БАТЛЕ́ЙКА, бетлейка (ад Betleem — польская назва г. Віфлеем, дзе нарадзіўся Хрыстос),
бел.нар. тэатр лялек. Вядома з 16 ст. Узнікненне батлейкі звязана са святам Каляд. Т-ры падобнага тыпу вядомы ў Польшчы (шопка) і на Украіне (вяртэп).
Вытокі батлейкі ў сярэдневяковым містэрыяльным т-ры Зах. Еўропы, адкуль праз Польшчу прынесены езуітамі на Беларусь. Развіваўся ў цеснай сувязі са школьным тэатрам. Фактычна батлейка — «народная асіміляцыя школьнай драмы з яе інтэрмедыямі» (Ф.Аляхновіч). На працягу ўсяго існавання батлейкі разыгрывалася п’еса «Цар Ірад». Паказ складаўся з 2 частак: сур’ёзнай, якая апавядала пра нараджэнне Хрыста і ганенне яго царом Ірадам (т.зв.асн. сюжэт), і камедыйнай — інтэрмедый звычайна вясёлага зместу, з жартаўлівымі дыялогамі ці маналогамі, песнямі, танцамі. Часткі не мелі агульнага сюжэта, паміж сабой спалучаліся механічна, фармальна, фактычна іх аб’ядноўваў своеасаблівы карнавальны настрой, уласцівы Калядам. Біблейскія падзеі ў батлейцы набывалі адвольную нар. трактоўку. Пры адным традыцыйным асн. сюжэце паказы батлейкі ў розных рэгіёнах яе бытавання адрозніваліся менавіта інтэрмедыямі, сярод якіх «Мужык (Мацей) і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Скамарох з мядзведзем», «Вольскі — купец польскі», «Цыган і цыганка» і інш. Папулярныя персанажы інтэрмедый — Мужык, Доктар, Яўрэй, Франт (чужаземец), Цыган, Казак і інш. Для паказаў батлейкі рабілі 2-павярховую скрынку накшталт царквы або хаткі. Батлеечнікі (або «ралёшнікі») вадзілі драўляныя лялькі на шпянях па проразях у падлозе паверхаў. Сцэна кожнага паверха мела 3 аддзелы: вял. цэнтральны, дзе адбывалася дзеянне, і меншыя бакавыя (для ўваходаў і выхадаў).
Батлейка шырока бытавала па ўсёй Беларусі. Разнавіднасцямі яе былі жлоб і яселка. Паказы адбываліся па хатах, у корчмах, на вуліцах гарадоў, мястэчак, вёсак, суправаджаліся музыкай (найчасцей скрыпка і бубен). Асаблівае месца займалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе ценявога т-ра (Віцебск, Веліж). У канцы 19 — пач. 20 ст. жанравыя сцэны батлейкі выконваліся не толькі лялькамі, а непасрэдна акцёрамі (жывая батлейка ці батлея). На пач. 20 ст. своеасаблівай з’явай стала батлейка Патупчыка (Докшыцы), дзе апрача традыцыйнага паказу дэманстраваліся і бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. Гэты ж прынцып пакладзены ў аснову дзейнасці Залескага нар.т-ра «Батлейка» (арганізаваны Я.Ліс і А.Лосем у 1983). З канца 1980-х г. робяцца спробы адрадзіць традыц. паказы батлейкі на Каляды. З 1991 яны адбываюцца ў філіяле музея М.Багдановіча «Беларуская хатка» ў Мінску (батлейка з’яўляецца фрагментам экспазіцыі), а прафесійныя т-ры — Дзярж.т-р лялек і Тэатр-студыя кінаакцёра — паставілі батлеечную п’есу «Цар Ірад» (у сваёй інтэрпрэтацыі).
Літ.:
Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962;
Народны тэатр.Мн., 1983.
Дз.У.Стэльмах.
Да арт.Батлейка. Ельнінскі вяртэп і яго лялькі. 18 — пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРЭ́СТ (Bucureşti),
горад, сталіца Румыніі. Размешчаны на Пд краіны ў межах Ніжнедунайскай нізіны на р. Дымбавіца, за 45 км ад р. Дунай. Утварае самаст.адм. адзінку. 2,1 млн.ж., з прыгарадамі каля 2,4 млн.ж. (1993). Буйны трансп. вузел — месца перасячэння транс’еўрапейскіх чыг. і аўтамаб. магістраляў. Міжнар. аэрапорт Атапень. У Бухарэсце сканцэнтравана 1/6прамысл. вытв-сці краіны, у т. л. больш як 1/4 прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі, 1/3тэкст., 1/2 паліграфічнай. Займае вядучую ролю ў вытв-сці складаных машын і прылад (электроніка, электра- і радыётэхніка, прыладабудаванне), хім. прадукцыі (вырабы з гумы, пластмасаў, фарбавальнікі, лакі, фармацэўтычныя і парфумерныя тавары). Прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі, станкабудавання, нафтаперапр., с.-г. і трансп. машынабудавання, будматэрыялаў, шклофарфоравай, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Разнастайныя галіны харч. (мясная, мясакансервавая, алейная, тытунёвая і інш.) і лёгкай (тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, футравая і інш.) прам-сці. Метрапалітэн.
