АДЭНО́ІДЫ (ад адэна... + грэч. eidos падобны),

пухлінападобныя разрастанні насаглотачнай міндаліны. Бываюць пераважна ў дзяцей, часцей у 3—10 гадоў, іншы раз у грудных. Узнікненню адэноідаў спрыяюць інфекц. хваробы. Асн. прыкмета захворвання — цяжкае дыханне праз нос; часта праяўляецца захворваннямі сярэдняга вуха, «адэноідным габітусам» (вузкі нос, адкрыты рот, згладжаная носагубная складка, высокае паднябенне, няправільнае размяшчэнне зубоў на верхняй сківіцы), паслабленнем увагі і памяці, парушэннем сну, іншы раз начным нетрыманнем мачы. Лячэнне хірургічнае (выдаленне міндалін, часцей амбулаторна).

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАГО́НЯ»,

грамадска-паліт. газета. Выдаецца з 1992 у Гродне на бел. мове. Выходзіла раз у 2 тыдні, з мая 1993 — раз у тыдзень, з ліп. 1997 два разы ў тыдзень. Друкуе матэрыялы на паліт., грамадска-сац., эканам. тэмы, асвятляе мясц. культ., канфесійнае, спарт. жыццё. Аддае ўвагу гіст. праблематыцы, змяшчае краязнаўчыя допісы, мемуары, успаміны дзеячаў бел. руху. Пастаянныя рубрыкі: «Грамадства», «Палітычная сцэна», «Сумежжа», «Вайна і людзі», «Лёсы», «Наш каляндар» і інш.

У.​І.​Хільмановіч.

т. 11, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУП (англ. croup ад шатл. croup каркаць),

пашкоджанне гартані з сімптомамі ўдушша, гаўклівага кашлю і ахрыплага голасу. Развіваецца пры запаленні слізістай абалонкі гартані пры інфекц. і запаленчых хваробах, алергіі, траўмах. Бывае К. сапраўдны (пры дыфтэрыі) і несапраўдны (выкліканы інш. прычынамі; пры алергічным ацёку падскладкавай вобласці гартані развіваецца раптоўна). К. прыводзіць да стэнозу гартані рознай ступені, іншы раз да ўдушша і смерці. Лячэнне: пры сапраўдным — процідыфтэрыйная сываратка, пры несапраўдным — сімптаматычныя сродкі, іншы раз — хірургічнае.

П.​А.​Цімашэнка.

т. 8, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛОЗНІЦАКВЕ́ТНЫЯ (Scrophulariales),

парадак двухдольных кветкавых раслін. 12 сям., больш за 1 тыс. родаў і 12 тыс. відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераных, субтрапічных і трапічных абласцях. На Беларусі 5 сям.: залознікавыя, заразіхавыя, паслёнавыя, плывунцовыя, трыпутнікавыя, 32 роды. Сярод іх больш за 100 дзікарослых і 30 інтрадукаваных відаў, у т. л. важныя харч. (бульба, памідоры), тэхн. (тытунь, махорка), лек. (аўран, залозніца, красаўка, трыпутнік), дэкар. (будлея, ільвіны зеў, петунія), меданосныя расліны; ёсць насякомаедныя (тлушчанка), ядавітыя і пустазелле.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, радзей кусты і дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, іншы раз кальчаковае, без прылісткаў. Кветкі двух-, радзей аднаполыя, пераважна няправільныя, 5-членныя, са зрослапялёсткавым вяночкам. Тычынак 5—4 (іншы раз 2). Гінецэй звычайна з 2 (радзей 5) зрослых пладалісцікаў. Завязь двух- ці аднагнездавая, з многімі семязародкамі. Плод — каробачка, іншы раз ягада. Насенне з эндаспермам. Г.​У.​Вынаеў.

