комплексныя спаборніцтвы з выкарыстаннем прымальнай і перадавальнай радыёапаратуры ў спалучэнні з агульнафіз. практыкаваннямі; адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграмы спаборніцтваў уваходзяць: скарасны прыём і перадача радыёграм, мнагабор’е радыстаў (прыём і перадача радыёграм, абмен радыёграмамі ў радыёсетцы з 3 радыёстанцый, спарт. арыентаванне на мясцовасці і спарт. радыёпеленгацыя, т. зв. «паляванне на лісоў»), радыёсувязь на кароткіх і ультракароткіх хвалях, радыёаматарскае канструяванне.
Міжнар. радыёаматарскі саюз створаны ў 1925. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1925 (на кароткіх хвалях), Еўропы — з 1956 (на ультракароткіх хвалях), штогод. «Паляванне на лісоў» узнікла ў 1940-я г. (ЗША), чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1961, чэмпіянаты свету — з 1980. Еўрап. чэмпіянаты да 1964 праводзіліся штогод, пазней — 1 раз у 2 гады, з 1980 чаргуюцца з чэмпіянатамі свету. Мнагабор’е з’явілася ў канцы 1950-х г. (Польшча). Па скарасной радыётэлеграфіі чэмпіянаты свету праводзяцца з 1995, 1 раз у 2 гады. Найб. развіты Р. у Аргенціне, Беларусі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі, Швецыі і інш.
На Беларусі Р. развіваецца з 1924, федэрацыя Р. створана ў 1959. Каманда Беларусі — абс. чэмпіён свету (1995), уладальнік Кубка свету (1997). На чэмпіянатах свету 1997 і 1999 бел. спартсмены ў асабістым заліку заваявалі па 35 медалёў з агульных 72. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету А.Астроўскі (1997), Л.Барысенка (1995, 1997), А.Біндасаў (1995, 1996, 1997), Р.Волкава (1999), В.Гагарын (1995), Я.Гаўрылаў і Г.Карабушчанка (1991), У.Каралёў (1995); тройчы абс. чэмпіёнка свету І.Цяцерская (1992, 1995, 1999) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЗАРНІ́ЦА»,
царкоўна-грамадскі часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 1.9.1928 да 1.5.1929 у Вільні на бел. мове раз у 2 тыдні. Ставіў за мэту пераадолець адчужэнне правасл. Царквы на Беларусі ад нац.-вызв. імкненняў бел. народа, яго адраджэння. Шмат увагі аддаваў адносінам паміж царквой і дзяржавай, духавенствам і прыхаджанамі. Пісаў пра рэліг. выхаванне моладзі. З мэтай развіцця нац. самасвядомасці і пашырэння асветы сярод веруючых друкаваў матэрыялы пра пачатак хрысціянства на Беларусі, царк. брацтвы, Статут ВКЛ 1588, Брэсцкую унію 1596 і інш. Рабіў агляды прэсы, вёў палеміку з рус. эмігранцкім, польск. перыядычным і бел. хадэцкім друкам. Выйшла 13 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАРЫ́ЛІС (Amaryllis),
род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Адзін від — амарыліса красуня (A. belladonna) расце ў Паўд. Афрыцы (эндэмік Капскай біягеаграфічнай вобласці). На Беларусі вырошчваюць у пакаёвай культуры, цяпліцах і аранжарэях амарыліс гібрыдны, атрыманы ад скрыжавання амарыліса красуні з рознымі відамі гіпеаструма.
Шматгадовая травяністая расліна з буйнымі грушападобнымі цыбулінамі. Лісце скурыстае, бліскучае, рэменепадобнае. Кветкі буйныя (да 26 см у дыям.), лейкападобныя, духмяныя, сабраныя па 2—12 на канцы доўгага (да 70 см) кветканоса ў парасонік; розных колераў (белыя, чырвоныя, ружовыя, аранжавыя, крэмавыя, іншы раз стракатыя, са штрыхамі і плямамі). Цвіце зімою, ранняй вясною. Плод — каробачка з буйным чорным насеннем. Размнажаецца цыбулінамі-дзеткамі. Святлалюбны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́ВА (Agave),
род шматгадовых раслін сям. агававых. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Больш за 300 відаў. У Еўропу завезена пасля адкрыцця Амерыкі. Некаторыя віды культывуюцца ў адкрытым грунце ў Крыме і на Каўказе. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях як дэкар. вырошчваецца агава нітканосная (агава filifera), агава сціснутая (агава stricta), агава амерыканская (агава americana) і інш.
Сцябло ўкарочанае, з разеткай буйнога мясістага калючага лісця. Цвітуць раз у жыцці на 6—15-м годзе, утвараючы кветанос выш. да 12 м з шматкветнай (да 17 тыс.) мяцёлкай. Потым расліны адміраюць, ад карэнішча адрастаюць парасткі. Каштоўныя: з лісця робяць грубую тканіну, паперу, з соку — напоі, з каранёў — лекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЦАБЫ́К, мускусны бык (Ovibos moschatus),
жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Трапляецца ў Грэнландыі і на некаторых а-вах Канадскага арктычнага архіпелага. Колькасць невялікая, ахоўваецца. У ледавіковы перыяд жыў на Беларусі.