Вядомы з 14 ст. як 2-я рэзідэнцыя валашскага феад. княства. З 1459 крэпасць для абароны Валахіі ад тур. набегаў. З 1659 сталіца Валахіі. У 19 ст. цэнтр нац.-вызв. руху. З 1861 сталіца Румыніі. Тут падпісаны Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 і Бухарэсцкі мірны дагавор 1918. У чэрв. 1941 у Бухарэст уведзены ням.-фаш. войскі, вызвалены ў ходзе Народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944 супраць фаш. рэжыму І.Антанеску. У 1947 у Бухарэсце абвешчана Рум.Нар. Рэспубліка. Цэнтр Народнага паўстання ў Румыніі 1989—90, якое прывяло да звяржэння таталітарнага рэжыму Н.Чаўшэску.
Старая частка Бухарэста размешчана на берагах р. Дымбавіца, у раёне б. Кветкавага базару (цэрквы Міхай-Водэ, 1589—91, Патрыяршая, 1654—58, Стаўраполіс, 1724—30). У 19—20 ст. склаўся новы цэнтр горада з радыяльнымі і кальцавымі магістралямі, параднымі пабудовамі ў духу эклектызму, нац. рамантыкі, неакласіцызму і функцыяналізму: т.зв. Атэнеум (філармонія; 1886—88), Палац Рэспублікі (1930—37), Прэзідыум Савета Міністраў (1936—38, арх. Д.Марку) і інш. Паводле ген. плана 1952 пабудаваны дом паліграф.к-та «Скынтэя» (1948—53), комплекс ВДНГ (1964), аэрапорт (1970), ансамбль Нац.т-ра імя І.Л.Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» (1970—73, арх. Х.Майку і інш.), жылыя раёны (Флараска, Тытан, Букурэшты-Ной і інш.).
У Бухарэсце АН Румыніі (з 1879). 13 ВНУ, у т. л.ун-т (з 1864), кансерваторыя, політэхн.ін-т. Н.-д. ін-ты (у т. л.Ін-т эндакрыналогіі і геранталогіі). Музеі: Нац., Гісторыі прыроды, мастацтваў Румыніі, Музей вёскі. Тэатры: оперы і балета, Нац. імя І.Л.Караджале і інш. Універсітэцкі бат. сад (з 1860).
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Будынак Атэнеума ў Бухарэсце.Да арт.Бухарэст. Патрыяршая царква. 1654—58.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца па вырабе натуральных цвёрдых і мяккіх скураных тавараў і штучных скур. Забяспечвае скуртаварамі абутковую прамысловасць, футравую прамысловасць, часткова швейную і інш. галіны. Асн. сыравінай для гарбарнай прамысловасці служаць скуры жывёл. Гарбарная сыравіна падзяляецца на: дробную (скуры цялят, жарабят, авечак, коз, цюленяў, нерпаў), што ідзе на выраб скур для верху абутку, адзення і галантарэйных вырабаў, буйную (скуры буйн. раг. жывёлы, коней, аслоў, вярблюдаў, аленяў, маржоў, кітоў) і свіную (са свойскіх свіней і дзікоў), якія служаць для вырабу хромавых і юхтовых скур на верх абутку, для рамізніцкіх і тэхн. вырабаў. Выкарыстоўваюць таксама скуры рэптылій (кракадзілы, яшчаркі, змеі), некат. рыб і інш.
Апрацоўка скур і выкарыстанне іх на абутак і адзенне вядома з глыбокай старажытнасці. Са скур выраблялі таксама пергамін, вупраж, шчыты і інш. Скуры дубілі пры дапамозе раслінных дубільнікаў. У 2-й пал. 19 ст. частка падрыхтоўчых і апрацоўчых аперацый механізавана, з 1880-х г. пачалі выкарыстоўваць паскораны метад вырабу скур солямі хрому. Рамесніцкае гарбарства ператварылася ў гарбарную прамысловасць. У 20 ст. развіццю гарбарнай прамысловасці спрыяла стварэнне галін машынабудавання, якія выпускалі машыны для апрацоўкі скур, пашыву абутку, адзення і інш. вырабаў, а таксама расшырэнне сыравіннай базы, развіццё вытв-сці штучных скур і заменнікаў скуры, сінт. каўчуку і дубільнікаў, дубільных экстрактаў.
