КАТЛАВЕ́Ц (Міхаіл Паўлавіч) (25.10.1914, в. Скрыгалаў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 6.10.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў БДУ (1937), курсы мал. лейтэнантаў пры Харкаўскім танк. вучылішчы (1941). У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Сталінградскім, 2-м Укр. франтах. Камандзір танк. батальёна капітан К. вызначыўся ў студз. 1944 у баі за ст. Лялекаўка каля Кіраваграда, калі батальён пад яго камандаваннем за дзень адбіў 6 контратак, і ў час прарыву абароны праціўніка на румына-венг. граніцы 5.10.1944, калі батальён знішчыў 5 гармат, больш за 100 павозак з боепрыпасамі, узяў у палон 130 гітлераўцаў. Загінуў у баі. Яго імем названы вуліцы ў Мазыры, Ціраспалі, в. Лешня, 8-гадовая школа ў в. Лешня, дзе ён вучыўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НІКІ (грэч. kynikoi ад Kynosarges; лац. cynici цынікі),
прадстаўнікі стараж.-грэч.філас. школы, заснаванай у 4 ст. да н.э. ў Афінах вучнем Сакрата Антысфенам. Школа размяшчалася на ўзгорку Кінасарг (адсюль назва). Найб. вядомыя прадстаўнікі школы Дыяген Сінопскі, Кратэт, Керкід, Дыён Хрысастом. Крытыкуючы вучэнне Платона аб ідэях, К. сцвярджалі існаванне толькі адзінкавых рэчаў, сапраўднымі ведамі лічылі толькі пачуццёвае адлюстраванне адзінкавага. Ідэал К. — бязмежная духоўная свабода індывіда. К. пераглядалі асн. светапоглядныя, этычныя і эстэт. катэгорыі, грэбавалі ўсякай культурай і звычаямі, што часам ператваралася ў цынізм, прапаведавалі спрошчанае разуменне свету, крытыкавалі асн. прынцыпы рабаўладальніцкай маралі, ухвалялі ўмеранасць і аскетызм, адмову ад задавальнення, збліжэнне чалавека з прыродай. К. называлі сябе «грамадзянамі свету», стварылі тэрмін «касмапаліт». Вучэнне К. паўплывала на фарміраванне стаіцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КТО́РАЎ (Анатоль Пятровіч) (24.4.1898, Масква — 30.9.1980),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1963). Працаваў у Маскве (з 1917) у т-ры імя В.Ф.Камісаржэўскай, з 1920 у т-ры Корша, з 1933 у МХАТ. Мастацтву К. былі ўласцівы завершанасць пластычнага малюнка ролі, абаяльнасць, элегантнасць, тонкі гумар. Майстар вострахарактарных роляў. Сярод лепшых работ у МХАТ: Сэм Уэлер («Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса), Джозеф («Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана), Како («Плады асветы» Л.Талстога), Бернард Шоу («Мілы лгун» Дж.Кілці), Шарвінскі («Дні Турбіных» М.Булгакава), Суслаў, Мікалай Скарабагатаў («Дачнікі», «Ворагі» М.Горкага). Здымаўся ў кіно: «Працэс аб трох мільёнах» (1926), «Свята святога Іаргена» (1930), «Беспасажніца» (1937), «Вайна і мір» (1966—67), «Пасол Савецкага Саюза» (1970) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ДЫ,
вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень—в. Якшыцы. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдУ ад г. Чэрвень, 86 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Градзянка. 444 ж., 166 двароў (1999).
