ВО́ТЧЫННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

прадпрыемствы вотчыны, маёнтка, заснаваныя на працы прыгонных сялян на Беларусі, Украіне і ў Расіі ў 17—19 ст. Дробная вытв-сць — вотчыннае рамяство развівалася з 11—12 ст. На Украіне (пераважна Левабярэжнай) вотчынныя мануфактуры ўзніклі ў канцы 17 ст.; выраблялі жалеза, шкло, салетру, тытунь, сукно, шоўк, з 1830-х г. — цукар. У Расіі вотчынная прамысловасць існавала з 17 ст., вырабляла паташ, палатно, сукно, шоўк, гарэлку; найб. развіццё атрымала ў 2-й пал. 18 ст.

На Беларусі буйная вотчынная прамысловасць у форме мануфактуры ўзнікла ў пач. 18 ст. Гэта былі пераважна прадпрыемствы, заснаваныя на выкарыстанні ўласнай с.-г. і лясной сыравіны, паліва і прылад працы вотчыннікаў. Першыя прадпрыемствы такога тыпу — Налібоцкая шкляная мануфактура, Урэцкая шкляная мануфактура. У 2-й пал. 18 ст. вылучаліся суконныя мануфактуры ў Нясвіжы, Мінску, Брэсце, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, гуты ў мяст. Ілья Вілейскага і мяст. Мыш Навагрудскага пав., а таксама жалезаапр. прадпрыемствы графа І.​Храптовіча ў Ашмянскім пав. У канцы 18 ст. ўзніклі буйныя мануфактуры ва ўсх. ч. Беларусі, якая адышла да Рас. імперыі (у Шклове, Крычаве, Добрушы, Дуброўне, Горках, Беліцы і інш.). Большасць іх прадукцыі ішла па пастаўках у казну: палатно на парусы для флоту, сукно на абмундзіраванне для арміі, скуры, шкляны посуд, гарэлка і інш. У цэлым у вотчыннай прамысловасці пераважалі дробныя прадпрыемствы, асабліва ў мукамольнай, вінакурнай, дрэваапр., цагельнай і гарбарнай вытв-сці. У 1796 на Беларусі было 8649 вотчынных прадпрыемстваў, на якіх працавала 15 тыс. чал. З развіццём прам-сці прадпрыемствы ўзбуйняліся, а іх колькасць змяншалася: да 1861 іх засталося 2313. Адмена прыгоннага права ў 1861 прывяла да ліквідацыі вотчыннай прамысловасці. Прадпрыемствы вотчыннай прамысловасці былі зачынены, прададзены прадпрымальнікам або рэарганізаваны на капіталіст. лад.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДЛЁВЫ ЦЭНТР,

комплексны тып грамадскіх будынкаў, у складзе якіх прадпрыемствы гандлю, грамадскага харчавання, быт. абслугоўвання і інш. Часта аб’ядноўваюцца з культ.-асв., відовішчнымі, спарт., трансп. і інш. ўстановамі, утвараючы т.зв. грамадска-гандл. цэнтры. Пры ўключэнні ў іх склад адм.-дзелавых устаноў, офісаў, банкаў, прадпрыемстваў сувязі, гасцініц і інш. ствараюцца шматфункцыянальныя грамадска-дзелавыя цэнтры. У залежнасці ад кантынгенту абслугоўвання бываюць гандлёвыя цэнтры раённыя (крамы харч. і прамысл. тавараў, сталоўкі, кавярні, рэстараны, пошта, аптэка, банк) і агульнагарадскія (універмаг, спецыялізаваныя крамы, супермаркеты, Дамы быту, крытыя рынкі).

Гістарычна гандлёвыя цэнтры развіліся са старых рынкаў і кірмашоў, гасціных двароў 17—19 ст. Сучасныя гандлёвыя цэнтры з’явіліся ў 1930-я г. ў ЗША («Рузвельтфілд» каля Нью-Йорка) і звязаны з канцэнтрацыяй гандлю ў руках буйных манаполій і канкурэнцыяй паміж імі на ўнутр. рынку, а таксама з працэсам дэцэнтралізацыі насельніцтва буйных гарадоў, перасяленнем часткі яго на ўскраіны і ў загарадныя зоны, развіццём грамадскага і індывід. транспарту. У Зах. Еўропе пашыраны з 1950-х г. у сувязі з рэканструкцыяй старых гар. цэнтраў і буд-вам новых гарадоў («Лейнбан» у Ротэрдаме). У 1960-я г. ўзведзены буйныя грамадска-гандл. цэнтры ў Франкфурце-на-Майне, Парыжы, Манчэстэры, Токіо і інш.