Асартымент прадукцыі сучаснай гарбарнай прамысловасці акрамя шырока вядомых абутковых цвёрдых і мяккіх (хромавага дублення і юхту), адзежна-галантарэйных, рамізніцкіх і тэхн. скур уключае такія новыя вырабы, як спілак для абутку, велюры, асветленыя скуры для нізу абутку, лакавыя з поліурэтанавым пакрыццём, хромавыя павышанай эластычнасці, тэрмаўстойлівую юхту і інш. Развітую гарбарную прамысловасць маюць ЗША, Расія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ФРГ, Аргенціна, Аўстралія, Манголія і інш. краіны.
Гарбарная прамысловасць — адна са старадаўніх на Беларусі. Скураны абутак 12—13 ст.вядомы з раскопак у Брэсце, Гродне, Мінску, Полацку і інш. У 2-й пал. 19 ст. скуры, вырабленыя на Беларусі, карысталіся попытам на рас. і замежным рынках. Цэнтрамі гарбарнай прамысловасці былі Смаргонь (22 прадпрыемствы), Ашмяны, Мінск (буйны з-д Сальмана), Магілёў, Скідзель, Талачын і інш. Вырабляліся лайка, хром, шчыгрын (гамбургскі тавар), падэшвы. Пабудаваны гарбарныя з-ды ў 1927 «Бальшавік» у Мінску, у 1930 — у Магілёве. У 1996 у краіне дзейнічаюць Мінскае гарбарнае вытворчае аб’яднанне, Магілёўскі гарбарны завод, Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, Бабруйскі гарбарны камбінат, Пінскі завод штучных скур, шэраг меншых прадпрыемстваў. У 1996 выпушчана 426,9 млн. дм² верхніх скуртавараў (найбольш у 1991 — 992,4 млн. дм²), з іх 381,1 млн. дм² хрому, 45,8 млн. дм² юхту і 16 млн. дм² цвёрдых скуртавараў.
В.М.Логвінка.
Да арт.Гарбарная прамысловасць. У скурсыравінным цэху гарбарнага завода ў пас. Гатава Мінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕБРАІ́СТЫКА,
комплекс філал. дысцыплін, якія даследуюць іўрыт і тэксты на ім; раздзел семіталогіі. Да пач. 16 ст. аўтарамі гэтых даследаванняў былі выключна яўрэі, якія выкарыстоўвалі метады араб. граматыкаў. Лічаць, што гебраістыка вылучылася ў асобную дысцыпліну ў пач. 10 ст. Першыя лінгвістычныя творы, прысвечаныя мове іўрыт, — працы Саадзі Гаона «Збор слоў», «Кнігі аб мове», працы І.Д.Хаюджа (каля 950 — каля 1000). Гебраістыка інтэнсіўна развівалася ў канцы 10 — сярэдзіне 12 ст. Большасць твораў таго часу напісана ў Іспаніі на араб. мове. У іх завершана лексічнае і граматычнае апісанне іўрыту. У 12 ст. вывучэнне іўрыту выйшла за межы араб. свету. Кніга І.Райхліна «Элементы мовы іўрыт» (1506) — першая праца па гебраістыцы, напісаная хрысціянінам і адрасаваная хрысціянам. З 16 ст. гебраістыка стала часткай еўрап. культуры. Адным з цэнтраў даследаванняў па гебраістыцы была Галандыя. Першым на лац. мове трактат аб граматыцы іўрыту напісаў Б.Спіноза («Кароткі нарыс граматыкі мовы іўрыт», 1677). Буйнейшы прадстаўнік гебраістыкі 19 ст. — ням. даследчык Г.Ф.В.Гезеніус (1786—1842). Асаблівасць гебраістыкі 20 ст. — вызваленне яе ад уплыву тэалогіі і вяртанне да сваіх гуманістычных вытокаў. Асаблівую актуальнасць даследаванне розных этапаў развіцця іўрыту набыло ў сувязі з практычнымі задачамі адраджэння іўрыту як размоўнай і пісьмовай мовы ў навейшы час. Работа над поўным слоўнікам мовы іўрыт вялася з 1908 па 1959. Пачынаў яе Э.Бен-Іехуда, прадоўжылі А.Эвен-Шашан («Новы слоўнік», 1947—58), Я.Кнаані («Скарбонка мовы іўрыт», т. 1—15, 1960—80) і інш. У Расіі да 1917 гебраістыка развівалася пераважна на семіталагічным аддзяленні ф-та ўсх. моў Пецярбургскага ун-та, часткова ў духоўных акадэміях і семінарыях. У Маскве цэнтрам семіталогіі быў Лазараўскі ун-тусх. моў (з 1921 Маскоўскі ун-т усходазнаўства). Вял. ўклад у гебраістыку зрабіў вядомы ўсходазнавец, семітолаг, даследчык яўр. гісторыі і л-ры ўраджэнец г. Навагрудка А.Я.Гаркаві. У 1882 створана Рас. Палесцінскае т-ва, у публікацыях якога («палесцінскі зборнік») змешчаны каштоўныя работы па гебраістыцы. Пасля 1917 на кафедры семіталогіі Ленінградскага ун-та і ў Ін-це ўсходазнаўства акад. П.К.Какоўцаў заснаваў школу гебраістаў. У ліку яе буйнейшых прадстаўнікоў былі ўсходазнаўцы І.Д.Амусін (1910—84; ураджэнец Віцебска), І.Н.Віннікаў (1897—1973; ураджэнец г. Хоцімск), Г.М.Глускіна (н. 1922, ураджэнка г.п. Парычы, з 1990 жыве ў Ізраілі). У Беларусі значны ўклад у развіццё гебраістыкі зрабіў Г.М.Ліўшыц.
