АЛЯКСЕ́ЕЎ (Валерый Паўлавіч) (2.8.1929, Масква — 7.11.1991),

расійскі антраполаг і гісторык. Акадэмік АН СССР (1988), д-р гіст. н. (1967). Скончыў Маскоўскі ін-т усходазнаўства (1952). Працаваў у Ін-це этнаграфіі АН СССР. З 1988 дырэктар Ін-та археалогіі АН СССР. Распрацоўваў праблемы станаўлення чалавецтва, геаграфіі чалавечых рас, методыкі антрапалаг. даследаванняў; даследаваў стараж. і сучаснае насельніцтва Усх. Еўропы, у т. л. беларусаў 19 ст., а таксама Каўказа, Сібіры, Манголіі, Індыі, Кубы і інш.

Тв.:

География человеческих рас. М., 1974;

Историческая антропология. М., 1979;

Этногенез. М., 1986;

Очерки экологии человека. М., 1993;

Расавая геаграфія беларусаў і праблемы этнагенезу. Мн., 1994 (разам з М.​У.​Вітавым, Л.​І.​Цягакай).

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕЎ (Яўген Кузьміч) (2.2.1884, г.п. Вісіма-Уткінск Прыгараднага р-на Свярдлоўскай вобл. — 21.1.1972),

бел. аграном-раслінавод. Акад. АН Беларусі (1940), Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1957—61), д-р с.-г. навук (1936), праф. (1951). Скончыў Казанскі настаўніцкі ін-т (1903) і Вышэйшыя с.-г. курсы ў Пецярбургу (1911). З 1916 дырэктар Навазыбкаўскай с.-г. доследнай станцыі, у 1928—30 праф., заг. кафедры БСГА; у 1937—59 у Маскоўскім зоатэхн. ін-це, адначасова ў 1946—59 у Бел. НДІ земляробства. Асн. працы па агратэхніцы і выкарыстанні зялёных угнаенняў (сідэратаў) на розных глебах розных кліматычных зон.

Тв.:

Зернебабовыя культуры ў БССР. Мн., 1953;

Зеленое удобрение. Мн., 1970 (разам з В.​С.​Рубанавым, К.​І.​Доўбанам).

т. 1, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ ((Barrault) Жан Луі) (8.9.1910, Ле-Везінэ, дэп. Івелін, Францыя — 22.1.1994),

французскі акцёр і рэжысёр. Вучыўся на курсах жывапісу ў Луўрскай школе (Парыж). З 1931 у драм. т-ры «Атэлье», адначасова вывучаў мастацтва пантамімы. Працаваў у т-ры «Камеды Франсэз» (1940—46). Разам з жонкай актрысай М.​Рэно стварыў сваю трупу (1946), з якой паставіў «Гамлета» У.​Шэкспіра, «Працэс» Ф.​Кафкі, «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (і выканаў ролю Трафімава). У 1959—68 узначальваў «Тэатр дэ Франс» (Парыж), дзе паставіў «Насарогаў» Э.​Іанеска, «Маленькую пані Мальер» Ж.​Ануя і інш. З 1935 здымаўся ў кіно («Дзеці райка», «Вялікае каханне Бетховена», «Фантастычная сімфонія», «Завяшчанне доктара Кардэлье»). Развіваў традыцыі мастацтва пантамімы. Аўтар успамінаў «Роздум пра тэатр» (1949).

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎЭР ((Bauer) Ота) (5.9.1881, Вена — 4.7.1938),

адзін з кіраўнікоў аўстр. сацыял-дэмакратаў, тэарэтык аўстра-марксізму, публіцыст. Юрыст. З 1907 рэдактар «Arbeiter Zeitung» («Рабочай газеты») і дэпутат рэйхсрата (сакратар с.-д. фракцыі). У 1908 разам з Ф.Адлерам заснаваў тэарэт. орган С.-д. партыі Аўстрыі, штомесячнік «Der Kampf» («Барацьба»). У 1918—19 міністр замежных спраў, выступаў за аншлюс. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў т.зв. двухспалавіннага (1921—23) і Сацыяліст. рабочага (1923—40) інтэрнацыяналаў. Намагаўся прымірыць рэв. і рэфармісцкія сілы ўнутры СПА («Лінцкая праграма» 1926). Пасля паражэння Лют. паўстання 1934 эмігрыраваў. Аўтар прац «Нацыянальнае пытанне і сацыял-дэмакратыя» (1907), «Шлях да сацыялізму» (1919), «Аўстрыйская рэвалюцыя 1918 г.» (1923), «Капіталізм і сацыялізм пасля сусветнай вайны» (1931) і інш.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАЗЕ́РСКІ (Андрэй Мікалаевіч) (29.8.1905, г. Ташкент — 31.12.1972),

савецкі біяхімік, адзін з заснавальнікаў малекулярнай біялогіі ў СССР. Акад. АН СССР (1962, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т у Ташкенце (1927). З 1930 у Маскоўскім ун-це, адначасова з 1946 у Ін-це біяхіміі. У 1971—72 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па хіміі і біяхіміі бялкоў. Адкрыў ДНК у вышэйшых раслін. Вызначыў універсальнасць распаўсюджання нуклеінавых к-т у жывой прыродзе. Прадказаў існаванне інфармацыйнай РНК (разам з А.​С.​Спірыным, 1957).