З канца 18 ст. ў Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1897 было 377 ж., 65 гаспадарак, царква, крама, кузня. У 1917 існавалі Старыя і Новыя Л. З 1924 Старыя Л. — цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну ў студз. 1943 партызаны разграмілі фаш. гарнізон у Старых Л., за што гітлераўцы расстралялі 45 жыхароў вёскі. У 1966 Старыя і Новыя Л. аб’ядналіся ў адну вёску Л.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКАЯ (Галіна Аляксандраўна) (н. 6.7.1945, в. Каралішчавічы Мінскага р-на),
бел. фалькларыстка. Канд.філал.н. (1981). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1968). Працавала у выд-вах «Навука і тэхніка», «Вышэйшая школа». З 1977 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе бел. фальклор і гісторыю фалькларыстыкі. Аўтар прац «Беларускія сацыяльна-бытавыя песні» (1982), «Не пагасла зорка: Жыццёвы і творчы шлях М.А.Янчука» (1987), «Пачынальнік беларускага народазнаўства М.Я.Нікіфароўскі» (1991). Склала хрэстаматыю па фальклоры для школ «Народная спадчына» (1984, з А.С.Фядосікам), зб-кі «Жывая спадчына» (1988), «Радзіны: Абрад. Песні» (1998, з Г.В.Таўлай). Адна з аўтараў даследавання «Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даследаванне народнай творчасці ў 60-х гг. XIX — пачатку XX ст.» (1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЛЬЕВА (Таццяна Мітрафанаўна) (н. 15.3.1938, в. Бестрань Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне псіхалогіі. Д-рпсіхал.н. (1993), праф. (1998). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1962). Настаўнічала. З 1971 у Нац. Ін-це адукацыі. Даследуе праблемы навучання, выхавання і развіцця дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту; пытанні мыслення, маўлення, разумення і свядомасці чалавека ў сістэме бесперапыннай адукацыі. Аўтар вучэбна-метадычных дапаможнікаў для ВНУ і сярэдняй школы. Навук. кіраўнік распрацоўкі канцэпцыі «Нацыянальнай пачатковай школы» (1992).
Тв.:
Психологические вопросы овладения русским языком. Мн., 1983;
Дар слова: Говорим по-русски... Гаворым па-беларуску... Мн., 1986 (разам з М.Р.Яленскім);
Мышление и деятельность — основные факторы развития человека в системе непрерывного образования // Пачатковае навучанне: Сям’я. дзіцячы сад, школа. 1999. № 5. С. 85—93.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЕНІ́Т (ад грэч. Syēnē Сіена — назва стараж егіп.г. Сун, цяпер Асуан),
інтрузіўная магматычная горная парода, складзеная са шчолачных палявых шпатаў (60—90%) і цемнаколерных мінералаў (10—40%; піраксен, рагавая падманка, біятыт). Структура поўнакрышт. раўнамерна-зярністая. Колер ад ружовага да шэрага. Шчыльн. 2,6—2,75 г/см³. Паводле ўтрымання крэменязёму адносіцца да сярэдніх магматычных парод. Падзяляюцца на 3 групы: нармальнай, павышанай шчолачнасці і шчолачныя. Адрозніваюць С.: піраксенавыя, біятытавыя, рогавападманкавыя, ніфелінавыя; да С. адносяцца таксама лампрафіры. Утвараюцца з сіенітавай магмы, уваходзяць у склад гранітоідных і габроідных інтрузіваў, радзей утвараюць самаст. целы. Выкарыстоўваецца як сыравіна на шчолач, скульптурны, дэкар.-абліцовачны і буд. камень, у керамічнай вытв-сці і інш.
Сіена. Сабор.Да арт.Сіенская школа. С.Марціні. Пасвячэнне святога Марціна ў рыцары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЯ́ЎСКІ (Іван Іванавіч) (22.6.1919, в. Жажэлка Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 15.9.2001),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1941) У 1946—78 настаўнічаў. Дэбютаваў вершамі ў 1936. Кн апавяданняў «Ой, рэчанька, рэчанька...» (1962), «Вернасць» (1971), аповесць «Заранка» (1971) прысвечаны калгаснай вёсцы. Раман «Дарога на Замлынне» (1980) пра подзвіг народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар аповесцей «На правым флангу» (1964, пра Героя Сав. Саюза П.І.Купрыянава) і «Сінія вочы» (1986, пра вёску напярэдадні калектывізацыі). Пісаў для дзяцей пра станаўленне і фарміраванне характару падлеткаў, пошук імі мэты і сэнсу жыцця: зб-кі апавяданняў «У навальніцу» (1949), «Новая школа» (1951), «Піянерскі гальштук» (1955), «Дабрадзейка» (1960), «Марка» (1969).
Тв.:
А вяселля не было: Аповесці. Апавяданні. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ЎЛЯ,
горад у Гомельскай вобл., прыстань на правым беразе р. Прыпяць. Цэнтр Нараўлянскага р-на. За 125 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Ельск на лініі Калінкавічы — Оўруч. Аўтадарогамі злучана з Мазыром, Ельскам. 7,4 тыс.ж. (2000).