Літ.:
Амусин И.Д. Рукописи Мертвого моря. М., 1961;
Яго ж. Находки у Мертвого моря М., 1965;
Глускина Г. Иегуда Альха Альхаризи и его сборник макам «Тахкемони» // Ариэль: Журн. современного израильского искусства и лит. 1992. № 10;
Лившиц Г.М. Происхождение христианства в свете рукописей Мертвого моря. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖНІ́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ, жнейскія, жытныя песні,
«жніво», частка летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Вядомы пераважна ў слав. і балцкіх народаў. На Беларусі — узор традыц. сялянскай нар.-песеннай класікі. Выконваліся жнеямі на полі. Падзяляюцца на зажынкавыя, уласна жніўныя (гал. жанрава-тэматычная група) і дажынкавыя. Пераважае прац., сацыяльна- і сямейна-бытавая тэматыка; асн. матыў — выказванне гора, крыўды, якія жняя давярала ніве, скарга яе на непасільную працу, нялёгкае жыццё ў сям’і мужа з проціпастаўленнем свайго і чужога дома, роднай і няроднай маці, нараканне на адзіноцтва ўдавы, сіраты, шкадаванне аб страчанай дзявочай прыгажосці. Вобразны лад вызначаюць псіхал. тонкасць, яркасць бытавых замалёвак. Разгорнутыя маналогі жняі (часам перарастаюць у дыялогі) уключаюць зварот да нівы, сонца, ветру, бору, хмар. У гумарыст. сюжэтах матыў скаргі амбівалентна пераасэнсоўваецца («Ох, і дайце ж мне раду, мой загонічак ззаду»). З часоў прыгону ў Ж.п. больш, чым у інш. каляндарна-земляробчых, выявілася антыпрыгонніцкая накіраванасць. У некат. песнях традыц. скарга жняі набывае характар пратэсту, перарастае ў праклён («Бадай пана громы ўбілі, як мы ручкі патамілі»).
Напевы Ж.п. яскрава выяўляюць характэрны для алігатонных ладава-меладычных сістэм драматургічны прынцып адначасовага кантрасту — рознанакіраванасць выразных сродкаў пры іх раўнапраўнасці, што надае падобным напевам асаблівую выразнасць. Нягледзячы на невял. гукавы дыяпазон, напевы Ж.п. уражваюць шырынёй меладычнага дыхання, дзякуючы свабоднай імправізацыйнай рытміцы з доўга працягнутымі апорнымі гукамі ладу. У паўд. (Палессе) і ўсх. раёнах Беларусі Ж.п. гучаць напружана (накшталт плачу-галашэння), у паўн. (Паазер’е) пераважна лірычна, у зах. і некат. цэнтр. раёнах часта набываюць эпічныя рысы (з эпічнымі зачынамі паэт. тэкстаў: «А заспорыў Дунай з морам за бедную сіраціну», «Да цераз лесы, цераз боры брат сястрыцы пакланяецца»). У асобных мясцовасцях Ж.п. збліжаюцца і нават зліваюцца з сенакоснымі (напевы, якія іх аб’ядноўваюць, наз. «лета»). Гучанне песень «лета», як і веснавых песень, яскрава прадстаўляе нар. школу галаснога спеву. Параўнальна невял. колькасць зажынкавых песень мае рытуальна заклікальны характар («Радзі, ніва, жыта, жыта і пшаніцу, усякую пашніцу»), дажынкавыя — велічальны, святочны, нярэдка афарбаваны ў гумарыст. тоны. Ад уласна жніўных яны адрозніваюцца меншай распеўнасцю, большай рытмічнай акрэсленасцю. Суправаджаюцца абрадамі «першага снапа» (зажынкавыя), «апошняга снапа» і «завівання барады» (дажынкавыя). І песні і абрады пранізвае адзін матыў — стаўленне да хлеба як да святыні.
