САБЕ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА, Саба,

старажытная дзяржава плем. саюза сабеяў у Паўд. Аравіі (частка тэр. сучаснага Йемена) у 8 ст. да н.э. — пач. 4 ст. н.э. Рэзідэнцыяй правіцеляў (мукарыбаў і цароў) С.ц. быў г. Марыб. Паводле сведчанняў ант. аўтараў, царства адыгрывала важную ролю як гандл. пасрэднік паміж Індыяй, дзяржавамі ўсх. ўзбярэжжа Афрыкі і стараж. краінамі Міжземнамор’я. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. значная частка С.ц. заваявана Хім’ярыцкім царствам. У канцы 2 ст. н.э. аб’яднаныя сілы С.ц., Аксума і Хадрамаўта разбілі армію хім’ярытаў і падпарадкавалі іх дзяржаву. З пач. 4 ст. тэр. царства ўвайшла ў склад Хім’ярыцкай дзяржавы.

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБІ́НЫ (Sabini),

старажытнаіталійскія плямёны (гл. Італікі) умбра-оскска-сабельскай галіны. Рассяляліся паміж рэкамі Тыбр, Атэрнус і Аніо. Асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. Сучасныя гісторыкі лічаць, што С. адыгралі вял. ролю ва ўтварэнні рым. народнасці. У 5—4 ст. да н.э. частка С., якая не ўвайшла ў склад Рым. дзяржавы, вяла барацьбу супраць Рыма і заваявана ім у 290 да н.э. У 268 да н.э. С. атрымалі рым. грамадзянства (без права голасу).

Рана страцілі сваю мову, раманізаваны. На тэр., дзе жылі С., знаходзіўся Сабунім, маёнтак Гарацыя. Стараж. паданне пра выкраданне сабінянак атрымала распаўсюджанне ў творах мастацтва.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛУІ́Н, Салуэн (тыбецкае Наг-Чу, кіт. Нуцзян),

рака ў Кітаі і М’янме, часткова — мяжа паміж М’янмай і Тайландам. Даўж. каля 3200 км, пл. басейна каля 325 тыс. км². Пачынаецца з ледавікоў хр. Тангла на У Тыбецкага нагор’я. Цячэ па Юньнаньскім і Шанскім нагор’ях у глыбокіх (да 3 тыс. м) цяснінах, утварае парогі і вадаспады, у ніжнім цячэнні — па раўніне. Упадае 2 рукавамі ў Андаманскае м. Рэжым мусонны з летнімі паводкамі (пад’ём узроўню ў цяснінах на 15 м і больш). Сярэдні расход вады каля 6700 м³/с. Сплаўная, суднаходная ў ніжнім цячэнні на 120 км. У вусці — марскі порт Малам’яйн.

т. 14, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСНО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., за 3 км на ПдЗ ад р.п. Сасновы Бор. Адкрыта ў 1973, распрацоўваецца з 1973. Пл. нафтаноснасці 11 км². Паклады нафты прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў верхняга дэвону. Размешчана на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны, паміж Давыдаўскім і Асташкавіцкім радовішчамі. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў 2726—3291 м. Пароды-калектары — кавернава-порава-трэшчынныя даламіты і даламітызаваныя вапнякі. Нафта маласмалістая, маласярністая, парафінавая, шчыльн. 784—865 кг/м³. Пач. геал. запасы — 3,5 млн. т, здабываемыя — 1,4 млн. т.

І.​Р.​Захарыя.

т. 14, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФАНІ́Я, Сафанія-Хафджы,

газанафтавае радовішча ў паўд.-зах. частцы Персідскага зал., у тэр. водах Саудаўскай Аравіі і зоны, падзеленай паміж Саудаўскай Аравіяй і Кувейтам; самае вял. марское газанафтавае радовішча ў свеце. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1951, распрацоўваецца з 1957. Пач. прамысл. запасы нафты 3,45 млрд. т, газу 3,27 млрд. м³. Паклады нафты ў пародах мелавога ўзросту на глыб. 1500—3360 м. Паклады газу ў вапняках палеагенавага (эацэнавага) узросту на глыб. 600—900 м. Шчыльн. нафты 0,87—0,89 г/см³, мае серу (2—3%). Цэнтр здабычы — нас. пункт Сафанія.

