СЕЛЬДЖУ́КСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА Існавала на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 11—12 ст.Засн. качавымі цюркскімі плямёнамі агузаў на чале з родам Сельджукідаў, якія ў пач. 1030-х г. знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад Газневідаў. У 1038 яны паўсталі супраць Газневідаў, у 1040 сельджукскі правадыр Тагрул-бек разбіў войска газневідскага султана Масуда; да 1043 заваяваны Харасан, потым — Буідаў дзяржава. У 1055 яго войскі захапілі Багдад, пасля чаго абасідскі халіф Каім надаў правіцелю С.дз. тытул султана. Пры султане Алп-Арслане [1063—72] да С.дз. далучаны Арменія, Сірыя, Палесціна, Маверанахр, у 1071 разбіты візант. войскі ў бітве пры Манцыкерце (Маназкерце). Найб. магутнасці С.дз. дасягнула пры султане Мелік-шаху [1072—92], візірам (гал. міністрам) якога быў Нізам-аль-Мульк. Пры ім да С.дз. далучана б.ч. Малой Азіі, а Караханідаў дзяржава прымушана плаціць даніну (1089). Асновай землеўладання С.дз. была сістэма ікта (ваен. лена). Найбольшыя ікты станавіліся асобнымі княствамі, што прывяло да пераўтварэння С.дз. ў аморфнае дзярж. ўтварэнне. У 1077 адасобіўся Румскі султанат (гл.Канійскі султанат), пасля смерці Мелік-шаха адзінства С.дз. стала намінальным. Унутрыпаліт. становішча дзяржавы ўскладнялася дзейнасцю секты ісмаілітаў. Пасля 1-га крыжовага паходу (1096—99) С.дз. страціла Палесціну, прыбярэжныя тэр. М. Азіі і Сірыі. Султан Санджар [1118—57] пацярпеў паражэнне ад каракітаяў (1141), а ў 1153 узяты ў палон балхскімі агузамі. З яго смерцю (1157) С.дз. распалася на асобныя княствы, пасля чаго ў Сярэдняй Азіі і Іране пачалося ўзвышэнне харэзмшахаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМА́Т (ад грэч. automatos самадзеючы),
1) у тэхніцы — прыстасаванне (або сукупнасць прыстасаванняў), якое без непасрэднага ўдзелу чалавека выконвае ў адпаведнасці з закладзенай праграмай усе аперацыі ў працэсах атрымання, перапрацоўкі і перадачы энергіі, матэрыялаў або інфармацыі. Напрыклад, аўтамат для продажу чаго-н., станок-аўтамат, выліч. машына, аўтам. прыстасаванне для касм. даследаванняў, завод-аўтамат і інш. Аўтамат павышае прадукцыйнасць працы; выкарыстоўваецца таксама для работы ва ўмовах, небяспечных для чалавека.
2) У матэматыцы — адно з асн. паняццяў кібернетыкі, матэм. мадэль рэальна існуючых або прынцыпова магчымых прыстасаванняў, якія перарабляюць у дыскрэтныя (перапынныя) адрэзкі часу дыскрэтную інфармацыю (гл.Аўтаматаў тэорыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. variatio змяненне),
1) у агульных выпадках — відазмяненне, разнавіднасць чаго-небудзь.
2) У музыцы — складаная частка варыяцыйнай формы, якая ўяўляе сабой відазмяненне тэмы.
3) У балеце — невял., але тэхнічна складаны і кампазіцыйна развіты класічны танец. Звычайна частка па-дэ-дэ, па-дэ-труа, гран-па і інш.; могуць мець і самаст. значэнне. Служаць элементамі характарыстыкі дзейнай асобы, выяўляюць эмац. стан героя, маюць значэнне прамога выказвання.
4) У матэматыцы — малое змяненне аргумента (незалежнай пераменнай) або функцыянала; асн. паняцце варыяцыйнага злічэння.
5) У астраноміі — перыядычная змена скорасці руху Месяца па арбіце, абумоўленая гравітацыйным дзеяннем Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПАЗО́Н [ад грэч. dia pasōn (chordōn) праз усе (струны)],
1) у музыцы — гукавы аб’ём пеўчага голасу ці муз. інструмента, гукарада, мелодыі, вак. ці інстр. партыі ў муз. творы і інш. Вызначаецца інтэрвалам паміж самым нізкім і самым высокім гукамі.
2) У фізіцы — вобласць змены якой-н. велічыні, аб’ём чаго-н. Напр., Д. вымярэнняў — вобласць значэнняў вымеранай велічыні, для якой вызначаны хібнасці сродкаў вымярэнняў; Д. паказанняў вымяральнай прылады — вобласць значэнняў шкалы, абмежаваных яе канцавым і пач. паказчыкамі; Д. радыёчастот (радыёхваль) — участкі, на якія ўмоўна падзелена ўся вобласць радыёчастот.