Публ.:
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Жніўныя песні / Скл. А.С.Ліс, В.І.Ялтаў В.І.Ялатаў. Мн., 1974;
Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.Цітовіч. 2 выд.Мн., 1975;
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
Літ.:
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;
Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРАМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна будаўнічых матэрыялаў прамысловасці, якая аб’ядноўвае прадпрыемствы па здабычы сыравіны і вытв-сці грубай керамікі (гліняная цэгла, керамічны камень, абліцовачная плітка, кафля, дахоўка, дрэнажныя трубы, сан.-буд., кіслота- і вогнетрывалыя вырабы і інш.), тонкай керамікі (фарфора-фаянсавыя вырабы: прадметы прыкладнога характару, гасп. і лабараторны посуд і інш.), керамзіту, вырабаў эл.-тэхн. і радыётэхн. прам-сці, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вытв-сць вырабаў з керамікі заснавана на ўласцівасці гліністых матэрыялаў утвараць з вадой пластычнае цеста, з якога можна рабіць патрэбную форму і абпальваць. Керамічная вытв-сць разнастайная, зводзіцца да працэсаў апрацоўкі керамічнай сыравіны, падрыхтоўкі масы, афармлення вырабаў, іх сушкі і абпальвання.
На Беларусі вытв-сць глінянага посуду пачалася ў неаліце (5—4 тыс.г. да н.э.). З пашырэннем тут у 10 ст.н.э. ганчарнага круга вытв-сць вырабаў з гліны вылучылася ў спец. рамяство — ганчарства. У 16—18 ст. існавалі дзесяткі асяродкаў вытв-сці керамічных вырабаў, пераважна розных відаў гасп. посуду. З 16 ст. інтэнсіўна развівалася і вытв-сць кафлі (буйным. яе цэнтрам пазней стаў Копысь). У 1742 кн. М.Радзівіл заснаваў у Свержані першую на Беларусі фаянсавую мануфактуру, дзе выпускалі сталовы посуд, дэкар.-маст. вырабы. Фаянс выраблялі мануфактуры ў Гродне, Целяханах, Урэччы, Слуцку. З даўніх часоў як цэнтры керамічнай вытв-сці вядомы Пружаны, Дуброўна, Івянец, Радашковічы, Ракаў, Гарадная (Столінскі р-н). У 1950—60-я г. на Беларусі арганізаваны выпуск керамічных дрэнажных труб, абліцовачнай пліткі, керамічнай пліткі для падлогі, дахоўкі. У 1974 вытв-сць дахоўкі была спынена, адноўлена ў 1990-я г. Сярод краін свету вытв-сцю керамічных вырабаў вылучаюцца Кітай, ЗША, Расія, Італія, Іспанія, Чэхія.
На Беларусі (1995) выпушчана 5426 тыс.м² керамічнай пліткі для ўнутр. абліцоўкі, 1071 тыс.м² керамічнай пліткі для падлогі, 1679 тыс.м² фасаднай керамічнай пліткі розных колераў, 433,6 тыс.шт.сан. керамічных вырабаў, 20,2 тыс.м² дахоўкі, 21 млн.шт. фарфора-фаянсавага посуду, у т. л. 409 тыс. камплектаў чайных і кававых сервізаў. Найбольшае прадпрыемства па выпуску розных відаў буд. керамікі ВА«Керамін» (раней «Мінскбудматэрыялы»). Буд. кераміку выпускаюць таксама ВА «Кераміка» ў Віцебску, Обальскі керамічны з-д, ВА «Оршабудматэрыялы», Ваўкавыскае вытворчае аб’яднанне будаўнічых матэрыялаў, Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Скідзельскі камбінат буд. матэрыялаў, Бабруйскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Магілёўскі камбінат буд. матэрыялаў, Рэчыцкі кераміка-трубны з-д, з-д абліцовачнай фасаднай керамікі «Гарынь» у Столінскім р-не, малыя прадпрыемствы «Архіпласт» (Ліда), «Маналіткерам» (Талачынскі р-н) і інш. Гатункавы посуд, маст. кераміку выпускаюць Мінскі фарфоравы з-д, вытв.гандл. фірма «Фарфор» (Добруш), Радашковіцкі керамічны з-д. Экспартуюцца абліцовачная керамічная плітка, гатунковы посуд, вырабы маст. керамікі.
С.І.Сідор.