т. 14, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯБІЯЛО́ГІЯ,

галіна навукі, якая выкарыстоўвае метады эвалюц. біялогіі ў аналізе сац. жыцця. Узнікла ў 2-й пал. 20 ст. пры вывучэнні паводзін жывёл і іх згуртаванняў. Асн. праблемы С. выкладзены амер. энтамолагам Э.​Уілсанам у кн. «Сацыябіялогія. Новы сінтэз» (1975). Спрабуе тлумачыць паводзіны індывіда, зыходзячы з яго генет. праграмы.

З-за падабенства ў паводзінах жывёл і чалавека С. праводзіць прамую аналогію паміж імі. Лічаць, што паводзіны чалавека абумоўлены прыродным адборам і запраграмаваны генетычна; спрабуе ўводзіць у грамадскія навукі метады біял. навук, якія дазваляюць прадказваць паводзіны людзей; не адмаўляе таксама ролі навакольнага асяроддзя, навучання, культ. традыцый і Генет. схільнасці індывіда.

т. 14, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМАНАСЕ́КСКІ ДАГАВО́Р 1895 Заключаны паміж Японіяй і Кітаем 17 крас. ў г. Сіманасекі (Японія) у выніку паражэння Кітая ў япона-кітайскай вайне 1894—95. Паводле яго Кітай адмовіўся ад свайго сюзерэнітэту над Карэяй, перадаў Японіі а-вы Тайвань і Пэнхуледао, Ляадунскі п-аў, выплаціў Японіі кантрыбуцыю, адкрыў для яп. гандлю шэраг кіт. партоў, абавязаўся заключыць з Японіяй гандлёвы дагавор (падпісаны ў 1896, даў Японіі тыя ж прывілеі, што і еўрап. краінам). 23.4.1895 Расія, Германія і Францыя запатрабавалі ад Японіі адмовіцца ад анексіі Ляадунскага п-ва. Японія прыняла гэта патрабаванне ў абмен на павышэнне Кітаем кантрыбуцыі.

т. 14, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́ФІЯ,

назва Паўн. Прычарнамор’я ў 7—2 ст. да н.э. ў творах ант. аўтараў. Тэр. С. займала стэпы паміж вусцямі Дуная і Дона — раёны Паўн. Прычарнамор’я і стэпавы Крым. Была заселена ўласна скіфскімі (гл. Скіфы) і няскіфскімі плямёнамі, блізкімі скіфам па культуры, ладзе жыцця і палітычна залежнымі ад іх. У 5—4 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. існавала Скіфская дзяржава на чале з царом. Стараж.-грэч. гісторык Герадот уяўляў С. як квадрат з бакамі працягласцю ў 20 дзён дарогі. Пасля заняцця С. сарматамі Паўн. Прычарнамор’е стала наз. Сарматыяй.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДА́НАЕ СЛО́ВА, кампозіт,

слова, утворанае шляхам злучэння двух ці некалькіх слоў або ўтваральных асноў (гл. Словаскладанне). Асновы злучаюцца інтэрфіксамі — галоснымі «а», «о», «е», «я» («вадохрышча», «глыбокапаважаны», «палявод») або непасрэдна («двухмесны», «сабекошт»). Шырока прадстаўлены сярод назоўнікаў і прыметнікаў, радзей — сярод дзеясловаў і прыслоўяў. Адносіны паміж кампанентамі С.с. суадносныя са злучальнымі («беларуска-нямецкі») або падпарадкавальнымі («дрэваапрацоўка») адносінамі ў свабодных сінтакс. словазлучэннях. Шматскладовыя С.с. могуць мець дадатковы націск («рыбало́ў», але «ле́санарыхто́ўшчык»). Да С.с. адносяцца і падваенні («сіні-сіні», «ледзь-ледзь»).

Літ.:

Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫЖАВА́ННЕ,

аб’яднанне генет. матэрыялу розных клетак у адной клетцы; адзін з метадаў селекцыі. У раздзельнаполых арганізмаў С. адбываецца ў выніку зліцця спецыялізаваных клетак (гамет) і ўтварэння зіготы. У шэрагу аднаклетачных эўкарыётаў і пракарыётаў — шляхам часовай кан’югацыі, пры якім адбываецца ўзаемны ці аднабаковы перанос генет. матэрыялу паміж клеткамі. У культуры клетак і ў некат. аднаклетачных арганізмаў здольныя злівацца неспецыялізаваныя клеткі. Адрозніваюць зваротнае С. (бекрос), аналітычнае, рэцыпрокнае, блізкароднаснае (інбрыдзінг, інцухт), няроднаснае (аўтбрыдзінг), цыклічнае і інш. Формы і сістэма пэўнага С. выкарыстоўваюцца ў генет. аналізе, пры развядзенні і селекцыі жывёл і раслін.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)