На Беларусі будуюцца з 1960-х г.: у Мінску — на вул. Талбухіна (арх. Ю.​Шпіт, Я.​Саманчук), «Паўднёвы Захад» (арх. В.​Хрышчановіч, М.​Сірата), у Гродне — «Вясёлка» (арх. Л.​Мельнік), у Брэсце — на вул. Маскоўскай (арх. С.​Неўмывакін, у сааўт.), вёсках Расна Брэсцкай вобл. (арх. Г.​Бяганская), Сарачы Мінскай вобл. (арх. Г.​Заборскі) і інш. У арх.-маст. вырашэнні выкарыстоўваюць прыёмы дызайну, рэкламы, малыя арх. формы, элементы добраўпарадкавання (кветнікі, газоны, фантаны), каркасныя канструкцыйныя схемы.

В.​І.​Анікін.

т. 5, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАХО́ЎСКІ (Сяргей Іванавіч) (н. 25.9.1913, мяст. Нобель Зарэчненскага р-на Ровенскай вобл., Украіна),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1983). У 1914 з бацькамі пераехаў у Глуск. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1935). Працаваў на Бел. радыё, у прэсе. У 1936 беспадстаўна арыштаваны, сасланы на лесараспрацоўкі ў Горкаўскую вобл. У 1946—49 настаўнік у Слуцкім р-не. У 1949 арыштаваны паўторна і высланы ў Новасібірскую вобл.; настаўнічаў. Рэабілітаваны ў 1955. З 1956 у Мінску. У 1957—73 у час. «Бярозка», «Вясёлка». Друкуецца з 1926. Першы зб. вершаў «Дзень нараджэння» (1958). Грахоўскі — прыхільнік традыц. класічнай паэтыкі, канкрэтна-рэаліст. вобразнасці. Асн. рысы яго паэзіі — лірызм, роздум над складанымі праблемамі часу, спалучэнне грамадскіх і асабістых матываў, сцвярджэнне дабрыні, чалавечай годнасці, грамадз. адказнасці чалавека: зб-кі «Чаканне» (1960), «Паэма дарог» (1970), «Зачараванасць» (1978), «Асеннія гнёзды» (1982, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1983), «Кругі надзеі» (1985), «Верую» (1987), «І радасць і боль» (1988), «Споведзь» (1990, аповесці і вершы, Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і інш. Аўтар зб. апавяданняў «Які вялікі дзень» (1966), дакумент. аповесці «Рудабельская рэспубліка» (1967, экранізавана ў 1972), «Суровая дабрата» (1977), «Два лёсы — дзве трагедыі» (1988), аўтабіягр. трылогіі «Такія сінія снягі» (1988), «Зона маўчання» (1990), «З воўчым білетам» (1991) і інш. Піша для дзяцей (зб. вершаў «Сёння і заўтра», 1961; «Гарыць касцёр», 1966; аповесць «Гарачае лета», 1974, і інш.). Перакл. на бел. мову асобныя творы А.​Гайдара, Р.​Тагора, кн. «Выбраныя вершы і паэмы» А.​Блока, зб. «Пасля спаткання» М.​Дудзіна і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1994.

А.​С.​Гурская, І.​У.​Саламевіч.

С.І.Грахоўскі.

т. 5, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’ЕЗДЫ ВАЕ́ННЫХ І РАБО́ЧЫХ ДЭПУТА́ТАЎ А́РМІЙ І ТЫ́ЛУ ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ 1917,