Да арт.Керамічная прамысловасць. Ліцейны ўчастак завода «Будфарфор» ААТ «Керамін».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎКА МАСТА́ЦКАЯ,
выраб рэчаў утылітарна-дэкар. прызначэння шляхам гарачага ці халоднага кавання металу; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Вядома з 4—3-га тыс. да н.э. ў Іране, Месапатаміі, Егіпце; халодная К.м. ў індзейцаў Паўн. і Паўд. Амерыкі да 16 ст.н.э. У перыяд сярэдневякоўя дасягнула росквіту ў Зах. Еўропе (рашоткі для балконаў, дзвярэй, агароджаў, ліхтары, святцы, акаваныя жалезам куфры, дзверы ў касцёлах і інш.). Традыцыі К.м. як сярэдневяковага рамяства захаваліся ў нар. мастацтве Да 19 ст. Сярод твораў 15—19 ст. вылучаюцца каваныя ліхтары, рашоткі, брамы Версаля (Францыя), Пецярбурга, Царскага Сяла (Расія). Шматлікія гарады спецыялізаваліся ў розных галінах кавальства: Герат (Афганістан), Масул (Ірак) — начынне, Дамаск, Мілан (Італія), Аўгсбург (Германія), Астрахань і Тула (Расія) — зброя, Нотынгем (Вялікабрытанія), Золінген (Германія), Паўлава (Расія) — нажы і інструменты. У 19 ст. ручная К.м. выцеснілася штампоўкай і ліццём. Традыцыі К.м. адрадзіліся ў 20 ст. ў творах прафес. мастакоў.
На Беларусі па-мастацку выкаваныя посуд, зброя, прадметы побыту вядомы з 11—12 ст. Росквіту К.м. дасягнула ў 16—17 ст. ў сувязі з арганізацыяй кавальскіх цэхаў (Брэст, Слуцк, Полацк, Віцебск, Магілёў і інш.), дзе выраблялі рэчы утылітарнага і маст. характару — дэкар. ліхтары, падстаўкі пад вазоны, надмагільныя і царк. крыжы «са ззяннем», накладкі на мэблю і дзверы, падсвечнікі і інш. Больш за 160 кавалёў з Беларусі ў 2-й пал. 17 ст. працавалі ў Маскоўскай дзяржаве. У 18 ст. буйнымі цэнтрамі кавальства былі Віцебск, Гродна, Пінск, Мінск, Магілёў, дзе выраблялі балконныя і аконныя рашоткі, агароджы, вароты, надкупальныя крыжы, алтарныя перагародкі, флюгеры, завесы, замкі, дзвярныя ручкі і інш.Асн. від дэкору каваных агароджаў — спалучэнні S- і C-падобных завіткоў, скручванне жалезных прутоў вакол падоўжнай восі, арнаментальныя матывы ў выглядзе разетак, бегункоў, меандру, картушаў. Накладкі на мэблі і дзвярах аздаблялі прасечкай, гравіроўкай, насечкай у выглядзе геам. узораў. У 2-й пал 19 ст. ў сувязі з развіццём прамысловасці К.м. ў гарадах заняпала, але захавала свае традыцыі ў нар. побыце. Сярод майстроў К.м. канца 19 — пач. 20 ст. П.Багрым, С.Манко, А.Уласік і інш. У 2-й пал. 20 ст. як маст. промысел выйшла з ужытку. У наш час К.м. вядома ў творчасці некаторых прафес.бел. мастакоў: А.Зайцава, Б.Казакова, Я.Карманава, С.Ларчанкі, Ю.Любімава, В.Сташчанюка, А.Сурскага і інш.
Літ.:
Сахута Я.М. Народнае мастацтва кавальства. Мн., 1981.
А.І.Сямёнаў.
Да арт.Коўка мастацкая. Люстра работы П.Багрыма з Крошынскага касцёла (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобл.). 2-я пал. 19 ст.Да арт.Коўка мастацкая Ю.Любімаў. Камінная рашотка. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ПАСЦЬ,
умацаваны пункт з пастаянным гарнізонам, узбраеннем і прыпасамі, прызначаны для кругавой доўгатэрміновай абароны ва ўмовах аблогі. Асн. абарончыя элементы К.: земляныя валы, равы, драўляныя ці мураваныя сцены і вежы з байніцамі, брамы, барбаканы, бастыёны, равеліны і інш. Падзяляліся на сухапутныя і марскія (прыморскія).
Правобразамі К. былі ўмацаваныя паселішчы першабытнай эпохі. У рабаўладальніцкіх дзяржавах многія гарады былі адначасова і К. (Карфаген, Рым, Канстанцінопаль). Для прыкрыцця граніц К. будавалі ў Стараж. Егіпце, Рыме, Асірыі, Вавілоне, Персіі і інш.
У сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе выгляд К. набылі ўмацаваныя замкі феадалаў, гарады і манастыры. На Русі буд-ва К. пачалося ў 10—11 ст. з мэтай абароны насельніцтва гарадоў і навакольных раёнаў.