т. 6, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕРАФТАЛЬМІ́Я (ад грэч. xēros сухі + ophthalmos вока),

пашкоджанне вока, якое характарызуецца сухасцю кан’юнктывы і рагавіцы. Бывае пры парушэннях слёзавыдзялення, слізістых залоз кан’юнктывы і рэзкім парушэнні абмену рэчываў у рагавіцы, гіпа- і авітамінозе А, у дзяцей — іншы раз пры страўнікава-кішачных хваробах. Найчасцей прычына К. — трахома, апёкі вачэй і інш. Праяўляецца сухасцю і рэзямі ў вачах; кан’юнктыва сухая, шурпатая, цьмяная, з матава-белымі плямамі; рагавіца без бляску, мутная, прарастае сасудамі; вастрыня зроку паступова зніжаецца. Лячэнне тэрапеўтычнае, іншы раз — хірургічнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЗНАНАЦІСКНА́Я РЫ́ФМА,

рыфма, у якой націскі падаюць на розныя склады сугучных слоў. Характэрная для фалькл. твораў:

Ехала Домначка да вянца́,
Ды забыла матаньцы кла́няцца

Р.р. выкарыстана М.​Танкам у вершы «Каб другі раз быў...», напісаным мужчынскімі рыфмамі. Дзякуючы нечаканаму пераходу націску з апошняга склада зарыфмаванага слова на трэці ад канца падкрэсліваецца само гэта слова, а разам з ім і гал. думка твора:

Больш бы я прайшоў
Сцежак і дарог,
І сваю любоў
Я мацней бярог,
Больш бы даражыў
Кожным днём сваі́м, —
Каб другі раз быў
Маладзю́сенькім!

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАЯ МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (СМА). Засн. ў 1947 пры ААН для міжнар. супрацоўніцтва і даследавання ў галіне метэаназіранняў і каардынацыі дзейнасці нац. метэаралагічных і гідраметэаралагічных службаў. Членамі СМА з’яўляюцца больш як 162 дзяржавы, у т. л. Беларусь (з 1948). Вышэйшы яе орган — Сусв. метэаралагічны кангрэс, які склікаецца раз у 4 гады. Выканаўчы к-т складаецца з 24 дырэктараў нац. службаў і склікаецца не радзей як раз у год. Службы у буйных геагр. цэнтрах каардынуюць 6 рэгіянальных асацыяцый. Пастаянна дзеючы орган — Сакратарыят, які знаходзіцца ў г. Жэнева (Швейцарыя).

т. 15, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЫГО́ДНІК ВІЛЕ́НЬСКІ»

(«Tygodnik Wileński», «Віленскі штотыднёвік»),

літаратурна-гістарычны часопіс. Выдаваўся ў Вільні на польскай мове ў 1815—17 раз на тыдзень, у 1818—22 раз у 2 тыдні. Заснавальнікі і рэдактары І.​Лялевель, М.​Балінскі, І.​Шыдлоўскі, М.​Альшэўскі. У «Т.В.» адбыўся паэтычны дэбют А.​Міцкевіча (верш «Гарадская зіма», 1818), друкаваліся арыгінальныя і перакладныя творы ўраджэнцаў і жыхароў Беларусі А.​Адынца, А.​Ходзькі, І.​Храптовіча, Ф.​Булгарына, В.​Сянкоўскага, бел. фальклорна-этнагр. матэрыял «Вясельныя абрады вясковага люду ў Мінскай губерні...» Шыдлоўскага (1819).

У.​І.​Мархель.

т. 16, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗ... (франц. dés... ад..., раз...), прыстаўка, якая абазначае знішчэнне, выдаленне, спыненне або адсутнасць чаго-н., напр., дэзінфекцыя, дэзінфармацыя.

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНАЯ АБАЛО́НКА,

тое, што геаграфічная абалонка. Іншы раз Л.а. разглядаюць як частку геагр. абалонкі — сферу ўзаемадзеяння кампанентаў сушы.

т. 9, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)