытнае дэкар. пісьмо, пры якім літары звязаны ў непарыўны дэкар. арнамент. Пісцы карысталіся 2 прыёмамі: скарачэннем літар і іх упрыгожваннем. Віды скарачэнняў: скарачэнне частак літар Л, А, К, М і інш., каб палегчыць іх збліжэнне; падпарадкаванне адной літары другой, калі памер адной памяншаўся і яна ставілася пад мачту большай літары ці пісалася ўнутры яе, не перасякаючы яе частак (КО = ; памяншэнне памеру абедзвюх літар і напісанне іх адна пад адной (МР = ); зліццё падобных частак суседніх літар (ПР = ). Упрыгожванне служыла для запаўнення пустот, уласцівых многім слав. літарам. У рукапісных кнігах вязь звычайна пісалі каляровай фарбай (найчасцей кінавар’ю).

Першапачаткова вязь выкарыстоўвалася ў загалоўках і надпісаннях. На Русі з’явілася ў 14 ст. Перайшла ад паўд. славян і ўжывалася ў двух стылях: т.зв. геаметрычным (строга захоўваў геам. элементы літар) і прыродным (літары ўпрыгожвалі арнаментальнымі расліннымі і жывёльнымі матывамі). Быў і змешаны стыль. У 15—16 ст. на Беларусі і Украіне развіваўся прыродны стыль, у Маскоўскай Русі пераважаў геаметрычны. На Беларусі вязь выкарыстоўвалі пераважна ў рукапісных кнігах рэліг. жанраў («Псалтыр» 16 ст., «Пралог» 17 ст., «Зборнік павучанняў» сярэдзіны 17 ст.), зрэдку і ў дзелавой ці свецкай пісьменнасці (Статут ВКЛ 1566, бел. пераклад «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага). Друкаваная вязь вядома ў выданнях Ф.​Скарыны, С.​Буднага, у старадруках 16—17 ст. (Статут ВКЛ 1588, выд. ў Вільні, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», 1637, і «Дыдаскалія», 1653, выд. ў Куцейне.

М.​А.​Паўленка, А.​М.​Булыка.

Узоры вязі: 1, 2 — Статут Вялікага княства Літоўскага. Вільня. 1588; 3 — «Зборнік павучанняў». Сярэдзіна 17 ст.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗЯ́ДЗЬКА АНТО́Н»,

перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з польск. агітацыйнай брашуры «Бацька Шыман», якая з’яўляецца перапрацоўкай рус. публіцыстычнай брашуры А.​Іванова (В.​Варзара) «Хітрая механіка» (Цюрых, 1874). Выдадзена ў 1892 М.Абрамовічам у Тыльзіце (на тытуле для канспірацыі пазначана Вільня) пад назвай «Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць — не ведаем...». Да тыльзіцкага выдання мела дачыненне інтэрнац. студэнцкая арг-цыя ў Маскве (уваходзілі Абрамовіч, В.​Вароўскі, Н.​Чарноцкі і інш.). Пераклад разлічаны на бел. чытача. Твор напісаны ў форме навук.-папулярнай гутаркі па палітэканоміі, удала спалучае агітацыйную публіцыстыку і маст. прозу. Апавядальнік Антон, які раней настаўнічаў, працаваў на ф-ках, абураецца, што мужык жыве «ў бядзе, голадзе дый холадзе», аналізуе аграрнае пытанне, стан нар. асветы, выдаткі на цара і царскую сям’ю, дзярж. апарат, армію, заклікае бел. сялян браць прыклад з рускіх, якія выступаюць супраць цара. Гутарка заканчваецца заклікам (у польскім арыгінале яе няма): «А цяпер — проціў цара і яго чыноўнікаў пойдзем!» Ранейшым варыянтам «Дз.А.» з’яўляецца «Старая прысказка», выдадзеная К.​Гучкоўскім у 1887 у Львове (канфіскавана паліцыяй, вядомы экз. зберагаецца ў Цэнтр. гіст. архіве Украіны ў Львове). У 1903 выдадзены ў Лондане новы пераклад і новая апрацоўка брашуры пад назвай «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць» (перавыд. ў Пецярбургу ў 1907, забаронена цэнзурай). Аўтарства твора доўгі час памылкова прыпісвалася А.​Гурыновічу.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 77—82, 118, 122, 155;

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. 2 выд. Мн., 1984.

В.​У.​Скалабан.