На Беларусі тэрмін «К.» у сучасным яго разуменні вядомы з 18 ст. Раней К. называлі водныя перашкоды, балоты, высокія схілы, якія ахоўвалі паселішчы. У 11—13 ст. функцыі К. адыгрывалі некат. парубежныя гарады (Мінск, Гродна, Камянец, Кукенойс, Герцыке). Асновай іх абароны былі дзядзінцы. Другую лінію абароны складалі ўмацаванні вакольнага горада. Вузлавымі пунктамі абароны гарадоў з’яўляліся замкі, умацаваныя манастыры і кляштары. У 15—17 ст. некат. бел. гарады (Магілёў, Мсціслаў, Віцебск, Полацк) адыгрывалі ролю парубежных К. Іх абарончыя ўмацаванні звычайна складаліся з некалькіх паясоў магутных фартыфікацыйных збудаванняў вакол горада. У функцыян. адносінах значна бліжэй да К. былі ўмацаваныя гарадкі-астрогі Туроўля, Сітна, Суша, Сокал, Казьян і інш., пабудаваныя ў 16 ст. на Полаччыне. Пад уплывам італьян. і галандскай фартыфікацыі з 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася буд-ва бастыённай сістэмы ўмацаванняў. Сярод К. новага тыпу вылучаліся Магілёў, Быхаў, Ляхавічы, Нясвіж, асабліва Слуцк, які да канца 18 ст. называлі «бастыёнам Вялікага княства Літоўскага». На Беларусі крапаснымі збудаваннямі былі таксама многія цэрквы, у т. л.Мураванкаўская царква-крэпасць, Супрасльская царква-крэпасць, Сынковіцкая царква-крэпасць, жылыя дамы — Гайцюнішскі дом-крэпасць, Гродзенскі новы замак. Традыц. драўляна-земляныя збудаванні паступова трацілі сваё стратэг. значэнне. Павелічэнне далёкасці і магутнасці агню артылерыі прывяло да ўзнікнення ў 19 ст. фортавай К., якая складалася з т. зв. ядра (звычайна старой К.) і вынесеных уперад на 2—3 км асобных фортаў на адлегласці 1,5—2 км адзін ад аднаго. Такія ўмацаванні мелі Бабруйская крэпасць і Брэсцкая крэпасць. У 1914 на тэр. Еўропы было больш за 150 разнастайных К. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі, з развіццём узбраення і ваен. тэхнікі, усе краіны адмовіліся ад фортавых К. і пачалі ствараць умацаваныя раёны і палосы. Гл. таксама Абарончыя збудаванні.
Літ.:
Rogalski M., Zaborowski M. Fortyfikacja wczoraj i dziś. Warszawa, 1975;
гл. таксама пры арт.Абарончыя збудаванні.
М.А.Ткачоў.
Схема Брэсцкай крэпасці. 1941.Крэпасць Туроўля. 1566—67.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЗА́МАК,
старажытная крэпасць, на аснове якой узнік г.Мінск. У стараж.-рус. летапісах вядомы пад назвай «град», «горад», у актах 15—17 ст. — замак, пазней — Стары горад, Старое места, Стары замак, Замкавая гара, Замчышча. Пабудаваны ў 2-й пал. 11 ст. на правым беразе р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе Нямігі для абароны паўд. межаў Полацкага княства. Быў абнесены валам выш. каля 8 м, на грэбені якога пастаўлены драўляныя сцены, з паўд. боку — брама тыпу вежы. Замак меў форму няправільнага прамавугольніка (даўж. ад Свіслачы да процілеглага зах. краю 300 м, шыр. 120—150 м, пл. 3 га). Абкружаны з усіх бакоў вадой, меў выгляд умацаванага вострава. Гал. вуліца замка шыр. 4 м перасякала дзядзінец з У на З, ад яе адыходзілі вузкія завулкі. Шырыня астатніх вуліц была 3 м, праезная іх частка масцілася драўлянымі насціламі. Паміж вуліцамі размяшчаліся двары гараджан. Яны ўключалі 1—2 жылыя пабудовы, хлявы, клеці, майстэрні. Двор абгароджваўся парканам з бярвён, свабодная ад забудовы плошча масцілася насцілам. У 12—13 ст. у замку было 80—82 двары і 400—500 жыхароў. Умацаванні М.з. паспяхова вытрымалі асаду войска паўд.-рус. князёў і іх саюзнікаў у 1105 (у летапісе недакладна 1104) і 1116, няўдалымі былі спробы полацкага кн. Рагвалода Барысавіча ўзяць М.з. прыступам у 1159 і 1160 у час княжацкіх міжусобіц. Доўгі час замак быў паліт., ваенным і культ. цэнтрам, рэзідэнцыяй князёў, пазней велікакняжацкіх і каралеўскіх намеснікаў. У 1506 войскі крымскага хана Махмет-Гірэя, захапіўшы горад, не здолелі авалодаць крэпасцю. У замку былі ваенны гарнізон (залога), правіянцкія крамы, дом кіеўскага мітрапаліта, уладанні кн. Астрожскага. У вежы каля замкавай брамы размяшчалася турма. У М.з. знаходзіліся цэрквы Мікалаеўская і Раства Багародзіцы. З канца 17 ст. замак стаў паступова занепадаць, да канца 18 ст. асталіся земляныя валы, зафіксаваныя на планах Мінска канца 18 — пач. 19 ст.Археал. даследаванні М.з. праводзілі ў 1945—51, 1957 В.Р.Тарасенка, у 1958—61 Э.М.Загарульскі, у 1976 Г.В.Штыхаў, у 1981—82 В.Е.Собаль і Штыхаў, у 1983—87 Штыхаў.