3) У пераносным сэнсе — аб’ём ведаў, здольнасцей, шырыня інтарэсаў, кругагляду, размаху дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМІГРА́ЦЫЯ (ад лац. immigrare усяляцца) насельніцтва, уезд у краіну грамадзян інш. дзяржавы на пастаяннае або часовае пражыванне. Вызначаецца шэрагам прычын: эканамічнымі (увоз рабочай сілы або ўезд у краіны з больш спрыяльнымі ўмовамі працы ці больш высокім жыццёвым узроўнем і інш.), ваеннымі (захоп чужых зямель і іх ваен. каланізацыя), палітычнымі (уцёкі ад паліт., нац., расавых, рэліг. і інш. праследаванняў). І. іграла важную ролю ў засяленні некат. частак свету і фарміраванні насельніцтва многіх краін. Аказвае істотны ўплыў на дынаміку колькасці насельніцтва, прыводзіць да змяшэння розных этн. груп насельніцтва, у выніку чаго складваюцца новыя нацыі і народнасці. Супрацьлеглае І. — эміграцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬСНАЯ ЛЯ́МПА,
від газаразрадных крыніц святла з кароткачасовымі светлавымі імпульсамі (успышкамі) высокай інтэнсіўнасці. Дзеянне Іл. заснавана на свячэнні плазмы пры іскравым разрадзе кандэнсатара ў інертным газе або пры згаранні алюм. ці магніевай фольгі ў кіслародзе. У адрозненне ад крыніц святла неперарыўнага дзеяння мае больш высокую т-ру плазмы (да 30 000 K) і большую шчыльнасць току, у выніку чаго пікавая яркасць дасягае 3∙1011 кд/м², сіла святла — 108 кд. Выкарыстоўваецца для фота- і кіназдымкі Лямпа-ўспышка), аптычнай лакацыі, светлавой сігналізацыі, аптычнай напампоўкі лазераў, у аўтаматыцы і тэлемеханіцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТАНІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,
ваенныя навучальныя ўстановы ніжэйшага разраду ў 1805—58 у Рас. імперыі для кантаністаў. У іх вучыліся дзеці з 7 (з 1824 — з 10) да 15 гадоў, пасля чагоасн. частка навучэнцаў залічвалася салдатамі ў войска тэрмінам на 20 гадоў. астатнія працягвалі навучанне да 18 гадоў і атрымлівалі чын унтэр-афіцэра. Асн. мэта К.ш. — падрыхтоўка добра абучаных і «адданых прастолу» салдат. Праграма навучання была вельмі абмежаваная (Закон Божы, чытанне, пісьмо, лік), унутр. распарадак вызначаўся празмернай жорсткасцю, пераважала ваен. муштра. У сувязі з ліквідацыяй ваен. пасяленняў К.ш. часткова расфарміраваны, некат. пераўтвораны ў вучылішчы ваен. ведамства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКІ ПАВЕ́Т.
Існаваў у 1777—96, 1802—61 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г.Копысь. Утвораны на частцы тэр. скасаваных Аршанскай і Магілёўскай правінцый паводле імператарскага ўказа ад 22.3.1777. Пл. каля 2,3 тыс.км². Уключаў 115 маёнткаў, мястэчкі Абольцы, Барань, Зубрэвічы, Саколіна, Смаляны, Стараселле, Талачын. У 1794 да К. п. далучана тэр. на З ад р. Друць з мястэчкамі Абчуга, Бобр, Зарэчны Талачын, Крупкі, пасля чагопл. павета склала каля 3,1 тыс.км². У 1796 К.п. скасаваны, у 1801 адноўлены. Паўторна скасаваны ў 1861, тэр. ўключана ў Аршанскі, Горацкі, Магілёўскі і Сенненскі пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́ЛЬНАЙ ДАБРЫНІ́ ТЭО́РЫЯ,
этычная канцэпцыя, прыхільнікі якой лічаць, што ў маральнай дзейнасці большае значэнне мае дзеянне (тое, што робіцца, зроблена), чым матыў, заахвочванне (тое, для чаго робіцца). М.д.т. называюць таксама этыкай добрай волі. Падобны пункт погляду прапаведаваў у рэліг. вучэнні М.Лютэр, які аддаваў перавагу «ўнутранай набожнасці» перад «зямнымі дзеяннямі». І.Кант лічыў, што пры выкананні маральнага абавязку важнымі з’яўляюцца асаблівы настрой думак чалавека, пачуццё безумоўнага падпарадкавання абавязку, а не канкрэтны змест учынкаў. Марксісцкая этыка зыходзіла з сац. абумоўленасці матываў і маральнага зместу ўчынкаў і дзеянняў людзей. Праблемы М.д.т. распрацоўваюцца ў экзістэнцыялізме, дыялектычнай тэалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІДА́С (Midas),
цар Фрыгіі (736—696 да н.э.]. Удзельнічаў у кааліцыі супраць цара Асірыі Саргана II, але ў 707 да н.э. прызнаў яго ўладу. З яго імем звязаны шматлікія стараж.-грэч. міфы. Паводле аднаго з іх, Дыяніс надаў М. здольнасць ператвараць у золата ўсё, да чаго ён дакранаўся, паводле другога — самаўпэўнены невук М. прысудзіў перамогу Пану ў яго муз. спаборніцтве з Апалонам. У пакаранне за гэта Апалон надзяліў М. аслінымі вушамі, якія той дарэмна хаваў пад шапкай. Ад гэтага міфа пайшлі выразы «мідасаў суд» — суд невука і «вушы Мідаса» — невуцтва, якое не схаваеш.