2 франтавыя з’езды, што адбыліся ў 1917 у Мінску; прысутнічалі дэлегаты ад вайсковых к-таў, Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. 1-ы з’езд адбыўся 20—30 красавіка. Удзельнічала 1200 дэлегатаў (850 з рашаючым і 350 з дарадчым голасам), 100 супрацоўнікаў аргкамітэта, каля 100 гасцей, у т. л. лідэры Дзярж. думы і Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Большасць дэлегатаў складалі эсэры і меншавікі. Старшынёй з’езда выбраны старшыня выканкома Мінскага Савета Б.​П.​Позерн. Пытанні: аб вайне і міры, аб Часовым урадзе і дэмакр. арг-цыях, аб прававым і матэрыяльным становішчы воінаў і іх сем’яў, аб забеспячэнні фронту. Працавала 7 секцый, у т. л. па арганізац., сялянскім і рабочым пытаннях. З’езд выказаўся ў падтрымку Часовага ўрада і яго палітыкі, выпрацаваў Палажэнне аб салдацкіх арг-цыях (праект падрыхтаваны выканкомам Мінскага Савета), абраў пастаянны выканаўчы орган — франтавы к-т з 75 чалавек. 2-і з’езд адбыўся 3—8 снежня. Прысутнічала 714 дэлегатаў (633 з рашаючым і 81 з дарадчым голасам), прадстаўнікі ЦК РСДРП(б) і Петраградскага ВРК. Старшыня — А.​Ф.​Мяснікоў. Пытанні: аб рабоце франтавога к-та, аб бягучым моманце, аб міры, аб дэмакратызацыі арміі. З’езд вітаў Савет Нар. Камісараў і выказаў яму поўны давер і падтрымку. Прынятая на з’ездзе рэзалюцыя аб дэмакратызацыі арміі адобрана ВРК пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага і 30.11.1917 перададзена ва ўсе часці і злучэнні як «Палажэнне аб дэмакратызацыі арміі». Паводле яго ў арміі ўводзіўся выбарны пачатак, адмяняліся ўсе афіцэрскія і інш. знакі адрознення, ураўноўваліся ў правах службы ўсе часці і роды войск. З’езд выбраў франтавы к-т у складзе 100 чал.

М.​М.​Смальянінаў.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ТЭХНІ́ЧНАЙ КІБЕРНЕ́ТЫКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1965 у Мінску на базе Ін-та матэматыкі і выліч. тэхнікі АН Беларусі (існаваў з 1959). У 1995 да ін-та далучаны Выліч. цэнтр АН Беларусі. З 1996 ін-т уваходзіць (як галаўная арг-цыя) у н.-д. аб’яднанне «Кібернетыка» Нац. АН Беларусі. З ін-та вылучаны навук.-інж. прадпрыемствы «Геаінфарм. сістэмы», «Інфарм. тэхналогіі», інж. прадпрыемства «Навук. прыладабудаванне» (1996). У ін-це 2 аддзяленні (19 лабараторый), інж. цэнтр (3 аддзелы), аспірантура, дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: аўтаматызацыя праектавання тэхн. сістэм; мадэляванне інтэлектуальных працэсаў і распрацоўка новых інфарм. тэхналогій; распазнаванне і апрацоўка сігналаў, відарысаў, мовы; матэм. кібернетыка Распрацаваны: тэорыя і сістэмы аўтам. праектавання для машына- і прыладабудавання, мікраэлектронікі; спосабы і сродкі ўводу, вываду, захоўвання і адлюстравання трафічнай інфармацыі; геаінфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі; аўтаматызаваныя сістэмы лічбавай картаграфіі, апрацоўкі сігналаў, відарысаў, у т. л. касм. здымкаў і даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі; новыя інфарм і сеткавыя тэхналогіі, аналізатары і сінтэзатары мовы, паралельныя структуры і нейракамп’ютэры; метады аптымізацыі, дэкампазіцыі экстрэмальных задач, тэорыі раскладаў, аналізу, сінтэзу і дыягностыкі дыскрэтных прылад, кіравання паралельнымі працэсамі, рашэння лагічных ураўненняў, штучнага інтэлекту і распазнавання вобразаў, аналізу і мадэлявання самаарганізавальных сістэм, экасістэм; сродкі аховы інфармацыі. Выдадзены зборнік «Мадэляванне і аўтаматызацыя інфармацыйных працэсаў» (1995); выдаюцца штогод «Лагічнае праектаванне», «Мадэляванне і інфармацыйныя тэхналогіі праектавання», «Комплексная ахова інфармацыі», «Лічбавая апрацоўка відарысаў», «Інтэлектуальныя сістэмы». Ін-т узнаг. ордэнам Прац Чырв. Сцяга (1984). У ін-це працуюць чл.-кар. Нац. АН Беларусі Г.К.Гаранскі, А.​Дз.Закрэўскі, Г.Р.Маньшын, Г.В.Рымскі, В.С.Танаеў (дырэктар з 1987); працаваў чл.-кар. АН Беларусі І.С.Кавалёў.

В.​С.​Танаеў, М.​П.​Савік.

