радыёэлектронная прылада для вызначэння напрамку на крыніцу радыёвыпрамянення (радыёсігналаў). Бываюць наземныя (рухомыя і стацыянарныя), самалётныя, карабельныя. Шырока выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі, радыёразведцы і інш.
Складаецца: з антэнна-фідэрнай сістэмы (для прыёму радыёхваль, што распаўсюджваюцца ад аб’екта пеленгацыі), радыёпрыёмніка з індыкатарам (дае інфармацыю аб вуглах паміж напрамкам на аб’ект пеленгацыі і асн. плоскасцямі, прынятымі за пачатак адліку), дапаможнага абсталявання. У радыёнавігацыі выкарыстоўваюць Р., якія вызначаюць азімут ці курсавы вугал перадавальнай радыёстанцыі. Ва універсальных (двухкаардынатных) Р. вымяраюць абодва вуглы, якія вызначаюць гэты напрамак; у азімутальных — адзін з іх (азімут). Да Р. адносяць таксама радыёкомпасы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСХО́Д ВАДЫ́,
аб’ём вады, які працякае праз папярочнае сячэнне патоку за адзінку часу. Выражаецца ў кубічных метрах за секунду (м³/с), для малых вадацёкаў у літрах за секунду (л/с). Рэгулярнае вымярэнне Р.в. праводзіцца на гідралагічных пастах. Вымяраецца гідраметрычнымі вяртушкамі, радзей паплаўкамі, на малых вадацёках — з дапамогай вадазліваў, на гідратэхн. збудаваннях — расхадамерамі. На аснове сістэматычных вымярэнняў Р.в. вылічаюць іх сярэднясутачныя, сярэднямесячныя, сярэднешматгадовыя, а таксама макс. і мінім. велічыні і характарыстыкі сцёку. Для падліку сцёку вады паводле даных штосутачных вымярэнняў выкарыстоўваецца крывая расходу вады — графік, які паказвае сувязь паміж расходамі і ўзроўнямі вады ў дадзеным сячэнні патоку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1698,
вуснае пагадненне аб ваен. саюзе супраць Швецыі, заключанае 20—24 жн. ў г. Рава-Руская (цяпер у Львоўскай вобл., Украіна) паміжрас. царом Пятром I і каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам II. Заклала асновы антышвед. каал шыі напярэдадні Паўночнай вайны 1700—21. У развіццё Р.п. 21.11.1699 падпісаны Маскоўскі саюзны дагавор: бакі абавязваліся распачаць ваен. дзеянні супраць Швецыі ў яе прыбалт. уладаннях — Пётр I у Карэліі і Іжорскай зямлі (узбярэжжа р. Нява і прылеглай ч. Фінскага заліва), а Аўгуст II у Ліфляндыі і Эстляндыі, з тым, каб гэтыя землі пасля вайны адышлі адпаведна да Расіі і Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (Ross Shelf Ісе),
найбуйнейшы шэльфавы ледавік у Антарктыдзе, паміж Зямлёй Мэры Бэрд на З і Зямлёй Вікторыі на У. Працяг з Пд на Пн каля 850 км, з У на З каля 900 км. На Пн абрываецца ў м. Роса стромкай сцяной выш. да 50 м. Пл. больш за 500 тыс.км² (зменьваецца па гадах). Выш. 30—100 м, таўшчыня лёду ў тылавой ч. да 700 м. Р.ш.л. жывяць далінныя ледавікі Бірдмара, Бэрда і інш. Адкрыты ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.Роса. У 1929—59 (з перапынкамі) на ледавіку існавала база антарктычнай экспедыцыі ЗША Літл-Амерыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДНЫ АЛТА́Й,
паўднёва-заходняя частка Алтая ў Расіі і Казахстане, у якой сканцэнтраваны значныя радовішчы поліметал. руд. Размешчаны паміж рэкамі Чарыш і Іртыш. Уключае хрыбты Убінскі, Калыванскі, Калбінскі і адгор’і Тыгірэцкага, Іванаўскага, Ульбінскага, Холзун (выш. 1200—2000 м) хрыбтоў. Даўж. больш за 400 км. Характэрны сярэднягор’і (выш. да 2776 м), на З — нізкагор’і. Рудныя целы складзены з суцэльных і ўкрапаных руд. Радовішчы поліметал. руд утвараюць 2 паласы: медна-свінцова-цынкавых руд (Арлоўскае, Залатушынскае, Нікалаеўскае, Белавусаўскае, Бярозаўскае і інш.) і свінцова-цынкавых руд (Рубцоўскае, Сцяпное, Талаўскае, Сярэдняе, Зарэчанскае, Карбаліхінскае, Стрыжкоўскае, Гуслякоўскае, Ленінагорскае, Зыранаўскае, Цішынскае і інш.). Радовішчы рэдкіх металаў, золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-РУМЫ́НСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1914Аб дружалюбным нейтралітэце Румыніі ў адносінах да Расіі ў 1-ю сусветную вайну і пашырэнні тэрыторыі Румыніі.
