ДАВО́ЙНА Станіслаў

(?—1573),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Служыў пры кіеўскім ваяводзе А.Неміровічу, удзельнічаў у войнах з татарамі і Маскоўскай дзяржавай. З 1528 каморнік каралевы Боны, з 1530 каралеўскі дваранін, з 1542 полацкі ваявода. Клапаціўся аб ваен. умацаванні горада, гасп. развіцці Полаччыны. У 1553 узначальваў пасольства ВКЛ у Маскву, якое падоўжыла на 2 гады перамір’е паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Калі ў час Лівонскай вайны 1558—83 у студз. 1563 60-тысячнае маскоўскае войска на чале з Іванам IV Грозным аблажыла Полацк, Давойна кіраваў двухтыднёвай абаронай горада, урэшце мусіў здаць яго. Да ліп. 1567 знаходзіўся ў палоне. Пасля вяртання ў ВКЛ удзельнічаў у рабоце Люблінскага сейма 1569.

Г.М.Сагановіч.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)