т. 7, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ФІ́ЗІКІ ЦВЁРДАГА ЦЕ́ЛА І ПАЎПРАВАДНІКО́Ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1963 у Мінску на базе Аддзела фізікі і хіміі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі (існаваў з 1958). У ін-це 15 навук. падраздзяленняў, аспірантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка цвёрдага цела; вывучэнне прыроды міжатамных узаемадзеянняў у цвёрдых целах; стварэнне новых паўправадніковых, магн., сегнетаэлектрычных, звышцвёрдых, звышправодных матэрыялаў і вывучэнне іх уласцівасцей. Даследаваны: дынаміка крышт. рашоткі і фазавыя пераходы ў магн., сегнетаэл. і звышправодных матэрыялах; гальванамагн. і магнітааптычныя ўласцівасці металаў і паўправаднікоў пры нізкіх т-рах; уласцівасці створаных магнітарэзістыўных матэрыялаў на аснове складаных аксідаў і новых метастабільных магн і сегнетаэл. фаз; працэсы ўтварэння радыяцыйных дэфектаў у цвёрдых целах; заканамернасці адбіцця лазерных промняў ад узмацняльных і нелінейных асяроддзяў. Распрацаваны: тэорыя нестацыянарных кагерэнтных з’яў у цвердацелых матрыцах; метады стварэння высокатэмпературных звышправаднікоў у выглядзе монакрышталёў, плёнак і валакністых структур, высакаякасных нелінейнааптычных крышталёў, паўправадніковых і прасторава-мадуляваных магн. плёнак; метады выкарыстання іанізавальных выпрамяненняў у тэхналогіі вытв-сці паўправадніковых прылад; сінтэз крышталёў алмазу, кубічнага нітрыду бору і на іх аснове кампазіцыйных звышцвёрдых матэрыялаў для стварэння спец. рэжучага і шліфавальнага інструменту. Укаранёна ў вытв-сць распрацаваная тэхналогія атрымання ферытавых матэрыялаў з мясц. сыравіны для вырабу ферытавых прылад радыё- і тэлевізійнай тэхнікі; створаны электронныя датчыкі, п’езаэлектрычныя матэрыялы і вырабы на іх аснове для акустаэлектронікі. Выдадзены зборнікі навук. прац: «Ферыты» (вып. 1—2, 1960—63), «Хімічная сувязь у крышталях» (1969), «Радыяцыйная фізіка неметалічных крышталёў» (1970), «Крышталізацыя і фазавыя ператварэнні» (1971), «Кінетыка і механізм крышталізацыі» (1973). У ін-це працавалі акад. АН Беларусі М.М.Сірата, чл.-кар. Я.М.Лабанаў, працуюць акад. Нац. АН Беларусі М.М.Аляхновіч (дырэктар з 1993), Б.Б.Бойка, чл.-кар. Ф.П.Коршунаў.

А.​П.​Сайко.

т. 7, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́НА (франц. colonne ад лац. columna),

архітэктурна апрацаваная верт. апора, звычайна круглая ў папярочным сячэнні; стрыжнёвы элемент будынка (збудавання), нясучай канструкцыі і інш. Служыць пераважна для ўспрымання верт. нагрузкі. Бывае каменная, мураваная (з цэглы, каменю, бетону), жалезабетонная, металічная, драўляная.

Вядома са старажытнасці як элемент стоечна-бэлечнай канструкцыі. У архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма распрацаваны своеасаблівыя маст. формы К., якія ўвайшлі ў сістэму арх. ордэраў. У класічнай архітэктуры гал. элемент К. — ствол, звычайна патанчаўся ўверсе, меў энтазіс (патаўшчэнне ў сярэдняй ч.), апрацоўваўся канелюрамі, завяршаўся капітэллю. Маст. выразнасць К. вызначаецца яе прапорцыямі, чляненнямі, пластычнай апрацоўкай, адносінамі вышыні і дыяметра К. да інтэркалумнія (пралёт паміж 2 калонамі) і да абсалютных памераў збудавання. К. выкарыстоўвалі ў кампазіцыі фасадаў і інтэр’ераў як элемент порціка, партала, галерэі, каланады, а таксама для арх. апрацоўкі сцен (трохчвэртныя К., паўкалоны, прыстаўныя К.). У выглядзе свабодна стаячай К., звычайна завершанай скульптурай, рабілі мемар. збудаванні (калона Траяна ў Рыме, Александрыйская К. ў Санкт-Пецярбургу).