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНЬКЕ́ВІЧ (Рамуальд Сымонавіч) (1.2.1811, Завілейскі пав. Віленскай губ. — 11.9.1868),

бел. фалькларыст і этнограф, археолаг, педагог. Скончыў Віленскі ун-т (1830). Настаўнічаў у прыватных дамах, Росенскай пав. школе, у доме кн. Друцкіх-Любецкіх у Луніне на Піншчыне, дзе карыстаўся іх багатай б-кай. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру народа — запісваў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі. У нарысе «Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р.​Зянькевічам» (1847) апублікаваў і класіфікаваў паводле нар. календара творы калядныя, вясновага і летняга цыклаў. У зб. «Народныя песні Піншчыны» (Коўна, 1851) змясціў 219 песень пераважна вясельных, калядных, купальскіх, жніўных і інш. Зрабіў апісанне некат. абрадаў (упершыню шырока абрад «Куста»), вераванняў, гульняў, а таксама некат. відаў вясковай працы. На агульнаслав. фоне даследаваў побыт, норавы, звычаі, фальклор, закранаў пытанне генезісу нар. песень у працы «Пра ўрочышчы і звычаі жыхароў Піншчыны, а таксама пра характар іх песень» (1852—53). У Ашмянскім пав. рабіў абмеры курганоў і гарадзішчаў, апісваў іх выгляд, прывёў мясц. назвы, нар. паданні пра іх у працы «Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета» (1848). Стварыў археал. карту Ашмянскага пав. Вывучаў Крэўскі замак, легенды пра яго. Пісаў вершы (зб. «Рыфмаваныя спробы», Вільня, 1856), даследаваў польскую л-ру, праблемы педагогікі. Паасобныя рукапісы З. ў аддзеле рукапісаў Б-кі АН Літвы ў Вільнюсе.

Літ.:

Каратынскі В. Рамуальд Зянькевіч // Творы. 2 выд. Мн., 1994;

Каханоўскі Г. Пінская барва ў славянскай вясёлцы // Мастацтва Беларусі. 1986. № 6;

Саламевіч І.У. Р.​С.​Зянькевіч // Полымя. 1968. № 9;

Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989. С. 172—183.

У.​Саламевіч.

Р.С.Зянькевіч.

т. 7, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ГРАМАДА́»

(«БНГ»),

назва арганізацыі, прыдуманай следчымі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу ў барацьбе з іншадумствам нац. інтэлігенцыі ў лют.жн. 1933; працяг паліт. працэсу па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У арг-цыю было ўключана 68 чал., пераважна бел. пісьменнікаў (З.​Астапенка, У.​Жылка, Л.​Калюга, М.​Лужанін, Ю.​Таўбін), настаўнікаў, студэнтаў, аб’яднаных у 13 ячэек. Паводле версіі АДПУ, «БНГ» ахапіла сваёй дзейнасцю Мінск, Оршу, Слуцк, Капыльскі, Мазырскі, Слуцкі, Мінскі і інш. раёны БССР, а таксама бел. зямляцтвы ў Маскве, Ленінградзе і Смаленску. Ідэйнае кіраўніцтва арг-цый прыпісвалася К.​Б.​Езавітаву, які знаходзіўся ў Рызе. Асн. мэтай арг-цыі лічылася аддзяленне Беларусі ад Сав. Расіі і ўстанаўленне «буржуазна-дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі» з наступнай ліквідацыяй сацыяліст. форм у сельскай гаспадарцы і ў прам-сці: аднаўленне прыватнай уласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці, стварэнне хутарской сістэмы землекарыстання. Новае дзярж. ўтварэнне павінна было ажыццяўляцца «ў блоку Літва—Латвія—Беларусь са сталіцай саюзнай дзяржавы ў г. Вільня ці ў саюзе дзяржаў Літва—Украіна—Беларусь». «Контррэвалюцыйная дзейнасць» членаў арг-цыі выяўлялася найперш у нязгодзе з узмацненнем на Беларусі таталітарнага рэжыму, распаўсюджванні меркаванняў пра «русіфікатарскую і каланізатарскую палітыку Масквы, ідэалізацыю самабытнасці Беларусі і беларускай мовы, працягванне ў друк нацдэмаўскіх тэрмінаў», у апазіцыі да палітыкі калектывізацыі. «Кіраўнікі» і «члены» арг-цыі атрымалі ад 2 да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў, частка выслана на Урал, у Казахстан. Вінаватымі сябе прызналі 20 чал. У 1956 Судовая калегія па крымінальных справах Вярх. суда БССР спыніла справу ў адносінах 44 чал. за адсутнасцю складу злачынства. Астатнія рэабілітаваны ў 1-й палове 1990-х г.

Т.​С.​Процька.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)