Тв.:

Нуклеиновые кислоты и их связь с эволюцией, филогенией и систематикой организмов. Ташкент, 1969;

Биохимия нуклеиновых кислот и нуклеопротеидов: Избр. тр. М., 1976.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Ігумене, Ігуменскі беларускі нацыянальны камітэт, прадстаўнічы орган бел. нац. арг-цый Ігуменскага пав. ў 1919—20. Створаны ў кастр. 1919 у Ігумене (цяпер г. Чэрвень) па ініцыятыве інструктара Часовага беларускага нацыянальнага камітэта М.​І.​Каспяровіча. У кіраўніцтва к-та ўваходзілі Я.​Е.​Макась (старшыня), І.​М.​Савіч, З.​Харытановіч і інш. Арганізоўваў бел. школы, культ.-асв. гурткі і кааператывы. Ініцыятар стварэння павятовай Бел. школьнай рады Ігуменшчыны, разам з ёй выступіў у ліст. 1919 супраць закрыцця польск. акупантамі Будслаўскай бел. гімназіі. Знаходзіўся пад уплывам бел. эсэраў і Бел. камуніст. арг-цыі. Неафіцыйна падтрымліваў антыпольскі падп. і партыз. рух. Спыніў сваю дзейнасць з прыходам Чырв. Арміі.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ЎСКІ (Стафан) (26.12.1876, маёнтак Ізабелава Мінскай губ. — 16.4.1938),

удзельнік рэв. руху на Беларусі, дзеяч антываен. і антыфаш. руху ў Польшчы. Вучыўся ў Ін-це сельскай гаспадаркі і лясніцтва ў Пулавах, Ягелонскім ун-це ў Кракаве. У 1905 удзельнічаў у рабоце Бел. сацыяліст. грамады, у снеж. 1905 арыштаваны разам з К.​Каганцом і інш. грамадаўцамі. У 1-ю сусв. вайну служыў у польскіх легіёнах у складзе войскаў Аўстра-Венгрыі. У 1918—28 працаваў выкладчыкам, займаўся навук.-агранамічнай дзейнасцю. У 1928 і 1930 выбраны ў польскі сенат. Падтрымліваў кантакты з Кампартыяй Польшчы. У 1933 заснаваў Польскі антыфаш. і антываен. к-т, быў дэлегатам Еўрапейскага антыфаш. рабочага кангрэса ў Парыжы (1933).

т. 2, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДХЫ́ЗСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Марыйскай вобласці Туркменістана, у міжрэччы Тэджэна і Мургаба. Большая ч. на схіле ўзвышша Бадхыз — узгоркавым плато, якое з Пд абмежавана лагчынай Ерайландуз (20 км) з астанцавымі «сопкамі», саланчакамі, салёнымі азёрамі і інш. Засн. ў 1941 для аховы і вывучэння прыродных комплексаў пустыні Каракум і аднаўлення колькасці кулана. Пл. 88 тыс. га.

Расліннасць субтрапічная паўсаванная, разам з фісташнікамі стварае своеасаблівы ландшафт (з больш як 500 відаў вышэйшых раслін 10% эндэмікаў: цюльпан кушкінскі, кузінія бадхызская і інш.). Эфемеры і эфемероіды. У фауне 37 відаў паўзуноў, каля 250 птушак і 40 млекакормячых, у т. л. кулан звычайны, джэйран, ліс, карсак, варан і інш. Выяўлены раней невядомы навуцы від гекона.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЧКА (Вячаслаў, лац. Vetske, ? — 1224),

князь Кукенойса (Кокнесе) — крэпасці на Зах. Дзвіне, васал полацкага князя. З 1206 прымаў удзел у паходзе полацкага кн. Уладзіміра супраць ням. рыцараў. У 1207 вымушаны падпарадкавацца рыжскаму епіскапу Альберту, але быў схоплены крыжакамі. У 1208 вызвалены з палону, зноў правіў Кукенойсам. Жыхары горада знішчылі атрад крыжакоў, уведзены ў Кукенойс паводле патрабавання епіскапа. Не дачакаўшыся дапамогі ад полацкага кн. Уладзіміра, спаліў замак і з дружынай перайшоў да наўгародцаў. У 1223 на чале атрада ўсходнеслав. войск (200 чал.) пасланы ў Юр’еў (сучасны г. Тарту), адкуль кіраваў большай часткай зямель эстаў. У 1224 ням. рыцары асадзілі Юр’еў. Вячка з атрадам адмовіўся пакінуць замак, разам з эстамі працягваў абараняцца, пакуль не загінуў.

т. 4, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙСЁНАК (Віктар Анатолевіч) (н. 6.6.1950, в. Гасцілавічы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (1991). Скончыў БДУ (1972), дзе і працаваў. З 1992 міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, з 1994 рэктар Рэсп. ін-та вышэйшай школы пры БДУ, з 1997 старшыня Дзярж. к-та па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па спектраскапіі і люмінесцэнцыі складаных малекул, нелінейнай оптыцы і лазернай фізіцы. Распрацаваў тэорыю палярызацыйнай залежнасці паглынання і выпрамянення святла пры ўздзеянні лазернага выпрамянення на мнагаатамныя малекулы ў кандэнсаваных асяроддзях. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Анизотропия поглощения и люминесценции многоатомных молекул. Мн., 1986 (разам з А.​М.​Саржэўскім).

А.​І.​Болсун.

т. 4, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)