На Беларусі К. пашыраны ў архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму (палацы ў Паставах, Гомелі, касцёлы ў Мядзелі, Валожыне). У 18 ст. іх ставілі як помнікі (вёскі Дзярэчын Зэльвенскага, Лявонпаль Міёрскага р-наў). З 1950-х г. К. выкарыстоўваюць як найб. выразныя элементы фасада (будынкі драмтэатра ў Віцебску, БПА, цырка ў Мінску). У сучаснай архітэктуры К. — адзін з асн. элементаў каркаса. Маст. вырашэнне звычайна сціплае, вызначаецца прапорцыямі, колерам, фактурай.

С.​А.​Сергачоў, Ю.​А.​Якімовіч.

Калоны: 1, 2 — папірусападобныя (Старажытны Егіпет); 3 — калоны з Кноса (крыта-мікенская культура); 4 — калона з Персепаля (Старажытная Персія); 5 — дарычная; 6 — іанічная; 7 — карынфская; 8, 9 — раманскія; 10 — гатычная; 11, 12 — эпохі Адраджэння; 13 — спіралепадобныя ў стылі барока.

т. 7, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЧЭ́ЎСКІ (Ігнат Уладзіміравіч) (май 1896, Вільня — 23.4.1923),

бел. філосаф, паэт, публіцыст. Брат А.У.Канчэўскага. Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча (1913), вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це, Маскоўскім ун-це (1913—16), на Вышэйшых каап. курсах пры ун-це імя А.​Л.​Шаняўскага (Масква, 1917). Падзяляў праграму эсэраў, падтрымліваў укр. нац. рух. З 1919 у Мінску, працаваў у Саўнаргасе, у Цэнтрасаюзе спажывецкіх т-ваў Беларусі. Друкаваў вершы, паліт. артыкулы, рэцэнзіі ў віленскай прэсе. Аснова светапогляднай і жыццёвай пазіцыі К. — адданасць бел. справе, любоў да Бацькаўшчыны, самаахвярная праца на карысць народа. У філас. эсэ «Адвечным шляхам» (1921) раскрыў драматызм гіст. лёсу беларусаў, іх імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. Гал. мэтай народа лічыў дзярж. незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Адной з гал. перашкод лічыў бюракратычную сістэму дзяржавы і дух «канцылярыі». Цывілізаваны шлях вырашэння грамадскіх праблем бачыў у вольнай творчасці, непрымусовых формах сац. аб’яднання людзей, у выбары «трэцяга, сялянска-рамесніцкага шляху вольных брацтваў і кааперацыі — паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам». Вершы друкаваў пад псеўд. Ігнат Абдзіраловіч і Ганна Галубянка. Паэт. творчасць вызначаецца філас. пранікнёнасцю ў сутнасць нар. жыцця, спалучэннем прыгажосці бел. слова з нац. светабачаннем, замілаваннем да чалавека, верай у адраджэнне і будучы росквіт Бацькаўшчыны (вершы «Па святой зямлі...», «Вераснёвае пано», «Так прыгожы старыя званіцы...», «На матывы Р.​Тагора», верш у прозе «Мы разам...»).

Тв.:

Адвечным шляхам: Дасьледзіны бел. сьветагляду. 4 выд. Мн., 1993.

Літ.:

Калеснік У. Ветразі Адысея. Мн., 1977. С. 78—88;

Конан У.У. свабодзе і творчасці — ратунак для свету // Вобраз—90. Мн., 1990;

Яго ж. «...Нас злучае супольнасць ахвяры»: Ігнат Канчэўскі, 1896—1923 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫВІ́Ч»,

