легендарны родапачынальнік радзімічаў. Паводле летапісных паданняў, былі на «ляхах» два браты — Радзім і Вятка, якія прыйшлі са сваімі родамі і аселі: першы на Сажы, другі на Ацэ, ад іх і пайшлі радзімічы і вяцічы. На думку некат. даследчыкаў, слова «Р.» — скарочаная форма ад уласнага імя Радзімір, або Радзімер. Даследчык А.І.Папоў лічыў, што назва «радзімічы» належала першапачаткова дынастычнаму роду, а потым пашырылася на племянныя групы і землі, якія яны займалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́НЫ-ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя расліны,
расліны, якія поўнасцю жывяцца пажыўнымі рэчывамі жывых арганізмаў. Грыбы, водарасці і бактэрыі паразітуюць на раслінах, жывёлах і чалавеку, часта з’яўляюцца ўзбуджальнікамі інфекц. хвароб. Кветкавыя Р.-п. паразітуюць пераважна на вышэйшых раслінах. Не маюць зялёнага лісця і каранёў (рэдукаваны ў вырасты-прысоскі). З дапамогай прысоскаў яны пранікаюць у расліну-гаспадара і жывяцца гатовымі арган. рэчывамі. На Беларусі вядомы віды з родаў заразіха, павітуха, таемнік. Гл. таксама Паразітызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБІ́ЗМ,
слова, запазычанае з дыялектаў арабскіх народаў і літаратурнай арабскай мовы. Невялікі пласт арабізму вядомы ў старабел. мове 16—17 ст., куды яны трапілі пераважна праз пасрэдніцтва цюркскіх моў у выніку ваен. і эканам. зносін славян з цюркамі: «атлас» (шаўковая тканіна), «мула» (у форме «молла»), «кайданы», «каран», «султан» і інш. Некаторыя арабізмы ўвайшлі ў мовы многіх народаў свету: «алкаголь», «іслам», «мумія», «халіф» і інш. У наш час арабізмы трапляюцца пераважна ў перакладах з арабскай мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕГО́НІЙ (ад грэч. archē пачатак + gonē нараджэнне),
жаночы орган палавога размнажэння ў моха- і папарацепадобных, некаторых голанасенных раслін, водарасцяў і грыбоў. Па наяўнасці архегонія яны вылучаюцца ў асобную групу раслін — археганіятаў. У імхоў мае выгляд колбы: у пашыранай брушной частцы знаходзіцца яйцаклетка, над ёй брушная канальцавая клетка, у вузкай — шэраг дробных шыйных канальцавых клетак, якія расплываюцца ў слізь, раскрываюць шыйку архегонія і садзейнічаюць пранікненню да яйцаклеткі сперматазоідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЧЫ́ННІКАЎ (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 29.5.1936, г. Варонеж),
рускі кампазітар і дырыжор. Нар.арт. Расіі (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1962, клас Ц.Хрэннікава). З 1962 дырыжор розных аркестраў, у т. л. Усесаюзнага радыё і тэлебачання. Сярод твораў: 2 оперы; балеты; араторыі «Гімны Айчыне» і «Сергій Раданежскі»; кантата, 4 сімфоніі, 6 сюіт і інш. для сімф.арк.; камерна-інстр. творы; хары; рамансы; музыка да кінафільмаў «Вайна і мір», «Андрэй Рублёў», «Яны змагаліся за Радзіму», «Іванава дзяцінства», «Барыс Гадуноў» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ВІ́ЛЕНСКІХ ЦЭ́ХАЎ,
«Akty cechów Wileńskich», зборнік дакументаў па гісторыі прафесійна-вытв. карпарацый у Вільні ў 1495—1700. Выдадзены ў Вільні ў 1939. Складальнік Г.Лаўмянскі. Змешчана 487 актаў (у т. л. прывілеі вял. князёў, выпіскі з соймавых пастаноў, судовыя рашэнні), звязаных з дзейнасцю віленскіх цэхаў, рамесных і мядовых «брацтваў», розных прафес. карпарацый — лекараў, купцоў, чл. віленскага магістрата і інш. Дакументы на лац., старабел., польск. мовах. Яны сведчаць, што многія цэхі Вільні аб’ядноўвалі бел.правасл. рамеснікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВО́Ду судаводстве,
адхіленне суддзі (засядацеля) ад удзелу ў разглядзе пэўнай справы ў сувязі з яго асабістай зацікаўленасцю ў выніку справы або па інш. абставінах, якія выклікаюць сумненне ў непрадузятасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама адвод пракурору, следчаму, асобе, якая вядзе дазнанне, сакратару суд. пасяджэння, эксперту, спецыялісту, перакладчыку, панятому, калі яны асабіста, прама ці ўскосна, зацікаўлены ў выніках справы. Правілы адводу садзейнічаюць усебаковаму, поўнаму і аб’ектыўнаму даследаванню акалічнасцяў справы і прыняццю правільнага рашэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫЯ СІСТЭ́МЫ,
тэрмадынамічныя сістэмы, якія абменьваюцца рэчывам (энергіяй і імпульсам) з навакольным асяроддзем. Да адкрытых сістэм адносяцца хім. і біял. сістэмы (у т. л. і жывыя арганізмы), у якіх бесперапынна працякаюць хім. рэакцыі за кошт паступлення вонкавых рэчываў, а прадукты рэакцый выдаляюцца. У адрозненне ад замкнутых (ізаляваных) сістэм у адкрытых сістэмах немагчыма раўнавага тэрмадынамічная, аднак яны могуць знаходзіцца ў стацыянарных станах, якія характарызуюцца пастаянствам скарасцей хім. рэакцый, пераносу рэчыва і энергіі, а таксама мінім. прыростам энтрапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАРО́Г, нарвал (Monodon monoceros),
марское млекакормячае атр. кітападобных. Жыве ў арктычных водах Грэнландыі, Паўн. Канады, Шпіцбергена і ПнУ Зямлі Франца-Іосіфа.
Даўж. да 6,1 м, маса 1—1,5 т. Афарбоўка светлая з мноствам чорных плямаў (дзіцяняты цёмныя). У самцоў (зрэдку ў самак) у левай верхняй сківіцы бівень (рог) даўж. да 3 м (адсюль назва), якім яны прабіваюць аддушыны ў ільдах. Корміцца галаваногімі малюскамі і рыбай. Рэдкі. Ахоўваецца, занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЭНАРЭЦЭ́ПТАРЫ, адрэнарэактыўныя сістэмы,
спецыфічныя біяхім. структуры клетак, якія ўзаемадзейнічаюць з медыятарамі — адрэналінам, норадрэналінам і некаторымі лек. рэчывамі. Вынікам узаемадзеяння з’яўляецца актывацыя або тармажэнне адпаведнай функцыі клеткі, потым органа і фізіял. сістэмы. Канчатковая будова адрэнарэцэптараў не вызначана. Яны падзяляюцца на α- і β-адрэнарэцэптары. α-адрэнарэцэптары найб. адчувальныя да норадрэналіну; пры іх актывацыі звужаюцца сасуды, скарачаецца матка, селязёнка, расшыраюцца зрэнкі. β-адрэнарэцэптары найб. адчувальныя да ізадрыну, пры іх узбуджэнні сасуды расшыраюцца, бронхі расслабляюцца, затарможваецца скарачэнне маткі, пачашчаецца рытм сардэчных скарачэнняў.