Вядома з 18 ст. як прыватнае мястэчка. Належала Аскеркам. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1800 каля Н. працавалі гута, вінакурны завод. У 1897 у Н. 1,1 тыс.ж., школа, царква. З крас 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з ліп 1924 у БССР, цэнтр раёна Мазырскай акругі. Працавалі агароднінасушыльная ф-ка, 5 гарбарных з-даў, паравы млын. У 1931 арганізавана суднабудаўнічая арцель, пабудаваны суднарамонтны з-д, кандытарская ф-ка «Чырвоны мазыранін», лесазавод. З 27.9.1938 гар. пасёлак у Палескай вобл., 4,7 тыс.ж. (1941). У Вял.Айч. вайну 27.8.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 600 чал. 29—30.8.1943 партызаны правялі Нараўлянска-Шчакатаўскую аперацыю 1943. Вызвалена 30.11.1943 воінамі 61-й арміі Бел. фронту ў выніку Нараўлянскай аперацыі 1943 сумесна з партызанамі 27-й Нараўлянскай брыгады імя Кірава. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1959—4,8 тыс.ж., у 1970—6,6 тыс.ж. У снеж. 1962 — студз. 1965 у Ельскім р-не. З 3.11.1971 горад. Горад і раён моцна пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, частка іх насельніцтва пераселена.
Прадпрыемствы харч. (Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», сумеснае прадпрыемства «Нордэкс», малаказавод, хлебазавод), буд. матэрыялаў прам-сці, з-д гідраапаратуры, дрэваперапрацоўчы камбінат, Райаграпрамтэхніка, лясгас, камбінат быт. абслугоўвання. Нараўлянскі этнаграфічны музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Нараўлянскі сядзібна-паркавы ансамбль. Каля Н. — паселішча бронзавага веку.
Да арт.Нароўля. Школа-інтэрнат (былы сядзібны дом 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНАМПЕ́НЬ,
горад, сталіца Камбоджы, на р. Меконг, каля ўпадзення ў яе прытока Танлесап. 984 тыс.ж. (1994). Рачны порт, даступны для марскіх суднаў. Вузел аўтадарог. Чыгункай злучаны з портам Кампонгсаам і Бангкокам (Тайланд). Міжнар. аэрапорт. Гал.паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: дрэваапр., тэкст., харч. (рысаачыстка, вытв-сць пальмавага алею, цукру і інш.), харчасмакавая, мылаварная, тытунёвая. Прадпрыемствы па суднарамонце, аўтазборцы. ЦЭС. 3 ун-ты. Вышэйшая тэхн.школа. Школавыяўл. мастацтваў і музыкі. Музеі: археалогіі і гісторыі, Каралеўскі палац «Сярэбраная пагада» і інш.
Засн. каля 1372 пад наз. Чадамук. У 1434 кхмерскі кароль Понья Ят перанёс сталіцу з г. Ангкор у Чадамук (пазней стаў называцца П.). Тут пабудаваны гар. ўмацаванні, каралеўскі палац і будыйскія храмы. П. не страціў эканам. значэння і пасля пераносу сталіцы ў гарады Лавек (1528) і Удонг (1623). У 1866 П. зноў стаў сталіцай. Тут былі размешчаны цэнтр. ўстановы франц. адміністрацыі пратэктарата Камбоджы. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны яп. войскамі. У 1945 П. занялі франц. войскі на чале з ген. Ф.М.Леклеркам. З 1953 П. — сталіца незалежнай Камбоджы.
Радыяльная структура цэнтра (склалася ў 2-й пал. 19 ст.) спалучаецца з прамавугольнай сеткай прылеглых раёнаў. Цэнтр горада забудаваны віламі, 2—4-павярховымі дамамі еўрап. тыпу з крамамі і канторамі, ускраіны — лёгкімі драўлянымі жылымі дамамі. Самае стараж. збудаванне П. — ват (манастыр) Пном са ступай 15 ст. Сярод пабудоў 19—20 ст.: комплекс Каралеўскага палаца (2-я пал. 19 — пач. 20 ст., цяпер музей), «Сярэбраная пагада», Нац. музей (1917—20), крыты рынак (1936), бальніца (1956—60, рас.арх. Н.Якабсон і інш.), помнік Незалежнасці (1960), зала канферэнцый Чадамук (1961), Нац.спарт. комплекс (усе арх. Ванмаліван), Вышэйшы тэхнал.ін-т (рас.арх. С.Міхайлаў, А.Мачалаў, В.Навумаў; абодва 1962—64).
Каралеўскі палац у Пнампені 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.