бел. літ.-навук. і грамадскі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выдаваўся з чэрв. 1923 да сак. 1927 у Коўне (сучасны Каўнас, Літва) на бел. мове. Рэдактары В.Ю.Ластоўскі і К.С.Душэўскі (Дуж-Душэўскі). Прытрымліваўся канцэпцыі самаст. шляху развіцця бел. народа, самавызначэння Беларусі ў сферы духоўнасці. Вызначаўся разнастайнасцю тэматыкі, змястоўнасцю публікацый. Меў раздзелы: літ. (творы бел. пісьменства, пераклады з інш. моў), навук.-крытычны (даследаванні ў галіне беларусазнаўства), «запіскі» (розныя звесткі пра беларусаў, іх гіст.-культ. спадчыну), інфарм. (бібліягр. агляды і водгукі). Змяшчаў агляды грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця беларусаў у БССР, Зах. Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі і інш. Закранаў пытанні гісторыі нац. культуры і асветы. Апублікаваў артыкулы пра Ф.​Скарыну, Л. і С. Зізаніяў, А.​Міцкевіча, Ф.​Дастаеўскага; навук. працы па мовазнаўстве Я.​Станкевіча, па кнігазнаўстве А.​Шлюбскага, літ.-крытычнае даследаванне А.​Узнясенскага пра паэт. спадчыну М.​Багдановіча; вершы Багдановіча, Цёткі; пераклады з Бібліі, твораў Ю.​Аха, І.​Білюнаса, Г.​Гаўптмана, С.​Інгмана, Р.​Кіплінга, Р.​Тагора, А.​Талстога, О.​Уайльда, А.​Франса і інш. Аўтарам шматлікіх публікацый быў Ластоўскі, у іх ліку аповесць «Лабірынты», артыкулы пра першабытную і сярэдневяковую айч. гісторыю, успаміны пра Багдановіча, уражанні ад Акад. канферэнцыі па рэформе бел. правапісу і азбукі ў Мінску ў 1926, слоўнікавыя матэрыялы, тэрміналагічная лексіка па анатоміі, фізіялогіі, батаніцы, лацінска-рус.-бел. слоўнік па арніталогіі (апрацаваны разам з Т.​Іваноўскім, Дуж-Душэўскім). Асвятляў дзейнасць К-та паняволеных Польшчай нацый у Парыжы і Жэневе, выступаў супраць разгрому рэжымам Ю.​Пілсудскага ў 1927 Бел. сял.-работніцкай грамады. Змяшчаў рэцэнзіі на кнігі і часопісы, выдадзеныя на Беларусі. Выйшла 12 нумароў.

Літ.:

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 4 Мн., 1995.

А.​М.​Вабішчэвіч.

т. 8, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (1.11.1895, в. Крыловічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 23.10.1937),

бел. акцёр; адзін з заснавальнікаў бел. т-ра. Засл. арт. Беларусі (1931). Скончыў Мінскае гар. вучылішча (1914). З 1915 выступаў на аматарскай сцэне. З 1921 у БДТ-1 (цяпер Нац. акад. т-р імя Я.​Купалы). Акцёр шырокага творчага дыяпазону: выконваў ролі сац. і рамант. герояў, характарныя і камедыйныя. Валодаў яркімі сцэнічнымі данымі, высокай культурай мовы, дасканаласцю грыму, мімікі і жэстаў, майстэрствам поўнага пераўвасаблення, узбуйненай тыпізацыі характараў, імправізацыі пры тонкім адчуванні акцёрскага ансамбля. Яго ранняй творчасці ўласціва яскравая рамант. афарбоўка (Машэка, Кастусь Каліноўскі ў аднайм. п’есах Е.​Міровіча). Па-майстэрску непераўзыдзена ствараў вобразы нац. драматургіі: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.​Купалы), Кручкоў («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Ваявода, Граковіч і Вагін («Каваль-ваявода», «Перамога» і «Запяюць верацёны» Міровіча), Жрэц, Чужакоў («Вір» і «Мост» Я.​Рамановіча), Шчураў («Міжбур’е» Дз.​Курдзіна), Карнейчык («Канец дружбы» К.​Крапівы) і інш. Сярод інш. роляў: Мароз («Гута» Р.​Кобеца), Шагабутдзінаў («Мяцеж» паводле Дз.​Фурманава), Вяршынін («Браняпоезд 14—69» У.​Іванова), Малько («Далёкае» А.​Афінагенава), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Чадаў («Жыццё кліча» У.​Біль-Белацаркоўскага). У характарных і камедыйных ролях вынаходзіў трапныя дэталі, непаўторныя нюансы: Тарквіній («Жрэц Тарквіній» С.​Паліванава), Муфці («Мешчанін у дваранах» Мальера), Крэспа («Вясковы суддзя» П.​Кальдэрона) і інш. Здымаўся ў кіно: «Двойчы народжаны», «Дняпро ў агні». На магіле К. на Вайсковых могілках у Мінску ўстаноўлены яго бюст.

Літ.:

Есакоў А. Уладзімір Крыловіч. Мн., 1956;

Рамановіч Я. Уладзімір Крыловіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985;

Сабалеўскі А. Ажыццёўленае і няздзейсненае // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.

У.​І.​Няфёд.

У.М.Крыловіч.
У.Крыловіч у ролі Кастуся Каліноўскага.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)