Даўж. цела да 2,5 м, выш. ў карку да 1,45 м, маса да 300 кг. Поўсць цёмна-бурая, доўгая (да 0,9 м) і густая. Рогі ў самцоў і ў самак, даўж. да 0,73 м. Корміцца лішайнікамі, мохам, травой. Цяжарнасць каля 9 месяцаў. Нараджае 1 цяля раз у 2 гады. Акліматызаваны ў Нарвегіі і на в-ве Шпіцберген, распачата акліматызацыя на в-ве Урангеля і на п-ве Таймыр. У шэрагу краін аўцабыкоў трымаюць на фермах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРАБНЫ́Я КАМЯНІ́,
дэкаратыўныя мінеральныя агрэгаты і горныя пароды, якія маюць прыгожы колер ці малюнак і выкарыстоўваюцца для вытв-сці разнастайных маст. вырабаў і сувеніраў. Важнейшая ўласцівасць вырабных камянёў — здольнасць добра паліравацца. Адрозніваюць цвёрдыя вырабныя камяні — цв. 5 і вышэй па шкале Моаса (яшмы, акамянелае дрэва, абсідыян і інш.) і мяккія вырабныя камяні — цв. 4 і ніжэй (мармуровы онікс, гагат, серпенцініт і інш.). Найб. рэдкія і высокадэкаратыўныя камяні, якія часткова выкарыстоўваюць у ювелірных і ювелірна-галантарэйных вырабах (малахіт, лазурыт, нефрыт, жадэіт, агат, раданіт і г.д.), іншы раз вылучаюць у асобную групу ювелірна-вырабных камянёў. У шэрагу краін існуе заканадаўчая рэгламентацыя здабычы і выкарыстання каштоўных камянёў з ліку вырабных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВЕ́НЧЫЦЫ,
вёска ў Антонаўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобл. За 13 км ад Чавусаў, 50 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Чавусы. 171 ж., 81 двор (1997). Клуб, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў.
Упершыню ўпамінаецца ў 1560 як сяло ў Магілёўскай воласці, дзярж. ўласнасць. У 1785 цэнтр памешчыцкага маёнтка Чавускага пав. Магілёўскага намесніцтва; 438 ж., 58 двароў, драўляная царква. У 1885 вёска ў Чавускай воласці, 256 ж., 52 двары, раз на год праводзіўся кірмаш. З 1924 да 1954 Галавенчыцы — цэнтр сельсавета Чавускага р-на. У Вял.Айч. вайну ў 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі 122 двары, загубілі 13 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФА́РКТ МІЯКА́РДА,
сардэчна-сасудзістая хвароба з утварэннем ачага амярцвення — некрозу ў сардэчнай мышцы; найб. цяжкае ўскладненне ішэмічнай хваробы сэрца. Адна з найважн.сац.-мед. праблем сучаснасці. Найчасцей узнікае на фоне стэнакардыі, атэрасклерозу каранарных артэрый. Развіццю І.м. садзейнічаюць неадпаведныя фіз. нагрузкі, гіпертанічныя крызы, хваляванні, парушэнні рытмаў сэрца і інш. Бывае буйна- і дробнаачаговы; у залежнасці ад лакалізацыі некрозу І.м. левага жалудачка (іншы раз правага) — пярэдні, задні ці ніжні задні. Прыкметы: моцны боль за грудзінай, пры атыповай форме — у вобласці жывата, левым плячы, сківіцы, рэзкі ўпадак сіл, дыхавіца, парушэнне дзейнасці сэрца. Ускладненні: калапс, анеўрызма сэрца, сардэчная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае, пасцельны рэжым, дыета.
абмежаваны ацёк скуры і падскурнай клятчаткі ці слізістай абалонкі, што ўзнікае востра, раптоўна. Вывучыў і апісаў ням. ўрач Г.Квінке (1882). Найчасцей бывае ў жанчын. Да рэдкай лакалізацыі паталаг. працэсу адносіцца ацёк шаравых абалонак, слізістай абалонкі маткі і мачавога пузыра.
К.а. — рэакцыя арганізма на алерген (гл.Алергія). Значная роля ў развіцці хваробы належыць спадчынным і нервова-рэфлекторным фактарам. Праяўляецца абмежаваным ацёкам на тканках губ, павек, шчок, іншы раз высыпкамі на месцы ацёку, без болю і свербу. Найб. небяспечны ацёк гартані (20—25% выпадкаў). Лячэнне: спецыфічная і неспецыфічная дэсенсібілізацыя; сродкі, што зніжаюць пранікальнасць сасудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎ (Panthera leo),
млекакормячая жывёла сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. Пашыраны ў Цэнтр. Афрыцы (10 падвідаў) і Паўд. Азіі (1 падвід). Жыве ў саваннах, радзей у рэдкалессі і пустынях. Індыйскі падвід (Р. 1. persica) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 240 см, маса да 280 кг, самкі драбнейшыя. Тулава моцнае, сухое, лапы невысокія. Хвост даўж. да 110 см, на канцы з цёмным кутасікам. Самцы маюць грыву. Поўсць кароткая, буравата-жоўтая, грыва цямнейшая. Трымаюцца пераважна парамі або прайдамі (групы да 30 асобін рознага полу і ўзросту). Драпежнік. Нараджае 1—6 кацянят раз у 2 гада. Трапляюцца помесі з тыграм і леапардам.