Аформлена шляхам абмену нотамі 1 кастр.паміж міністрам замежных спраў Расіі С.Дз.Сазонавым і рум. пасланнікам у Расіі К.Дыямандзі. Расія абавязвалася процідзейнічаць спробам парушэння тэр. цэласнасці Румыніі, прызнала за ёй «права далучыць населеныя румынамі вобласці Аўстра-Венгерскай манархіі». У Букавіне «Прынцып большасці насельніцтва» павінен быў «служыць падставай для размежавання тэрыторый, што павінны быць далучаны або да Расіі, або да Румыніі». Румынія абавязвалася захоўваць дружалюбны нейтралітэт у адносінах да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЧА́Й,
невялікі пастаянны або часовы вадацёк, які ўтвараецца ад сцёку снегавых, дажджавых і грунтавых вод. Характарызуецца звілістым рэчышчам, вузкай поймай, слабавыразнай далінай; звычайна даўж. 3—5 км. Часта з’яўляецца вытокам ракі або прытокам вадаёмаў. Выразнай мяжы паміж Р. і малой ракой няма, але Р. звычайна не мае прытокаў. Найб. расход вады на Р. назіраецца пры летніх паводках, радзей у веснавое разводдзе. У засушлівую пару часта мялее і перасыхае, у моцныя маразы прамярзае. На Беларусі найчасцей да Р. адносяць вадацёкі даўж. да 10 км. У выніку меліярац. работ частка Р. ператворана ў меліярац. канавы і каналы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБЕ́Ц, сырць (Vimba vimba),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Адзіны від роду. Пашыраны ў бас.Паўн., Балт., Азоўскага, Чорнага і Каспійскага мораў. Прахадныя і паўпрахадныя формы, ёсць жылыя (р. Дняпро). Жыве пераважна ў паглыбленнях рэк з хуткім цячэннем. Бел.нар. назвы: цырта, падуства. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 50 см, маса да 3 кг. Цела ўмерана-падоўжанае, высокае, укрыта буйной шчыльнай луской. Паміж спінным і хваставым плаўнікамі — кіль, укрыты луской. Рот ніжні, высоўны. Корміцца доннымі беспазваночнымі, лічынкамі насякомых, ракападобнымі, часам дробнай рыбай. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МАНАВА ПРАСТО́РА,
прастора, у малых абласцях якой набліжана (з дакладнасцю да малых вышэйшых парадкаў параўнальна з памерамі абласцей) мае месца эўклідава геаметрыя, аднак у цэлым гэтая прастора можа не быць эўклідавай. Кожны элемент такой прасторы вызначаецца з дапамогай упарадкаванай сукупнасці лікаў, а адлегласць паміж бясконца блізкімі элементамі — з дапамогай пэўнай квадратычнай формы, у залежнасці ад выбару каэфіцыентаў якой Р.п. пераўтвараецца ў эўклідаву прастору ці прастору Лабачэўскага геаметрыі, Рымана геаметрыі ці інш.неэўклідавай геаметрыі. Прасцейшыя Р.п. — эўклідава прастора, да якой прымыкаюць прасторы пастаяннай крывізны, дзе мае месца геаметрыя Лабачэўскага і геаметрыя Рымана. Гл. таксама Дыферэнцыяльная геаметрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́ЛЬНАЯ ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,
эканамічны паказчык, што вызначае аб’ём прадметаў спажывання і паслуг, які работнік можа набыць на свае грошы, атрыманыя ў форме аплаты працы; састаўная частка рэальных даходаў насельніцтва. Яе велічыня залежыць ад памеру аплаты ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю працы і ад цэн на тавары і паслугі, падаткаў і інш. Вылічваецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і вызначае суадносіны паміж намінальнай (грашовай) заработнай платай і індэксам цэн на тавары і паслугі ў дадзены перыяд за вылікам спагнаных падаткаў і ўзносаў. Памяншэнне Р.з.п. звязана з інфляцыяй, калі яна не кампенсуецца павелічэннем, індэксацыяй заработнай платы.