Заяц Ю.А. Оборонительные сооружения Менска XI—XIII вв. Мн., 1996.
Г.В.Штыхаў.
Мінскі замак. Брама 12—1-й пал. 13 ст. Рэканструкцыя Ю.А.Зайца. Забудова заходняй часткі Мінскага замка. 13 ст. Рэканструкцыя П.А.Русава. Мастак А.Зарх.Забудова заходняй часткі Мінскага замка. 13 ст. Рэканструкцыя П.А.Русава. Мастак А.Зарх.Мінскі замак. Брама 12—1-й пал. 13 ст. Рэканструкцыя Ю.А.Зайца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІЯ ЗА́МКІ.
Існавалі ў 11—пач. 18 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл.Вядомыт. зв. Замак на дзядзінцы і Малы замак.
Замак на дзядзінцы (быў стараж. цэнтрам г.Навагрудак і рэзідэнцыяй зах.-рус. і літ. князёў) заложаны на месцы гарадзішча на высокім (20 м) часткова насыпаным узгорку, т. зв. Замкавай гары, абкружанай ровам. Першыя ўмацаванні ў выглядзе кругавога абарончага вала з драўлянымі сценамі-гароднямі і астрогам узніклі ў 11 ст. У сярэдзіне 13 ст. пабудавана квадратная ў плане (12 × 12 м) 5-ярусная вежа-брама з падмуркам выш. 3,5 м, цокалем і сценамі таўшчынёй 2,75 м. У час аднаго з крыжацкіх нападаў (верагодна, 1394) гэтая вежа моцна пашкоджана, у канцы 14 ст. адноўлена; вядома пад назвамі Шчытоўка, Шчытовая ці Цэнтральная. У канцы 14 — пач. 15 ст. на тэр. замка ўзведзены яшчэ тры 3-ярусныя цагляныя вежы з байніцамі на кожным паверсе: Касцельная (9 × 9 м), Малая вежа-брама (8 × 10 м), Пасадская (7,7 × 7,7 м). Для забеспячэння замка вадой на ўсх. схіле над крыніцай была пастаўлена вынасная Калодзежная вежа (8 × 8 м). Будаўніцтва вежаў завершана да 1410. Вежы злучаліся мураванымі сценамі. Замак паспяхова процістаяў крыжацкім нападам. Далейшае ўмацаванне замка адбылося ў канцы 15 — пач. 16 ст. у сувязі з набегамі крымскіх татар. У паўн.-зах. частцы замка пабудавана вежа Дазорца (14 × 14 м), на паўд.-ўсх. схіле гары дадаткова ўзведзена Меская вежа-брама, злучаная прасламі сцен з Калодзежнай вежай і Малой брамай. Утварыліся 2 шматвугольныя прылеглыя мураваныя паясы абароны, адзін з якіх быў на дзядзінцы, другі — на схіле ўзгорка, перад уваходам у замак з боку горада. На замкавым двары стаялі жылыя і гасп. пабудовы. У канцы 16 — пач. 17 ст. узведзены палац, да якога прылягала капэла (канец 17 ст.). У 14—19 ст. на тэр. замка была царква, у якой да 1775 адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. У 1505 і 1506 татары двойчы асаджвалі замак, але ўзяць не змаглі. У 1706 замак узарваны шведамі.
Малы замак у 11 ст. — комплекс умацаванняў, які складаўся з землянога вала і драўляных абарончых канструкцый. У канцы 13 — пач. 14 ст. з захаду над уездам была надбудавана мураваная вежа, якая ў канцы 15 — пач. 16 ст. перабудавана ў 8-гранную. Абодва замкі ў 13 ст. былі дадаткова ўмацаваны земляным валам і ровам, якія праходзілі каля падножжа гары з паўн. і паўн.-зах. бакоў. Да 1828 ад Замка на дзядзінцы часткова ўцалелі 2 вежы: Шчытоўка і Касцельная.
М.А.Ткачоў.
Да арт.Навагрудскія замкі: 1 — рэшткі замка на дзядзінцы. Фота пач. 1990-х г.; 2 — рэканструкцыя В.Сташчанюка. 1991.