ЛАХО́Р,

горад на У Пакістана, на р. Раві, за 25 км ад мяжы з Індыяй. Адм. ц. прав. Пенджаб. 5 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам., гандл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, харч., маш.-буд. (станкабудаванне, эл.-тэхн., зборка трактароў і матаролераў), металаапр., папяровая, шкляная, хім., у т.л. вытв-сць мінер. угнаенняў. Нар. промыслы; ручное дыванаткацтва, вышыўка, саматужна-мастацкія вырабы з тэкстылю, воўны і шоўку, серабра, бронзы і медзі. 2 ун-ты, у т.л. Пенджабскі. Музеі, у т.л. музей зброі. Арх. помнікі пераважна эпохі Вял. Маголаў (16—18 ст.): Шыш-Махал («Люстраны палац»), Бадшахі-Масджыт (адна з найбуйнейшых мячэцяў свету). Сады Шалімара (засн. ў 1641) і форт (16 ст.) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Вядомы з 7 ст. У 10 ст. цэнтр індускага княства. У 1099—1114 і 1153—86 сталіца дзяржавы Газневідаў. Пры дэлійскіх султанах і Вялікіх Маголах цэнтр Пенджабскага намесніцтва. Л. неаднаразова разбуралі маголы (1240), хахары (1342, 1394), войскі Цімура (1398). Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст., цэнтр транзітнага караваннага гандлю. У 1739 захоплены Надзір-шахам. У 1799—1849 сталіца дзяржавы сікхаў. У 1849—1947 пад уладай Вялікабрытаніі, цэнтр Лахорскай вобл. і аднайм. акругі Брыт. Індыі. У 1947—55 і з 1970 адм. ц. пакістанскай прав. Пенджаб, у 1955—70 — вобласці Лахор і прав. Зах. Пакістан.

Агульны выгляд горада Лахор.

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)